Чацвер, 28.03.2024, 17:57

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

Спадчына Якуба Коласа ў вёсцы Люсіна
У глыб Палесся, на Ганцаўшчыну ў вёску Люсіна, больш за стагоддзе таму прыехаў малады настаўнік, выпускнік Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі Канстанцін Міцкевіч. Тутэйшыя краявіды праз пэўны час увойдуць у знакамітую трылогію «На ростанях», а людзі стануць прататыпамі літаратурных герояў. Твор напіша Якуб Колас – той самы настаўнік з Люсіна. Сёння на Ганцаўшчыне ўсім жадаючым ахвотна раскажуць аб жыцці класіка беларускай літаратуры і яго настаўніцкай дзейнасці ў гэтым краі, але самыя падрабязныя аповяды можна пачуць у літаратурна-этнаграфічным музеі Люсінскай школы.

Фота Якуба Коласа ў 1901 годзе
пад час вучобы ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі


Між іншым, сучасная вёска Люсіна ўжо і не вёска, а аграгарадок. Яго інфраструктуры і гараджане могуць пазайздросціць: амбулаторыя і аддзяленні паштовай сувязі ды банка, комплексна-прыёмны пункт і лазня, клуб і бібліятэка. Каля паўтары тысячы жыхароў. Дыхтоўныя дамы, дагледжаныя агароды. Па ўсім відаць – вёска не старэе, калі ў школе зараз да двух з паловай соцень вучняў. Вось бы здзівіўся Канстанцін Міцкевіч, завітай ён сёння ў Люсіна!

А вёска памятае і не забывае дзядзьку Якуба, як завуць Коласа паміж сабой люсінцы. Самае галоўнае, што памяць гэтую вяскоўцы перадаюць маладым пакаленням. Дзеля гэтага і музей у школе стварылі, які сёння носіць імя Якуба Коласа. Ініцыятыва сыходзіла ад настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Ганны Мурсалім і тагачаснага дырэктара ўстановы адукацыі Станіслава Жаркова.

Якуб Колас, Люсіна
Мемерыяльная дошка на будынку Люсінскай школы

«На прапанову Ганны Фёдараўны адгукнулася ўся вёска, – расказвае Наталля Антыкала, якая зараз выкладае ў школе беларускую мову і літаратуру. – Дзеці і дарослыя неслі ў школу гаршкі для захоўвання ежы, лыжкі, прылады працы, лапці, кашулі, вышыванкі мясцовых майстрых… Гадоў 30 – 40 таму знайсці рэчы, якімі карысталіся палешукі ў часы настаўніцтва Якуба Коласа, можна было ледзь не ў кожнай хаце».

Да размовы далучаецца былы вучань школы, а цяпер настаўнік матэматыкі і інфарматыкі Аляксандр Занька, які ў дзень адкрыцця школьнага музея быў вядучым той урачыстай імпрэзы.

Якуб Колас, Люсіна
Літаратурна-этнаграфічны музей Якуба Коласа ў Люсінскай сярэдняй школе

«Музей стварылі недзе за год, – узгадвае Аляксандр Іванавіч. – Урачыстасці праходзілі 20 красавіка 1982 года. Ну і хваляваліся мы! Асабліва дзяўчаты-экскурсаводы. Як не хвалявацца, калі на адкрыццё музея літаральна ўся вёска сабралася, прыехалі знакамітыя пісьменнікі, паэты, кніжкі якіх мы ў бібліятэцы чыталі, а тут на свае вочы пабачылі. Ды госці з Расіі, Украіны. Ведаеце, і сёння ганаруся тым, што меў дачыненне да той гістарычнай для школы падзеі».

Школкі, дзе настаўнічаў Якуб Колас, ужо няма. На тым месцы – памятны комплекс. Драўляны зруб нагадвае аб школе, а ў цэнтры – валун з надпісам, які паведамляе, што ў Люсіне з 1902 па 1904 год настаўнічаў народны паэт Беларусі Якуб Колас. Побач – драўляныя скульптуры палешукоў, герояў яго твораў.

Люсінская школа цяпер у іншым месцы, але і ў ёй пануе коласаўскі дух. Можа, таму, што з першага класа дзяцей вучаць з асаблівай увагай адносіцца да Якуба Коласа і яго літаратурнай спадчыны. Дапамагае ў гэтым літаратурна-этнаграфічны музей, якім цяпер загадвае настаўніца беларускай мовы і літаратуры Валянціна Занька. У ім больш за 300 экспанатаў: дакументы розных часоў, архіўныя матэрыялы, успаміны старажылаў вёскі, якія асабіста сустракаліся з Якубам Коласам, фотаздымкі сям’і пісьменніка, яго пасталелых вучняў: Міхаіла Занькі, Сямёна Сенюковіча, Фёдара Рылка, Івана Занькі, Сямёна Цялушкі. Захоўваецца копія ліста Якуба Коласа да люсінцаў, арыгінал якога знаходзіцца ў Мінску.

Музей жыве і развіваецца, папаўняецца новымі дакументамі, фотаздымкамі, прадметамі. А да Дня беларускага пісьменства тут зрабілі рамонт, каб годна сустрэць шматлікіх гасцей, якія абавязкова зазірнуць у Люсіна. Ім раскажуць і пра тое, як працуе савет музея, і пра гурток «Спадчына», які дапамагае вучням 5 – 11-х класаў паглыблена вывучаць біяграфію і творчасць Якуба Коласа.

Якуб Колас, Люсіна
Памятны знак на месцы, дзе знаходзілася школа
ў якой працаваў Якуб Колас

На базе музея праходзяць урокі-экскурсіі, заняткі школьных факультатываў, прадметныя тыдні, літаратурныя вечарыны. Традыцыйнымі ў школе сталі конкурсы на лепшага чытальніка «Коласаўскія чытанні», сачыненняў – «Мой родны кут, як ты мне мілы…», віктарыны «Пазнай героя з твора», выставы малюнкаў і іншыя цікавыя імпрэзы. Надзвычай любяць дзеці сустрэчы з сучаснымі паэтамі і празаікамі. Пасля кожнай экскурсіі гасцям прапануюць пакінуць водгукі ў спецыяльнай кнізе. Колькі слоў цёплых і падзячных на яе старонках! Перачытваючы іх, і настаўнікі, і вучні ўмацоўваюцца ў сваёй упэўненасці – музей стварылі недарэмна.

«Самае галоўнае, – на думку Наталлі Антыкала, – гэта тое, што пасля адкрыцця музея змянілася стаўленне да Коласа саміх вучняў. Яны ўспрымаюць беларускага песняра не толькі як чалавека, які калісьці выкладаў у іх вёсцы, а як неад’емную частку беларускай культуры. Яны сталі больш патрыятычнымі, пранікліся душой у творчасць пісьменніка, палюбілі яго герояў. Нам, настаўнікам, лягчэй праводзіць урокі літаратуры, бо дапамагаюць не толькі кнігі, але і частка эпохі, адлюстраваная ў музейнай экспазіцыі».

Школьны музей у Люсіна незвычайны. Ён і пра мінулае, і пра сучаснае адначасова. Таму што захоўвае непарыўнасць часоў. Таму што зберагае памяць пра вялікага песняра беларускага народа Якуба Коласа. Таму што выхоўвае годнае стаўленне да гістарычнай мінуўшчыны і выдатных дзеячаў беларускага пісьменства, якое з’яўляецца асновай нашай культуры. «Гэта наша духоўная спадчына, – пераканана Наталля Антыкала. – Дакранешся да яе – станеш сапраўдным чалавекам».
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (03.11.2012) | Аўтар: Ганна ІВАШЧАНКА-Рэха Берасцейшчыны
Праглядаў: 4201 | Тэгі: Люсіна, Якуб Колас | Рэйтынг: 5.0/3
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.