Субота, 20.04.2024, 07:11

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Загадка з часоў паўстання Каліноўскага. Да 155-годдзя баёў непадалёк Хатынічаў і Борак
Тэрыторыя сучаснага Ганцавіцкага раёна аказалася ўдалечыні ад баявых дзеянняў. Тым не менш языкі паўстанчага полымя дацягнуліся і да яе. Больш за тое, звесткі пра гэтую старонку інсурэкцыі (узброенага паўстання – «КГ») даволі супярэчлівыя.

Само паўстанне прыйшло на землі Беларусі ў лютым: 1-га чысла апошняга зімовага месяца 1863 года Літоўскі правінцыйны камітэт выдаў да суайчыннікаў маніфест аб паўстанні. Адразу з цяперашняй тэрыторыі Польшчы ў Беларусь пачынаюць пранікаць першыя паўстанцкія атрады. Неўзабаве з’явіліся яны і на тэрыторыі, што сёння ўваходзіць у Ганцавіцкі раён, а тады была Хатыніцкай і Круговіцкай воласцямі.

Раман Рагінскі

Гэта былі паўстанцы на чале з Раманам Рагінскім (нарадзіўся 29 лютага 1840 года у Ловічы, Польшча – памёр 15 лютага 1915 года ў Сеняве, Украіна) – адным з самых выбітных (паводле словаў не толькі таварышаў, але і ворагаў, а таксама гісторыкаў) паўстанцкіх камандзіраў. 7 лютага яго атрад быў нагалаву разбіты: яму нанеслі жорсткі ўдар пад Сямятычамі (цяпер тэрыторыя Польшчы, побач з сённяшняй беларускай мяжой). Ад тысячнага атрада засталося не болей за паўтары сотні. Напэўна, інсургенты (паўстанец, удзельнік паўстання – «КГ») былі вымушаныя імкліва манеўраваць, бо неўзабаве атрад Рагінскага ўжо з 85 байцамі, паспяхова здзейсніўшы авантуру ў Пружанах, падышоў да Пінска. Горад браць не рашыліся, два дні стаялі непадалёку. Чакалі падтрымкі, якая ўсё ж не была аказаная. Тады рушылі на паўночны ўсход ад Пінска.

Палескі рэйд Рамана Рагінскага. Пад час саракадзённай кампаніі (з 23 студзеня па 3 сакавіка) марш-кідок склаў прыкладна 900 кіламетраў, з якіх блізу 750 прыпадае на перыяд за 24 дзён (ад 8 лютага па 3 сакавіка). Гэта ці не самы мабільны рэйд усяго паўстання. Такую дынаміку вытлумачвае сам камандзір: "Прайшоў такія прасторы, які ніводзін з атрадаў. Круціліся яны зазвычай на невялікім лапіку, пакуль іх не разбівалі, не разумеючы задачы, якім наш рух павінен быць"

У задачу атрада ўваходзіла і прыцягненне палескіх сялянаў да ўзброенай барацьбы: перад гэтым удалося нечаканым нападам на Пружаны захапіць прыкладна 200 карабінаў. Тым больш што Палессе было ідэальным асяродкам для партызанкі. 9 лютага паўстанцы наладзілі засаду паштоваму вазку, забіўшы супрацоўніка і, зразумела, абрабаваўшы. А 14 лютага паўстанцкія атрады нібыта разбілі царскія войскі генерала Івана Носціца пад Хатынічамі. У сваім пісьме шэфу жандараў Мінскай губерні генерал-ад’ютанту князю Далгарукаму 18 лютага 1863 года паведамляе палкоўнік Рэйхарт: «Генерал-Маёр граф Носціц апавяшчае Губернатара з Пінска, што 14 чысла яго атрад акружыў шайку мяцежнікаў каля Хатынічаў (па Вялікай дарозе (маецца на ўвазе паштовы тракт з Пінска ў Мінск – А.Т.) за 70 вёрстаў ад горада Пінска) і што ў той жа дзень там была ўпартая сутычка, але вынік яшчэ невядомы». Выказванне наконт няяснага выніку можа наводзіць на думкі, што ён быў непажаданы для расійскага войска. Як гаворыцца ў кнізе «Памяць» па Ганцавіцкім раёне, «сотні хатынаўцаў аказалі паўстанцам узброеную падтрымку». Прычым ёсць звесткі, што тутэйшы люд насуперак патрабаванням уладаў па-хрысціянску пахаваў паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, якія загінулі ў бітве з расійскімі карнікамі. Але, як пабачым трохі ніжэй, не ўсё так проста.

Найперш заўважым, што большасць крыніцаў указвае зусім не на зычлівае стаўленне да падзеяў тутэйшых у глушы Палесся. Спадзяванні камандавання паўстанцаў, заснаваныя на добрым прыёме пружанскіх вёсак, натыкнуліся на індэферэнтнасць сялянскай масы. Гэта падкрэслівае ва ўспамінах сам Раман Рагінскі, кажучы, што зброі было 18 вазоў, але бракавала людзей, і нават са шляхцічаў далучаліся толькі некаторыя. Тым не менш, паводле паведамлення самога камандзіра, на той момант у яго было 130 жаўнераў (а яго вораг Іван Носціц ацэньвае атрад у 160 чалавек). Можна меркаваць, што на Піншчыне ўсё-такі з паўсотні чалавек далучыліся да атрада. А гэта – павелічэнне яго больш чым у паўтара раза. Аднак у цэлым, відавочна, інсургенты разлічвалі на больш прыязную сустрэчу.

Іван Носціц (1824 – 1905) – генерал-лейтэнант, удзельнік Каўказскай вайны,
выбітны фатограф-аматар

Атрад Рамана Рагінскага нібыта перадыслакаваўся на хутар Боркі. Побач з ім 26 лютага 1863 года адбыўся яшчэ адзін з баёў. Там інсургенты сутыкнуліся з атрадам царскіх карнікаў пад камандаваннем Альбертава, які складаўся з трох ротаў пяхоты і сотні казакоў (паводле польскіх крыніцаў, сілы апошніх мелі сямікратную перавагу). Прычым стомленыя пасля шматлікіх імклівых пераходаў паўстанцы адпачывалі, калі сярод месяцовай ночы адбыўся напад. Гэта ў многім прадвызначыла зыход сутычкі.

Застаныя знянацку, «инсургенты баррикадировались и начали отстрѣливаться, но дружное "ура” и штыки заставили ихъ бѣжать, оставивъ раненыхъ, убитыхъ, весь обозъ и лошадей…». Крыніцы з іншага боку гавораць пра лепшую арганізаванасць паўстанцаў. Першая рота непрыяцеля трапнымі стрэламі паўстанцаў была добра прарэджаная, але гінулі і яны. Не маючы магчымасці паспяхова абараняцца, Раман Рагінскі, сфармаваўшы аддзел у клін, пачаў адыход.

Паводле сведчання ў выніку допыту аднаго з жаўнераў Рагінскага Вацлава Осіпава-Серакоўскага, з сутычкі камандзір выйшаў з пашкоджаннем (магчыма, параненым): «…Вступили въ Пинскій уѣздъ, гдѣ случилась стычка съ войскомъ, во время которой онъ заболѣлъ и принужденъ былъ бросить оружіе и удалиться искать себѣ какого-нибудь спокойного мѣста, что сдѣлало еще нѣсколько его товарищей и они разошлись въ разныя стороны по одиночкѣ». (Заўважым, у паведамленні няма гаворкі пра два баі!)

Далей рэшткі групы Рамана Рагінскага (у колькасці 13 чалавек) кінуліся ва ўсходнім напрамку – пайшлі праз вёску Ганцавічы (аднайменнага мястэчка яшчэ не было) ці праз Любашава, а таксама – Агарэвічы, Шашкі і Вялікія Круговічы. «Унікнуўшы пагоні, мы пайшлі лесам да маёнтка Абуховіча…» – напісаў пасля сам камандзір разбітага атрада. Можна меркаваць, што там яны атрымалі магчымасць перадыхнуць і падсілкавацца. Усё ж гаспадар спачуваў супраціву расійскай уладзе, а ягоны сын – пагодак Рагінскага Напалеон – тым часам нёсся з Масквы з мэтай прыняць самы непасрэдны ўдзел у інсурэкцыі. Затым паўстанцы завярнулі на Дзяніскавічы. Адтуль прабіраліся ляснымі дарогамі да Вялікіх Чучавічаў і далей. Інсургентам удалося праз балоты дайсці да Турава, дзе 3 сакавіка Раман Рагінскі быў мясцовымі сялянамі схоплены і здадзены маскалям (так часта называлі не толькі расійцаў наогул, але і салдатаў расійскай арміі). Смяротны прысуд камандзіру паўстанцкага атрада па просьбе аднаго з ворагаў – генерала Носціца, які высока ацаніў кемлівасць і смеласць свайго маладога візаві, – быў заменены 20 гадамі катаргі.

У адным крыніцы сыходзяцца – наконт паспяховай і жорсткай пагоні за мяцежнікамі. Іх царскія войскі даганялі і знішчалі. Вясковыя старажылы распавядалі, што аднаго з паўстанцаў, удзельніка бою пад Боркамі, казакі пераследавалі ажно да Дзяніскавічаў. Ва ўрочышчы Конік яго злавілі і забілі. Лік палонных, паводле расійскай крыніцы, ішоў на дзясяткі. У выніку было схоплена (разам з Раманам Рагінскім, якога злавілі апошнім) больш за 50 чалавек.

Войцех Бехоньскі і Раман Рагінскі (здымак зроблены ў 1863 г. генералам Носціцам пасля захопу Рамана Рагінскага ў палон). Адзін з афіцэраў падраздзялення графа Носціца пісаў пра Рамана Рагінскага: «Этот ловкий предводитель всегда действовал как опытный партизан, быстро формируя шайки, он, несмотря на то, что был три раза последовательно разбит, держался довольно долго, всё время волнуя уезды Пинский, Брестский и в особенности Кобринский». Сам Носціц таксама адзначаў выключныя якасці свайго смяротнага ворага: «Отвага, энергия и предприимчивость всегда творили чудеса на войне и этими качествами вполне обладал Рогинский».

Больш за тое, некаторыя з сялянаў, спакушаныя ўзнагародай у некалькі рублёў, выдавалі паўстанцаў прадстаўнікам царскай улады. Але быў і адваротны бок расійскай агітацыі сялянаў супраць паўстанцаў. Сялянскія масы адчулі слабіну з боку ўлады. Памешчыкі, хоць сабе і нейтральныя ў стаўленні да падзеяў і матэрыяльна багатыя, як, прыкладам, Радзівілы, страцілі над нядаўнімі сваімі прыгоннымі кантроль. А сілавыя праваахоўныя органы сканцэнтравалі сваю ўвагу на барацьбе супраць інсурэкцыі. Таму з боку сялянаў імкліва распаўсюдзілася свавольства, якое мела вынікі ў выглядзе адмоваў ад выканання павіннасцяў, адмовы ад выплаты чыншу, самавольнага высякання лесу, збіцця стражнікаў і іншых злоўжыванняў. Асабліва шырока такія настроі і дзеянні распаўсюдзіліся па Слуцкім павеце. Так, урон Л.Л. Радзівіла, дзяніскавіцкія ўладанні якога межавалі з Круговічамі, з прычыны крадзяжу лесу (высечана было 10 дзесяцінаў і 150 штук таварнага дубу) і сена (забрана 3500 вазоў) ацэньваліся да 10 000 рублёў. Што праўда, у адказ улада заявіла пра перабольшванне стратаў і небяспекі сялянскіх настрояў.

Не знайшоў падтрымкі з боку палешукоў і Раман Рагінскі хоць валодаў неабыякімі вайсковымі уменнямі і якасцямі. Прыведзены у «Памяці» выпадак з хатынаўцамі варта разглядаць як выключэнне. «Уся прастора Піншчыны, якую я прайшоў, яшчэ спала», – заключыў пазней Раман Рагінскі.

Удакладненне падзеяў паўстання яшчэ чакае свайго даследчыка. Але супаставіўшы прыведзеныя матэрыялы крыніцаў і гістарыяграфіі дазваляюць выказаць меркаванне, што бой непадалёк Хатынічаў і бой блізу Борак – гэта адна і тая ж падзея (адлегласць паміж вёскамі складае блізу 15 км і арыенціроўка на вёскі магла адбыцца з-за таго, што расійскія карнікі (прынамсі іх частка) ішлі непадалёк Борак – з паўночнага ўсходу, з боку Слуцка ці Клецка, а паўстанцы – каля Хатынічаў – з Пінска, што знаходзіўся на поўдзень). Да таго ж Боркі тым часам былі хутарскім пасяленнем, таму на яго маглі не арыентавацца ў адрозненне ад валаснога цэнтра Хатынічы. Несупадзенне ў датаванні магло ўзнікнуць з-за карыстання бакамі календароў: юліянскім паслугаваўся расійскі бок, грыгарыянскім – інсургенцкі. У ХІХ стагоддзі паміж гэтымі календарамі розніца была ў 12 дзён са спазненнем юліянскага. Больш турбуе супрацьлегласць у ацэнках зыходу сутычкі і стаўленне да ваюючых бакоў мясцовых сялянаў. Аднак і такое ў гісторыі сустракаецца пастаянна: калі выдаецца жадаемае за сапраўднае ці пры патрэбе пэўнай інтэрпрэтацыі падзеі (напрыклад, у вачах начальства або дзеля банальнай прапаганды).

Раман Рагінскі ў старасці. Герой паўстання памёр толькі праз паўстагоддзя пасля інсурэкцыі. Хаця яшчэ ў 1863 г. быў прыгавораны да смяротнага пакарання. Аднак дзякуючы хадатайніцтву ворага – Івана Носціца – вырак быў заменены 20 гадамі катаргі. У 1892 г. атрымаў дазвол вярнуцца ў еўрапейскую частку Расійскай імперыі, чым і скарыстаўся. Прычым нават па-прыяцельску сустракаўся з Іванам Носціцам. Апошні адрэзак жыцця правёў у сына ва Украіне

Цікава, што менавіта ў сувязі з боем непадалёк Борак Раман Рагінскі робіць наступную выснову: «Усё гэта ўжо мінула і паўтарыцца, дай Божа, не павінна. Край іншай дарогай мусіць здабыць самастойнасць».

Яшчэ адным пытаннем для сучаснікаў застаецца ўстанаўленне месцаў пахаванняў байцоў з абодвух бакоў. Многія з іх (асабліва з шэрагаў расійскай арміі) загінулі як наёмнікі ці ваеннаабавязаныя, нічога не разумеючы ў сутнасці падзеяў. З ліку паўстанцаў большасць змагалася за радзіму, за волю. Ахвяраў было шмат. Як паўстанцаў, так і расійскіх салдатаў. Некаторыя крыніцы кажуць, што, акрамя паўсотні ўцеклых, астатнія засталіся на месцы бою. А гэта прыкладна 100 чалавек. Дзе іхнія магілы?
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: vitalis (21.02.2018) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК - "КГ"
Праглядаў: 1654 | Тэгі: Боркі, Любашава, Хатынічы, Раман Рагінскі, Ганцавіцкі раён, Іван Носціц, Вялікія Круговічы, Дзяніскавічы, Ганцавічы | Рэйтынг: 5.0/5
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 8
Гасцей: 8
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.