Субота, 27.07.2024, 03:17

ПЛЯЦЕННЕ

Галоўная »
ПЛЯЦЕННЕ — выраб рэчаў утылітарнага і мастацкага характару злучэннем палосаў эластычнага матэрыялу пад прамым ці касым вуглом; від рамяства. Бывае ручное і машыннае. Матэрыялы для пляцення — лаза, салома, чарот, мачала, карані дрэваў лыка, бяроста, скура, дрот, лучына, стружкі, ніткі, дубцы арэшніку, ядлоўцу, рабіны і іншых, у наш час — і сінтэтычныя матэрыялы. Папярэднічала ткацтву.

Вядомае з неаліту (захаваліся рэшткі сплеценых з лыка сетак, адбіткі плеценых вырабаў на гліне). Старажытныя ўзоры пляцення не зберагліся. Найбольшае пашырэнне мела ў ХІХ — першай палове XX стагоддзяў. Жыхары многіх паселішчаў выраблялі плеценыя рэчы для ўласнага ўжытку і на продаж (як народны промысел). Найбольш пашыранае было пляценне з лазы. На Палессі з яе плялі агароджы (пляцень), сцены гаспадарчых пабудоваў, што адметныя своеасаблівым рытмічным малюнкам перапляцення лазовых прутоў. Простай, спіральнай, крыжовай, раброва-крыжовай тэхнікамі пляцення выраблялі лазовыя палукашкі і кузавы вазкоў і саней, рыбалоўныя снасці (каробкі, бучы, венцеры), посуд на зерне, агародніну (кашы, кашолкі), сявенькі, карзіны, мэблю (крэслы, калыскі, падстаўкі пад вазоны, карабы на бялізну) і іншае. Кашы на агародніну маюць паўшарападобную форму з адной дугападобнай ручкай з тоўстага прута, карзіны — прамавугольныя, пляскатыя, круглыя, з адной ці дзвюма ручкамі, аплеценымі тонкім дубцом ці карэньчыкам, нярэдка з вечкам, перагародкамі. Апляталі шкляны посуд.

Вырабам лазовай мэблі славіліся майстры Магілёва, Гомеля, Суража, дзе былі арганізаваныя спецыяльныя майстэрні; кузаваў выязных вазкоў і саней — Давыд-Гарадка (Столінскі раён), Лахвы (Лунінецкі раён). 3 саламяных жгутоў, пераплеценых лазой, выраблялі шыяны, карабы, сявенькі, кублы, гарцы; з саломы плялі шкатулкі, цацкі, сумкі, капелюшы (брылі). Разнастайным камбінаваннем тэхнікаў пляцення вызначаецца мэбля, кузавы выязных вазкоў. Каркас вязалі з тоўстых прутоў, што скрыжоўваліся пад розным вуглом і ўтваралі ромбы, кругі ды іншыя геаметрычныя фігуры, потым яго перапляталі тонкімі дубцамі, нярэдка чаргуючы белыя, ачышчаныя ад кары, з неакоранымі, танавалі лазу ў больш цёмны колер, абпальвалі на агні, аздаблялі выпаленымі ўзорамі.

Унікальныя ўзоры пляцення — саламяныя царскія вароты канца XVIII — XIX стагоддзяў з вёсак Вавулічы і Лемяшэвічы на Піншчыне (захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі і яго філіяле ў Раўбічах); яшчэ адна першапачаткова захоўвалася ў царкве вёскі Ляскавічы Кобрынскага павета (цяпер Іванаўскі раён), пасля 1904 года перавезеная ў Гродзенскі царкоўна-археалагічны музей. 3 сасновай лучыны (дранкі) выраблялі посуд на садавіну і гародніну, карабы для пераноскі сена (Паазер’е); з бяроставых стужак — заплечныя кашалі для збору грыбоў, сумкі, вярэнькі (Палессе), на Паазер’і імі апляталі ганчарны посуд для малака і малочных прадуктаў (берасцянікі). 3 рагозу (пераважна на Палессі) выраблялі трывалыя, лёгкія, эластычныя сумкі і кашолкі. Дробныя вырабы мастацкага характару — каробачкі для рукадзелля, карзінкі, сумачкі, фруктоўніцы — плялі з карэньчыкаў хваёвых дрэваў, тонка нарэзаных стужак арэшніку. 3 лыка, вяровак выраблялі лапці, са скуры — дэталі конскай вупражы, бізуны, пугі. Значную групу складае пляценне з тэкстыльных матэрыялаў: нітак, шнуроў, вяровак і іншага.

Найбольш простым прыёмам пляцення з'яўляецца віццё. Суканыя шнуры і вяровачкі ўжывалі як аздабленне і дэкаратыўныя элементы на адзенне (разнастайныя нашыўкі), абрусы, ручнікі (для кутасоў, махроў). Пляскатыя пляцёнкі з трох (у выглядзе касы) і больш каляровых нітак выкарыстоўвалі для вырабу паясоў завязак, шнуркоў нашывак на адзенне; пляцёнкі з тэкстыльных пасмаў — для дыванкоў-кружкоў на падлогу.

Больш складаны від пляцення заснаваны на выгінанні суцэльных нітак у петлі, што пераплятаюцца паміж сабой удоўж і ўпоперак, — вязанне. Шырокую папулярнасць набыло вузельчыкавае пляценне — макрамэ. Найбольш вядомыя майстры П.Агафоненка, П.Анікейчык, К.Арцёменка, А.Белановіч, С.Галанчанка, В.Гаўрылюк, Л.Главацкая, С.Каляда, М.Кулак, Н.Ліцюк, А.Лук’янец, Т.Паўлоўская, Г.Сапун, Л.Скрыпнічэнка, В.Сташкевіч, Т.Федаркова, С.Шчарбіцкі ды іншыя.

Простым вузлом мацавалі махры па краях абрусаў, сурвэтак, пакрывалаў, ручнікоў. 3 дапамогай чаўнака (ігліцы) і дошчачкі вязалі рыбалоўныя сеткі (Паазер'е). Такія ж сеткі, нацягнутыя на раму, аздабляліся вышыўкай насцілам ці крыжам з каляровых шарсцяных нітак і ўжываліся як абрусы, сурвэткі, пакрывалы.

У наш час у традыцыйным выглядзе бытуе пляценне карункаў, сурвэтак і абрусаў, лазовых кошыкаў для садавіны і гародніны ды іншага. Шырока развіваецца яно як від дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва і таму значнае месца займае ў мастацкай прамысловасці. Фруктоўніцы, цукерачніцы, карзінкі, хлебніцы, падносы, шкатулкі, сумкі, насценныя пано, дробную пластыку з лазы, саломы, чароту, стружкі ў спалучэнні з ніткамі, пластыкам, шнурам выпускаюць розныя фабрыкі мастацкіх вырабаў (сярод іх — былая Маладзечанская фабрыка мастацкіх вырабаў, што належыла Беларускаму Фонду Культуры). Вытворчасць гаспадарчых рэчаў з лазы, чароту было наладжанае ў калгасах Глускага, Светлагорскага, Любанскага раёнаў.

Крыніца: «Краязнаўчая газета» № 33 (770) снежань 2019 года;
«Краязнаўчая газета» № 34 (771) снежань 2019 года;
«Краязнаўчая газета» № 35 (772) снежань 2019 года
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1411]
Здарэнні [480]
Грамадства [482]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Ліпень 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 44
Гасцей: 44
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.