Пятніца, 19.04.2024, 09:13

ПААЗЕР'Е, Падзвінне

Галоўная »
ПААЗЕР'Е, Падзвіннегісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі, які займае большую частку Віцебскай вобласці. На паўднёвы ўсход па дняпроўска-дзвінскім водападзеле мяжуе з Падняпроўем, на поўдзень і паўднёвы захад па ўмоўнай лініі на поўнач ад Барысава і Лагойска праз Паставы — з Цэнтральнай Беларуссю і Панямоннем. Як гісторыка-этнаграфічны рэгіён адпавядае асноўнаму масіву старажытнай Полацкай зямлі (полацкія крывічы). Полацкая зямля ў часы Кіеўскай Русі была найбольш самастойнай правінцыяй з уласцівымі ёй вечавымі традыцыямі грамадска-палітычнага ладу і арыгінальнай культурай. Ужо ў XI ст. тут былі вядомыя каля 10 буйных для таго часу ўдзельна-валасных і эканамічных цэнтраў (Полацк, Віцебск, Друцк, Лукомль, Браслаў і інш.). Валодаючы ключавымі пазіцыямі на шляху «з варагаў у грэкі», Полацкае княства адыгрывала важную ролю ў міжнародным гандлі і культурна-эканамічных сувязях. У другой палове XIII — XIV ст. ва ўмовах палітычнай раздробленасці Русі, пагрозы агрэсіі з боку татара-манголаў і Лівонскага ордэна Полацкае княства ўвайшло ў склад Вялікага Княства Літоўскага, дзе захоўвала пэўную аўтаномію.

Для Паазер'я разам з часткай Падняпроўя цягам Сярэднявечча і да другой паловы XIX ст. захавалася этнаграфічная назва Белая Русь, якая паступова была пашыраная на ўсю сучасную тэрыторыю Беларусі. 3 утварэннем Рэчы Паспалітай (1569) узмацнілася экспансія каталіцтва і паланізацыя краю. Павялічыліся землеўладанні езуітаў, паўночна-ўсходняе ўзмежжа з Маскоўскай дзяржавай засялялася польскімі асаднікамі. Сюды, ратуючыся ад рэлігійных ганенняў і сацыяльнага ўціску, перасялялася частка рускіх старавераў. У выніку Лівонскай (1558 — 1583), маскоўска-польскай (1654 — 1667), Паўночнай (1700 — 1721) войнаў мясцовая эканоміка і культура панеслі вялікія страты, адбыліся істотныя змены ў геаграфічным размяшчэнні і этнасацыяльнай структуры насельніцтва, якое скарацілася ў некалькі разоў. У выніку падзелаў Рэчы Паспалітай (1772 і 1793) Паазер'е было далучанае да Расіі і ўваходзіла ў склад Полацкай, з 1796 г. — Беларускай, з 1802 г. — Віцебскай губерній; заходняя частка ўваходзіла ў Віленскую губерню. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. і ўтварэння Беларускай ССР, усходняе Паазер'е з 1924 г. у складзе БССР; заходняя (левабярэжная) частка ўз'яднаная з БССР у 1939 г.

Традыцыйна-побытавая культура складвалася цягам многіх стагоддзяў, адлюстроўваючы як агульнабеларускія рысы, так і спецыфіку мясцовых гістарычных і экалагічных умоваў.

Стракатыя і разнастайныя ландшафты: лес з густым пладова-ягадным падлескам і фаўнай, шматлікія азёры і рэкі, багатыя рыбай і вадаплаўнай дзічынай, усё гэта служыла важным даважкам у эканамічным жыцці. Глебы тут пераважна дзярнова-падзолістыя, завалуненыя і малаўрадлівыя. Вегетацыйны перыяд — 175 — 180 дзён — самы кароткі на тэрыторыі Беларусі. Найбольш спрыяльнымі для земляробства былі ўмовы на поўдні і паўднёвым захадзе рэгіёна. У структуры пасеваў побач са збожжавымі важнае месца займалі культуры лёну, каноплі, тытуню. 3 канца XIX ст. садзілі бульбу і кармавыя травы, што садзейнічалі ўзнаўленню ўрадлівасці глебаў, спустошаных шматгадовымі пасевамі лёну, каноплі, тытуню. Народная вытворчая практыка выпрацавала свой гадавы каляндар, своеасаблівыя спосабы і прыёмы апрацоўкі глебы, догляду пасеваў, уборкі ўраджаю і іншага з улікам мясцовых экалагічных умоваў. Палі апрацоўвалі з дапамогай мясцовага варыянта сахі з перакладной паліцай, архаічнай бараны-сукаваткі (смыка); на сугліністых глебах ужывалі круглую калоду з зубамі, матыку і чакуху для здрабнення камякоў. Выбраны на палях лён, каноплі вымочвалі на дне вадаёмаў, а затым апрацоўвалі на тыповых для Паазер'я двухрэбравых нахільных мялках.

Сакавітыя лугі і выпасы спрыялі развіццю жывёлагадоўлі. Асноўнай і часцей за ўсё адзінай рабочай жывёлай у сялянскай гаспадарцы быў конь. З канца XIX ст. жывёлагадоўля мела выразны мяса-малочны кірунак (Дзісенскі павет быў вядомым цэнтрам маслабойнай вытворчасці ў Віленскай губерні). 3 развіццём капіталістычных адносінаў значна пашырыліся лясныя і адыходныя промыслы — нарыхтоўка лесу, выраб брусоў, абадоў, бандарнай клёпкі і вываз іх у прыбалтыйскія порты. Мноства сялянаў ішло на будаўнічыя і земляныя работы; мясцовых каменячосаў (жарнаклёпаў, жарнасекаў), муляраў, цесляроў нярэдка можна было сустрэць у адыходзе ў губернях Расіі.

Найбольш густа населеным здаўна было левабярэжжа Заходняй Дзвіны. Пераважалі маладворныя сельскія паселішчы (3—5 сядзібаў), раскіданыя сярод лясных пагоркаў паблізу рэк і азёраў. Мясцовыя жыхары звычайна сяліліся на водшыбе, у баку ад вялікіх дарог. Наяўнасць блізка ад вёсак і хутароў выгану і свабодных земляў, суседства з вадаёмам і лесам надавала паселішчам азёрнага краю патрыярхальна-экзатычныя рысы. Сельскія дарогі вызначаліся слабай набітасцю грунту і невыразнымі абрысамі. Невялічкія вёскі, хутары і асобныя двары звязвалі вузкія прасёлкі і сцяжынкі. Узімку ўзнікалі часовыя дарогі, т.зв. зімнікі, — скарочаныя маршруты на замерзлых рэках і азёрах.

Найбольш пашыраны тып сядзібнай забудовы — вянковы. Побач з размяшчэннм пабудоваў па перыметры двара сустракалася і кампактная забудова, калі гаспадарчыя памяшканні цесна прымыкалі да жылля, утвараючы адзіны жыллёва-побытавы комплекс з крытым дваром (вядомы толькі ў гэтым рэгіёне).

На адлегласці 50 — 60 м у глыбіні сядзібы будавалі гумно. Лазню размяшчалі яшчэ далей. Гумно ў мясцовым вызначэнні — гэта комплекс гаспадарчых пабудоваў з уласна гумном (ток, такаўня), сушылкай (асець, ёўня), пуняй для саломы, кулёў, сена, азяродамі. На адкрытай мясцовасці нярэдка ставілі невялічкі млын-вятрак, што задавольваў патрэбы сялянскай гаспадаркі. Тыповая планіроўка жылля: хата + сенцы + стопка (варыўня). Зруб хаты рабілі з круглых бярвёнаў хвоі або елкі, звязаных паміж сабой у просты вугал «з астаткам» («у чашку»). Стрэхі звычайна двухсхільныя закотам, з другой паловы XIX ст. — каркасныя («на кроквах»); крылі іх саломай «пад колас», чаротам, радзей — дранкай, гонтай.

Для традыцыйнага адзення жыхароў уласцівы прамы, свабодны крой. Найбольш пашыраныя колеры адзення белы і светла-шэры. 3 верхняга адзення, апрача агульнабеларускіх світ і кажухоў, у шырокім: ужытку быў палатняны насоў, які насілі ў любое надвор'е. Паясное жаночае адзенне вызначалася значнай тыпалагічнай разнастайнасцю: лышныя спадніцы, рознаколерныя набойкі, саяны, андаракі, узорныя дрыліхі (як прыклад, лепельскі строй). Ва ўзорнай тэхніцы ўпрыгожвання пераважалі вышыўка і набойка, якія ў жаночым адзенні (сарочках, фартухах) гарманічна спалучаліся з карункамі і мярэжкай. У вышыўцы дамінаваў чырвоны колер, у набойцы — сіні ці блакітны (адсюль і мясцовая назва майстроў-набойшчыкаў — сінельнікі). Аснову ўзорных матываў набойкі складалі стылізаваныя рамонкі, незабудкі, гарошак, суніцы і інш., што часам спалучаліся з геаметрычным арнаментам. Кераміка вызначалася масіўнасцю формы (да апошняга часу тут захаваўся налеп) і грунтоўнасцю апрацоўкі, што павышала яе функцыянальна-ўтылітарныя якасці.

Рэгіянальнай асаблівасцю вызначаюцца мясцовая вусна-паэтычная творчасць і традыцыйная абраднасць. Побач з агульнабеларускімі каляндарна-земляробчымі і сямейна-абрадавымі песнямі пашыраныя тыя жанры, што ў іншых рэгіёнах маюць абмежаваны арэал або зусім невядомыя, — валачобныя, калядныя, масленічныя, талочныя, ільнаробчыя, ярынныя песні. Для песеннага фальклору ўласцівае сольнае (манадыйнае) выкананне: мелодыя песень роўная, з плаўнымі пераходамі, напевы нетаропкія і свабодныя. Мясцовыя гаворкі Паазер'я складаюць групу паўночна-ўсходняга дыялекту.

Крыніца: «Краязнаўчая газета» 28 (621) ліпень 2016 г.;
«Краязнаўчая газета» 29 (622) жнівень 2016 г.;
«Краязнаўчая газета» 30 (623) жнівень 2016 г.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 7
Гасцей: 7
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.