Серада, 17.04.2024, 01:09

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Калі нараджаліся нашы вёскі
Пазалетась беларуская гістарычная навука адзначылася выхадам у свет першага тома «Вялікага гістарычнага атласа Беларусі» (Мінск: "Белкартаграфія", 2009).

Нягледзячы на тое, што выданне, як адзначаюць некаторыя рэцэнзенты, мае шмат недапрацовак, яно, безумоўна, стане добрым дапаможнікам для краязнаўцаў, бо не кожны, жывучы ў глыбінцы, мае магчымасць папрацаваць з матэрыяламі, якія ляглі ў аснову атласа. А звестак у ім, прычым прынцыповых для гісторыі рэгіёнаў, вельмі шмат. Нам жа хацелася б спыніцца, канешне, на той інфармацыі, якая датычыцца Ганцаўшчыны.

Найперш варта паведаміць пра першыя афіцыйныя згадкі паселішчаў у нашай мясцовасці. Думаецца, тут будуць удакладненні з папярэднімі дадзенымі – тымі, якія ёсць у ганцаўскіх краязнаўцаў. Таму што дагэтуль афіцыйную гісторыю вёсак, напрыклад, Вялікіх Круговіч, многія пачыналі з ХVІ ст. Аднак маюцца звесткі, што Круговічы ў дакументальных крыніцах згадваюцца з ХV ст. Па дадзеных самага аўтарытэтнага беларускага даследчыка садова-паркавых ансамбляў, доктара навук Анатоля Федарука, сядзібе ў Вялікіх Круговічах адпачаткова вядомай як ўладанне Пішчына больш чым 500 гадоў. Тады вялікі князь літоўскі Казімір (займаў трон Вялікага княства Літоўскага з 1440 па 1492 г.) прыпісаў да маёнтка дзевяць чалавек.

Больш канкрэтныя даты падаюцца менавіта згаданым атласам. У ім паведамляецца, што першае ўпамінанне пра вёску фіксуецца 1445 годам. Агледзеўшы датаванне самых ранніх згадак іншых паселішчаў наваколля, можна прыйсці да высновы, што Круговічам і Хатынічам гістарычная навука тут аддае пальму першынства. Названыя вёскі з тых пор былі асноўнымі ў сваіх наваколлях. Ад таго часу яны сталі цэнтрамі адміністрацыйных адзінак, якія пры розных уладах называліся па-рознаму: гміны, воласці, сельскія саветы (Вялікія Круговічы, аднак, савецкай уладай у 1954 г. былі пазбаўлены гэтага статуса). На прасторах будучага Ганцавіцкага раёна ў сваім узнікненні нашу вёску апераджаюць толькі Малькавічы, якія ўжо былі ў 1434 г. Думаецца, варта пералічыць усе вёскі раёна, якія існавалі ў далёкім ХVІ ст.

Варта звярнуць увагу, што Чудзіна ў 1470-х яшчэ не было, але ўзнікла вёска яшчэ да сярэдзіны 16 ст. А Будча, па некаторых дадзеных, упершыню згадваецца ў 1515 г.

Назва
(падаецца,
як у атласе)
Год першага ўпамінання
Прыналежнасць
на 1470-я гг.
Уладанне на 1567 г.
Агарэвічы
1457
Каталіцкія паны і князі
П.Падарэўскі на Нямірах
Бутча
1552
-
Шляхта
Востраў
1553
-
Я.Гайка і інш.
Вялікія Круговічы
1445
Паны і баяры рускага паходжання
Ю.Іллініч
Дзяніскавічы
1567
Каталіцкія паны і князі
Дзяржава
Лактышы
1580
-
М.Ю.Радзівіл і інш.
Любашава
1503
-
Ю.Цішкевіч
Люсіна
1539
-
М.К.Радзівіл і Кішкі
Малькавічы
1434
Каталіцкія паны і князі
Спадчыннікі С.Давойны
Нача
1552
-
Падарэўскія і інш.
Раздзялавічы
1539
-
М.К.Радзівіл і Кішкі
Хоценічы
1450
Каталіцкія паны і князі
М.Сноўскі
Чудзін
няма дадзеных
-
няма дадзеных

На 1470-я гг. землі, на якіх яшчэ не было вёсак (ці пра іх існаванне невядома), сённяшняй Ганцаўшчыны належалі: дзяржаве (заходняя частка, клін ад якой уразаўся амаль да Дзяніскавіч), клецкім праваслаўным князям рускага паходжання (поўнач раёна), каталіцкім панам і князям (паўднёва-ўсходні бок раёна ўключна з Хатынічамі, Малькавічамі і Дзяніскавічамі, а таксама Агарэвічамі, якія аказаліся амаль з усіх бакоў акружанымі землямі круговіцкага ўладальніка), панам і баярам рускага паходжання (належалі толькі Круговічы і іх наваколле). З улікам традыцыйнага атаясамлення рускасці з праваслаўем можна меркаваць, што адпачаткова ўладальнікі круговіцкага наваколля належалі да праваслаўнай канфесіі. Прыналежнасць лапіка зямлі на паўднёвы ўсход ад Дзяніскавіч не ўстаноўлена (гл. карту 1). Веравызнанне ўладальнікаў нашых вёсак не павінна блытаць. Насельніцтва вёсак заставалася тым часам праваслаўным. Проста, напрыклад, некаторыя паселішчы былі аддадзены ў вотчыну каталіцкім панам (пасля заключэння Крэўскай уніі – саюзу Вялікага княства Літоўскага і Каралеўства Польскага – пачалося пранікненне каталіцызму на нашы землі).


Кавалак карты "Беларускія землі ў складзе Вялікага княства Літоўскага".
1440 - 1470 гг.

Не мінула і ста гадоў, як карціна ўладальніцтва прыкметна змянілася: усе землі сталі магнацкімі ці шляхецкімі ўладаннямі. Ваколіцы Будчы і Чудзіна трохі вылучыліся тым, што належалі дробнай шляхце (гл. карту 2). Падкрэсленыя на карце населеныя пункты з’яўляюцца цэнтрамі панскіх уладанняў. Адсутнасць падкрэслення гаворыць пра тое, што цэнтр знаходзіўся ў іншым сяле ці мястэчку, што пазначана ў дужках.


Кавалак карты "Беларускія землі ў XVI ст."

Усе вёскі з устанаўленнем новага адміністрацыйнага падзелу ў ХVI ст. уваходзілі ў склад Навагрудскага павета.

Вёскамі за шматвяковую гісторыю іх існавання валодаў не адзін панскі род, часам вакольная зямля ра-зам з яе насельнікамі здавалася ў арэнду. У якасці прыкладу прывядзём Круговічы. У 1567 г. уладальнікам Круговіч (але не адзіным) быў нехта Ю. Іллініч. А ў пачатку ХVІІ ст. пасля смерці нейкага пана Альбрыхта Шчаснавіча Кавячынскага, які, відаць, не меў сыноў, вёскі ў якасці маярату (маёмасць, перадаваемая ў спадчыну) перайшлі да яго дачкі Гальшкі. Яна выйшла замуж за Паўла Віроўскага, які неўзабаве таксама памёр, пакінуўшы пасля сябе сына Альбрыхта. Догляд за ўсімі сёламі, землямі ды лясамі, якія займалі ўсю паўночна-ўсходнюю частку сённяшняга Ганцавіцкага раёна, мела Гальшка, што, пабраўшыся другі раз, стала Пясецкай. З дасягненнем паўналецця, паводле тэстаменту бацькі і дзякуючы шчодрасці маці, Альбрыхт Віроўскі атрымаў сваю долю маярату, у якую, акрамя іншага, увайшла частка «сяла Ляхавіцкага» «і з прыдаткам чатырох аселых валок у сяле Круговіцкім». Да гаспадарання ў Круговічах мелі дачыненне Абуховічы, Чапскія і адзін з самых магутных еўрапейскіх родаў – Радзівілы. Найбольшае ж па часе валоданне вёскамі было ў Абуховічаў (сама мала паўтара стагоддзя), памяць пра якіх і сёння захоўваецца сярод людзей.

На прыкладзе толькі аднаго сяла відаць, наколькі багатым было мінулае вёсак нашага раёна, многім з якіх споўнілася ўжо паўтысячы гадоў. Яшчэ некаторыя, як сведчыць інфармацыя згаданага атласа, такі высокі юбілей адзначаць у ХХІ ст.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (04.08.2011) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 2257 | Тэгі: Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 4.8/17
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.