Аўторак, 23.04.2024, 09:22

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Круговічам – 570!
Гісторыя Круговічаў вельмі багатая, на гэта ўказвае наяўнасць у іх ваколіцах надзвычай вялікай колькасці курганоў. Некаторыя з іх застаюцца і па сённяшні дзень недаследаванымі археолагамі, а многія ў ходзе асваення чалавекам прыродных рэсурсаў ужо сцёртыя з твару зямлі. Сярод мясцовага насельніцтва з-за смугі часу склалася ўяўленне пра гэтыя пахаванні як пра магілы загінулых тут шведаў стагоддзі з тры таму, адсюль і адпаведныя назвы – Шведскія магілы, ці Капцы. Насамрэч узрост курганных могільнікаў нашмат большы. Паводле дадзеных археалагічных даследаванняў, самыя старажытныя з іх датуюцца канцом Х – ХІ стст. Такі пахавальны абрад на гэтых землях існаваў на працягу многіх стагоддзяў і належаў ён не каму іншаму, як нашым далёкім продкам.

Адзін з старажытных курганаў

У VІІІ – Х стст. усю тэрыторыю Прыпяцкага Палесся насяляла ўсходнеславянскае аб’яднанне плямёнаў – дрыгавічы. Аднак не яны былі першымі з людзей, хто ступіў на гэтую зямлю. Спачатку доўгі час тут існавалі неспрыяльныя ўмовы для жыцця чалавека. Нягледзячы на тое, што ў Беларусі першыя людзі фіксуюцца каля 100 тыс. гадоў таму, іх сталае пражыванне не магло арганізавацца з-за непрыдатных кліматычных умоваў. Час ад часу наступала пахаладанне, нярэдка насоўваліся ледавікі. Менавіта яны з’яўляюцца прычынай шматлікіх рэк, азёраў, балотаў у Беларусі, а таксама камянёў і валуноў.

І хаця ў эпоху мезаліту (сярэдні каменны век, 9 – 5 тыс. да н.э.) тэрыторыя нашай краіны ўжо цалкам засяляецца людзьмі, першыя знаходкі ў нашай мясцовасці датуюцца неалітычным часам (новы каменны век, 5 – 3 тыс. да н.э.). Відаць, практычна немагчыма было пранікнуць на тэрыторыю, густа пакрытую шчыльнымі лясамі і непраходнымі балотамі.

У VІ – VІІ стст. н.э. паступова адбываецца славянізацыя нашага краю. У выніку яе сфарміраваліся аб’яднанні плямёнаў. Адно з іх – дрыгавічы, з якіх мы і пачыналі нарыс, – заняло амаль усю тэрыторыю Прыпяцкага Палесся. Менавіта з гэтага часу пражыванне людзей у ваколіцах сучасных Круговічаў набыло не проста стабільны, але і масавы характар.

Найбольш раннія паселішчы ў межах сучаснага Ганцавіцкага раёна выяўленыя за 0,5 км на ўсход ад в. Малыя Круговічы паблізу курганоў на правым беразе безназоўнага прытока ракі Цна і ў в. Хатынічы (сімвалічна, што фактычна на іх Вялікіх Круговічах месцы, пачынаючы з позняга Сярэднявечча, паўсталі адміністрацыйныя цэнтры – у Вялікіх Круговічах і Хатынічах). Паселішчы адносяцца да бронзавага веку.

Афіцыйная ж гісторыя вёсак доўгі час (прыкладна да канца ХХ ст.) звычайна пачыналася з ХVІ ст. Аднак маюцца звесткі, што Круговічы ў дакументальных крыніцах згадваюцца з ХV ст. Паводле дадзеных самага аўтарытэтнага беларускага даследчыка садова-паркавых ансамбляў, доктара навук Анатоля Федарука, сядзіба ў Вялікіх Круговічах адпачаткова вядомая як ўладанне Пішчына больш чым 500 гадоў. Тады вялікі князь літоўскі Казімір (займаў трон Вялікага Княства Літоўскага з 1440 па 1492 г.) прыпісаў да маёнтка прыгонных. Пра гэта гаворыцца ў Літоўскай Метрыцы.

Дуб-волат пры былой сядзібе

Называецца непасрэдны дакумент – «Во имя Боже. То сут книги, кому корол именья роздал». Ён прадпісвае «Пишчику девять ч(о)л(о)в(е)ков, у Круговичох пять: Сава, Еско, Пантелеи, Максимъ, Семенъ, а шостая удова…» (тры чалавекі яшчэ даваліся ў Жарабковічах). Датаванне гэтых радкоў з дапамогаю метаду дэдукцыі (беручы пад увагу іншыя прысутныя ў гэтым дакуменце распараджэнні вялікага князя) можна акрэсліваць сярэдзінай ХV ст. Такім чынам, гісторыя данесла і імя тагачаснага ўладальніка вёскі – нейкага баярына Пішчыка, і імёны яго сялянаў. Круговічы згадваюцца як пасяленне ў Клецкай воласці. Таксама можна казаць пра тое, што на момант гэтай згадкі пасяленне з назвай Круговічы ўжо існавала. Больш за тое, згаданы Пішчык не стаў першым панам у вёсцы. Хутчэй за ўсё, ён з княскай ласкі толькі прысуседзіўся да кагосьці.

Існуюць і больш канкрэтныя даты першых згадак Круговічаў. Так, дастаткова свежы «Вялікі гістарычны атлас Беларусі» (том 1, 2009) паведамляе, што першае ўпамінанне пра вёску фіксуецца 1445 годам. На прасторах сённяшняга Ганцавіцкага раёна ў сваім узнікненні нашую вёску апярэджваюць толькі далёкія ад Круговічаў Малькавічы, якія ўжо былі ў 1434 годзе, і суседнія Агарэвічы, якім пашчасціла трапіць у гістарычныя дакументы з датаваннем 1441 годам.

Круговічамі за шматвяковую гісторыю існавання валодаў не адзін панскі род, часам вакольная зямля разам з яе насельнікамі здавалася ў арэнду. Так, у 1567 г. уладальнікам (але не адзіным: у згаданым атласе побач з яго прозвішчам пазначана «і інш.») быў Юрый Ільініч.

Прыкладна тады ж Ільінічы як род зводзяцца па мужчынскай лініі. Іх нерухомасць галоўным чынам пераходзіць шляхам шлюбаў да Радзівілаў. Напрыклад, Круговічы каля 1570 г. апынуліся ва ўладаннях Мікалая Крыштофа Сіроткі.

А ў пачатку ХVІІ ст. пасля смерці нейкага пана Альбрыхта Шчаснавіча Кавячынскага, які, відаць, не меў сыноў, вёскі ў якасці маярату перайшлі да яго дачкі Гальшкі. Яна выйшла замуж за Паўла Віроўскага, які неўзабаве таксама памёр, пакінуўшы пасля сябе сына Альбрыхта. Даглядала за ўсімі сёламі, землямі ды лясамі, што займалі ўсю паўночна-ўсходнюю частку сённяшняга Ганцавіцкага раёна, Гальшка, якая, пабраўшыся другі раз, стала Пясецкай. З дасягненнем паўналецця, паводле тэстаменту бацькі і дзякуючы шчодрасці маці, Альбрыхт Віроўскі атрымаў сваю долю маярату, у якую, акрамя іншага, увайшла частка «сяла Ляхавіцкага» «і з прыдаткам чатырох аселых валок у сяле Круговіцкім».

Мабыць, нешта не спрыяла ўсталяванню стабільнага валодання вёскаю адным родам з перадачай спадчыны па мужчынскай лініі. Ужо ў сярэдзіне гэтага ж, ХVІІ, стагоддзя маёнтак Круговічы, фальварак і падданыя, якія жылі ў вёсках Круговічы і Ляхавічы (цяпер – Малыя Круговічы), былі аддадзеныя ў арэнду пану Керсаноўскаму. Пасля яго да ўладння спрычыніўся навагрудскі кашталян Ян Рудамін-Дусяцкі. Найбольшае ж па часе валоданне вёскамі было ў Абуховічаў (сама мала паўтара стагоддзя), памяць пра якіх і сёння захоўваецца сярод людзей. Іх панаванне фіксуецца ўжо ХVІІІ ст., яшчэ да захопу Расійскай імперыяй нашых зямель, і працягвалася яно да 1939 г., калі ўладу паноў замянілі саветы.

Дарожны знак пры ўездзе ў вёску

Як бачна толькі з вышэйпрыведзеных гістарычных штрыхоў, за 570 гадоў Круговічы мелі насычанае жыццё, якое і сёння працягваецца і шануецца кругаўцамі.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (09.09.2015) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК - Ганцавіцкі час
Праглядаў: 1983 | Тэгі: вёска, Вялікія Круговічы, Малькавічы, Хатынічы, Малыя Круговічы, Ганцаіцкі раён, Агарэвічы, дрыгавічы, Вялікае Княства Літоўскае, Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 5.0/4
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.