Чацвер, 28.03.2024, 22:15

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віталь Герасіменя » Іншае

Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцінаў: «Захаваем нашу гістарычную радзіму»
18 красавіка ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцінаў, дэвіз якога «Захаваем нашу гістарычную радзіму». Гэты Дзень усталяваны ў 1982 г. Асамблеяй Міжнароднай рады па пытаннях аховы помнікаў і цікавасных месцаў (ICOMOS), што была створаная пры ЮНЕСКА, а пачаў адзначацца з 18 красавіка 1984 г.

У 1992 г. ў ужо незалежнай Беларусі быў прыняты закон «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» і адпаведна быў створаны Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, які на сённяшні момант налічвае каля 5 тысяч аб’ектаў.

У Ганцавіцкім раёне створаны свой асабісты Спіс помнікаў гісторыі, архітэктуры, і археалогіі, які на сённяшні дзень налічвае больш за 80 аб’ектаў, з якіх 24 унесены ў Дзяржаўны спіс. Унесеныя аб’екты – найбольш каштоўныя помнікі гісторыка-культурнай спадчыны, 19 з якіх адносяцца да нерухомых – цэрквы, капліцы, курганныя могільнікі і інш., 5 – рухомыя – абразы, якія з’яўляюцца ўласнасцю пэўных прыходаў праваслаўных цэркваў.

Пры райвыканкаме створаны каардынацыйны Савет па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, а ўзначальвае яго старшыня райвыканкама Аляксандр Саланевіч. На пасяджэннях каардынацыйнага Савета, што адбываюцца не радзей, чым адзін раз у квартал, разглядаюцца пытанні не толькі беражлівага захавання аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, але і іх папулярызацыі, выкарыстання ў турыстычных мэтах і патрыятычным выхаванні моладзі. За выкананнем заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны сочыць метадыст раённага метадычнага цэнтра пры аддзеле культуры Таццяна Калдушка.

Помнікі архітэктуры

Адметнымі прадстаўнікамі помнікаў архітэктуры на тэрыторыі раёна з’яўляюцца праваслаўныя цэрквы, каталіцкія капліцы і старадаўнія шляхецкія сядзібы. Варта ўзгадаць цэрквы: Георгіеўскую ў Чудзіне, Праабражэнскую ў Будчы, Міхайлаўскую ў Начы, капліцу пры былой сядзібе Абуховічаў у Вялікіх Круговічах, а таксама пахавальную капліцу Вендорфаў у Ясянцы.


Пахавальная капліца ў вёсцы Ясянец

Асобна з усяго шэрагу помнікаў архітэктуры можна выдзеліць Георгіеўскую царкву ў Вялікіх Круговічах. Пабудавана яна была ў 1771 г. як уніяцкая на сродкі мясцовага шляхціча Ксаверыя Абуховіча. У сярэдзіне ХІХ ст. яна стала праваслаўнаю царквою, пасля чаго, па ўсёй бачнасці, значна перабудавалася. Выканана яна з дрэва ў форме прадаўгаватага крыжа, асобна пастаўлена званіца, унутры апсіду ад асноўнага аб’ёму царквы аддзяляе двухузроўневы іканастас на 17 абразоў.


Свята-Георгіеўская царква ў вёсцы Вялікія Круговічы

Нельга абысці ўвагай і захаваныя да гэтага часу шляхецкія сядзібы Апацкіх-Свяжынскіх у Агарэвічах і Падарэўскіх у горадзе Ганцавічы (яна месціцца ва ўрочышчы Горкі).


Сядзібны дом у вёсцы Агарэвічы

Дакладная дата пабудовы сядзібы ў Агарэвічах невядома, але па меркаванні польскага акадэміка Рамана Афтаназі, яна адносіцца да пачатку ХІХ ст. Да нашых дзён, акрамя сядзібнага дома, захаваўся моцны, на трывалым цокалі, будынак свірана. На адным з яго франтонаў з цэглы выкладзены год пабудовы – 1911.


Свіран сядзібы Апацкіх-Свяжынскіх

Дата пабудовы сядзібы Падарэўскіх – другая палова ХІХ стагоддзя. Захаваўся аднапавярховы дом, які зараз выкарыстоўваецца пад кантору паліўнай гаспадаркі, а таксама рэшткі парку і ліпавая алея.


Сядзіба Падарэўскіх у горадзе Ганцавічы

Помнікі археалогіі

Да помнікаў археалогіі адносяцца шматлікія курганы і курганныя могільнікі, якія ў пераважнай большасці знахо-дзяцца на поўначы раёна. Курганы на тэрыторыі нашага краю – земляныя насыпы над старажытнымі магіламі, па ўсёй бачнасці, прадстаўнікоў славянскіх плямёнаў дрыгавічоў. Курганы звычайна акруглыя па форме, дыяметрам 5-15 м, вышынёю 0,5-2,5 м. Дата іх узнікнення адносіцца да Х-ХІІІ стагоддзяў. У народзе курганы часцей за ўсё называюць «капцамі», альбо «валатоўкамі» і звязваюць іх з пахаваннямі шведскіх або французскіх салдатаў.


Некаторыя курганы маюць вышыню каля 2,5 м і дыяметр да 15 м

Вялікую шкоду захаванню курганоў у савецкі перыяд аказала сельская гаспадарка, калі пад павелічэнне плошчаў сельскагаспадарчых угоддзяў разворваліся цэлыя групы курганоў. Напрыклад, ва ўрочышчы Юліна паблізу Шашкоў з могільніка ў 15 насыпаў захаваўся, на жаль, толькі адзін курган і то дзякуючы таму, што на ім расце старажытны дуб. Не менш пацярпелі і Малакруговіцкія групы курганных могільнікаў.


Старажытны курган і дуб-волат ва ўрочышчы Юліна

Найбольш вядомая і даследаваная група курганоў – Ясянецкая. Курганы гэтай групы размяшчаюцца на поўдзень ад Ясянца па абодва бакі дарогі на Вялікія Круговічы на працягу 1,5-2 км. Дакладная колькасць іх невядома, але ў большасці навуковых крыніц іх указваецца да 100 адзінак. Раскопкі ў гэтай групе праводзіў вядомы беларускі археолаг-навуковец, стваральнік археалагічнага музея «Бярэсце» Пётр Лысенка.

Помнікі гісторыі

Помнікі гісторыі складаюць пераважную большасць з раённага спісу, і іх можна падзяліць на дзве вялікія групы.

Да першай групы адносяць помнікі і мясціны, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гадоў, і яны ёсць амаль ці не ў кожнай вёсцы – гэта мемарыяльныя помнікі загінуўшым у гады вайны землякам, а таксама ваенныя пахаванні, для фіксацыі якіх у Беларусі створаны асобны спіс Дзяржаўнага ўліку. Найбольш вядомы і адметны помнік з гэтай групы – Брацкая магіла на плошчы ў горадзе Ганцавічы. Помнік са скульптурамі двух воінаў і плітою з прозвішчамі пахаваных на ёй быў устаноўлены ў 1956 г., а ў 2000 г. – да святкавання 55-годдзя Дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне быў заменены на новы, акаваны меддзю, са скульптурнаю кампазіцыяй з дзвюх фігур.


Брацкая магіла на гарадской плошчы ў Ганцавічах

Другая група – гэта помнікі і памятныя мясціны, якія звязаны з імёнамі славутых людзей. Ганцаўшчыне пашанцавала на такіх асоб.


Памятны знак у вёсцы Люсіна на месцы школы, дзе працаваў Якуб Колас

У 1902 г. ў Люсіне пачаў сваю педагагічную дзейнасць Якуб Колас. На хутары (сёння гэта ўрочышча Шарпутоўшчына) паміж Чудзінам і Пярэвалакамі сваё дзяцінства і юнацкія гады правёў вядомы беларускі этнограф і фалькларыст Аляксандр Сержпутоўскі. У Востраве нарадзіўся вядомы беларускі паэт Міхась Рудкоўскі, суседняя Гута – радзіма вядомых літаратараў Івана Кірэйчыка і Уладзіміра Марука. Горад Ганцавічы стаў другім домам для Васіля Праскурава, яго імем тут названы вуліца і раённая бібліятэка, а таксама ўсталяваны дзве мемарыяльныя дошкі. На доме па вуліцы Мантажнікаў, дзе доўгі час жыў Герой Сацыялістычнай Працы Віктар Шапавал, усталявана мемарыяльная дошка.


Геральдычны знак у гарадскім скверы

Да святкавання Дня беларускага пісьменства ў 2011 г. ў горадзе Ганцавічы ў скверы быў усталяваны геральдычны знак, а на Алеі пісьменства, якую вянчае помнік Якубу Коласу, былі ўшанаваны найбольш вядомыя мясцовыя літаратары.

***

Кожны помнік і памятная мясціна вартыя асобнай увагі. Мы абавязаны зберагчы гісторыка-культурную спадчыну нашых продкаў і пакінуць яе на доўгія вякі нашчадкам.
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (18.04.2013) | Аўтар: Віталь ГЕРАСІМЕНЯ
Праглядаў: 4775 | Тэгі: Аляксандр Саланевіч, Ганцавічы, Ганцавіцкі раён, Віталь Герасіменя | Рэйтынг: 4.7/9
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны [9]
Падарожжа-параўнанне па гораду Ганцавічы [7]
Гісторыя пажарнай службы Ганцавіцкага раёна [3]
З гісторыі чыгункі [2]
Музейны архіў [9]
Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна [6]
Іншае [14]
Хто тут?
Анлайн усяго: 7
Гасцей: 7
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.