Чацвер, 18.04.2024, 18:51

ГРОДЗЕНСКІ КАСЦЁЛ СВЯТОГА ФРАНЦІШАКА КСАВЕРЫЯ І КАЛЕГІУМ ЕЗУІТАЎ

Галоўная »
ГРОДЗЕНСКІ КАСЦЁЛ СВЯТОГА ФРАНЦІШАКА КСАВЕРЫЯ І КАЛЕГІУМ ЕЗУІТАЎ размяшчаецца ў горадзе Гродна на Савецкай плошчы (былы Стары рынак). Пабудаваны ў 17—18 ст. з цэглы.


У 1584 г. кароль Рэчы Паспалітай Стафан Баторый звярнуўся да літоўскага правінцыяла айцоў езуітаў Я.П.Кампана з прамовай заснаваць у Гродне езуіцкі прыстанак, у чым яму было адмоўлена з-за недахопу манаскага персаналу, занятага буйной будаўнічай дзейнасцю ў краіне (у Полацку і Нясвіжжы). Нягледзячы на гэта кароль у наступным годзе загадаў пачаць будаўніцтва драўлянага касцёла ў імя святых апосталаў Пятра і Паўла, ахвяраваўшы яму маёнтак Кундзін і 10 тыс. злотых. На момант смерці караля (1586) парафіяльны касцёл быў збудаваны. Рэзідэнцыя айцоў-езуітаў з'явілася ў Гродне толькі ў 1622 г. дзякуючы фундацыі гродзенскага старосты С.Касадубскага (Касабудзкага), які ахвяраваў ім вёску Сухая Баля. Будаўніцтва калегіума, пад які ў 1647 г. быў вылучаны пляц на рынку, вялося ў 1650—64 гг. пры гродзенскім пробашчу Ф.Д.Ісакоўскім, які падараваў ордэну маёнтак Свіслач, мечніку Вялікага Княства Літоўскага К.Халецкім, ахвяраваўшым маёнтак Гаростаў і фальварак Калбасіна, члене ордэна Е.Дзевалтоўскім — маёнтак Шупеня. Кляштар адносіўся да самых багатых на Беларусі, валодаў у горадзе вялікай нерухомасцю. Да касацыі ў 1773 г. ва ўладанні гродзенскіх езуітаў было сем фальваркаў і 25 вёсак. У 1678 г. па фундацыі мсціслаўскага кашталяна С.Лазовага і яго жонкі Канстанцыі на месцы спаленых маскоўскім войскам у 1658 і 1660 гг. драўляных Петра-Паўлаўскага касцёла і будынка школы было пачата будаўніцтва існуючага мураванага храма. 21.06.1678 г. біскуп-суфраган віленскай дыяцэзіі Мікалай Слупскі асвяціў вуглавы камень у падмурку касцёла. Асвячэнне касцёла ў імя святога Францішка Ксаверыя адбылося ў 1705 г. На ўрачыстасці прысутнічалі кароль Аўгуст II і расійскі імператар Пётр I.

Комплекс уключаў будынкі касцёла, калегіума, бібліятэкі, друкарні, аптэкі, жылыя карпусы і гаспадарчыя пабудовы. Усе разам яны ўтваралі замкнёны ўнутраны двор і былі злучаны з касцёлам калідорам. Першапачатковы калегіум будавалі ў 1677—83 гг., новы — у 1691—1763 гг. У 18 ст. кляштар займаў цэлы квартал (120 х 160 м), у цэнтры стаяў будынак калегіума. Галоўнае трохпавярховае крыло (новы калегіум) было накрыта мансардавым дахам з чырвонай дахоўкі. Заходняе двухпавярховае крыло злучала новы калегіум з трансептам касцёла. Усходняе трохпавярховае крыло (стары калегіум) мела калідорную планіроўку з двухбаковым размяшчэннем келляў. На стыку старога і новага калегіумаў архітэктар Я.Руоф узвёў трапезную, над якой знаходзілася бібліятэка з вялікім вестыбюлем, над ім — капліца. Абапал старога калегіума размяшчаліся гаспадарчыя двары, агароджаныя з тыльнага боку флігелямі, дзе былі майстэрні, стайні і вазоўніі. Пры галоўнай браме стаяла бурса. На паўночным баку была мураваная школа з уласным дваром, у будынку якой размяшчаўся і тэатр. Ад суседняга палаца Стафана Баторыя да касцёла быў зроблены крыты пераход цераз Купецкую вуліцу. Астатнюю тэрыторыю займаў вялікі сад.

Калегіум складаўся з двух аддзяленняў: малодшага з пяцью класамі і старэйшага трохгадовага. У калегіуме выкладалі «сем вольных мастацтваў» — граматыку, рыторыку, дыялектыку, арыфметыку, геаметрыю, астраномію, музыку, багаслоўе, а таксама лацінскую і грэчаскую мовы. На старэйшым аддзяленні асноўная ўвага аддавалася вывучэнню філасофіі. Навучанне было бясплатным, са здольных дзяцей шляхты і гараджан рыхтавалі кадры для ордэна. Педагогамі ў калегіуме працавалі С.Пузына, М.Калакоўскі, А.Хладоўскі, Я.Бельскі, Ф.Касажэўскі, Я.Рушэўскі, Ф.Нарвойш і іншыя; з 1667 г. працавалі толькі настаўнікі з прафесарскім званнем. У 1772 г. ў калегіуме было 37 езуітаў (15 айцоў, 2 настаўнікі, 11 братоў і 9 схаластаў, працавала 6 прафесараў). Сярод выхаванцаў гэтай навучальнай установы быў беларускі астраном і асветнік М.Пачобут-Адляніцкі, уступіўшы тут у Таварыства Ісуса ў 1745 г.

У 1773 г. кляштар скасаваны, касцёл з 1788 г. стаў фарным (прыходскім). У 1794 г. католікі горада прынялі ў касцёле прысягу на вернасць расійскай імператрыцы Кацярыне II. Касцёл быў выратаваны ад вялікага пажару 29.05.1885 г. дзякуючы мясцовым мулярам, якія хутка замуравалі ўсе яго праёмы. Адлюстраваны на малюнку Напалеона Орды (другая палавіна 19 ст.). Зараз з'яўляецца Меньшай Базілікай і біскупскай катэдрай Гродзенскай дыяцэзіі.

Кaсцёл — помнік архітэктуры і дэкаратыўна-манументальнага мастацтва барока і ракако. Архітэктурна-эстэтычныя вартасці храма адзначаны ўжо ў 1763 г. ў «Хроніцы Літоўскай правінцыі аа. Езуітаў»: «Святыня сярод найслаўнейшых асвечаных пабудоў Каралеўства амаль самая выдатная». Збудаваны паводле канона двухвежавай трохнефавай купальнай базілікі (вышыня 53,6 м, памеры 30 на 60 м). Па баках паўцыркульнай апсіды далучаны дзве купальныя капліцы — святога архангела Міхаіла і Маці Божай Студэнцкай. Галоўны архітэктурны акцэнт створаны на франтальным фасадзе, які пануе ў сілуэце забудовы гістарычнай плошчы горада. Яго плоскасць расчлянёна на тры ярусы суцэльнымі паясамі антаблементаў, а гарызантальную сіметрыю размяркоўваюць на 3 часткі арачныя аконныя праёмы і падвойныя карынфскія пілястры. У першым ярусе вежаў у арачных нішах устаноўлены скульптурныя выявы апосталаў Пятра і Паўла, святога Францішка Ксаверыя (скульптар Г.Пс, 1768). Характэрную для езуітаў свецкасць храму надае аркестравы балкон у цэнтры фасада, над уваходным парталам. Перад уваходам у пачатку 20 ст. пабудавана шырокая двухмаршавая лесвіца з пастаўленай на яе парапет скульптурай Хрыста з крыжом. Бакавыя і тыльны фасады касцёла вырашаны ў стрыманых формах ранняга барока, раскрапаваны падвойнымі пілястрамі і тонкапрафіляванымі карнізамі. Дзякуючы высокім арачным аконным праёмам,іх глыбокім адхілам адчуваецца канструкцыйная магутнасць збудавання. У сярэдзіне 18 ст. замест масіўных пластычных барочных форм з'явіліся ажурныя, аблегчаныя і вытанчаныя формы ракако (у завяршэннях храма). У 1750—52 гг. муляр К. Бурман надбудаваў лёгкія ажурныя вежы з выгнутымі плоскасцямі, дэкаратыўнымі кубкамі, плывучай арнаментыкай, якія кантрастуюць з масіўнымі формамі першапачатковага барочнага храма. У 1725 г. на вежы ўладкаваны куранты (перанесены з вежы калегіума). У 1744 г. для галоўнага ўвахода каваль Я.Бірша зрабіў каваныя дзверы.


Ва ўнутранай прасторы храма пануе сяродкрыжжа з высокім купалам на светлавым барабане, падтрыманым ветразямі і чатырмя магутнымі слупамі. Зала падзелена на тры нефы аркадамі на шасці магутных апорных слупах, якія ўспрымаюць распор крыжовых скляпенняў на падпружных арках, і арнаментаванымі гуртамі (гатычная рэмінісцэнцыя). Іх заходняя пара падтрымлівае хоры з арганам, на якія вядуць вінтавыя лесвіцы ў тоўшчы сцяны. Па сценах цэнтральнага нефа, прэсбітэрыя і барабана купала цягнецца карніз-галерэя з балюстрадай. Пышны і ўрачысты інтэр'ер храма насычаны архітэктурнай пластыкай (пілястры, раскрапаваныя антаблементы, тонкая прафіліроўка, ажурнае спляценне крыжовых скляпенняў і падпружных арак). Падлога выкладзена «шведскім» каменем. Высокамастацкі ансамбль інтэр'ера фарміруюць 13 алтароў (12 драўляных, адзін стукавы), дзве чыгунныя жырандолі (ліццё 18 ст.), чатыры драўляныя спавядальні, упрыгожаныя інтарсіяй, разьбой па дрэве і скульптурай, амбон, помнік А.Тызенгаўзу, драўляная лава 17 ст., арган, куплены ў Каралеўцы (Кёнігсбергу, цяпер Калінінград) у 1744 г. 3 Каралеўца і Вільні ў 1709 г. былі прывезены шэсць алтароў.

Дамінантай дэкаратыўна-мастацкага ансамбля інтэр'ера з'яўляецца галоўны алтар (вышыня 21 м), зроблены ў 1736—37 гг. «у майстэрстве разьбы обермайстрам» Янам Шмітам з горада Рэшаля (Польшча) і шасцью падмайстрамі і навучэнцамі. У кантракце агаворвалася, каб алтар быў выкананы «прапарцыянальна базілікі нашай» і ўлічваў «оптыку». У 1752 г. алтар таніраваны пад бела-блакітны мармур, у 1857 г. «вызалачаны і абноўлены», у 1900 г. перафарбаваны пад цёмны мармур. У яго трох’яруснай кампазіцыі выкарыстана складаная групоўка калон і пілястраў карынфскага ордэра. У першым ярусе абапал постаці святога Францішка Ксаверыя (выканана Шмітам) пастаўлены дзесяць скульптурных выяў апосталаў, чатырох айцоў царквы, святога Самуіла і святой Канстанцыі — патронаў касцёла мужа і жонкі Мсціслаўскіх, якія аплачвалі кошт алтара. У цэнтры другога яруса — скульптура Хрыста, абапал якой выявы чатырох евангелістаў і шасці свяціцеляў. У трэцім ярусе знаходзіцца скульптурная алегарычная кампазіцыя, якая адлюстроўвае перамогу дабра над злом. Вянцом алтара з'яўляецца пяціметровая «Глорыя», што абрамляе акно апсіды і перад якой схіляюць галовы чатыры алегарычныя выявы бакоў свету. Таніраваныя ў белы колер, скульптуры вылучаюцца ўрачыстасцю поз, эмацыянальнай прыўзнятасцю вобразаў, стрыманасцю рухаў. Размешчаныя франтальна да ўвахода (каля міжнефавых слупоў) шэсць кулісных двух'ярусных алтароў выкананы ў 1709—16 гг. У левай капліцы трансепта размешчаны алтар святога архангела Міхаіла са скульптурнымі выявамі дзеячаў Вялікага Княства Літоўскага. У процілеглай Студэнцкай капліцы трансепта пастаўлены алтар Маці Божай Студэнцкай, выкананы ў тэхніцы бежавага стука ў 1760-я гг. Яго кампазіцыя вырашана ў выглядзе накладнога карынфскага порціка з чатырмя канеліраванымі пілястрамі і трохвугольным франтонам са скульптурамі ўкленчаных анёлаў па вуглах. У двух экседрах бакавых выгнутых заплечнікаў і ў завяршэнні алтара знаходзяцца скульптурныя постаці іерархаў касцёла. У алтары абраз Маці Божай Студэнцкай, названы Кангрэгацкай (апякункі студэнтаў), копія абраза з базілікі Санта Марыя Маджорэ ў Рыме (памеры 22 х 17 см,у шырокай сярэбранай раме ў стылі ракако, выкананай у 1761 г. гданьскім злотнікам X. ван Гаўсенам). Аклад з дзвюма каронамі раней быў залатым. Падараваны віленскім ваяводам К.Я.Сапегам. Абраз прывёз з Рыма ў часы караля Яна Казіміра правінцыял айцоў дамініканцаў і падараваў А.Радзівілу, пасля смерці якога абраз трапіў да дамініканца Куклінскага, а ад яго — да ўладальніка вёскі Кульбакі каля Гродна В.Жэляроўскага. Ён ахвяраваў абраз вучнёўскаму таварыству Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, так званай Студэнцкай Кангрэгацыі пры Гродзенскім езуіцкім калегіуме. Свята абраза праводзіцца штогод 5 жніўня.

Фрэскавы жывапіс выкананы невядомым мастаком паводле ілюстрацый М.Хафнера да жыццяпісу святога Францішка Ксаверыя, апублікаваных у 1681 г. ў Інсбруку. У размалёўцы касцёла ўдзельнічалі чэшскія мастакі Ф.І.Обст і І.Дарэцці. Складаецца з 14 сюжэтных кампазіцый з жыцця святога Ксаверыя, размешчаных над аркатурай цэнтральнага нефа (аўтар фрэсак пакінуў сваю манаграму і дату — 1752 г.). У гэтай жа тэхніцы выкананы выявы чатырох евангелістаў, размешчаныя на ветразях. Плафон, падпружныя аркі прэсбітэрыя і трансепта аздоблены гратэскавым арнаментам у тэхніцы стука. Плоскасці 14 падпружных арак размаляваны раслінным дэкорам у тэхніцы грызайль. У формах стрыманага барока трактаваны арган, кампазіцыя якога нагадвае касцельны двухвежавы фасад. Насупраць алтара, на слупе прэсбітэрыя пастаўлена старажытная драўляная лава, на спінцы якой 16 разных гарэльефных выяў на сюжэты цудаў Маці Божай Студэнцкай. Абраз у шаце другой палавіны 18 ст. «Юзаф з дзіцем».

Навешаны на слуп прэсбітэрыя драўляны амбон — шэдэўр дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ракако, выкананы ў 1750-я гг. Яго кафедра падтрымліваецца кансоллю, трактаванай у форме вітой ракавіны. Кампазіцыя характарызуецца хісткай раўнавагай арнаментальных серпанцінаў і скульптурных выяў чатырох евангелістаў і пуцці на хвалістым карнізе. Заднік амбона ўпрыгожаны ракайльным картушам з трыльяжнай сеткай на фоне мармуровай панэлі. У завяршэнні — насценная кампазіцыя з выявай сферы і лунаючага анёла над ёй. Мастацкі эфект ствараецца кантрастным вылучэннем пазалотай ракайльнага арнамента і архітэктурных абломаў на фоне размалёўкі амбона пад цёмны мармур. У стылі ракако майстар І.Мейфельту 1768 г. стварыў серыю драўляных спавядальняў у стылі ракако.

У канцы 19 ст. графіня М.Пшаздзецкая, якая належала да нашчадкаў А.Тызенгаўза, паставіла ў касцёле яму помнік у выглядзе класічнага абеліска (чорны лабрадарыт) з выявай укленчанай у жалобе жанчыны, барэльефам падскарбія і вазай пад драпіроўкай у завершы (бронзавае ліццё, скульптар Т.Дукас). Мастацкую каштоўнасць уяўляе абраз 1750—70-х гг. «Маці Божая Рымская». Устаноўлена мемарыяльная дошка прафесару Ягелонскага універсітэта З.Урублеўскаму (1845—88 гг.).


Аптэка заснавана ў 1687 г. (першы аптэкар І.Цішкевіч), мураваны будынак узведзены ў 1709 г. Бібліятэка (у 1773 г. налічвала 2373 кнігі). У 1707 г. адкрыта музычная бурса з капэлай, у 1733 г. адзначаны «нядаўна пастаўлены» арган. Мураваны двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак пад вальмавым дахам, павернуты ўваходам да плошчы. Цэнтральная частка сіметрычнага галоўнага фасада вылучана балконам, пілястрамі другога паверха і невялікім фігурным франтонам у завяршэнні. Сцяна прарэзана прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў фігурных ліштвах, расчлянёна вузкімі карнізнымі цягамі. Напачатку з боку двара быў калідор, які аб'ядноўваў аптэку з кляштарам. Будынак функцыянальна падзелены на дзве часткі: асноўную — памяшканні першага і другога паверхаў, якія выходзяць на галоўны фасад, і падсобную — памяшканні, што выходзяць на дваровы фасад і звязаны з кляштарам. На першым паверсе скляпенні цыліндрычныя на распалубках.

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1388]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.