Чацвер, 25.04.2024, 17:40

ПАДНЯПРОЎЕ

Галоўная »
ПАДНЯПРОЎЕгісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі, які займае Магілёўскую, часткі Віцебскай і Гомельскай абласцей. На поўначы па водападзеле Дняпра і Заходняй Дзвіны мяжуе з Паазер'ем, на захадзе па левабярэжжы Бярэзіны і Дняпры — з Цэнтральнай Беларуссю і Усходнім Палессем.

У старажытнарускі перыяд (IX — XII стст.) ішоў інтэнсіўны працэс сцірання племянных этнакультурных адрозненняў, зліццё славянскіх плямёнаў у адзіную народнасць. Гэтаму ў значнай ступені садзейнічалі раўнінны рэльеф і дняпроўская сістэма суднаходных рэк, якія адыгрывалі важную ролю ва ўнутраных і знешніх культурна-эканамічных сувязях. Гістарычны лёс Падняпроўя быў звязаны са старажытным Кіевам і з гісторыяй іншых усходнеславянскіх земляў. Этнакультурны комплекс, фальклорныя традыцыі і народныя гаворкі Падняпроўя маюць шмат агульных рысаў з суседняй Смаленшчынай і Заходняй Браншчынай (у XII ст. значная частка Падняпроўя ўваходзіла ў Смаленскае, паўднёвая — у Чарнігаўскае княствы; пазней яны ўваходзілі ў Вялікае Княства Літоўскае). У той час у Падняпроўі былі вядомыя важныя адміністрацыйныя і эканамічныя цэнтры — Копысь, Орша, Друцк, Мсціслаў, Прапошаск (цяпер Слаўгарад), Крычаў, Лучын, Гомель, Рагачоў, Чачэрск і інш. У канцы XII ст. са Смаленскага вылучылася Мсціслаўскае княства, якое да сярэдзіны XIV ст. увайшло ў склад BKЛ і захоўвала ў ім пэўную аўтаномію.

На ранніх сярэдневяковых картах Еўропы (карты Н. Кузана — канец XV — пачатак XVI ст., С. Мюнстэрна — 1540) левабярэжная частка Падняпроўя пазначаная пад назвай Белая Русь. На больш позніх картах (Г. дэ Баплана, Я. Сандарта — другая палова XVII ст., Т. Кітхіна — 1740 і інш.) Белая Русь лакалізаваная ўжо ў верхнім Падняпроўі і Паазер'і. Такое вызначэнне Белай Русі захавалася да сярэдзіны XIX ст., калі канчаткова было пашыранае (з-за агульнасці гістарычнага лёсу і этнічнай культуры) на ўсю тэрыторыю сучаснай Беларусі. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Падняпроўе далучанае да Расійскай імперыі, на яго тэрыторыі была ўтвораная Магілёўская губерня, якая ў асноўным супадала з межамі рэгіёна. Пасля рэвалюдыі 1917 г. і ўтварэння Бёларускай ССР Падняпроўе з 1924 г. у складзе БССР (былыя Гомельскі і Рэчыцкі паветы далучаныя ў 1926 г.).

Сельскія пасяленні звычайна размяшчаліся па берагах невялікіх рэк і ў міжрэччах. На характар рассялення ўплывала суседства з воднымі шляхамі, урадлівасць мясцовай глебы. Найбольш густа населенай і аграрна развітай здаўна была левабярэжная частка Падняпроўя, у прыватнасці Аршанска-Магілёўская раўніна. Змешаныя хваёва-ліставыя лясы і дубровы, што пакрывалі гэтую тэрыторыю, у XVIII — пачатку XX ст, на значных плошчах былі высечаныя, і на іх месцы ўтварыліся масівы акультураных земляў. Адносна спрыяльньм глебава-кліматычныя ўмовы садзейнічалі шырокаму развіццю хлебаробства. 3 тэхнічных культураў сеялі лён і каноплі. Агракультура Падняпроўя мела рэгіянальныя рысы, што выяўлялася ў спосабах і прыёмах апрацоўкі глебы, мясцовых варыянтах земляробчых прыладаў (сох, ільнамялак, баронаў), формах феадальнай рэнты ды іншага. У лясных краях прыкметнай падмогай у гаспадарцы былі здабыўныя промыслы, найперш збіральніцтва, пчалярства і лесахімічныя промыслы. Частка насельніцтва ішла ў адыходныя промыслы ў суседнія губерні Расіі, дзе словы «буднік» і «беларусец» у звычайным ужыванні мясцовых жыхароў былі свайго роду сінонімамі. У Гомельскім павеце (пераважна ў сучасным Веткаўскім раёне) было шмат пасяленняў старавераў, якія сяліліся тут з 1685 г. Многія з іх займаліся рамізніцтвам, ваджэннем суднаў, будаўніцтвам, ткацтвам, пчалярствам, частка — гандлем і камерцыяй (бралі ў арэнду сады, скуплялі ў мясцовых сялянаў сушаныя грыбы, ягады, мёд, воск, гандлявалі лесам, хлебам, соллю).

Сельскія пасяленні ў параўнанні з суседнім Паазер'ем вызначаліся большымі памерамі (15 — 30 сядзібаў) і выразнай вулічнай планіроўкай. Замкнутыя ці Г-падобныя сядзібныя забудовы размяшчаліся абапал вуліцы, якая мела акрэсленую цэнтральную частку і канцы. Вуліца агароджвалася па баках і заканчвалася нярэдка з абодвух канцоў шырокімі варотамі, якія зачыняліся на ноч. 3 маладворных пасяленняў былі пашыраныя засценкі.

Пасля адмены прыгоннага права назіраўся міграцыйны рух насельніцтва на захад у лясныя раёны Бярэзінскага басейна, дзе на месцы ляда ў узнікалі новыя пасяленні. Мігранты прыносілі з сабою вытворчы досвед і этнакультурныя традыцыі, прыстасоўваючы іх да мясцовых умоваў; ставілі дабротныя дамы і гаспадарчыя пабудовы, абносілі іх трывалым парканам з брамамі на вуліцу.

Распаўcюджаныя тыпы планіроўкі традыцыйнага жылля: хата + сенцы + клець, хaта + сенцы + хата, хата + трысцен. Апошні, выконваючы ролю сенцаў, нярэдка (калі ў ім ставілі печ) ператвараў ў жылое памяшканне. Свіран (амбар, інбар) для зерня ставілі насупраць хаты. Хлявы (хлеў, пуня) прымыкалі да жылля праз павець ці размяшчаліся ў глыбіні двара. Сярод падсобных памяшканняў рэдка сустракаліся стопкі, замест іх у Падняпроўі былі распаўсюджаныя функцыянальна блізкія скляпы (пограбы). Прасторныя гумны са стрэхамі на сохах мелі сушню — звычайную ёўню ці двух’ярусную асець з ямнай печчу. Больш прыкметная кантынентальнасць клімату, наяўнасць сушняў пры гумнах, як і добрая вентыляванасць апошніх, рабілі непатрэбнымі азяроды, якія тут былі рэдкай з’явай. Для сушкі лёну часцей выкарыстоўвалі лазні, якія мелі падоўжную страху і што абапіралася з аднаго боку на 2 слупы, утвараючы навес.

Канструкцыйнай асновай жыллёвых пабудоваў быў зруб з круглых бярвёнаў, звязаных у просты вугал з астаткам, на штандарнай аснове. Стрэхі на лемягах (закотам) і стаяках (пазней — на кроквах) крылі саломай «пад колас», радзей — камлём уніз («пад грабёнку»). У раёнах, багатых на лес (Рагачоўскі, Быхаўскі, Клімавіцкі, Чэрыкаўскі паветы), былі пашыраныя стрэхі, крытыя дошкамі, аполкамі, дорам, драніцай (шчапа). Некаторай своеасаблівасцю архітэктурнага аблічча і арганізацыі інтэр’ера адрознівалася народнае жыллё на поўдні рэгіёна. Маляўнічай дэкаратыўнасцю вызначаецца веткаўская разьба, якой аздаблялі франтоны, ліштвы, карнізы, ганкі, брамы і весніцы.

Народнае адзенне Падняпроўя ўвасобіла старажытныя рысы, уласцівыя традыцыйнаму касцюму славянскіх народаў, зазнаўшы пэўны ўплыў усходніх і еўрапейскіх строяў. Тыповае верхняе адзенне — злёгку прыталеныя кажухі і шыракаполыя світкі светла-шэрага колеру са стаячым каўняром без гузікаў (надвязваліся вакол таліі шарсцяным плеценым поясам), а таксама кафтан-армяк тыпу бурноса, укарочаная паўсвітка і кажушок (паўшубак). У традыцыйным жаночым адзенні яшчэ ў пачатку XX ст. бытавалі старажытныя панёвы, узорныя андаракі, сшытыя з безрукаўкай-гарсэтам (ліф, кабат), і саяны, аналагічныя рускім сарафанам. Жаночыя кашулі шылі звычайна з плечавымі ўстаўкамі (полікамі), нагрудную частку рабілі з больш тонкага кужэльнага палатна. Іх упрыгожвалі вышыўкай і тканым арнаментам чырвонага ці камбінаванага (чырвонага з чорным) У колераў (магілёўскі строй, краснапольскі строй), аздаблялі сакаленнем, маршчэннем (буда-кашалёўскі строй). Самабытным узорна-дэкаратыўным стылем упрыгожвання вылучаецца адзенне паўднёвых раёнаў (неглюбскі строй). У арнаменце святочнага адзення і тканінаў дамінавалі адносна буйныя геаметрызаваныя ўзоры, у Пасожжы часцей сустракаліся раслінныя матывы. Ва ўзорным ткацтве ўжывалася браная тэхніка, у вытворчасці андараковай тканіны пераважала двухнітовае ткацтва. Своеасаблівымі прыёмамі аздаблення вылучаюцца традыцыйныя тканыя неглюбскія і буда-кашалёўскія ручнікі.

Рэгіянальнай асаблівасцю вызначалася кераміка (Падняпроўская кераміка).

Лінгвістычная карта Беларусі адзначае дыялектныя асаблівасці гаворак Падняпроўя, якія вылучаліся ва ўсходне-магілёўскую групу паўночна-ўсходняга дыялекту. Неаднароднасць культурных ландшафтаў дазваляе вылучыць у Падняпроўі некалькі лакальных раёнаў (падраёнаў) — левабярэжжа і правабярэжжа Дняпра, Пасожжа і Бярэзінскі раён — з уласцівым кожнаму з іх комплексам мясцовых этнакультурных прыкметаў.

Крыніца: «Краязнаўчая газета» 43 (636) лістапад 2016 г.;
«Краязнаўчая газета» 44 (637) лістапад 2016 г.;
«Краязнаўчая газета» 45 (638) лістапад 2016 г.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 7
Гасцей: 7
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.