Субота, 20.04.2024, 07:32

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Верасень 1939 года ў Круговіцкай гміне Лунінецкага павета: ваенныя падзеі
Кароткая характарыстыка гміны да Другой сусветнай вайны

У міжваенны час Вялікія Круговічы, гмінны цэнтр, знаходзіліся недалёка ад савецка-польскай мяжы — за 30 з нечым км. Круговіцкая гміна непасрэдна з мяжою не судакраналася. Іх падзяляла паласа, у якой сыходзіліся хвасты гмін — Заастравецкай Нясвіжскага павета Навагрудскага ваяводства (з 1926 года) і Чучавіцкай Лунінецкага павета Палескага ваяводства.

У планах польскага вайсковага кіраўніцтва было стварэнне ўмацаваных раёнаў. Тэрыторыя Круговіцкай гміны ўвайшла ў склад аддзела пад назвай «Ганцавічы», які меў тры пададдзелы — «Шчара», «Круговічы», «Дзяніскавічы». Аднак планы засталіся нерэалізаванымі. Непасрэдна на тэрыторыі Круговіцкай гміны, ля хутара Людвікова, ад 1925 года размяшчаўся гарнізон пагранічных войск — Корпус аховы пагранічча (КАП — KOP, Korpus Ochrony Pogranicza), аднайменны з населеным пунктам батальён. Ён уваходзіў у склад брыгады КАП «Палессе». Адлегласць ад гарнізона да мяжы складала прыкладна паўтара дзясятка кіламетраў. У мірны час у КАП «Людвікова» праходзіла службу каля сямі соцень вайскоўцаў. У іх на ўзбраенні было: 742 вінтоўкі, 50 ручных кулямётаў, 4 цяжкія кулямёты. Гэты КАП ахоўваў мяжу на працягу 76,25 км. Спрыяльным фактарам аховы мяжы ад агрэсара выступала прырода. Палескі ўчастак лічыўся ці не самым лепшым для абароны з прычыны яго забалочанасці.



Тым не менш і тут здараліся інцыдэнты. Так, 3 сакавіка 1929 года ўздоўж мяжы ляцелі два савецкія самалёты. Адзін з іх перасёк яе якраз на ўчастку Людвікова, але пасля вярнуўся на тэрыторыю СССР. Другі паляцеў на поўдзень і нават прызямліўся (на ўчастку «Давыд-Гарадок»). Пагранічнікі затрымалі двух пілотаў — савецкіх афіцэраў. Тыя сказалі, што заблукалі з прычын снежнай завеі. Праз колькі гадоў, 22 ліпеня 1937 года, адбылося яшчэ адно парушэнне паветранай прасторы: аднапілотнік нявызначанай прыналежнасці пакружыў над мястэчкам Ганцавічы, пасля павярнуў на Буды і далей — у напрамку савецкай граніцы.

Акрамя таго, непасрэдна ў мястэчку дыслацыраваўся эскадрон кавалерыі КАП «Ганцавічы» (апошні камандзір — ротмістр Фелікс Цейка). Налічваў ён не больш за сотню ўланаў. Але яго сілы былі аслаблены яшчэ за колькі месяцаў да пачатку вайны. З наступленнем 1939 года інтэнсіўна пачала ўзрастаць пагроза з заходняга боку. У сувязі з гэтым прадпрымаліся пэўныя прэвентыўныя захады. Яны адбіліся на патэнцыяле аховы ўсходніх рубяжоў. Ёсць інфармацыя, што эскадрон кавалерыі КАП «Ганцавічы» яшчэ ў сакавіку 1939 года ў сувязі з нарастаннем пагрозы агрэсіі з боку Германіі быў перамешчаны на заходнюю мяжу Польшчы. Прычым зазначаецца, што гэтую вайсковую частку не аднаўлялі і казармы да выбуху вайны стаялі пустыя.

Думаецца, аўтар занадта катэгарызуе факт адпраўкі эскадрона кавалерыі КАП «Ганцавічы» на захад. Сама вайсковая адзінка, як даказвае інфармацыя, змешчаная ў гэтым артыкуле, захавалася, хоць і ў значна скарочаным выглядзе. Асобна заўважым, што вайскоўцы на заходнебеларускай тэрыторыі выконвалі таксама функцыю аховы парадку. Тут працы таксама хапала. Круговіцкую гміну ўзорнай у палітычным аспекце нельга было назваць. Час ад часу фіксаваліся антыдзяржаўныя настроі і нярэдка актыўныя супрацьпраўныя дзеянні сярод насельніцтва тых вёсак.

Трэба адзначыць, што палякі не надта давяралі дагавору аб ненападзенні, падпісанаму з Савецкім Саюзам у 1932 годзе, і вялі падрыхтоўку да абароны. Так, характарыстычным з’яўляецца прадпісанне, адрасаванае ў тым ліку памежнікам усходніх рубяжоў Польскай Рэспублікі, якое з’явілася ў вайсковым часопісе «Wiarus» недзе праз год пасля заключэння азначанага дагавора: «Кожнаму жаўнеру на стражніцы (заставе. — А. Т.) трэба ўбіць у галаву, што ў выпадку дыверсіі ці ўзброенага нападу на стражніцу першыя некалькі гадзін яе гарнізон будзе вымушаны змагацца самастойна, кожны жаўнер павінен дзейнічаць індывідуальна і ведаць сваё месца падчас бою. […] Камандзір стражніцы павінен увесь час быць гатовы да розных нечаканасцяў. […] Адразу пасля прыбыцця на стражніцу навабранцаў камандзір павінен вызначыць кожнаму месца, якое той зойме ў выпадку баявых дзеянняў».

Перад нападам Чырвонай арміі

1 верасня 1939 года германская армія рушыла на Польскую Рэспубліку. Наступленне адбывалася з трох бакоў: з поўначы (з Прусіі), з захаду (непасрэдна з Германіі), з поўдня (са Славакіі). Такім чынам, Круговіцкая гміна апынулася ў глыбокім тыле. Але подых вайны адразу пачаў адчувацца паўсюдна. Рэжым сацыяльнага жыцця рабіўся больш жорсткім.

Упачатку верасня 1939 года батальён КАП «Людвікова» быў істотна аслаблены. Камандзірам батальёна з’яўляўся капітан Анджэй Шумлінскі. Пад яго началам налічвалася 700 чалавек — прыкладна перадваенная колькасць. Аднак арсенал моцна збяднеў. Відавочна, яго значную частку накіравалі на польска-нямецкі фронт. Больш чым 100 пагранічнікаў не мелі аніякага ўзбраення, на ўсіх — толькі два станкавых кулямёты. Дый склад вайскоўцаў дужа змяніўся ў бок паніжэння прафесійнага ўзроўню. Справа ў тым, што пасля пачатку вайны, у першай палове верасня 1939 года, батальён пакінуў Людвікова і быў уключаны ў структуры 38-й дывізіі пяхоты Войска Польскага як 3-ці батальён 96-га пяхотнага палка арміі «Карпаты». На месцы гарнізона быў сфармаваны новы батальён з прызыўнікоў і рэзервістаў — галоўным чынам з ліку тутэйшых і мабілізаваных у Варшаўскім ваяводстве. Прычым, як адзначана ў пасляваенным паведамленні Анджэя Шумлінскага, мясцовыя арганізаваліся даволі аператыўна. На 70 % батальён складаўся з палякаў (нямала было і немцаў, якіх спецыяльна не пасылалі на Заходні фронт, каб яны не сутыкаліся з супляменнікамі і не перабягалі на іх бок) У Ганцавічах з пачаткам германа-польскай вайны на аснове цывільнай, але ваенізаванай арганізацыі «Związek Strzelecki» стварылася народнае апалчэнне. Ці адыграла яно нейкую ролю ў тых падзеях, нам засталося невядома.


Паводле пасляваенных успамінаў падпалкоўніка Яна Дышкевіча, аднаго з кіраўнікоў участка «Ганцавічы», да 16 верасня тут арганізавалі абарону на выпадак нападзення з усходу: гэта значыць Чырвонай арміі. Атрад пяхоты заняў пазіцыі ля моста ў Крышылавічах па дарозе на Востраў. Узвод пяхоты бараніў мост у вёсцы Галынка па дарозе на Агарэвічы. Узвод кулямётчыкаў усуправаджэнні пяхоты (у параўнанні з іншымі гэта найбольш моцная мілітарная адзінка) павінен быў ахоўваць ад нападу чыгунку на Ганцавічы ў месцы яе перакрыжавання са Слуцкім трактам.

Таксама асобна трэба зазначыць, што першыя «баявыя» крокі па Круговіцкай гміне вайна зрабіла яшчэ да нападу Савецкага Саюза на Польшчу 17 верасня 1939 года. З наступленнем вермахта нямецкія бомбы зваліліся на беларускія гарады і мястэчкі. Адразу пасля нападу авіяцыя люфтвафэ пачала бамбардзіраваць найбольш важныя стратэгічныя аб’екты, перадусім аэрадромы, чыгуначныя вузлы і нават звычайныя станцыі. У выніку пацярпелі, напрыклад, Гродна, Ліда, Кобрын, Баранавічы, Ганцавічы.

З апошняга прыкладу бачна, што нямецкія самалёты даляталі практычна да польска-савецкай мяжы. Па сведчаннях відавочцы-ганцаўца Яна Туміловіча, у выніку бамбардзіровак былі забітыя і параненыя. Калі верыць яго ўспамінам, дык на тэрыторыі Круговіцкай гміны ахвяры былі і з боку немцаў: «Перад 10.IX.39, увечары, мая маці перавязала польскага жаўнера, дала хлеба, малака, коўдру, ён ледзь хадзіў. Ён сеў пад дрэвам. Нямецкі самалёт ляцеў даволі нізка, забіваючы людзей на дарозе. Мы пабеглі ў сховішча. Жаўнер прыцэліўся, стрэліў са стрэльбы, самалёт узляцеў уверх і ўпаў за лесам, людзі віталі, яны хацелі павіншаваць, але жаўнер быў мёртвы. Сёння я ведаю, што гонар быў мацнейшы, чым смерць. Налёты спыніліся. Мы ведалі, што Польшча была пад нямецкай акупацыяй».

Тым не менш, думаецца, што прыведзены аповед больш падобны да выдуманага, з шэрагу тых, якія нярэдка паўставалі пасля вайны ў выніку характэрных для грандыёзных падзей міфалагізацыі і гераізацыі. Алагічным для кантэксту выглядае адзінокі паранены і галодны (!) вайсковец у той час, калі пагранічныя часці і ў Ганцавічах, і ў Людвікове былі прыведзены да павышанай ступені падрыхтаванасці. Такі неверагодны факт, як знішчэнне варожага самалёта, таксама не мог быць праігнараваны ў іншых успамінах і крыніцах, але яго верыфікацыя нічога не дала. Адзінай пацверджанай дакументальна інфармацыяй з’яўляюцца звесткі пра наяўнасць ахвяр сярод мірных жыхароў Заходняй Беларусі ў выніку налётаў люфтвафэ. Таму такія маглі быць і ў мястэчку Круговіцкай гміны, бо праз яго праходзіла чыгунка, у ім размяшчалася вайсковая часць. Прычым бамбардзіроўкам заходнебеларускіх населеных пунктаў і мірных жыхароў спрыяў Савецкі Саюз: паводле просьбы германскага боку з Мінска падаваліся спецыяльныя радыёсігналы ў якасці дапамогі для арыентацыі налётаў нямецкай авіяцыі. Нямецкія бомбы падалі на галовы «заходнікаў» да пераходу польскай мяжы Чырвонай арміяй. Гэта значыць, савецкае кіраўніцтва дапамагала гітлераўцам знішчаць мірнае насельніцтва Заходняй Беларусі, якую неўзабаве Чырвоная армія мелася ісці нібыта вызваляць.

Напярэдадні 17 верасня польскі бок неаднаразова назіраў неспакойны рух у стане савецкага войска. Адпаведныя праявы адзначыў капітан Шумлінскі: «За некалькі дзён перад уваходжаннем савецкіх войскаў на тэрыторыю Польшчы ўздоўж мяжы было заўважана павелічэнне трафіку машын. Ноччу ўвесь пагранічны ўчастак быў асветлены рознакаляровымі ракетамі». Паводле капітана, савецкія вайскоўцы ні ў якім разе не хавалі сваіх намераў. На польскім баку ўлічвалася гэтая інфармацыя, бо даходзіла да падобных здарэнняў і ў папярэднія гады. Раніцай 17 верасня, паміж 4 і 5 гадзінамі па польскім часе (маскоўскі адрозніваўся на дзве гадзіны), тэлефоны разрываліся па ўсім польска-савецкім паграніччы. Кожная застава, якой яшчэ не перарвалі сувязь, паведамляла пра савецкую агрэсію.

Баявыя дзеянні

У той дзень, калі яшчэ нават не развіднела, Чырвоная армія перайшла мяжу з Польшчай, тым самым парушаючы не менш за пяць падпісаных савецкім кіраўніцтвам міжнародных дакументаў, у тым ліку і ў першую чаргу — Рыжскі мірны дагавор 1921 года, які і ўстанаўліваў тую мяжу, а таксама дамовы з Польшчай аб ненападзенні 1932 года. Але паводле больш свежага дакумента — Савецка-германскай дамовы аб ненападзенні ад 23 жніўня 1939 года — Заходняя Беларусь і польскія землі ажно да Варшавы траплялі ў сферу ўплыву СССР.

На Слуцкім участку ў кірунку Брэста войскам камандаваў камдзіў Васіль Чуйкоў — камандуючы 4-й арміяй Заходняй ваеннай акругі. Савецкую пяхоту падтрымлівала авіяцыя, а па найбольш значных кірунках — таксама матарызаваныя часці, у тым ліку танкі. Яшчэ 14 верасня былі зроблены адпаведныя распараджэнні — выйшла Директива №16633 военному совету Белорусского особого военного округа о начале наступления против Польши. У першым пункце дакумента размяркоўваліся ўдары па польскіх войсках. Адносна круговіцкага кірунку гаварылася:
«г) Слуцкая группа — командующий группой — командующий Бобруйской армейской группой комдив тов. Чуйков, в составе 8-й стр. дивизии 29-й и 32-й танк[овых] бригад в районе Грозов, Тимковичи, Греск. Задача — действовать в направлении на г. Барановичи и к исходу 17 сентября выйти на фронт Снов, Жиличи».

Як вынікала з другога пункту, «действия групп должны быть быстры и решительны, поэтому они не должны ввязываться во фронтальные бои на укрепленных позициях противника, а, оставляя заслоны с фронта, обходить фланги и заходить в тыл, продолжая выполнять поставленную задачу».

Польскія крыніцы ўдакладняюць, што КАП «Людвікова», у прыватнасці, атакавалі салдаты 17-га аддзела пагранічных войск НКУС.

Паказальна наступнае. Наступленне Чырвонай арміі для шырокіх мас называлася вызваленчым паходам. Аднак у вайсковым кантэксце фігуравала ваенная лексіка. Напрыклад, участак наступлення з боку БССР называўся «Беларускім фронтам». Гэта ўказвае на ўсведамленне стану вайны, а не ледзьве ні мірнага дзейства.

Спачатку кіраўніцтва брыгады «Палессе» нават сумнявалася, што напад здзейснілі часці рэгулярнай арміі (дапускалі, што гэта маглі быць засланыя з савецкага боку партызаны). Польскія пагранічнікі 9 застаў КАП «Людвікова» на чале з капітанам Анджэем Шумлінскім, нягледзячы на сваю малую колькасць і слабае ўзбраенне, не былі заспетыя знянацку і змаглі некалькі гадзін весці бой на ўсім участку абароны працягласцю ў 75 км. Быў аддадзены загад утрымаць пазіцыі. Некаторыя заставы прымусілі ворага нават адступіць на зыходныя пазіцыі. Паводле непацверджанай інфармацыі, здараліся выпадкі контратак з пераходам польскіх жаўнераў на савецкі бок мяжы. Аднак сілы былі няроўныя. Польскія пагранічнікі пратрымаліся «да другой паловы дня, згубіўшы забітымі і параненымі да двух дзясяткаў салдат». Анджэй Шумлінскі кажа пра 8 забітых, 9 параненых, 7 узятых у палон савецкімі войскамі. Былі, канечне, страты і з савецкага боку. Так, на ўчастку заставы Новы Рожан загінулі два чырвонаармейцы, яшчэ тры былі паранены.

У першыя гадзіны баёў, паводле ўспамінаў, польскім пагранічнікам прыйшлі на дапамогу мясцовыя жыхары з ліку мірнага насельніцтва. Гэта магло быць з прычын як прыхільнасці да польскай улады (такія выпадкі хутчэй выключэнне), так і непрыняцця ўлады савецкай, якую ведалі і праз польскую прапаганду, і праз асабісты досвед, набыты дзякуючы жыццю пры мяжы. Магла спрацаваць традыцыйная для беларускай ментальнасці законапаслухмянасць. Тым не менш тэндэнцыі, падобнай да масавасці, у той дапамозе ніводнай з крыніц не назіралася: палітычныя прыхільнасці мясцовага сялянства знаходзіліся галоўным чынам у дыяпазоне паміж стрымана прасавецкімі настроямі і сацыяльнай інертнасцю.

Ужо ўдзень рэшткі польскага гарнізона вымушаны былі літаральна ўцякаць. Анджэй Шумлінскі запытаў у камандзіра брыгады «Палессе» палкоўніка Тадэвуша Ружыцкага-Каладзейчыка дазволу адступіць на лінію ракі Лань. Каля 16:30 быў атрыманы станоўчы адказ і пачаўся адыход. Тым часам капітан атрымаў новы загад: быць у Лунінцы да 9:00 раніцы 18 верасня. Але гэтае заданне выканаць аператыўна было немагчыма, бо ад Людвікова да Лунінца налічвалася пад сотню кіламетраў, а эвакуацыя складоў і афіцэрскіх сем’яў яшчэ не была завершана. У 21:30 17 верасня капітан Анджэй Шумлінскі рушыў з часткай свайго батальёна да вёскі Вялікія Чучавічы (каля 50 км ад Лунінца). Туды павінна была падысці і рэшта батальёна. Праз палескія лясы і балоты, часам даючы бой закінутым ім утыл савецкім дыверсійным групам, польскія пагранічнікі накіраваліся ў паднёва-заходні бок.

18 верасня батальён «Людвікова» ў 7:00 ранку сабраўся ў Чучавічах і пасля кароткага адпачынку накіраваўся на Лунінец. Вечарам, каля 20 гадзін, польскія пагранічнікі знаходзіліся за 10 км ад цэнтра павета. Там атрымалі загад стаць на начлег, прыкрываючы найбольш небяспечны бок. Раніцай загадана было прыбыць у Лунінец, куды і рушылі пешшу.

Частка пагранічнікаў батальёна «Людвікова» апынулася ў Ганцавічах. Там да іх далучылася разбітая група батальёна «Клецк». Гэты батальён у мястэчку з’явіўся на некалькі гадзін раней. На яго былі кінуты больш магутныя сілы Чырвонай арміі ўключна з танкамі і браніраванымі машынамі (звыш 130 адзінак), на чале іх стаяў камбрыг Сямён Крывашэін. Гэта прывяло да аператыўных уцёкаў, дзеля чаго быў скарыстаны чыгуначны транспарт. З Ганцавіч батальёны да Лунінца дабіраліся разам, сеўшы на апошні цягнік. Гэту інфармацыю пацвярджае паведамленне згаданага вышэй падпалкоўніка Яна Дышкевіча пра тое, што частка байцоў батальёнаў «Клецк» і «Людвікова» адышла да Ганцавіч, дзе, як ужо было адзначана, знаходзіўся аднайменны эскадрон кавалерыі КАП, і адступіла пад арганізаваным прыкрыццем на поўдзень.


Звернем увагу на тое, што стратэгі Польскага Войска слушна спрагназавалі асноўныя напрамкі ўдараў на ўчастку мяжы, які мы разглядаем. Галоўная пагроза ў Круговіцкую гміну, як і меркавалася, прыйшла з поўначы — са Слуцкай шашы, якая дазваляла прапусціць вялікія аб’ёмы жывой сілы і тэхнікі. У той жа час аператыўна прарвацца непасрэдна з усходу — праз Людвікова, забалочаную і лясістую мясцовасць, — аказалася праблематычна.

Спачатку разбітыя польскія пагранічнікі, сабраныя ў Лунінцы, мелі ў планах прабівацца ў напрамку Варшавы, якая тым часам яшчэ трымала абарону. Але потым, па атрыманні звестак, што Варшава занята ворагам, яны маглі, пэўна, спадзявацца толькі прарвацца да Румыніі ў эміграцыю, як гэта зрабілі многія іншыя польскія вайскоўцы.

Камандаванне абодвума батальёнамі прыняў падпалкоўнік Яцак Юра. У ноч з 19 на 20 верасня батальёны КАП «Клецк» і «Людвікова» пасля пераезду цягніком праз раку Прыпяць пад Асавой былі атакаваны савецкімі танкавымі калонамі і пяхотнымі падраздзяленнямі, але здолелі адбіць атаку пасля доўгіх, да самай раніцы, гадзін баёў. Нягледзячы на велічэзныя страты, глыбокую стомленасць маршамі, голадам і баямі, байцы захавалі бадзёры дух. Тым не менш адступленне працягвалася. Пры гэтым польскія пагранічнікі дамагаліся і некаторых поспехаў. Так, па словах паручніка батальёна КАП «Клецк» Антона Собчыка, ноччу з 28 на 29 верасня яго кампанія напала на танкавую часці непрыяцеля і знішчыла 5 машын, прымусіўшы чырвонаармейцаў адступіць.

Зразумела, нават наяўнасць такіх подзвігаў не магла паўплываць на агульную сітуацыю. Кожная сутычка прыносіла чарговыя страты. Да таго ж да 1 кастрычніка польскія пагранічнікі двойчы траплялі ў акружэнне, але вырываліся з кальца. Каля Владавы быў прыняты апошні, асабліва жорсткі бой. Пасля яго пагранічнікам быў дадзены загад разысціся па дамах. Яны знішчылі зброю і, такім чынам, спынілі далейшую барацьбу.

«Першыя саветы» прыйшлі

Цяжка сказаць, ці нечаканы для чырвонаармейцаў адпор на ўчастку мяжы ў кірунку Людвікова спрычыніўся да гэтага, ці прасоўванне па лясістай і забалочанай мясцовасці не было гладкім, але ў дзень нападу яны яшчэ не падышлі да цэнтра гміны, хоць яго ад мяжы аддзяляла каля 30 кіламетраў. Больш за тое, на ўчастку Лунінецкага павета сувязь (адно са слабых месцаў тагачаснай Чырвонай арміі, радыёсувязі ў савецкім войску, у адрозненне ад лепшых армій свету, яшчэ не было) пэўны час адсутнічала, і на раніцу 19 верасня ў цэнтральнага кіраўніцтва ваеннай кампаніі не было звестак, што там робіцца, наколькі прасунуліся вайсковыя часці.

Зрэшты, наступленне Чырвонай арміі на Круговіцкую гміну адбывалася не толькі з усходу. Яшчэ адзін удар наносіўся з поўначы. Яго ажыццяўлялі байцы 143-й стралковай дывізіі, якія яшчэ ў першы дзень авалодалі Клецкам, з дапамогай тэхнікі 29-й і 32-й лёгкатанкавых брыгад, на машынах Т-26. 18 верасня 143-я дывізія прасунулася да Сіняўкі. Там знаходжанне чырвонаармейцвў зафіксавана напрыканцы сутак — апоўначы.

Па ўсёй верагоднасці, два дні — 17 і 18 верасня — у гміне не было аніякай улады. Аднак пра нейкія праявы бандытызму ці марадзёрства, якія здараліся ў іншых мясцовасцях, інфармацыі не было. Польскія вайскоўцы адступалі з Людвікова на Чучавічы, таму ў вёсках гміны не з’яўляліся. Толькі праз Будчу, Круговічы, Шашкі, Агарэвічы маглі прамільгнуць пагранічнікі, кіруючыся на чыгуначную станцыю. Ды і то, хутчэй за ўсё, яны пераадолелі адлегласць вузкакалейнай чыгункай, а значыць, лесам, паўднёвым бокам ад цэнтра гміны.

Паводле некаторых успамінаў, Чырвоная армія ўвайшла ў мястэчка Ганцавічы не ў дзень пачатку неабвешчанай вайны СССР супраць Польскай Рэспублікі. Навуковая літаратура ўдакладняе: часці Чырвонай арміі 19 верасня мястэчка Ганцавічы ўжо мінулі. Паколькі паміж Круговічамі і Ганцавічамі адлегласць невялікая, думаецца, што і ў цэнтры гміны чырвонаармейцы паявіліся ў той жа дзень, што і ў мястэчку, 18 або 19 верасня.

Паводле ўспамінаў колішняга дырэктара Круговіцкай школы Уладзіміра Іванавіча Мухі (1934–2015), Чырвоная армія ўваходзіла ў Вялікія Круговічы не з усходняга боку, адкуль ляжаў карацейшы шлях ад савецка-польскай мяжы, а з заходняга. Менавіта там, паміж Вялікімі Круговічамі і Шашкамі, была пабудавана над дарогай упрыгожаная арка. Адкуль дакладна паявіліся першыя чырвонаармейцы, рэспандэнт не канкрэтызаваў.

Таксама ёсць інфармацыя, што ў Сіняўцы Чырвоная армія была толькі познім вечарам 18 верасня. Мястэчка салдаты прайшлі не затрымліваючыся. Значыць, раней у Круговічы яны не маглі патрапіць. Але, улічваючы невялікую адлегласць і адносна добрую дарогу, гэта адбылося і не пазней за 19 верасня.

Такім чынам, успаміны і пісьмовыя крыніцы арганічна паміж сабой стасуюцца. Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што першымі дабраліся да Круговіч не тыя часці, якія наступалі праз Людвікова, а больш магутныя, добра матарызаваныя вайсковыя адзінкі, што рухаліся па слуцкай шашы: у Сіняўцы яны маглі звярнуць у бок Ганцавіч і прыйсці ў Круговічы менавіта з захаду, праз Агарэвічы. Прыход з поўначы, праз Малыя Круговічы, меней верагодны з-за кепскай дарогі.

У беларускай гістарыяграфіі пастуліраваны тэзіс пра надзвычай прыязную сустрэчу Чырвонай арміі па ўсёй заходнебеларускай мясцовасці. Як і ў большасці заходнебеларускіх вёсак, у Круговічах чакалі з усходу лепшага жыцця. Салдат Чырвонай арміі называлі не інакш як «нашымі». Вясковыя жыхары сустракалі новыя ўлады святочным чынам: у лепшым адзенні і з кветкамі. Праўда, тая акцыя — перадусім усталяванне брамы для вітання новай улады — была тады тыповай для заходнебеларускіх вёсак, што наводзіць на думку пра яе інспіраванне з усходу (не маглі ж вяскоўцы ад Палесся да Віленшчыны згаварыцца, як адзін, і паставіць сотні спектакляў па адным сцэнарыі!).

Не адмаўляючы фактаў прыязнай сустрэчы Чырвонай арміі «заходнікамі», мусім паведаміць, што знаходзіцца і контраверсійная інфармацыя. У прыватнасці, мясцовы жыхар Мікалай Блінкоўскі сцвярджае, што сярод землякоў не бачыў асаблівага выяўлення прыўзнятых пачуццяў: «У кастрычніку месяцы 1939 года ад самага нараджэння я жыў у вёсцы Вялікія Круговічы Лунінецкага павета. Праз некалькі дзён пасля пераходу мяжы Польшчы савецкімі войскамі з’явіліся ў нас прадстаўнікі НКВД. Мясцовае насельніцтва не выказвала наогул ніякай радасці, але знайшлося некалькі такіх, якія мелі з часоў да верасня 1939 г. кепскую характарыстыку, яны віталі тых саветаў нават збудаванай трыумфальнай брамай, у далейшым праявіўшы вялікую актыўнасць у знішчэнні ўсялякага польскага даробку». Ацэнка Мікалая Блінкоўскага тым не менш будзе мець залежнасць ад яго антысавецкай пазіцыі (у лютым 1940 года ён быў рэпрэсаваны — дэпартаваны на поўнач) і, такім чынам, павялічваць ступень супраць савецкай антыпатыі.

У адзіным гарадку, ці, як тады казалі, мястэчку, Круговіцкай гміны — у Ганцавічах — карціна ўяўлялася больш брутальнай: «З 17 па 18 жніўня (відавочная памылка, трэба — верасня і, як адзначалася вышэй, на суткі-другія пазней. — А. Т.) 1939 года ў вялікай колькасці савецкія войскі ўвайшлі, як саранча, у Ганцавічы, гэты факт быў папярэджаны распаўсюджваннем улётак, якія заклікалі да капітуляцыі польскіх сіл. Вельмі стомлены бяссоннай ноччу, я прачнуўся каля поўдня. Ля акна стаялі дарослыя з сем’ямі. Я пабег… быў сведкам… першы раз я ўбачыў чырвонаармейцаў, якія стралялі ва ўсіх мужчын, якія былі хоць бы часткова апрануты ў польскі мундзір. Прыбыўшы з тылу польскіх вой скаў, савецкія танкі раздушылі ўсе аўтамабілі з людзьмі і грузам, спіхваючы іх з дарогі ў канавы. У той жа дзень НКУС палавіла польскіх салдат. Затым быў складзены перапіс на прымусовую працу для палякаў ва ўзросце 18–50 гадоў. Захопнікі вызвалілі з турмы злачынцаў, прызначаючы іх на розныя пасады. Былі закрыты школа і касцёл. Бабуля сказала: «Вы бачылі, як некалькі здраднікаў пасля павязання чырвоных паскаў з кветкамі ў руках віталі саветаў?»

Варта зазначыць, што любыя ўспаміны, да таго ж у сітуацыі экзістэнцыяльнага характару, схільныя да суб’ектывізму. Але і з такіх тэндэнцыйных інтанацый можна выкрышталізаваць фактуру. А яна ўказвае на надзвычай складаную сітуацыю ў верасні 1939 года, асабліва што датычыцца патрыётаў Польшчы.

У большасці сваёй жыхары Круговіцкай гміны сустракалі новую ўладу прыязна і з надзеяй на лепшую будучыню. У многім «заходнікі» кіраваліся непрыняццем папярэдняй улады, што прызнаецца і самімі польскімі гісторыкамі. У дачыненні беларусаў у міжваеннай Польскай Рэспубліцы, сапраўды, не ўдалася ні нацыянальная, ні сацыяльная палітыка. Але нідзе не паведамляецца пра масавыя народныя вітанні савецкіх салдат жыхарамі названай гміны. Хутчэй за ўсё, рэакцыя ў асноўным сялянскага насельніцтва азначанай тэрыторыі збольшага была стрыманай і памяркоўнай. Разам з тым знайшліся і актывісты — сімпатыкі саветаў, якія і шчыравалі ў справе арганізацыі гларыфікацыі бальшавікоў, і спрыялі ў далейшым фарміраванню стэрэатыпа пра ўсенароднае актыўнае вітанне новай улады.

Аднак першыя ж сустрэчы сялян з чырвонаармейцамі прымушалі задумацца над будучыняй. Многія пасажы ў «заходнікаў» выклікалі як мінімум здзіўленне. Так, паводле ўспамінаў Мікалая Аляксандравіча Чабатарэнкі, дзяцінства якога прыйшлося на той час, да іх зайшлі худыя, у зацёртых гімнасцёрках і амаль босыя чырвонаармейцы з камандзірам, каб, па іх словах, перакусіць. Пад выстаўленую бацькам добрую беларускую самагонку, ласуючыся шырэйшым за далонь салам, галавакружнага водару кумпяком (сушанае ў прыправах мяса верхняй часткі свіной нагі), «пальцам пханай» каўбаскай, што для іх было дзівам-дзіўным, камандзір з набітым ротам толькі прыгаворваў: «Мы вас вызвалім з-пад панскага прыгнёту!»

У выніку ўсіх апісаных падзей не пазней за 19 верасня тэрыторыю гміны — ад Людвікова да Ганцавіч — захапілі часці Чырвонай арміі. Настала пара ў няпоўныя два гады, названая «заходнікамі» (пасля заканчэння Другой сусветнай вайны) «першымі саветамі». Яны, на думку народных мас, былі лепшымі, чым «другія саветы»: першыя неўзабаве сышлі, а другія засталіся надоўга.

Заключэнне

Такім чынам, верасень 1939 года ў Круговіцкай гміне выдаўся гарачы ва ўсіх сэнсах. Надвор’е стаяла летняе. Палітычнае жыццё віравала, зацягваючы свет у Другую сусветную вайну.

Многія жыхары Круговіцкай гміны тым часам служылі ў Польскім Войску і ваявалі сыпраць германа-нацыскіх агрэсараў. З самых першых момантаў вайны яе подых адчуваўся і ў далёкай ад фронту Круговіцкай гміне. Тэхнічныя магчымасці самалётаў ужо тады дазвалялі пераадольваць сотні кіламетраў. Гэта і рабілі нямецкія бамбардзіроўшчыкі, скідваючы бомбы на галовы мірных жыхароў. Некаторыя крыніцы сведчаць, што ў выніку налётаў былі ахвяры ў многіх заходнебеларускіх населеных пунктах, у тым ліку ў Ганцавічах.

17 верасня адбыліся першыя баі і на тэрыторыі Круговіцкай гміны. Нягледзячы на мірную дамову з Польшчай, Савецкі Саюз накіраваў Чырвоную армію на захоп тэрыторыі. Першымі яму супрацьстаялі польскія пагранічнікі. Адна з іх частак дыслакавалася ў Людвікове, ёй дапамагаў эскадрон кавалерыі, які размяшчаўся побач, у Ганцавічах. Яны, пры ўсёй сваёй ваеннай слабасці, на той момант змаглі даць бой агрэсару.

Польскія вайскоўцы ў выніку вымушаны былі адступіць. Пагранічнікі КАП «Людвікова» аб’ядналіся з іншымі часцямі і нават калі-нікалі вынікова агрызаліся. Праціўнік тым часам наступаў вельмі напорыста, імкліва. Барацьба працягвалася нядоўга — не больш за два тыдні. За гэты час уцекачы пераадолелі сотні кіламетраў, завяршыўшы супрацьстаянне ажно за Брэстам.

З-за супраціву на ўчастку мяжы КАП «Людвікова», а таксама, напэўна, з прычыны не зусім спрыяльных дарог Чырвоная армія прыйшла ў Круговічы не адразу, да таго ж не з усходняга боку, а гасцінцам з Сіняўкі. Яе з’яўленне ўспрымалася па-рознаму. Натуральна, палякі ўспрымалі падзеі як трагедыю. Беларусы ў большасці — са спадзяваннем на змены да лепшага. Разам з тым прысутнічала і пэўная насцярожанасць да новай улады. Як паказалі самыя першыя дні — не дарэмна. Саветы адразу пачалі сябе праяўляць неадназначна.

Зразумела, падзеі прывялі да немалой колькасці ахвяр. Асобы некаторых удалося вызначыць. Паказальна, што гісторыя не захавала імён пацярпелых з боку тых, хто наступаў, — чырвонаармейцаў. Хоць такія былі. Як ужо не раз здаралася ў гісторыі, па абодва бакі знаходзіліся, а значыць, і гінулі, беларусы. Тым не менш гэта была яшчэ не ўся вайна — толькі яе пачатак.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: vitalis (01.05.2021) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 596 | Тэгі: Ганцавічы, Шашкі, Людвікова, Ганцавіцкі раён, Другая сусветная вайна, Малыя Круговічы, Вялікія Круговічы, Анатоль Трафімчык, Круговіцкая гміна | Рэйтынг: 5.0/4
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.