Аўторак, 23.04.2024, 21:59

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віктар Гардзей

Ганцаўшчына: як многа ў гэтым слове… (частка другая)
4

Прыгожыя палескія мясціны: блакітныя азёры, ціхаплынныя рачулкі, мурожныя сенажаці, а як патрапіцца на шляху поле збажыны, то цягнецца яно і дзве, і тры вярсты ўдалеч. Аднак галоўным багаццем краю быў і застаецца лес. Невыпадкова лясістасць раёна складае 54,7 працэнта ўсёй яго тэрыторыі, а непасрэдна лясы займаюць больш як 76 тысяч гектараў. Адборная драўніна высякаецца на прамысловыя патрэбы, ідзе на экспарт, але работнікі Ганцавіцкага лясгаса пастаянна клапоцяцца пра аднаўленне лесафонду. Дастаткова сказаць, што за пасляваенны час маладыя лясы пасаджаны на плошчы, якая перавышае 20 тысяч гектараў. Пры лясгасе на 26 гектарах створаны лесагадавальнік, дзе растуць саджанцы каштоўных парод дрэў і дэкаратыўных кустоў. Акрамя таго, лесаводы з карысцю для справы трымаюць розныя дапаможныя промыслы: па вытворчасці мёду, нарыхтоўцы чарніц, журавін, грыбоў, сена.

У зялёных угоддзях раёна дзякуючы менавіта адвечным лясам прырода надзвычай багатая і разнастайная, нават нягледзячы на праведзеную буйнамаштабную меліярацыю, яшчэ стае тут прастору для вялікіх і малых звяроў, для бусліных і жураўліных чарод. На Ганцаўшчыне, якая адносіцца да прыпяцкага басейна, працякаюць большыя і меншыя рэкі — Лань, Бобрык, Цна, Нача, Выдранка, налічваецца 11 азёр, і сярод іх даволі буйныя — Дубаўское, Чырвонае, Пакамерскія, акрамя таго створаны шэраг вадасховішчаў, а самае вялікае — Лактышы — служыць для рэгулявання ракі Лань і водазабеспячэння мясцовага рыбгаса. Да слова сказаць, рыбгас «Лактышы» — адзін з найбуйнейшых у рэспубліцы, а яго планавая магутнасць — 1950 тон таварнай рыбы ў год. Займаючы нешта больш за 2700 гектараў люстраной паверхні, вадасховішча даўно стала любімым месцам адпачынку і ўдачлівай рыбалкі, дык невыпадкова, што сюды прыязджаюць аматары прыроды з Мінска, Брэста, Баранавіч, Слуцка, Салігорска і іншых гарадоў Беларусі.

водохранилище Локтыши, вадасховішча Лактышы
Вадасховішча Лактышы

З таго часу, як рыбгас пачаў даваць таварную прадукцыю, прайшло шмат гадоў, і штучнае возера пачало зарастаць, берагі набылі натуральны прыродны каларыт. Праўда, у народзе вадасховішча называюць ямчэй і дакладней — Дзікае. Цяпер тут процьма пералётных качак, гусей, іншага вадаплаўнага птаства, а што да пудовых шчупакоў, то сапраўды — хоць невад зацягвай. Было б нават дзіўна, каб такую багатую мясціну не аблюбавалі паляўнічыя і рыбаловы.

Ha возеры Дзікім можна купацца, загараць, любавацца прыродай. А яшчэ тут можна патрапіць у Музей рыбалоўства, які створаны пры сельскім клубе ў вёсцы Лактышы. Увагу наведвальнікаў прыцягваюць вялікія шкляныя акварыумы, дзе плаваюць карасі, акуні, чырванапёркі і іншыя прадстаўнікі мясцовага падводнага царства. Паўсюдна на відных месцах выстаўлены чучалы рыб, пад столлю падвешаны 12-кілаграмовы шчупак — сапраўднае зубастае страшыдла. Ёсць у музеі і старажытныя рыбалоўныя прылады — сеткі-трохгубіцы і аднасценкі, сплеценыя з саматканых нітак не менш як сто гадоў таму назад. Асобнае месца займаюць выдзеўбаныя калісьці чаўны, у якасці каштоўнага экспаната дэманструецца і садок-«буц» для захоўвання ўлову на рыбалцы. Вёска Лактышы, між тым, мае свае рыбалоўныя традыцыі, бо стаіць на зліцці дзвюх рэк — Лані і Начы.

Шмат у Ганцавіцкім раёне грыбоў і лясных і балотных ягад: чарніц, брусніц, малін, журавін. Збіральніцтвам людзі займаюцца, як вядома, з сівых вякоў. З мэтай захавання багаццяў краю створаны два заказнікі-журавіннікі рэспубліканскага значэння — «Борскі» і «Ялоўскі», дзе на вялікіх плошчах балоты пакінуты ў нечапаным стане. Яшчэ адзін заказнік-журавіннік дзейнічае паблізу вёскі Боркі. Тут уведзены асобны рэжым карыстання, забаронены суцэльныя высечкі і меліярацыйныя работы.

Гаспадар гэтых угоддзяў — Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. На эксперыментальнай базе «Журавінка» вучоныя займаюцца вывядзеннем і выпрабаваннямі новых гатункаў і ўдасканаленнем тэхналогіі вырошчвання буйнаплодных журавін, брусніц і буякоў высокіх. Надзвычай уражлівы малюнак на «Журавінцы» — у канцы лета або на пачатку верасня. Сакавітыя чырвоныя ягады, здаецца, так і просяцца ў кошык. Журавінавай плантацыі аддадзена 16 гектараў спецыяльна падрыхтаваных плошчаў. У верасні пачынаецца збор даспелых ягад, прычым ураджай здымаецца толькі спецыяльнай тэхнікай. На «Журавінцы» ягады можна купіць, а таксама набыць саджанцы журавін, брусніц, буякоў і іншых ягадных раслін.

Зберажэнню прыроды ў Ганцавіцкім раёне ўвогуле надаецца асабліва пільная ўвага, таму вялікія плошчы лясоў і балот захаваны ў першародным выглядзе. Так, на ўзбярэжжы р.Бобрык недалёка ад Ганцавіч створаны гідралагічны заказнік «Галь» плошчай 2762 гектары, дзейнічаюць таксама гідралагічныя заказнікі мясцовага значэння «Качайка», «Масцішча», «Мох» і іншыя, дзе распаўсюджваюцца абмежаванні ахоўнага рэжыму. На тэрыторыі раёна краем заходзіць даволі буйны гідралагічны заказнік «Выганашчанскі», плошча якога складае 43 тысячы гектараў. Створаны ў 1968 годзе, каб зберагчы частку акаляючага балота, якое рэгулюе жыўленне Шчары, Грыўды, Цны, іншых рэк. Знаходзіцца на водападзеле Чарнаморскага і Балтыйскага басейнаў. He так і даўно, у 2005 годзе, на нізінным балоце Падвялікі Мох быў створаны яшчэ адзін гідралагічны заказнік на плошчы 1967 гектараў. Адсюль выцякае рака Бобрык, і заказнік служыць для захавання ўнікальнага лесабалотнага комплексу з устойлівымі папуляцыямі жывёл і раслін. Адкрытыя балоты: верхавыя, нізінныя і пераходныя — займаюць амаль трэць запаведнай тэрыторыі.

Гідралагічны заказнік «Падвялікі Мох» насяляюць 177 відаў птушак, сярод іх — шэрыя жураўлі, белыя і чорныя буслы, а многія звяры і птушкі занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Нямала тут і раслін-«чырванакніжнікаў». У лясах Ганцаўшчыны водзяцца ласі, дзікі, рысі, барсукі, казулі і, вядома, ваўкі, шмат вадаплаўнага птаства. На возеры Выганашчанскім і ў яго ваколіцах на ўскраіне раёна, калі пашанцуе, вы зможаце пабачыць распасцёртага ў палёце грацыёзнага арлана-белахвоста. Вучоныя-арнітолагі сведчаць: другое такое гняздо можа быць не бліжэй як за сто вёрст, што звязана з недахопам корму нават для адной сям'і магутнага драпежніка. Вось чаму арланы-белахвосты не церпяць суседства сваіх пражэрлівых сапернікаў.

З добрай нагоды хацела б распавесці чытачам і яшчэ пра адну прыродную асаблівасць Ганцавіцкага раёна. Спорныя летнія навальніцы, вядома, жаданыя ўсім, хто працуе на зямлі, аднак бываюць тут і сапраўдныя віхуры, штармавыя вятры. Ужо нямала гадоў таму вялікай шкоды ў Ганцавічах нарабіў добра памятны ўраган, што сярод белага дня шырокай паласой наляцеў з-пад Століна і Целяхан. Д'ябальскай сілы вецер тады ў прамым сэнсе наламаў у лесе багата дроў, паваліў лініі электраперадачы, пазрываў дахі з многіх дамоў, разбурыў вясковыя фермы, a на вуліцах і дарогах было ні праехаць ні прайсці з-за выкарчаваных дрэў. I наогул, мясцовыя старажылы даўно заўважылі: чамусьці на Ганцаўшчыне, у гэтым знакамітым кутку Палесся, грымотныя навальніцы і шквальныя вятры здараюцца часцей, чым у суседніх раёнах, скажам, у тых жа Ляхавічах альбо Лунінцы.

Сапраўды, ніякай выдумкі тут няма. У той жа Энцыклапедыі Беларусі можна знайсці цікавыя звесткі. Аказваецца, у кожным населеным пункце рэспублікі за год бывае 25 — 30 сутак з навальнічнымі дажджамі. А рэкорд, як і меркавалі абарыгены, належыць усё-такі Ганцавічам. Метэаслужбай гарадка аднойчы зафіксавана найбольшая колькасць сутак з навальніцамі — 47. Для параўнання: у Мінску гэтая лічба складае ў сярэднім толькі 27. Па ліўневых дажджах і грымотах з Ганцавічамі амаль зраўняліся Жыткавічы — раённы цэнтр ужо зусім іншага палескага рэгіёна. Феномен, аднак, тлумачыцца проста. Спакон вякоў і Ганцавічы, і Жыткавічы акружаны густымі лясамі, вакол захавалася шмат неасушаных балот, хапае вільгаці, а там, дзе вада і парнасць, у цёплыя, сонечныя дні часцей збіраюцца навальнічныя хмары, каб праліцца на зямлю жыццядайнымі ці, наадварот, спусташальнымі ліўнямі. Так было і летам 2008 года, калі з грымотнага неба на зямлю абрынуліся цэлыя патокі вады. Ды і летась, дакладней 29 мая, багата шкоды пасевам прынёс нечуванай сілы град, які змалаціў і цяпліцы, і сады, і ўсё, што траплялася на шляху.

Але нельга думаць, што Ганцавічы кожны год заліты дажджавой вадою. Бываюць і тут зацяжныя засухі, сухавеі і, адпаведна, значныя недаборы ўраджаю. У апошнія ж гады, апрача таго, невядома чаму зачасцілі летнія прымаразкі, пасля якіх тарфянікі ляжаць чорныя, нібы смоль. Ды як бы там ні было, усё гэта не здымае з палескага глыбінь-гарадка славы самага навальнічнага раёна ў Беларусі. Прыняўшы пад увагу неаспрэчны факт, спецыялісты могуць гаварыць хіба што пра нейкую прыродную анамалію.

Нe, такой духоўнай роднасці Ганцавічы яшчэ не ведалі. Крыжовы ход па цэнтральнай вуліцы да новай Свята-Ціханаўскай царквы з Дабрадатным Агнём ад Труны Гасподняй. Найвялікшая падзея адбылася ўвечары 2 верасня 2004 года з удзелам рэспубліканскай культурна-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святыняў», а шлях яе праз Ганцавічы ляжаў у старажытны Тураў, дзе рыхтаваліся мерапрыемствы традыцыйнага Дня беларускага пісьменства. Галоўная задача гэтай экспедыцыі — звярнуць увагу людзей да нашай гісторыі, спадчыны, мовы, культуры, і не трэба паўтараць, што сустрэчы з Дабрадатным Агнём ад Труны Гасподняй радуюць, хвалююць кожнага чалавека. Урачыста, светла было і ў Ганцавічах у той цёплы вераснёўскі вечар. Спачатку каля помніка пахаваным тут воінам і партызанам прайшоў духоўна-свецкі мітынг, а потым тысячы і тысячы ганцаўчан на чале з прадстаўнікамі вышэйшага духавенства і кіраўнікамі раёна рушылі ў другі канец горада, да ўжо асвечанага храма святога Ціхана. Ведалі б, якое гэта было велічнае, незабыўнае відовішча: раскалыханае людское мора, зіхоткае, таямнічае мігценнё свечак у руках прыхаджан. Удзельнікі Крыжовага ходу ўпэўнены, што ад Дабрадатнага Агню ў іх душах і сэрцах пасяліліся міласэрнасць, чуласць, спагада, адчуванне чагосьці ўзнёслага, недасяжна высокага.

Ганцавічы, Ганцевичи
Свята-Ціханаўская царква

Сённяшняя праваслаўная святыня Ганцавіч — Свята-Ціханаўская царква — будавалася больш за 12 гадоў, а па-сапраўднаму справы пайшлі хутка, калі ў 1994 годзе служыць сюды прыехаў святар Пётр Піліпчук, які застаў на пляцы яшчэ не закончаны падмурак. У будаўніцтве храма дапамагалі многія арганізацыі горада: лясгас, лесапункт, завод КПД, «Сельгастэхніка», камунгас, ААТ «Модуль» і іншыя. За ходам узвядзення святыні пастаянна сачыла раённая газета «Савецкае Палессе». Вось што яна паведамляла ў заметцы «Будзе і ў Ганцавічах храм» ад 17 снежня 1993 года: «Нарэшце скранулася з мёртвай кропкі будаўніцтва царквы святога Ціхана ў горадзе. У паўднёва-ўсходняй частцы райцэнтра, паблізу скрыжавання вуліц Будаўнікоў і Кастрычніцкай (у перспектыве тут будзе новы цэнтр Ганцавіч), будаўнікі ПМК-14 прыступілі да работы. Зрабілі разбіўку і апалубку падмурка будучага будынка новай царквы. I толькі моцныя маразы перашкодзілі ім пачаць закладку падмурка. З адносным пацяпленнем работы на аб'екце ўзновяцца».

Але прайшло нямала часу, пакуль будынак храма набыў дасканалы, закончаны выгляд. А ўжо 13 лютага 2005 года адбылося асвячэнне Свята-Ціханаўскай царквы ў прысутнасці вялікай колькасці ганцаўчан. Абрад асвячэння правёў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт. Іверскай іконай Божай Маці ён блаславіў прыхаджан, якія сабраліся ў храме. На богаўгодным мерапрыемстве прысутнічала духавенства, кіраўнікі вобласці і раёна. За вялікі асабісты ўклад у будаўніцтва царквы Мітрапаліт узвёў у сан протаіерэя Пятра Піліпчука і ўзнагародзіў яго асаблівым Крыжам з упрыгажэннямі. Цяпер гэты цудоўны чалавек, змагар за праваслаўную веру — настаяцель храма свяціцеля Ціхана, акрамя таго ён з'яўляецца благачынным цэркваў Ганцавіцкай акругі.

Новы Божы Храм, што ўсімі сваімі купаламі ярка зіхаціць у промнях сонца і далёка відзён у наваколлі, за кароткі час стаў галоўнай славутасцю Ганцавіч. Мала сказаць, гэта сама прыгажосць — такую дасканаласць не сустрэнеш і ў вялікім горадзе. Паводле досведу спецыялістаў, пяцікупальны храм са званіцай вырашаны ў традыцыях старажытнарускага царкоўнага дойлідства. Фасады прарэзаны вузкімі, вертыкальна выцягнутымі арачнымі аконнымі праёмамі, купалы маюць форму розных па велічыні цыбулін і ўстаноўлены таксама на неаднолькавых па вышыні светлавых барабанах. Увесь царкоўны комплекс прываблівае зграбнасцю архітэктурных форм, маляўнічым «візантыйскім» сілуэтам, вертыкальнай імклівасцю, дык заканамерна, што колькасць прыхаджан, якія з радасцю наведваюць сваю святыню, з кожным разам у Ганцавічах павялічваецца.

Як вядома, шлях да Храма, да ўзвелічэння праваслаўнай веры, што прапаведуе высокія каштоўнасці жыцця: любоў, згоду, дабрыню, спагаду, — быў доўгім і цярністым. У выніку атэістычнай прапаганды многае агульначалавечае і святое было страчана і загублена, асабліва пацярпелі ў краіне праваслаўныя царкоўныя святыні. Іх зачынялі, праганялі святароў, скідвалі званы са званіц, a то і разбіралі святыя будынкі для іншых патрэб. На жаль, не абышлося без перагібаў і на ганцавіцкай зямлі, хаця асабліва жорсткіх выпадаў ваяўнічага атэізму тут назіралася мала. He захаваліся, на жаль, колішнія будынкі цэркваў у некаторых населеных пунктах, але прыйшоў новы час — час вялікіх перамен у веравызнанні, і зноў у ваколіцах паплыў звон-дабравест, запрашаючы вернікаў на набажэнствы. За два апошнія дзесяцігоддзі пабудаваны дыхтоўныя храмы: Свята-Уладзімірская царква ў аграгарадку «Агарэвічы», Свята-Успенская царква ў вёсцы Хатынічы, Свята-Міхайлаўская царква ў Дзяніскавічах, царква ў імя свяціцеля Мікалая Цудатворца ў аграгарадку «Малькавічы». Там жа, дзе бязлюдныя культавыя памяшканні ацалелі, цэрквы адрамантаваны, прыведзены ў належны стан, і ў іх цяпер вядзецца богаслужэнне — у вёсках Нача, Будча, Чудзін і іншых. Бадай, адзіны храм на тэрыторыі раёна, які ніколі не зачыняўся ўладамі, — Свята-Георгіеўская царква, помнік народнага дойлідства ў вёсцы Вялікія Круговічы, і, згадзіцеся, гэты факт мне, па-зямляцку, асабліва прыемны і ганаровы.

Вялікія Круговічы, Большие Круговичи
Свята-Георгіеўская царква

5

Летась споўнілася роўна сто гадоў, калі свет пабачыла арыгінальная, незвычайная сваім зместам кніга Аляксандра Сержпутоўскага «Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў». Гэты сціплы юбілей, ці, кажучы па-сучаснаму, «кніжчыны імяніны», толькі засведчыў вядомую выснову: усё свежае таленавітае жыве доўга, уваходзячы ў залаты фонд нашай культуры, мовы, літаратуры. Тады ж, у 1811 годзе, нават самыя дасведчаныя фалькларысты слаба ўяўлялі, дзе жывуць тыя дасціпныя «беларусы-палешукі», а што да асобы аўтара, то яго імя калі-нікалі ўжо згадвалася ў вучоных і літаратурных колах. Пройдзе яшчэ шмат часу, і Аляксандр Казіміравіч стане гонарам нашага краю, увачавідкі прадэманстраваўшы свету на дзіва шырокі абсяг сваіх інтарэсаў і захапленняў: фалькларыст, беларускі этнограф, асветнік, літаратар, мовазнаўца, нястомны збіральнік народных казак.

Аляксандр Сержпутоўскі, Александр Сержпутовский
Аляксандр Казіміравіч Сержпутоўскі

Славуты зямляк нарадзіўся 21 чэрвеня 1864 г. у вёсцы Бялевічы Слуцкага павета ў беднай сялянскай сям'і. Сваёй зямлі не было, таму бацька працаваў на падзёншчыне. Сям'я вымушана была пераехаць на Ганцаўшчыну, дзе паміж Пярэвалакамі і Чудзінам, непадалёку ад рэчкі Лань, быў хутар Сержпутоўшчына (вяскоўцы вымаўляюць прасцей: Шарпутоўшчына) з трывалаю хатаю, садам, пчальніком... Тут Аляксандр правёў дзяцінства і юнацтва, сюды наведваўся не раз і не два — ужо студэнтам, настаўнікам, урэшце, супрацоўнікам Рускага музея ў Пецярбургу.

Будучы вучоны, энтузіяст і руплівец беларускай культуры рос на прыволлі адвечных лясоў, з малых гадоў слухаў палескія казкі, легенды і паданні. На ўсё жыццё запалі ў сэрца людзі Надлання, іх звычаі, ён вельмі любіў сваю зямлю, гэты край хараства, мудрасці і спагады.

Шлях таленавітага юнака ў жыццё прайшоў праз Вызненскае народнае вучылішча, Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Потым была праца сельскім настаўнікам, пісарам. А.Сержпутоўскі многа вандраваў па краіне і, нарэшце, заняў пасаду супрацоўніка этнаграфічнага аддзела Рускага музея ў Пецярбургу. Уся працоўная дзейнасць фалькларыста і этнографа звязана з вывучэннем жыцця палешука-селяніна, ягонага быту і культуры. Падчас творчых вандровак Аляксандр Казіміравіч двойчы пабываў у экспедыцыях на Палессі, завітваючы і на бацькоўскі хутар каля Пярэвалак.

У знаёмых мясцінах малады вучоны сабраў унікальную этнаграфічную калекцыю, зрабіў мноства фотаздымкаў, вывучаў дыялекты роднай мовы. Слухаў і запісваў цудоўныя пярэвалацкія і чудзінскія казкі ад сівога дзеда Савіцкага, Данілы Куляша, Лявона Лябедзіка, дзеда Рэдкага, Корчыка, Сасноўскага, Болбата, Матруны Бохмачыхі, шляхцянкі Умінскай. Мовай простай, мовай паляшуцкай, ёмкім і трапным словам баечнікі баялі яму свае казкі. Многія з гэтых сапраўдных жамчужын народнай мудрасці нам даводзілася чытаць яшчэ ў дзяцінстве, але тады мы нават не задумваліся, што амаль усе яны запісаны ў маляўнічым і казачным Надланні.

У лясной глухамані Палесся знікаюць апошнія сляды і прыкметы знакамітай сядзібы Сержпутоўскіх. I толькі памятны знак на сонечным узлеску — яскравы напамін таго, што адсюль пайшоў у вялікі свет нястомны збіральнік народнай казкі, знакаміты фалькларыст, чарадзей паляшуцкага слова Сержпутоўскі. Але ж не знікнуць ніколі творчаму следу вучонага на гэтай зямлі. Бо ён — у кнігах, шматлікіх навуковых працах, у памяці людзей. Імя славутага земляка на Ганцаўшчыне ведаюць і шануюць, як ведаюць і помняць багаты плён ягонай працы. He стала вядомага фалькларыста, этнографа 5 сакавіка 1940 года. Яго імем названы вуліцы ў вёсках Чудзін і Пярэвалакі.
Катэгорыя: Віктар Гардзей | Дабавіў: admin (08.09.2012) | Аўтар: Віктар ГАРДЗЕЙ-часопіс Полымя
Праглядаў: 3602 | Тэгі: Віктар Гардзей | Рэйтынг: 5.0/1
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.