НАРОДНЫЯ МУЗЫЧНЫЯ ІНСТРУМЕНТЫ беларусаў вызначаюцца разнастайнасцю тыпаў і іх лакальных разнавіднасцяў. Група ідыяфонаў (самагучальныя) уключае талеркі, лыжкі, вугольнік, трашчотку, калотку, брусочкі, звон, бразготку, шархуны, капшук, кляшчоткі, гармонік і яго разнавіднасці — баян і акардэон (больш старажытнымі інструментамі былі яшчэ варган і біла, цяпер з'яўляюцца яны і пад час выступленняў ды запісаў). Група мембранафонаў (мембранавыя) складаецца з бубна, барабана і грэбеня (мірлітон). Да групы аэрафонаў (духавыя) належаць свабодныя аэрафоны — лісты дрэваў і травы, карынка, берасцянка; флейтавыя — свісцёлкі, акарына, дудка, парныя дудкі (раней, магчыма, і шматствольныя); язычковыя — пішчык, жалейка, кларнет, дуда; амбушурныя — рог і труба. Сярод хардафонаў (струнныя) смыковыя — скрыпка, басэтля, ліра колавая, смык; шчыпковыя — балалайка, мандаліна, цытра; ударныя — цымбалы.
Паводле спосабу вырабу падзяляюцца на спецыяльна вырабленыя і на прыстасаваныя пад музычныя інструменты прадметы навакольнай прыроды і побыту. Вырабляюцца музыкантамі-выканаўцамі — часцей гэта інструменты для індывідуальнага музыкавання (музіцыравання) — і музычнымі майстрамі-прафесіяналамі. Да канца мінулага стагоддзя ў народным музычным побыце ўсё больш выкарыстоўваліся інструменты фабрычнай вытворчасці (цымбалы, гармонік, баян, труба, кларнет). У 1980 — 1990-я гг. рэстаўраваць, а пазней — вырабляць самастойна, народныя музычныя інструменты пачалі Уладзімір Пузыня, Алесь Лось, Тодар Кашкурэвіч. У наш час з'явіліся новыя маладыя майстры.
Спрадвеку народныя музычныя інструменты звязаныя з традыцыйнымі каляндарна-земляробчымі і сямейнымі абрадамі, пастухоўскім, паляўнічым і ваенным побытам, разнастайнымі грамадскімі святамі, ігрышчамі. У народнай практыцы выкарыстоўваюцца для сольнай і ансамблевай ігры або для суправаджэння спеваў. Амаль усе прафесійныя музычныя інструменты з'явіліся ў выніку ўдасканалення або відазмянення народных.
Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.