Чацвер, 18.04.2024, 18:03

ОPШA

Галоўная »
ОPШA — (Ворша, старажытная Рша), горад, цэнтр Аршанскага раёна, на Дняпры пры ўпадзенні ў яго р. Аршыца. За 80 км на поўдзень ад Віцебска. Вузел чыгунак (лініі на Мінск, Магілёў, Крычаў, Смаленск, Віцебск, Лепель) і аўтадарог.

На думку географа В. Жучкевіча, тапонім «Орша» ўтварыўся ад назвы ракі Ршы (спярша так звалі цяперашнюю Аршыцу). Такім чынам, гідронім можна прымеркаваць да часта ўжываных назваў Ржа, Ржанка. Існуе таксама меркаванне, што тапонім мае балцкае (ад наймення ляшчыны) або фіна-ўгорскае паходжанне (у перакладзе «вада, што бяжыць у рэчышчы» — рака). Да нашага часу адбылася натуральная трансфармацыя назвы: пачатковае «Рша» праз форму «Аршам» і далейшы перанос націску на першы склад аформілася ў мясцовых гаворках і класічным правапісе беларускай мовы з устаўным зычным «в» — «Ворша».

Дзядзінец старажытнай Оршы размяшчаўся ў сутоках рэк Аршыца і Дняпро, дзе выяўленыя паселішчы бронзавага і жалезнага вякоў. Як адзін з пагранічных фарпостаў на ўсходніх рубяжах Полацкай зямлі Орша ўзнікла, верагодна, каля 1021 г., калі кіеўскі князь Яраслаў Мудры саступіў полацкаму князю Брачыславу Ізяславічу Віцебск і Усвяты.

Першая згадка аб Оршы адносіцца да 1067 г. у сувязі з узяццем кіеўскімі князямі ў палон пад час перамоваў Усяслава Полацкага, як горад Ръша Полацкага княства. Другі раз упамінаецца ў летапісах пад 1116 г. у час вайны паміж менскім князем Глебам Усяславічам і Уладзімірам Манамахам. У пачатку XII ст., калі Полацкая зямля падзялілася на княствы-ўдзелы, Орша ўвайшла ў склад Віцебскага княства. У канцы XII ст. Орша ўваходзіць у склад уладанняў літоўскіх князёў. 3 пачатку княжання ў Віцебску Альгерда Гедзімінавіча (1320) Орша ў складзе Віцебскага княства далучаная да BKЛ. У 1386 г. смаленскія князі безвынікова спрабуюць далучыць Оршу да сваіх уладанняў. У сувязі з прыгранічным размяшчэннем горада тут у першай палове XIV ст. з ініцыятывы Вялікага князя Альгерда ўзведзеныя гарадскія ўмацаванні, каменныя сцены і пяць вежаў. У 1398 — 1407 гг. паводле загаду Вялікага князя Вітаўта пабудаваны замак. Аршанская харугва ў складзе войска BKЛ удзельнічала ў Грунвальдскай бітве. У 1500 г. па загадзе Вялікага князя BKЛ Аляксандра вакол горада была пабудаваная драўляная сцяна і ўзноўлены старажытны замак. Паводле інвентару 1560 г., на яго тэрыторыі знаходзіліся будынкі вялікакняскага двара: царква, млын, карчма, гасцінны двор.

Паводле гістарычных крыніцаў за 1555 г., М. Радзівіл Чорны заснаваў у Оршы кальвінскі збор (адзін з першых на тэрыторыі Беларусі) і школу пры ім. 3 1560-х гг. — дзяржаўнае ўладанне, цэнтр павета. Аршанскі павет існаваў у XVI — XX стст.

У XVI ст. з-за шматлікіх войнаў і аблогаў маскоўскімі войскамі (1500, 1507, 1519, 1534, 1535, 1561 —1564, 1580) гораду нанесеныя вялікія страты. У час вайны Маскоўскага царства з BKЛ 1512 — 1522 гг. непадалёк горада 8 верасня 1514 г. адбылася славутая Аршанская бітва, у Інфлянцкую вайну 1558 — 1583 гг. — бітва 2 лютага 1564 г., пасля якой маскоўскае войска было вымушанае ўцякаць аж да Смаленска, пакінуўшы шмат нарабаванага дабра (акрамя таго, войскі BKЛ толькі ў палон захапілі каля 6000 маскавітаў).

Горад займаў выгаднае становішча на водным шляху на Дняпры; меў гандлёвыя сувязі з Польскай Каронай, Прыбалтыкай, Украінай, Масковіяй, з'яўляўся транзітным цэнтрам, пачатковым пунктам вялікага гандлёвага шляху «гасцінца купецкага», што праходзіў з Маскоўскага царства ў Польшчу і Прыбалтыку.

У 1620 г. горад атрымаў магдэбургскае права; 13 снежня 1620 г. Орша атрымала герб — у блакітным полі залаты паўмесяц, паміж рагамі якога срэбны крыж. Складанне гарадскога статута («Вилкер места его королевское милости Орши»), зацверджанага 3 сакавіка 1621 г., дапоўніла фармаванне аршанскага права.

У XVI — XVIII стст. Орша з'яўлялася значным рэлігійным цэнтрам. 3 1592 г. існавала праваслаўнае брацтва. Дзейнічалі езуіцкі калегіум (заснаваны ў 1612, уключаў мураваны касцёл і двухпавярховы калегіум, пабудаваны ў 1690), драўляная царква Ільі Прарока (1505), кляштары бернардзінцаў (1636), базыльянак (1642), дамініканцаў (драўляныя будынкі пабудаваныя ў 1649 — 1650, мураваны касцёл у 1819), францысканцаў (1612, мураваныя будынкі ўзведзеныя ў 1680), уніяцкі Пакроўскі манастыр (1758), саборная мураваная царква Нараджэння Маці Божай (1691), касцёлы трынітарыяў (1714), місіянераў (1752), марыявітак (XVIII ст.), базыльянаў (1758 — 1774), цэрквы Ушэсця (1757), Іаана Багаслова (1790) і інш. На р. Куцеінка ў 1623 г. заснаваны Куцеінскі Богаяўленскі манастыр. На яго тэрыторыі была ўзведзеная драўляная Богаяўленская царква, у XVII ст. пабудаваны мураваны Свята-Духаўскі храм. Непадалёк размяшчаўся жаночы Куцеінскі Успенскі манастыр.

Езуіцкі калегіум дзейнічаў ад 1612 да 1820 г. Для адукацыі свецкай моладзі пры ім была заснаваная пяцікласная публічная школа, з 1634 г. існавалі два бурсы; з канца XVII ст. — тэатр, дзе ў 1693 г. быў створаны рукапісны зборнік драматычных твораў, вядомы як «Аршанскі кодэкс». У 1630 г. пры Куцеінскім Богаяўленскім манастыры беларускі асветнік Спірыдон Собаль заснаваў Куцеінскую друкарню, што з'яўлялася асноўным цэнтрам беларускага кірылічнага кнігадрукавання на ўсходзе BKЛ — да 1654 г. тут выдадзена каля 20 найменняў розных кніг. У 1655 г. па загадзе маскоўскага патрыярха Нікана друкарня была вывезеная ў Наўгародскі Іверскі манастыр.

У XVII ст. Орша была адным з буйных мастацкіх цэнтраў Беларусі. У пісьмовых крыніцах сустракаюцца імёны некаторых: разьбяры Іпаліт, Герасім і Арсеній, цесляры Восіп Андрэеў і Андрэй Фёдараў, гравёр Паісій, ювелір і чаканшчык Апанасій Воўчак, майстры-збройнікі, мастакі. У вайну 1654 — 1667 гг. шмат майстроў было вывезена маскавітамі ў Маскву, дзе яны аздаблялі цэрквы, манастыры і царскія палаты. Працы беларускіх майстроў захаваліся і цяпер і лічацца жамчужынамі маскоўскага дойлідства і мастацтва. 3 Оршы паходзяць рукапісныя помнікі беларускага пісьменства «Лісты» Ф.С. Кміты-Чарнабыльскага (1567 — 1587, паводле іншых звестках 1572 — 1574), «Збор польскіх і рускіх вершаў» (канец XVII ст.), «Аршанскі кодэкс» (1693); у 1812 г. у Оршы знойдзенае «Аршанскае евангелле» (канец XII — пачатак XIII ст., цяпер захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы АН Украіны).

3 пачатку 1653 г. пачалася вайна Маскоўскай дзяржавы супраць Рэчы Паспалітай. Пад час яе Орша «бясконцымі маскоўскімі нападамі не раз спаленая і цалкам зруйнаваная» і ляжала «пустой» яшчэ напрыканцы XVIII ст. Да пачатку маскоўскай разні ў Аршанскім павеце налічвалася 473200 жыхароў, у 1667 г. жывымі засталіся толькі 145015 — загінула 69,3 % насельнікаў павета. Пацярпела Орша і ў Паўночную вайну 1700 — 1721 гг.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Орша ў складзе Расійскай імперыі, цэнтр Аршанскай правінцыі Магілёўскай губерні; 793 жыхароў. У 1776 г. горад пазбаўлены магдэбургскага права; 1700 жыхароў, 309 будынкаў. У 1781 г. нададзены новы герб: уверсе — палова герба Расійскай імперыі, унізе «в голубом поле пять стрел, потому что сей город построен ещё древними скифами, которые таковыми орудиями похвально действовали». У 1791 г. адкрытае двухкласнае народнае вучылішча. 3 1796 г. горад стаў цэнтрам павета Беларускай, з 1802 г. — Магілёўскай губерняў. 6(18) ліпеня 1812 г. у горад увайшлі французскія войскі; яго інтэндантам быў прызначаны А. Бейль (пазней вядомы пісьменнік Стэндаль).

У другой палове XIX ст., у сувязі з будаўніцтвам чыгункі, Орша становіцца буйным чыгуначным вузлом, аршанская прыстань — значны транспартны пункт на Дняпры, адкуль шгогод адпраўляліся каля 100 суднаў, з 1881 г. наладжаны рэгулярны пасажырскі рух па рацэ да Магілёва. За 1,5 км ад горада забудоўваецца прывакзальны раён, які ў 1878 г. злучыўся з гарадскім цэнтрам брукаванай магістраллю, у цэнтры горада закладзены парк.

Пасля паўстання 1863 — 1864 гг. усе каталіцкія кляштары былі закрытыя, а большасць касцёлаў перададзена праваслаўнаму ведамству для перабудовы пад цэрквы.

У 1881 г. у Оршы 5025 жыхароў, драўляных дамоў 815, каменных 22, крамаў — 163, 82 купецкія сям'і першай і другой гільдыяў, 229 асобаў з пасведчаннямі на дробны гандаль, 113 на промыслы. У пачатку 1890 г. у горадзе 15 прамысловых прадпрыемстваў (ільнотрапальнае, гарбарнае, крухмальнае, цагельнае, піваварнае ды інш.), дзевяць навучальных установаў (657 вучняў у 1894), бальніца, шэсць урачоў, дзве aптэкі, тры бібліятэкі, дзве кнігарні, друкарня. Былі адкрытыя тэлеграфная станцыя (1869) і гарадская публічная бібліятэка (1899). У 1897 г. ужо больш за 13000 жыхароў. У 1900 г. заснаваныя механічныя і жалезаліцейныя майстэрні. 3 1906 г. працавала рэальнае вучылішча, з 1911 г. — жаночая настаўніцкая семінарыя.

У лютым-кастрычніку 1918 г. горад часткова акупаваны нямецкімі войскамі. 3 2 лютага 1919 г. Орша ў складзе Гомельскай, з 1920 — Віцебскай губерняў РСФСР. 3 1924 г. цэнтр Аршанскага раёна БССР, да 1935 — Аршанскай акругі. 3 17 скавіка 1938 г. горад абласнога падпарадкавання. У 1939 г. 37600 жыхароў.

16 ліпеня 1941 г. акупаваны нямецкімі фашыстамі, якія стварылі ў Оршы некалькі канцлагераў для савецкіх ваеннапалонных і насельніцтва, дзе знішчылі 19000 чалавек, у горадзе і раёне загубілі 37400 грамадзянаў. Горад вызвалены 27 чэрвеня 1944 г. Пад час вызвалення горад быў ператвораны ў руіны, насельніцтва складала каля 3000 жыхароў. Пасля вайны адноўлены. У 1959 г. у Оршы 64 400 жыхароў, у 1970 — 100600 жыхароў.

Цяпер у горадзе працуюць прадпрыемствы машынабудаўнічай, металаапрацоўчай, лёгкай, харчовай прамысловасці. Прафесійную адукацыю даюць Аршанскі дзяржаўны прафесійны ліцэй лёгкай прамысловасці, ГПТВ-110 будаўнікоў, ГПТВ-122 машынабудавання, Аршанскі дзяржаўны прафесійны ліцэй тэкстыльшчыкаў імя Г. Сямёнава і чатыры сярэднія спецыяльныя ўстановы: педагагічны каледж, медыцынскае вучылішча, механіка-эканамічны каледж і тэхнікум чыгуначнага транспарту. Працуюць 22 агульнаадукацыйныя школы, 12 бібліятэк. Дзейнічаюць Аршанскі мемарыяльны музей К.С. Заслонава, Аршанскі музей гісторыі і культуры горада, Аршанскі музей У. Караткевіча, Аршанскі этнаграфічны музей «Млын», Аршанскі музей драўлянай скульптуры разьбяра С.С. Шаўрова, Аршанскі мемарыяльны комплекс «Кацюша», гарадская выставачная зала.

У 2015 г. насельніцтва складала 116583 чалавекі.

У сярэдзіне мінулага стагоддзя былі знішчаныя царква Пакрова Багародзіцы і манастыр базыльянаў, царква Нараджэння Багародзіцы, касцёл францысканцаў, Свята-Успенскі манастыр, іншыя культавыя будынкі, амаль цалкам зруйнаваная гістарычная забудова XVII — XX стст. На месцы старажытнага горада, дзе з ХІІ па ХХ ст. віравала жыццё, паўстала пустэча, што назіраецца і дагэтуль.

Захаваліся помнікі архітэктуры: Куцеінскі Богаяўленскі манастыр (1623), манастыр базыльянаў (другая палова XVIII ст.), Ільінская царква (1880), вадзяны млын з арачным мостам (1902), будынак рэальнага вучылішча (1906). На левым беразе р. Аршыца існуе курганны могільнік XI-XII стст.

Тут нарадзіліся Юрый Багушэвіч (беларускі пісьменнік і перакладчык), Браніслаў Бароўскі (Герой Сацыялістычнай Працы), Сяргей Вакар (беларускі скульптар), Леў Выгоцкі (заснавальнік культурна-гістарычнай школы ў псіхалогіі), Францішак Дзеружынскі (беларускі рэлігійны дзеяч), Леанід Ерын (беларускі вайсковы і дзяржаўны дзеяч), Ігар Жалязоўскі (беларускі канькабежац), Барыс Захарчэня (фізік), Уладзімір Караткевіч (беларускі пісьменнік), Самуэль Кміціч (аршанскі харунжы, правобраз Анджэя Кміціца ў рамане Г. Сянкевіча «Патоп»), Мікола Купава (беларускі мастак), Аляксандр Кучынскі (беларускі прафесійны шашэйны велагоншчык), Уладзімір Лaбуноў (беларускі навуковец і дыпламат), Валерый Лапцінскі (беларускі матэматык), Мікалай Ляпешка (беларускі дыпламат), Зінаіда Мажэйка (беларуская этнамузыказнаўца), Аляксандр Макаранка (беларускі штангіст), Георгій Мандзалеўскі (валейбаліст), Аляксандр Міронаў (беларускі празаік, перакладчык), Якаў Навуменка (беларускі спявак, народны артыст Беларусі), Абрам Нодаў (патолагаанатам, доктар медыцынскіх навук, прафесар), Самуіл Палякоў (канцэсіянер і будаўнік чыгункі ў Расійскай імперыі), Павел Саковіч (беларускі пісьменнік), Аліна Талай (беларуская лёгкаатлетка), Леанід Трушко (беларускі акцёр), Таццяна Шаракова (беларуская веласіпедыстка).

Крыніца: «Краязнаўчая газета» 23 (616) чэрвень 2016 г.;
«Краязнаўчая газета» 24 (617) чэрвень 2016 г.;
«Краязнаўчая газета» 25 (618) чэрвень 2016 г.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1388]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.