Субота, 20.04.2024, 05:10

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Дапісьмовая гісторыя нашых вёсак
На багатую гісторыю зямлі, на якой стаяць нашы вёскі, указвае наяўнасць у іх ваколіцах надзвычай вялікай колькасці курганоў, некаторыя з якіх застаюцца і па сённяшні дзень недаследаванымі археолагамі, а многія ў ходзе асваення чалавекам прыродных рэсурсаў ужо сцёрты з твару зямлі. Сярод мясцовага насельніцтва з-за смугі часу склалася ўяўленне пра гэтыя пахаванні як пра магілы загінуўшых тут шведаў стагоддзі са тры таму, адсюль і адпаведныя назвы – Шведскія магілы ці Капцы. Насамрэч узрост курганных могільнікаў нашмат большы. Паводле дадзеных археалагічных даследаванняў, самыя старажытныя з іх датуюцца канцом Х ст. Такі пахавальны абрад на гэтых землях існаваў недзе на працягу трох стагоддзяў і належаў ён не каму іншаму, як нашым далёкім продкам: у VІІІ – Х ст. усю тэрыторыю Прыпяцкага Палесся насяляла ўсходнеславянскае аб’яднанне плямён – дрыгавічы. Аднак не яны былі першымі з людзей, хто ступіў на гэтую зямлю.

Спачатку доўгі час тут існавалі неспрыяльныя ўмовы для жыцця чалавека. Нягледзячы на тое, што на Беларусі першыя людзі фіксуюцца каля 100 тыс. гадоў таму, іх сталае пражыванне не магло арганізавацца з-за непрыдатных кліматычных умоў. Час ад часу наступала пахаладанне, нярэдка насоўваліся ледавікі. Менавіта яны з’яўляюцца прычынай шматлікіх рэк, азёр, балотаў на Беларусі, а таксама камянёў і валуноў. І хаця ў эпоху мезаліту (сярэдні каменны век, 9 – 5 тыс. г. да н.э.) тэрыторыя нашай краіны ўжо цалкам засяляецца людзьмі, першыя знаходкі ў нашай мясцовасці датуюцца неалітычным часам (новы каменны век, 5 – 3 тыс. г. да н.э.). Відаць, практычна немагчыма было пранікнуць на тэрыторыю, густа пакрытую шчыльнымі лясамі і непраходнымі балотамі. Выжываў тады чалавек дзякуючы паляванню, рыбалоўству, збіральніцтву, праўда, ужо пачынаў асвойваць земляробства і жывёлагадоўлю. Гэта рабіла яго больш незалежным ад прыроды і атрымала назву неалітычнай рэвалюцыі.

Людзі бронзавага веку (3 – 1 тыс. г. да н.э.) жылі, захоўваючы агульныя рысы сваіх неалітычных папярэднікаў, але пакінулі археолагам нашмат больш слядоў у нашым рэгіёне. Звычайна, гэта каменныя сякеры (у народзе кажуць, перуновы стрэлы). Прычым іншым разам такія знаходкі рабіліся зусім выпадкова непрафесіяналамі. Працэс удасканалення прыладаў працы і побыту адбываўся вельмі марудна, але няўхільна. Нягледзячы на пачатак знаёмства з бронзаю, большасць прыладаў працы і зброі рабілася з дрэва ці каменю. Метал для нашых продкаў яшчэ доўгі час з’яўляўся неверагодна цяжкадаступным матэрыялам. Але яго паяўленне (як і іншых элементаў небеларускага паходжання, напрыклад, бурштын) сведчыць пра зачаткі гандлю-абмену і ўзаемасувязь з больш далёкімі жыхарамі Усходняй Еўропы. Адной з самых характэрных адзнак бронзавага веку на Беларусі стала паўсюднае з’яўленне пласкадоннага глінянага посуду. Значыць, у інтэр’еры жытла ужо былі дашчаныя паліцы і сталы, а таксама агнішчы з роўным чэранем. Посуд стаў разнастайны. Вядомы гаршкі, збаны, міскі, кубкі, цадзілкі. Гэта сведчыць аб росце побытавай культуры.

Духоўная культура таксама з цягам часу ўскладнялася. Гэта выяўлялася ў развіцці светапогляду, што археолагі прасочваюць па элементах, якія практыкаваліся ў магіі ці гралі ролю ўпрыгожванняў. Гэта сведчыць пра эвалюцыю эстэтычных перажыванняў. Асаблівае значэнне для тагачаснага чалавека-земляроба набывае сонца і іншыя з’явы прыроды. У выніку ўшанавання тых момантаў жыццядзейнасці, ад якіх чалавек меў жыццёвую залежнасць, стаў развівацца цэлы спектр культаў, які пазней перарос у сістэму: культ нябёсных свяцілаў, агню, жывёл…

Найбольш раннія паселішчы ў межах сучаснага Ганцавіцкага раёна выяўлены за 0,5 км на ўсход ад в.Малыя Круговічы паблізу курганоў на правым беразе безназоўнага прытока ракі Цна і ў в.Хатынічы (сімвалічна, што фактычна на іх месцы, пачынаючы з позняга Сярэднявечча, паўсталі адміністрацыйныя цэнтры – у Вялікіх Круговічах і Хатынічах). Паселішчы адносяцца да бронзавага веку. У гэты час на нашы прасторы пранікаюць носьбіты індаеўрапейскіх моў. З імі прыходзіць спачатку культура шнуравой керамікі (назва ўтворана ад характэрных адбіткаў на гліняным посудзе). Трохі пазней (у ХІІІ – ХІ стст. да н.э.) на Палессі распаўсюджваецца больш развітая тшцінецкая культура, якая гіпатэтычна ўжо з’яўлялася славянскай.

Заключным этапам першабытнасці на тэрыторыі Беларусі стаў жалезны век (з VIII — VII cтст. да н. э. па IV-V стст. н.э.), які найперш характарызаваўся з'яўленнем і шырокім распаўсюджаннем металургіі, вырабам з жалеза прылад працы і зброі. Жалеза выплаўлялі з мясцовай сыравіны – балотнай руды (і сёння на карце Беларусі засталося шмат вёсак з назвай Рудня). Дарэчы, у балоцістых мясцінах нашай мясцовасці таксама можна знайсці глебу нібыта з іржою, што ўказвае на пэўную, хоць і невялікую прысутнасць жалеза ў тым месцы. Зразумела, здабыча металу з такой руды з’яўлялася неверагодна складаным заняткам.

Аснову гаспадаркі насельніцтва эпохі жалеза складалі земляробства і жывёлагадоўля, якія дапаўняліся рыбалоўствам, паляваннем, збіральніцтвам. Пераважала падсечнае земляробства. Жалезная сякера і саха з жалезным нарогам, рала з наральнікам, сярпы і косы дазволілі значна павялічыць плошчы, занятыя пасевамі, забяспечыць прадуктамі харчавання людзей і грамадскі статак і, акрамя таго, утварыць пэўныя запасы. Удасканальваліся і іншыя заняткі насельніцтва, з'явіліся неабходныя ў вытворчасці і побыце нажніцы, абцугі, напільнікі, пілы і інш. Палепшылася апрацоўка дрэва, з'явіўся новы, больш дасканалы інструментарый, на тысячы кіламетраў – ад Скандынавіі да Рыму – пашырылася геаграфія тавараабмену.

Духоўная культура набыла багацце, стракатасць, сістэмнасць. Яе рэшткі – ці то ў выглядзе перапляцення з хрысціянствам, якое вымушана было падладжвацца пад язычніцкія традыцыі, ці то ў выглядзе побытавых з’яў – дайшлі да дзён сённяшніх. Напрыклад, побач з Раством святкуюцца Каляды, а з Янам – Купала, навальнічны гром звязваецца з богам Перуном, дый іншыя з’явы прыроды нярэдка вытлумачваюцца праз якіх-небудзь духаў ці міфічныя істоты.

У VІ – VІІ стст. н.э. адбываецца славянізацыя нашага краю. У выніку яе сфарміраваліся аб’яднанні плямён. Адно з іх – дрыгавічы, з якіх мы і пачыналі нарыс, – заняло амаль усю тэрыторыю Прыпяцкага Палесся. Менавіта з гэтага часу пражыванне людзей у ваколіцах сучасных Круговіч набыло не проста стабільны, але і масавы характар.

паўзямлянка
Рэканструкцыя паўзямлянкі – жытла усходнеславянскіх плямёнаў VIII ст.

У паўночнай частцы сённяшняга Ганцавіцкага раёна, прыкладна ў ваколіцах Круговіч, засяленне ажыццяўлялася больш масава. Літаратура фіксуе на зямлі будучых круговіцкіх вёсак траха не з дзесятак груп курганоў – могільнікаў, якія датуюцца ХІ — ХІІІ ст. Самая знакамітая мясцовасць у гэтым плане, багатая (больш за 100 курганоў) і найбольш даследаваная з іх знаходзіцца абапал лясной дарогі Вялікія КруговічыЯсянец.

Гэтая старонка гісторыі нашага рэгіёна, узрушыўшы сваімі курганнымі помнікамі шаснаццацігадовага юнака з Малых Круговіч Віктара Гардзея, знайшла мастацкае адлюстраванне ў яго вершы "Дрыгавічы":
Сівыя курганы
Між бору і ўзбалоткаў.
Пазначылі яны
Дарогі нашых продкаў.

З-пад Прыпяці быў шлях,
Якім ішлі плямёны.
Згубіліся ў вяках
Уласныя імёны.

Кружлялі па дрыгве – 
Дрыгавічамі сталі,
У мройнай сіняве
Прыстанішча шукалі.

Вось так дрыгавічы
Па нерушы, па дзічы,
Кругамі ідучы,
Дапялі ў Кругавічы.

Прайшлі кругі пакут,
І назву стуль займелі
І груд, і гэты кут,
Дзе прашчуры аселі.

Між дрэў і завірух
Тут выспы з курганамі.
І продкаў добры дух –
Анёламі над намі.
Усё ж племянныя аб’яднанні на этапе язычніцкай культуры не ўтварылі дзяржаўнасці, хоць і падрыхтавалі асноўныя перадумовы для яе, у выніку чаго паўсталі правобразы дзяржаў. Фактычна толькі прыход хрысціянства на нашы землі стаў кропкай адліку існавання першых паўнавартасных дзяржаў у выглядзе княстваў. Рэч у тым, што прыняцце хрысціянскай рэлігіі (Х ст.) мела прагрэсіўнае значэнне для развіцця земляў Усходняй Еўропы і Скандынавіі і з’яўлялася лагічным крокам гістарычнага развіцця насельніцтва сучаснай тэрыторыі Беларусі ў кантэксце еўрапейскіх працэсаў. Неабходна адзначыць, што ў адрозненне ад Кіеўшчыны, дзе хрысціянства навязвалася сілком, з праліццём крыві, на нашых землях такой жорсткасці гістарычныя крыніцы не фіксуюць, што дае падставы меркаваць пра мірнае распаўсюджанне веравучэння. Вынікам гэтага стала працяглае суіснаванне хрысцінскай рэлігіі поруч з язычніцкімі культамі, якія яшчэ доўгі час практыкаваліся жыхарамі мясцовасцей, аддаленых ад культурных цэнтраў. Улічваючы, што землі, на якіх узніклі потым нашы вёскі, таксама з’яўляліся такой глыбінкай, можна з вялікай доляй упэўненасці меркаваць, што хрысціянства прыйшло сюды не адразу. Аднак ужо ў курганных могільніках даследчыкі выявілі пераход у пахавальных абрадах з трупаспалення на трупапалажэнне, што сведчыць пра рэлігійную эвалюцыю свядомасці нашых продкаў.

Развіццё матэрыяльнай і духоўнай культуры на нашых землях лагічна прывяло да якасна новай арганізацыі жыцця іх насельніцтва. Аднак нават з узнікненнем дзяржаўнасці дакументальных, пісьмовых звестак пра паселішчы на тэрыторыі сённяшняга Ганцавіцкага раёна яшчэ доўга не было.

Нашы продкі жылі на тэрыторыі старажытнага дзяржаўнага ўтварэння ўсходніх славян пад назвай Русь (расійскія і савецкія гісторыкі некарэктна называлі яго Кіеўскай Руссю, каб стварыць уражанне гістарычнай пераемнасці Руссю Маскоўскай). Кіравалі дзяржавай з цэнтрам у Кіеве Рурыкавічы. Між імі адбываўся падзел дзяржаўнай тэрыторыі на вотчыны. Паводле "Вялікага гістарычнага атласа Беларусі" (Т. 1, Мінск, 2009), наваколле будучых нашых вёсак у ХІ – першай палове ХІІ ст. увайшло у вотчыну пад назвай Дрыгавічы з цэнтрам у Клечаску (Клецку). Недзе па паўднёвай частцы раёна праходзіла мяжа з так званай Тураўскай зямлёй, якая кіравалася Юрыем Яраслававічам і яго нашчадкамі. У 1240-я гг. воласць Дрыгавічы адышла да чарнігаўскіх князёў.

Княствы праяўляюць імкненне да самастойнасці. Наступае працэс феадальнай раздробленасці. Адсутнасць кансалідацыі стала прычынай катастроф, якія пацярпелі многія ўсходнеславянскія княствы ў выніку мангола-татарскага нашэсця. Беларусі ў пэўным сэнсе пашэнціла: бусурманская навала прайшла яе паўднёвым ускрайкам, не рушыўшы праз векавечныя лясы і дрыгвістыя балоты. Але паасобныя атрады агрэсараў прасочваліся далёка ўглыб тэрыторыі сучаснай Беларусі. Цяжка сказаць, ці пабывалі яны ў нашым краі. Звестак пра насельнікаў нашай зямлі ў ХІІІ — ХІV стст. нам не траплялася, што можа ўказваць на пэўны крызіс сацыяльнага развіцця на тэрыторыі, дзе паўсталі вёскі. Дагэтуль гісторыкі не могуць нават устанавіць прыналежнасць тэрыторыі, на якой знаходзіліся паселішчы нашых продкаўі (у пэўны час гэта зямля выйшла са складу Чарнігаўскага княства, якое значна аслабла з-за татара-мангольскага нашэсця). Вядома толькі, што нашы землі ў другой палове ХІІІ – пачатку ХІV ст. цалкам ці часткова на нейкі перыяд патрапілі пад уплыў літоўскіх (балтыйскіх) князёў. Якраз набліжаўся час уваходжвання нашага рэгіёна ў Вялікае Княства Літоўскае, што адбылося ўрэшце прыкладна ў 1320-я гг., калі княжыў вялікі князь Гедымін.

Афіцыйная ж гісторыя вёсак доўгі час (недзе да канца ХХ ст.) звычайна пачыналася з ХVІ ст. Аднак на сёння маюцца звесткі, што Малькавічы, Круговічы, Хатынічы, Агарэвічы ў дакументальных крыніцах згадваюцца з ХV ст. Гэтыя вёскі ужо маюць за плячыма па паўтысячы гадоў. Яшчэ шэраг, першая ў якім Будча (1515 г.), наблізіўся да такога высокага юбілею.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (15.02.2012) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 2965 | Тэгі: Анатоль Трафімчык, Ганцавіцкі раён | Рэйтынг: 5.0/11
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.