Пятніца, 26.04.2024, 12:41

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Галіна Снітко

Васіль Праскураў
Я на чатыры гады старэйшая за свайго брата Васю, але, як цяпер, помню час яго нараджэння, бо нарадзіўся ён не ў радзільным доме, а пад сялянскай паветкай роднага двара. Маці наша цэлы дзень брала ў полі лён, a вечарам ледзь паспела прыйсці дадому. Роды прыняла свякроў, Параскоўя Васільеўна, вядомая на ўсю акругу бабка-павітуха. I вось яна ўнесла ў хату маленькага і павіншавала нас з брацікам.

Нарадзіўся Вася 25 жніўня 1926 года ў сям'і лесніка Фёдара Карпавіча Праскурава ў вёсцы Негаціна Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці. Нараджэнне яго, першага сына пасля чатырох дачок, было вялікім трыумфам не толькі ў сям'і, але ва ўсёй вёсцы.

Бацька быў добры паляўнічы, пчаляр, земляроб, з любоўю апрацоўваў дзялянкі ў лесе, любаваўся пасевамі. Маці, Саклета Максімаўна, была працавітая і добрая жанчына. Пасля замужжа пражыла ўсё сваё жыццё ў адной сям'і са свёкрам і свякроўю. Гадавала і выхоўвала чацвёра дзяцей.

Бацька больш любіў і цешыўся сынам Васільком. Часта браў з сабою ў лясныя абходы. Ён і прывіў яму любоў да прыроды, птушак, палявання, з якога часам бацька вяртаўся незадаволеным, бо Вася не дазваляў страляць у звера ці птушку, якія таксама хочуць жыць. Яшчэ малым хлапчуком Васіль майстраваў шпакоўні з дапамогай дзядулі Карпа Данілавіча, прымацоўваў іх на дрэвах у садзе. А раніцай, з усходам сонца, выходзіў глядзець, ці пасяліліся ў іх шпакі, слухаў іх спевы, назіраў за паводзінамі птушак, за тым, як малыя вучыліся лятаць.

З ранняга дзяцінства ён вызначаўся выдатнымі здольнасцямі да навукі. У пяцігадовым узросце ўжо сам чытаў кнігі. Вельмі хутка запамінаў вершы, якія вучыла я, дапамагаў мне, калі нешта забывала. З чацвёртага класа ён caм складаў вершы і дасылаў іх у рэдакцыі газет "Піянер Беларусі" і "Піянерская праўда". Там іх друкавалі, а юнаму аўтару прысылалі ганарар.

Вучыўся Вася на "выдатна". Кожны клас заканчваў з пахвальным лістом і падзякай бацькам за выдатнае выхаванне сына. У 1941 годзе ён закончыў Святошыцкую сямігодку, і вучоба была спынена Вялікай Айчыннай вайной.

Пачалася працоўная дзейнасць хлебароба, бо памёр наш бацька, а Вася, пятнаццацігадовы хлапчук, застаўся аратым на тры гаспадаркі з адным канём. У гэты час ён зазнаў многа гора. У сям'і было паўгалоднае жыццё: немцы забралі карову, не было і хлеба, на зялёных з травы праснаках трэба было апрацоўваць зямлю, каб на наступны год было што паесці. Сястра маці і братавая прыносілі нам малако, а Вася араў і засяваў іх зямлю, бо мужчыны былі на фронце.

Васіль сам навучыўся кляпаць касу, сам засяваў і баранаваў загоны, рэзаў і калоў дровы. Гэтай працы ён, як асноўны гаспадар, вучыў і мяне. Разам з ім мы на санках ездзілі ў лес па дровы. Зразалі з пня сухастоіну (брат ніколі не мог і не дазваляў зрэзаць здаровае дрэва), бо ад бацькі яму перадаліся беражлівыя адносіны да лесу.

З вялікай радасцю сустракаў воінаў-вызваліцеляў у 1944 годзе. А ў наступным, 1945, васемнаццацігадовым юнаком быў прызваны ў Савецкую Армію. Праслужыў у арміі амаль шэсць гадоў: спачатку ў Венгрыі, потым у Аўстрыі і Германіі. У арміі ў яго было шмат сяброў розных нацыянальнасцей. Так, з аднапалчанінам грузінам сяброўства працягвалася ўсё жыццё. Яны перапісваліся, прысылалі адзін аднаму пасылкі, ездзілі ў госці.

У час службы ў арміі Васіль пісаў вершы і нарысы, якія друкаваліся ў армейскіх газетах. Ён вельмі хацеў працягваць вучобу і, калі прыязджаў у адпачынак, браў школьныя падручнікі і ў вольны час рыхтаваўся, каб экстэрнам здаць экзамены за курс сярэдняй школы.

Пасля дэмабілізацыі з арміі (1950) ён прыехаў да мяне ў Ганцавічы, бо маці памерла, а сёстры павыходзілі замуж. Тут і застаўся. Уладкаваўся на работу ў мясцовы райспажыўсаюз. Адначасова ў вячэрняй школе здаў экзамены за сярэднюю школу і экстэрнам закончыў Брэсцкую гандлёва-кааператыўную школу. Паступіў у Мінскі БДУ на факультэт журналістыкі, які закончыў завочна ў 1964 годзе. Атрымаў чырвоны дыплом. Працаваў у Ганцавіцкай раённай газеце "Сялянская праўда" (потым "Савецкае Палессе"), быў яе рэдактарам.

Усё сваё жыццё Вася любіў любую працу, любіў і паважаў людзей працы. Ім прысвячаў свае творы. Любіў людзей, з якімі побач жыў і працаваў.

У яго была мара – пабудаваць сваю хату, пасадзіць дрэвы вакол яе, выхаваць добрых дзяцей. Ён змог здзейсніць сваю мару, хоць зрабіць гэта было нялёгка: доўга выплачваў ссуду, узятую на будаўніцтва дома.

Стаіць прыгожая хата, выраслі вакол дрэвы, цвітуць прыгожыя кветкі, толькі няма гаспадароў... Васіль Праскураў памёр у 1987 годзе.

З глыбокім болем у сэрцы прыходжу я ў гэты дом, але боль крыху сціхае, калі ўбачу на ягоным падворку сямёра яго любімых унукаў і чатырох дачок, такіх мілых і працавітых, добрых і міласэрных, якім быў ён сам, дарагі, мой любімы брацік Васенька!
(Паводле ўспамінаў Ганны Фёдараўны Праходскай –
роднай сястры В. Праскурава, 2001 г.)

Васіль Праскураў, Василий Проскуров
Васіль Праскураў

У сваёй аўтабіяграфіі Васіль Праскураў зазначыў: "Вельмі люблю пісаць. Проста не магу жыць без гэтага. Некаторыя кнігі маіх нарысаў (асабліва "Людзі-суседзі", "Пакажы чалавеку дарогу") добра былі сустрэты крытыкай. Што я думаю аб іх? Прызнаюся шчыра, як на споведзі: усё гэта толькі трэніровачныя ўзоры той вышыўкі, якую я хачу, якую павінен зрабіць. He напісаць, а вышыць на паперы".

Сёння з упэўненасцю можна гаварыць, што В.Праскураву ўдалося зрабіць не адну "вышыўку" палескага краю і яго краявідаў, стварыць не адзін партрэт палешука-працаўніка. Яго апавяданні, аповесці, нарысы, якія склалі кнігі "Святая сівізна" (1966), "Трое з-за Лані" (1967), "Людзі-суседзі" (1974), "Пакажы чалавеку дарогу" (1979), "Пакланіся зямлі-карміцельцы" (1982, адзначана Дзяржаўнай прэміяй БССР імя П.М. Лепяшынскага), "Чорны хлеб" (1984), "Наўсцяг вясковай вуліцы" (1995), – гэта своеасаблівая мастацкая галерэя Палесся, летапіс гэтага краю. Відаць, на Ганцаўшчыне няма ніводнай вёскі, пра якую ні пісаў бы, ці якую не згадваў бы ў сваіх творах Васіль Фёдаравіч: Люсіна і Чудзін, Агарэвічы і Круговічы, Мельнікі і Макава, Дзяніскавічы і Лактышы... Ён ведаў не толькі іх дзень сённяшні, але і мінулы: "...I ўсё ж людзі падзяліліся. Адны перайшлі на пясок-сыпун, не збаяўшыся "праз год закукаваць", другія падаліся на падзол, пэўна, разважаючы, якая розніца, дзе "дуба даваць", трэція, вядома засталіся на месцы перадзелу. Вось так і з'явіліся ў лясных нетрах міжрэччі Лані і Цны тры новыя паселішчы – Перадзел, Кукава і Дубнякі".

Гісторыя кожнай мясціны, панарама яе жыцця раскрыты пісьменнікам праз канкрэтныя чалавечыя лёсы і характары. Героі яго кніг – леснікі і меліяратары, паляводы і жывёлаводы, аграномы і ветэрынарныя ўрачы, настаўнікі і старшыні калгасаў, партыйныя і савецкія работнікі... У кожнага з іх сваё жыццё,а на старонках кніг яно "вышыта" ўсебакова і псіхалагічна праўдзіва. Творы Васіля Праскурава быццам бы зліваюцца ў адзін вялікі твор пра народнае жыццё на Палессі.

Пісаць гэты твор было нялёгка. Журналісцкая праца забірала шмат часу. Як прыгадваюць родныя Васіля Фёдаравіча, ён "пісаў начамі. Хадзіў хутка ў кут, заклаўшы рукі за спіну, і прагаворваў тое, што праз хвіліну-другую клалася на паперу. Ён шліфаваў свой стыль, падоўгу думаючы над кожным сказам, кожным словам, каб яно, як патрон у абойме, заняло сваё і толькі сваё месца. Знаходзіў дакладныя выразы, выказванні, якія да яго ніхто не ўжываў! Ён пісаў узвышана і натхнёна, з вялікай і шчырай любоўю. Ён не проста расказваў, а ўмеў паказаць усё настолькі пераканаўча, што ты бачыш перад сабой гэты малюнак, верыш прачытанаму ад пачатку і да канца" (В.Матвееў, унук пісьменніка).

Невыпадкова даследчыкі і вядомыя літаратары заўсёды падкрэсліваюць майстэрства В.Праскурава, як апавядальніка, адзначаюць яго ўменне карыстацца словам, трапна ўжываць народныя прыказкі, прымаўкі, выслоўі. "У чужым краі – не на сваёй лаве, не скажаш: пасунься... Калі прыйдзецца туга, бяжы ў свой край, тут і пад елкай рай...". Міхась Рудкоўскі аднойчы заўважыў: "Паспрабуйце зрабіць пераклад гэтай мовы колішніх палешукоў з нарыса "Аповесць пра шчасце". Зрабіць вы зробіце, але тая зіхатлівасць, той бляск калі не згасне, дык абавязкова пацямнее".

Журналісцкую і літаратурную школу ў Васіля Фёдаравіча Праскурава ў свой час прайшлі Міхась Рудкоўскі, С.Алексіевіч, Віктар Гардзей, Iван Кірэйчык, Алесь Кажадуб, Уладзімір Марук, Алесь Каско, Кастусь Мохар і іншыя. Яны з цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінаюць свайго Настаўніка. Яго імя носяць Цэнтральная раённая бібліятэка і адна з вуліц у Ганцавічах. На будынку рэдакцыі газеты "Савецкае Палессе" і доме, дзе жыў В.Праскураў, устаноўлены мемарыяльныя дошкі.
Катэгорыя: Галіна Снітко | Дабавіў: admin (26.08.2011) | Аўтар: Галіна СНІТКО
Праглядаў: 3117 | Тэгі: Галіна Снітко, Васіль Праскураў, Літаратурная Ганцаўшчына | Рэйтынг: 5.0/1
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.