Субота, 20.04.2024, 11:28

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віталь Герасіменя » Іншае

Спадчына Дня беларускага пісьменства ў горадзе Ганцавічы
Сёлета свята Дзень беларускага пісьменства прымаў старажытны горад Полацк у Віцебскай вобласці. На наступны 2018 год у юбілейны XXV раз яно адбудзецца ў горадзе Іванава.

Папярэдні раз у Брэсцкай вобласці – шэсць гадоў таму – ў першыя выходныя верасня свята рэспубліканскага ўзроўню гасціла ў горадзе Ганцавічы. Фэст адбываўся на працягу двух дзён 3-4 верасня 2011 года і сабраў некалькі тысяч гасцеў з усіх канцоў Беларусі і не толькі.

Спецыяльна да гэтага свята ў цэнтры Ганцавіч быў створаны шэраг памятных знакаў і помнікаў, якія сталі сапраўдным упрыгожваннем горада. Больш падрабязней аб іх мы раскажам у дадзеным артыкуле.

У гарадскім скверы па вуліцы Гагарына знайшоў сабе месца геральдычны знак. Яго аўтарам з’яўляецца тагачасны галоўны архітэктар раёна, а цяпер намеснік старшыні райвыканкама Віталій Расціслававіч Пракурат.


За аснову ў стварэнні гэтага памятнага знака быў ўзяты герб горада Ганцавічы: у блакітным полі варажскага шчыта два срэбных жураўлі, у правай верхняй частцы поля залатая пяціканцовая зорка, пад якой паўмесяц рагамі ўгару таго ж металу. Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 29 студзеня 1998 года пад № 34.

Пануючымі постацямі ў гербе з'яўляюцца малюнкі жураўлёў, якія ляцяць, накіраваныя ўвысь. У блакітным полі шчыта гэта размяшчэнне птушак выглядае вельмі спакойна і ўрачыста. Як падкрэсліваецца ў Пастанаўленні аб гербе, срэбныя жураўлі – знак прыроды Палескага краю, імкнення ў будучыню, міралюбнасці і шчасця.

У міжнароднай сімволіцы журавель мае вельмі шырокае тлумачэнне. У старажытнагрэцкай міфалогіі ён шанаваўся як святая птушка багіні ўрадлівасці і земляробства Дэметры. У хрысціянстве служыў знакам уваскрэсення, бо яго прылёт узвяшчаў вясну і абнаўленне прыроды. Разнастайнасць рухаў гэтай птушкі падчас току асацыявалася з жыццерадаснасцю і каханнем. Ва ўсходняй сімволіцы журавель з'яўляўся знакам мудрасці, а ўзнімальны да Сонца журавель выяўляў імкненне да грамадскага ўздыму.

Нягледзячы на ўсю шматзначнасць гэтай постаці, герб Ганцавічаў так бы і застаўся вельмі звычайным знакам, калі б недадатковая дэталь, якая вылучае яго сярод іншых, што паказваюць прадстаўнікоў жывёльнага свету. У верхняй, правай, частцы герба размешчаны залатыя зорка і паўмесяц. Гэта элементы дваранскага герба «Леліва», які прыналежаў графу Станіславу Адольфавічу Гутэн-Чапскаму – уладальніку земляў на якіх быў заснаваны горад Ганцавічы у канцы XIX ст.

Па вуліцы Кастрычніцкай была створана цэлая алея пісьменства. Аўтарамі яе з’яўляюцца два брэсцкіх архітэктары Павел Герасіменка і Алеся Грушчанкова. У пачатку алеі знаходзіцца памятны знак, які выкананы ў выглядзе аркуша паперы і пяра, і названы ў гонар правядзення ў Ганцавічах Дня беларускага пісьменства.


Калі крочыць па алеі далей, то можна пабачыць два памятныя знакі памятны знак. Кожны з іх выкананы як світак з імёнамі вядомых пісьменнікаў і паэтаў, жыццё якіх звязана з Ганцавіцкім раёнам.


На першым з памятных знакаў адзначаны Іван Піліпавіч Лагвіновіч, Віктар Канстанцінавіч Гардзей, Алесь Канстанцінавіч Каско і Уладзімір Антонавіч Марук; на другім – Аляксандр Казіміравіч Сержпутоўскі, Васіль Фёдаравіч Праскураў, Іван Аляксандравіч Кірэйчык і Міхась Міхайлавіч Рудкоўскі.


Іван Піліпавіч Лагвіновіч нарадзіўся 16 студзеня 1940 года на хутары Запрапасць паблізу вёскі Малькавічы ў шматдзетнай сям'і, у якой выхоўвалася сямёра дзяцей.


Калі хлопчыку споўнілася сем гадоў, памёр бацька, Івану рана давялося спазнаць, якой цяжкай цаной здабываецца хлеб надзённы. Пасля заканчэння Малькавіцкай сямігадовай школы ён уладкаваўся на работу ў мясцовае лясніцтва. Для таго, каб яго прынялі туды, ён прыпісаў сабе два гады. У сямнаццацігадовым узросце паехаў на Украіну на Данбас, дзе пражыў трыццаць чатыры гады. Толькі ў 1991 годзе ён адважыўся вярнуцца дамоў. Першы свой верш напісаў у школе ў трэцім класе. Дэбютаваў вершамі ў 1960 годзе(газета «Чырвоная змена»). На Украіне пісаў вершы на беларускай і рускай мовах, у Беларусі толькі па-беларуску. З’яўляецца ўтарам некалькіх зборнікаў вершаў, за адзін з якіх – «Палыновыя кветкі» стаў лаўрэатам абласной літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка. Памёр 9 сакавіка 2011 года, пахаваны ў вёсцы Малькавічы.

Віктар Канстанцінавіч Гардзей з’яўляецца вядомым беларускім паэтам, празаікам і перакладчыкам. Нарадзіўся ў вёсцы Малыя Круговічы ў сялянскай сям'і 19 жніўня 1946 года.


Скончыў Круговіцкую сярэднюю школу, пасля чаго працаваў у мясцовым калгасе. У 1965 годзе перайшоў на пасаду літсупрацоўніка ў Ляхавіцкую раённую газету «Будаўнік камунізму», з 1966 года з’яўляўся работнікам Ганцавіцкай раённай газеты «Савецкае Палессе». З 1983 года пераяжджае ў Мінск, дзе праз некаторы тэрмін завочна скончвае факультэт журналістыкі БДУ. Да выхаду на пенсію Віктар Канстанцінавіч працаваў у часопісах «Беларусь», «Родная прырода», «Маладосць», «Полымя», «Вожык», газеце «Літаратура і мастацтва», таксама выдавецтве «Мастацкая літаратура». Творчы ўзлёт Віктара Гардзея як пісьменніка адносіцца да ганцавіцкага перыяду яго жыцця, калі ён працаваў у раённай газеце. Многія творы Віктара Гардзея напісаны на рэгіянальным матэрыяле, а прататыпамі яго літаратурных герояў сталі жыхары яго роднай вёскі Малыя Круговічы, якія з лёгкасцю пазнаюць сябе ў кожным новым творы пісьменніка. Лаўрэат літаратурных прэмій імя Івана Мележа і «Залаты купідон», да пяцідзесяцігоддзя пісьменніка імем Віктара Гардзея названа вуліца, на якой ён нарадзіўся і жыў.

Алесь Канстанцінавіч Каско з’явіўся на свет 10 снежня 1951 года ў вёсцы Чудзін.


Пасля вучобы ў мясцовай сярэдняй школе ён паступіў на філалагічны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута імя A.С. Пушкіна на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры, які яму з перарывам на службу ў арміі ўдалося скончыць у 1976 годзе. Пэўны час працаваў настаўнікам у Рагазнянскай сярэдняй школе Брэсцкага раёна, а таксама роднай Чудзінскай сярэдняй школе. Працяглы тэрмін з’яўляўся карэспандэнтам жабінкаўскай раённай газеты «Сельская праўда», рэдактарам на Брэсцкай абласной студыі тэлебачання, адказным сакратаром Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў. Моцны ўплыў на Алеся Каско аказаў выдатны педагог, вучоны, крытык і даследчык літаратуры, пісьменнік Уладзімір Андрэевіч Калеснік. Першыя вершы за аўтарствам Алеся Канстанцінавіча ў рэспубліканскім друку былі надрукаваны у 1970 годзе, пасля гэтага па сённяшні дзень было выдадзена шмат кніг. За зборнік вершаў «Час прысутнасці» ўраджэнец вёскі Чудзін ўдастоены літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова.

Уладзімір Антонавіч Марук нарадзіўся 6 студзеня 1954 года ў вёсцы Гута ў сялянскай сям'і. Пасля заканчэння Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума працаваў у розных ўстановах культуры Ганцавіцкага раёна — Шашкоўскай сельскай, раённай дзіцячай бібліятэках, загадчыкам аўтаклуба.


У 1980 годзе Уладзімір Антонавіч скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Некаторы час выкладаў беларускую мову і літаратуру ў школе. Потым ён працаваў карэспандэнтам, загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва газеты «Звязда», рэдактарам, загадчыкам аддзела выдавецтва «Юнацтва», галоўным рэдактарам выдавецтва «Белфакс», намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Полымя». У 1974 годзе ў часопісе «Маладосць» з'явіўся цэлы цыкл вершаў маладога паэта, які засведчыў яго несумненны паэтычны талент. Гады вучобы ў альма-матар спрыялі яго творчай дзейнасці, вершы паэта ахвотна друкавалі разнастайныя газеты. Выдаў некалькі зборнікаў, яго лепшыя вершы ўвайшлі ў асобныя анталогіі беларускай паэзіі. Таксама перакладамі з узбекскай, армянскай, туркменскай моў. Зямны шлях таленавітага паэта раптоўна абарваўся ў самым росквіце жыццёвых і творчых сіл 23 студзеня 2010 года. Шмат задуманага ім так і засталося нерэалізаваным, многія вершы засталіся ў рукапісах. У роднай вёсцы Гута, дзе жыў Уладзімір Антонавіч, устаноўлена мемарыяльная дошка.

Калі Аляксандру Казіміравічу Сержпутоўскаму, месцам нараджэння якога (21 чэрвеня 1864 года) з’яўляецца вёска Бялевічы Слуцкага павета, ледзь споўнілася сем месяцаў, яго бацькі пераехалі на выкуплены хутар паміж вёскамі Пярэвалакі і Чудзін сучаснага Ганцавіцкага раёна.


У 1880 годзе Аляксандр Казіміравіч Сержпутоўскі скончыў Вызненскае (цяпер гарадскі пасёлак Чырвоная Слабада) народнае вучылішча, ў 1884 годзе Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, а ў 1904 годзе Пецярбургскі археалагічны інстытут. Навуковая дзейнасць Аляксандра Казіміравіча пачалася з 1906 года, калі ён пачаў працаваць рэгістратарам этнаграфічнага аддзела Рускага музея, дзе ён працаваў ажно да 1930 года. У гэты перыяд вучоны двойчы пабываў у экспедыцыях на Палессі і сабраў там багатую этнаграфічную калекцыю, зрабіў мноства фотаздымкаў, запісаў свае назіранні за ўкладам жыцця беларусаў-палешукоў. Значны ўклад у беларускую фалькларыстыку, этнаграфію і мовазнаўства ўнёс выхад у свет у 1911 годзе зборніка Сержпутоўскага «Сказки и рассказы белорусов-полешуков». Аляксандр Казіміравіч быў правадзейным членам Інбелькульта, таксама ён узнагароджаны малым залатым медалём Рускага геаграфічнага таварыства за зборнік беларускіх прымавак са слоўнікам (захавалася частка рукапіса), падрыхтаваны да друку ў 1908 годзе. Усё, што зрабіў для навукі Сержпутоўскі, — гэта каштоўная скарбніца нашай гісторыі і культуры. Памёр вучоны 5 сакавіка 1940 года.

Васіль Фёдаравіч Праскураў ў памяці людзей застаўся як выдатны майстар нарыса, журналіст і пісьменнік. Ён з’яўляўся заслужаным дзеячам культуры БССР, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР, лаўрэатам прэміі Саюза журналістаў СССР, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі.


Нарадзіўся Васіль Фёдаравіч 25 жніўня 1926 года ў вёсцы Негаціна Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці. Пасля службы ў арміі ў 1950 годзе ён пераехаў да старэйшай сястры Ганны, якая жыла разам з сям'ёй у Ганцавічах. Мара стаць журналістам здзейснілася ў 1958 годзе, калі ён ўладкаваўся на работу літсупрацоўнікам у Ганцавіцкую раённую газету «Сялянская праўда». Пасля гэтага была праца ў Ляхавіцкай раённай газеце «Будаўнік камунізму», а ў 1966 годзе Васіль Фёдаравіч быў прызначаны на пасаду рэдактара Ганцавіцкай раённай газеты «Савецкае Палессе», якую больш за дваццаць гадоў рэдагаваў. У жанры нарыс ён заслужыў славу сапраўднага майстра слова, вялікага знаўцы чалавечых душ. Памёр Васіль Фёдаравіч 22 мая 1987 года. На доме, дзе ён жыў, і на будынку рэдакцыі, у якой працаваў, у яго гонар устаноўлены мемарыяльныя дошкі. Яго імя носяць цэнтральная раённая бібліятэка і вуліца, на якой ён жыў.

Іван Аляксандравіч Кірэйчык з’явіўся на свет у вёсцы Гута 15 сакавіка 1935 года. Пасля сканчэння мясцовай сярэдняй школы ён служыў на Балтыйскім флоце, дзе і пачаў сваю літаратурную дзейнасць.


Дэбютныя яго вершы былі надрукаваны ў газеце «Страж Балтыкі», а таксама ў калектыўным зборніку «Песня, рождённая морем». З 1958 года Іван Аляксандравіч стаў літсупрацоўнікам і загадчыкам аддзела Ганцавіцкай раённай газеты «Сялянская праўда». Паралельна з працаю ён скончыў завочнае аддзяленне факультэта журналістыкі БДУ. З 1963 года ён стаў уласным карэспандэнтам Беларускага радыё і газеты «Чырвоная змена», працаваў у газеце «Гомельская праўда», на Гомельскай абласной студыі тэлебачання. Вершы, апавяданні і нарысы Івана Кірэйчыка прасякнуты публіцыстычным, грамадзянскім пафасам, шчырасцю пачуццяў, дабрынёй, трывогай за родную зямлю. Але найбольш плённа і ярка ўвасобіўся яго талент у публіцыстыцы. Памёр Іван Аляксандравіч 16 лютага 1996 года, пахаваны ў Гомелі. Яго імем названа вуліца ў роднай вёсцы Гута, а на месцы, дзе раней стаяла бацькоўская хата, у яго гонар устаноўлены памятны знак.

Міхась Міхайлавіч Рудкоўскі нарадзіўся ў вёсцы Востраў 17 красавіка 1936 года. Пасля заканчэння Востраўскай васьмігадовай школы, ён вырашыў стаць настаўнікам і паступіў на вучобу ў Ганцавіцкае педагагічнае вучылішча, пасля таго як яно было ліквідавана, Міхася перавялі на вучобу ў аналагічную ўстанову ў тады яшчэ абласны горад Пінск.


Калі Міхась Рудкоўскі скончыў вучылішча, то ён некаторы час працаваў настаўнікам у Кукаўскай сямігадовай школе і адначасова працягваў вучобу на філалагічным факультэце Брэсцкага педагагічнага інстытута імя A.С.Пушкіна. Атрымаўшы дыплом настаўніка беларускай мовы і літаратуры, у 1962 годзе Міхась Рудкоўскі пераехаў у Брэст і працяглы час працаваў рэдактарам літаратурна-драматычных і музычных праграм абласной студыі тэлебачання. Першыя яго вершы былі апублікаваны ў 1958 годзе ў рэдакцыі Ганцавіцкай раённай газеты «Сялянская праўда», дзе ён таксама паспеў папрацаваць пэўны час да пераезду ў Брэст. Міхась Рудкоўскі быў вядомы не толькі як паэт, але і перакладчык з украінскай, рускай і польскай моў, з пад яго пяра вышла шмат зборнікаў вершаў. Пасля цяжкай хваробы, якая падкасіла яго сілы, ён памёр 7 ліпеня 1991 года. Пахавалі Міхася Рудкоўскага ў роднай вёсцы Востраў, дзе пазней быў створаны музей яго імя.

Заключным элементам алеі пісьменства стаў помнік Якубу Коласу, постаць якога не патрабуе шырокага прадстаўлення.


З’яўленне памятнага знака класіку беларускай літаратуры тут зусім не выпадковае. Уся справа ў тым, што пасля сканчэння Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі малады дваццацігадовы Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч ў 1902 годзе прыехаў настаўнічаць у вёску Люсіна, якая цяпер ўваходзіць у склад Ганцавіцкага раёна. Люсінскае народнае вучылішча на той час наведвала 35 хлопчыкаў і 2 дзяўчынкі. Працуючы ў Люсіне, акрамя настаўніцкай работы Якуб Колас рабіў этнаграфічныя запісы, збіраў вусную народную творчасць аб чым сведчыць яго нарыс «О крестьянских постройках (деревни Люсино Минской губернии Пинского уезда Хотыничской волости», які быў напісаны на рускай мове.


Пазней ў 1923 годзе ў Вільні асобным выданнем пабачыла свет першая частка трылогіі «На ростанях» аўтабіяграфічная аповесць «У палескай глушы», у якой вёска Люсіна названа Цельшына. Сёлета будзе адзначацца 135-годдзе з дня нараджэння Якуба Коласа (3 лістапада 1882 года – 13 жніўня 1956 года), а да помніка беларускаму класіку па традыцыі будуць ускладзены кветкі.

Такім чынам, дзякуючы Дню беларускага пісьменства гораду Ганцавічы была дадзена магчымасць не толькі правесці вялікія аб’ёмы работ па добраўладкаванні, а таксама ў новых помніках і памятных знаках выказаць словы ўдзячнасці літаратарам, жыццё якіх і творчасць цесным чынам звазана з Ганцавіцкім раёнам.
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: vitalis (18.10.2017) | Аўтар: Віталь ГЕРАСІМЕНЯ
Праглядаў: 1480 | Рэйтынг: 5.0/1
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны [9]
Падарожжа-параўнанне па гораду Ганцавічы [7]
Гісторыя пажарнай службы Ганцавіцкага раёна [3]
З гісторыі чыгункі [2]
Музейны архіў [9]
Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна [6]
Іншае [14]
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.