Аўторак, 23.04.2024, 10:21

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Трафімчык

Якуб Колас на Ганцаўшчыне не настаўнічаў! Або няма прарока ў сваёй Айчыне
У другой палове ХХ стагоддзя склалася традыцыя пісаць пра тое, што будучы народны паэт настаўнічаў на Ганцаўшчыне. З гэтай прычыны ў райцэнтры нядаўна Песняра ўганаравалі бюстам. Насамрэч Якуб Колас на Ганцаўшчыне не настаўнічаў. І самае галоўнае, што ён успрымаў Ганцавічы адчужана, не лічыў іх мястэчкам, з якім звязана яго доля! Хто ж найбольш заслужыў на ўстанаўленне помніка ў Ганцавічах?!

4 верасня краіна адзначыла Дзень беларускага пісьменства. Гэтым разам настала чарга невялічкага мястэчка Ганцавічы. Выдатна, што дзяржаўнае кіраўніцтва трымае ў полі зроку не толькі сталіцу і найбольшыя гарады, але і глухую правінцыю, якой з’яўляецца Ганцавіцкі раён. Многія мясціны ў раёне ў ХХ стагоддзі сталі літаратурнымі – адзначаны нараджэннем адораных Боскім талентам майстроў слова. Перадусім варта выдзеліць Івана Кірэйчыка, Міхася Рудкоўскага, Уладзіміра Марука, Алеся Каско, Віктара Гардзея, Алеся Кажадуба. Стала на паэтычнае крыло і яшчэ добрая плеяда ўлюбёных у мастацкую словатворчасць. Менавіта яны праславілі і надалей праслаўляюць Ганцавіцкі раён. Менавіта ім абавязаны горад гонарам стаць сталіцай маштабнага рэспубліканскага свята.

Адным з канцэптуальных момантаў святочнага дзейства стала адкрыццё помніка вялікаму беларускаму паэту Якубу Коласу. Бюст з выявай маладога Канстанціна Міцкевіча ўстаноўлены ў канцы Алеі пісьменства невялікага ўтульнага гарадка. Логіка ў выбары стварэння памятнай мясціны нібыта абсалютная: Якуб Колас у дваццацігадовым узросце пасля заканчэння Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі прыехаў настаўнічаць у вёску Люсіна, якая сёння ўваходзіць у склад Ганцавіцкага раёна. У другой палове ХХ стагоддзя склалася традыцыя пісаць пра тое, што будучы народны паэт настаўнічаў на Ганцаўшчыне. Аўтары артыкулаў – ад раённых газет да навуковых зборнікаў – не задумваючыся ставілі побач псеўданім паэта і назву рэгіёна, таму публікацыі часта так і называліся – "Якуб Колас і Ганцаўшчына". Іх паток не заканчваецца і сёння.

Аднак напаверку логіка аказваецца падманнай, створанай шляхам падмены паняццяў. У выніку выяўляецца непісьменнасць падыходу да справы ўвекавечання памяці выбітных дзеячаў айчыннай культуры і літаратуры. Фармалізм, адсутнасць мінімуму ўдумлівасці, хаця б нейкай аналітычнай глыбіні, а самае галоўнае – ведання творчасці Якуба Коласа, – вось якія рысы характарызуюць падыход да справы ўстанаўлення помніка вялікаму Песняру ў Ганцавічах. Асноўныя аргументы наступныя: 1. Ганцаўшчына як рэгіён склалася штучна і зусім нядаўна – у сярэдзіне ХХ стагоддзя. Але самае галоўнае – яго працяглае існаванне ў часе малаверагоднае і гістарычнымі меркамі вымяраць яго няма падстаў; 2. сам Якуб Колас падчас працы ў Люсіне лічыў, што ён жыве і працуе на Піншчыне; 3. горад Ганцавічы і Ганцаўшчына маюць сапраўды свайго вялікага пісьменніка і дзеяча культуры.

Але аб усім па парадку.

Да Другой сусветнай вайны такога геаграфічнага паняцця, як Ганцаўшчына не было. Чыгуначная станцыя Ганцавічы, якая дала імпульс развіццю аднайменнага мястэчка, у часы настаўнічання Якуба Колас (1902 – 1904 гг.) размяшчалася на тэрыторыі Круговіцкай воласці Слуцкага павета. Статус раённага цэнтра Ганцавічы атрымліваюць толькі ў 1940 г. пасля ўключэння Заходняй Беларусі ў склад БССР. У перыяд нямецкай акупацыі акупанты яго зрабілі ўвогуле абласной сталіцай. Тыя часы сталі паваротнымі для фарміравання паняцця Ганцаўшчына. Рэгіён пад такой назвай і з такой лакалізацыяй не мае трывалых гістарычных і культурных традыцый. У межах Ганцавіцкага раёна сабраны розныя кавалкі тэрыторыі з пункту гледжання іх культуры. Асабліва выразнае адрозненне бачыцца паміж паўднёвай часткай раёна, якая належыць да палескай субкультуры, і паўночнай, якая цягацее да сярэднебеларускай субкультурнай паласы. Каб гэта праверыць самому, варта звярнуць увагу, наколькі адрозніваюцца гаворкі жыхароў вёсак: дыялекты ад Любашава да Чудзіна маюць падабенства з літаратурнай беларускай мовай – у адрозненне ад выразна палескіх Раздзялавічаў, Макава, Ліпска… Нават незнаёмаму з дыялекталогіяй чалавеку лёгка вызначыць, да якой часткі раёна належыць той ці іншы жыхар. Прычым гэта размежаванне датычыцца не толькі культурнага, але і гаспадарча-эканамічнага аспекту, а таксама (не на пустым жа месцы тое размежаванне ўзнікла!) прыроднага. Як інфармуе артыкул Вікіпедыі, паўночная частка Ганцавіцкага раёна адносіцца да Баранавіцка-Ганцавіцкага агракліматычнага раёна, паўднёвая — да Пінскага. Тое ж і адносна глебаў, частка якіх – паўночная ўскраіна – адносіцца да Гродзенска-Ваўкавыска-Слонімскага аграглебавага падраёна (у адрозненне ад большай па велічыні паўднёвай часткі раёна, глебы якой тоесныя з пінскімі і лунінецкімі). Застаецца адкрытым пытанне, наколькі працяглым па часе акажацца існаванне такога рэгіёна, як Ганцаўшчына.

Вяртаючыся да тэмы Якуба Коласа, трэба сказаць, што паэт пра гэты падзел ведаў, канкрэтна яго ўсведамляў. Выразна гэта прасочваецца якраз па аповесці "У палескай глушы", дзейства у якой многія лакалізуюць на так званай Ганцаўшчыне. Але ж – дамо слова аўтару, які, як мы ведаем, з’яўляецца прататыпам галоўнага героя Андрэя Лабановіча. Малады цельшынскі настаўнік вырашыў праведаць свайго старэйшага таварыша і калегу Максіма Турсевіча, які працаваў перад прыходам Лабановіча ў цельшынскай школцы, а затым перавёўся ў Любашава (вёска побач з Ганцавічамі). Варта заўважыць, што гэты пасаж меў месца ў рэчаіснасці. Галоўнае – тое, што абодва выдатна ведалі мясцовасць – як цельшынскае наваколле, так і любашаўскае. Як жа яны суадносілі тыя мікрарэгіёны? Цытуем нарэшце (курсіў наш):

"Лабановіч слухаў сябра, згаджаўся з ім, як бы Турсевіч выказваў яго ўласныя думкі. Разам з гэтым і нейкае засмучэнне закрадалася яму ў душу.

– Ведаеш, брат, – сказаў ён. – Вельмі добра хоць зрэдку сустракацца з жывым чалавекам, пагаманіць, адвесці душу. А то жывеш у глушы, дзе жывога слова не пачуеш, жывеш адзін. <…> І вось цяпер, калі я крыху адышоўся ад свайго Цельшына і зірнуў на яго збоку, то гэта глуш, што цікавіла мяне спярша, пачынае здавацца варожаю і наводзіць на мяне нейкае засмучэнне, як бы я ў ёй або яна ва мне чуем непрыяцеля. Чым болей жыву там, тым больш пачуваю, што затрымацца там на доўгі час у мяне не хопіць сіл.

<…>

Турсевіч, залажыўшы за спіну рукі, хадзіў ад сцяны да сцяны і таксама аб чымсьці думаў.

– Так, брат, там цяжка. Па сабе ведаю, якая там глуш, – прамовіў Турсевіч. – Вось ты вазьмі: якія-небудзь дваццаць вёрст раздзяляе нашы месцы, а якая розніца! Тут зусім іншае: не той выгляд прыроды. Мы заўтра пройдземся, паглядзім… Ніяк, брат, няможна раўняць Случчыны з Піншчынаю. І дзеці ў школе не тыя. У іх больш сардэчнасці, больш, ведаеш, гэтай чалавечнасці, а твае палешукі – проста звяркі.

<…>

Сябры моўчкі ішлі з могілак. Відаць было, што кожнага паасобку займалі свае думкі. Лабановіч чуў нейкае засмучэнне і неспакой. Яго штось не здавальняла і кудысь цягнула. Магла быць тут прычынаю і тая акалічнасць, што, як яму здавалася, Турсевіч лепей вёў сваю школьную працу, і наогул яго школа рабіла ўражанне больш паспяховай школы. А можа, таксама мела значэнне іх скорая разлука, бо цяпер яны ішлі на станцыю, адкуль ён мусіць паехаць у сваю глуш". (Збор твораў, Мінск, 2011, Т. 13, с. 78-79, 84-85.)

Такім чынам, Якуб Колас выразна аддзяляе Ганцавічы – якой-ніякой цывілізацыі – ад Люсіна – відавочнай палескай глушы.

Якуб Колас
Здымак Якуба Коласа напрыканцы навучання
ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі,
напярэдадні ад’езду на першае месца працы ў Люсіне

Якуб Колас
Помнік Якубу Коласу, адкрыты 4 верасня ў Ганцавічах,
слаба падобны да выяваў Песняра і зусім адрозны ад таго,
якім быў паэт падчас працы ў Люсіне

Рэзюмуючы, сцвердзім: Якуб Колас на Ганцаўшчыне не настаўнічаў. І самае галоўнае, што ён успрымаў Ганцавічы адчужана, не лічыў іх мястэчкам, з якім звязана яго доля! І ўвогуле меркаваў, што люсінская і ганцаўская землі належаць да прынцыпова розных, адметных рэгіёнаў. Якуб Колас звязваў свой лёс з Піншчынай, любіў яе, прысвяціў ёй шмат вершаваных і празаічных радкоў. Канешне, вялікі Пясняр ушанаваны там – у Пінску і Пінкавічах. Але, як ні дзіўна, помніка ці хаця б бюста ў тых мясцінах… няма!

Крытыкуючы – прапануй, кажуць разумныя людзі. Задумаемся над тым, ці ёсць творчая асоба, якая б уклала увесь свой патэнцыял у Ганцаўшчыну? Менавіта і толькі ў гэты рэгіён – такім, якім яго стварылі ў чыноўніцкіх кабінетах? Аказваецца ёсць! Гэта – Васіль Праскураў. Нават банальная біяграма засведчыць, што ураджэнец Віцебскай вобласці не стаў чужынцам для Ганцавіч, палюбіў раён і людзей, якія сталі ні больш ні менш землякамі:

"Праскураў Васіль, нарадзіўся 25.08.1926 г. у вёсцы Негаціна Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны скончыў Сваташыцкую няпоўную сярэднюю школу. У 1945 г. прызваны ў Савецкую Армію. Да 1950 г. служыў карэспандэнтам армейскай газеты «За честь Родины» ў Аўстрыі, Венгрыі і Германіі. У 1950 – 1958 гг. – старшыня Ганцавіцкага райспажыўсаюза, экстэрнам скончыў Брэсцкую гандлёва-кааператыўную школу. У 1963 г. завочна скончыў факультет журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1958 – 1962 гг. – супрацоўнік ганцавіцкай раённай газеты «Савецкае Палессе», у 1962 – 1966 гг. працаваў у ляхавіцкай раённай газеце «Будаўнік камунізму», з 1966 г. – рэдактар газеты «Савецкае Палессе».

Першы літаратурна-крытычны артыкул апублікаваў у 1950 г. Аўтар кніг публіцыстыкі "Святая сівізна” (1966), "Трое з-за Лані” (1967), "Людзі-суседзі” (1974), "Пакажы чалавеку дарогу” (1979), "Пакланіся зямлі-карміцельцы”(1982), "Чорны хлеб”(1984). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя П.М. Лепяшынскага (1986) за кнігу ”Пакланіся зямлі-карміцельцы”. Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1968). Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1987 года. Узнагароджаны медалямі.

Памёр 22.05.1987 г."

Аднак даведка не адлюстроўвае, якое багацце душы В.Праскураў уклаў у Ганцаўшчыну і яе жыхароў! Пра зямлю, пра яе працаўнікоў журналіст шэраговай "раёнкі" пісаў з любоўю, гранічнай да шчымлівасці, пісаў паэтычна, узнёсла. Каб пераканацца ў гэтым, варта прачытаць яго кнігі, якія сталі ўзорнымі для славеснікаў любой прафесіі па ўсёй беларускай краіне. Тэматыка яго нарысаў на сёння, магчыма, страчвае акутальнасць, але закладзеная ў іх чалавечнасць – велічыня пастаянная, свайго роду маральная, духоўная канстанта.

Больш таго, яркая плеяда паэтаў – ураджэнцаў Ганцавіцкага раёна, са згадкі якой мы пачалі разважанні, узгадавана менавіта пад чуйным пісьменніцкім крылом В. Праскурава. Свайго рэдактара яны лічылі гуру. Дый у народным асяродку маладых, няўрымслівых супрацоўнікаў рэдакцыі клікалі не інакш, як "праскураўцамі”. Толькі, як порсткія птушкі, пасталеўшы, яны пакінулі роднае гняздо. А Настаўнік застаўся, чым фактычна блаславіў Ганцаўшчыну. У тым, што сёлета Дзень беларускага пісьменства праводзіўся ў Ганцавічах, вялікая, першасная заслуга В.Праскурава, творчыя інтэнцыі якога, такім чынам, жывуць і квітнеюць!

Васіль Праскураў, асилий Проскуров
Васіль Праскураў – ганцаўскі літаратар, журналіст, настаўнік

Але… няма прарока ў сваёй Айчыне. Сёння, бадай, толькі вуліца ў Ганцавічах і раённая бібліятэка носяць імя чалавека, які больш чым хто іншы аддаў Ганцаўшчыне, паклаў жыццё на яе алтар. І калі спытаць у мясцовых жыхароў, хто ж такі Васіль Праскураў, у лепшым выпадку (нават ад некаторых філолагаў) пачуеце агульны адказ: пісьменнік. Хоць гэты дзеяч заслужыў самага высокага ўганаравання. Перш за ўсё – у Ганцавічах.

Не прыніжаючы аніяк Якуба Коласа, усё ж трэба мець на ўвазе, што народнага паэта ведае ці не кожны грамадзянін Беларусі. А імя Васіля Праскурава, на жаль, пакрысе адыходзіць (ужо адышло!) у цень насычанага літаратурнага працэсу і імклівага сацыяльнага развіцця. Як піша Віктар Гардзей у такім цёплым, харошым нарысе пра свайго старэйшага сябра, калегу па газеце і настаўніка «Пясняр Палескага краю», «сапраўды, нягледзячы на тое, што ў Ганцавічах Васіль Фёдаравіч жыў і працаваў амаль усе пасляваенныя гады, мала знойдзецца людзей, якія б ведалі што-небудзь істотнае з біяграфіі пісьменніка. Пра сябе ён гаварыў рэдка, а калі згадваў далёкае юнацтва, то часта расказваў пра даўнія сустрэчы з Якубам Коласам, Янкам Купалам, Аляксеем Сурковым. <…> Напэўна, усё з-за той жа прыроднай сціпласці ён пры жыцці так і не надрукаваў ніякіх аўтабіяграфічных звестак».

Бюст Якубу Коласу ўстаноўлены. І цяпер пераносіць яго не варта. Тым больш што і сёння жыхары розных вёсак Ганцавіцкага раёна і самога горада любяць і шануюць Песняра. Але справай гонару застаецца ўстанаўленне на Алеі пісьменства яшчэ аднаго помнічка – Васілю Праскураву, які жыў на Ганцаўшчыне, еў чорны хлеб яе долі, любіў і шанаваў там людзей-суседзей, пакланяўся зямлі-карміцельцы, сваім прыкладам паказваючы кожнаму чалавеку дарогу. Дарогу да чалавечнасці.

Апытанне.
1. Як Вы ставіцеся да ўстанаўлення помніка Якубу Коласу ў Ганцавічах?
2. Каго з пісьменнікаў, па Вашым меркаванні, варта ўшанаваць у Ганцавічах помнікам ці бюстам?

Віктар Гардзей, пісьменнік. Нарадзіўся 19 жніўня 1946 г. у в.Малыя Круговічы Ганцавіцкага раёна. Пасля заканчэння Круговіцкай сярэдняй школы працаваў у калгасе. Быў карэспандэнтам Ляхавіцкай, затым з 1966 г. Ганцавіцкай раённай газеты. З 1980 г. жыве ў Мінску.
1. Якуб Колас быў у Ганцавічах, калі прыязджаў да сябра-калегі Фурсевіча (прататып Турсевіча – А. Т.). Пра гэта расказваецца ў аповесці "У палескай глушы”. Там апісаны высокія, цяністыя прысады, якія я меў шчасце застаць. З гэтай прычыны фармальная зачэпка для ўстанаўлення помнічка Якубу Коласу ў Ганцавічах ёсць. Але хутчэй за ўсё гэта задума мясцовага начальства. Трэба сказаць, што сын Коласа, Міхась Канстанцінавіч (а я з ім гутарыў) усцешаны, што помнік гэты будзе.
2. Лічу, што заслужвае помніка Міхась Рудкоўскі. Ён першы паэт з Ганцавіцкага раёна такой велічыні. Яго вершы не старэюць. І радкі пра Ганцавічы па-мастацку моцныя! Прыйдзе час, усё роўна давядзецца Рудкоўскаму ставіць помнік у Ганцавічах.
Алесь Каско, пісьменнік, журналіст. Нарадзіўся ў 1951 г. у в.Чудзін. У 1968 г. паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.Пушкіна. Служыў у Савецкай Арміі, затым працаваў у роднай вёсцы і працягваў вучобу завочна. У 1974 г. перавёўся на стацыянарнае аддзяленне (скончыў у 1976-м). Працаваў карэспандэнтам Жабінкаўскай раённай газеты «Сельская праўда». 3 1984 г. — рэдактар на Брэсцкай абласной студыі тэлебачання, адказны сакратар Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў. Цяпер жыве і працуе ў г.Жабінка.
1. Яшчэ не бачыў алеі, дзе ўстанаўліваецца помнік (пытанне задавалася напярэдадні свята – А. Т.). Не ведаю, наколькі яна вялікая. Мо там і 8-9 помнічкаў змясцілася б. Добра было б бачыць там і Купалу, і Багдановіча. Я паставіў бы кампазіцыю Лабановічу і Ядвісі. Увогуле ўстаноўку помніка лічу справай вартай.
2. Многія тыя, хто заслужыў ужо увекавечаныя. Імя Віктара Гардзея носіць вуліца. Праскурава – вуліца і бібліятэка. Рудкоўскага – школа, да таго ж ёсць і яго музей. Сержпутоўскага пры яго значэнні, можа, малавата яшчэ ўшанавалі, але ёсць вуліца, куток у школьным музеі (Чудзінскай школы), памятны знак на месцы хутара Сержпутоўшчына.
Анатоль Кудласевіч, пісьменнік, бард. Нарадзіўся ў 1961 г. у в.Таўмачава Столінскага раёна. Дзяцінства і школьныя гады прайшлі ў в.Люсіна Ганцавіцкага раёна. Жыве ў Мінску.
1. Логіка ва ўстанаўленні помніка Якубу Коласу ў Ганцавічах ёсць: па адміністрацыйным дзяленні Люсіна, дзе ў пачатку ХХ стагоддзя настаўнічаў малады паэт, увайшло ў раён з цэнтрам у Ганцавічах. Падцягнута хіба пад сённяшні час, бо тады такога дзялення не было. А логіку можна знайсці ўсякую. І дзякуй Богу, хай будзе помнік!
2. Адзначыў бы В.Праскурава. Гэта адзін з самых салідных літаратараў, якія жылі ў Ганцавічах. Хачу сказаць, што варта ўшаноўваць і жывых. Добры прыклад – вуліца Віктара Гардзея. Чым больш помнікаў, тым больш памяці.
Катэгорыя: Анатоль Трафімчык | Дабавіў: admin (03.11.2011) | Аўтар: Анатоль ТРАФІМЧЫК
Праглядаў: 4864 | Тэгі: Анатоль Кудласевіч, Віктар Гардзей, Якуб Колас, Алесь Каско, Дзень беларускага пісьменства, Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 5.0/16
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 1

vitalis
Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.