Чацвер, 18.04.2024, 10:03

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віктар Гардзей

Ганцаўшчына: як многа ў гэтым слове… (частка трэцяя)
6

Ёсць у нашым палескім краі сялібы і нават цэлыя вёскі, якія, авеяныя славай вялікіх людзей, і самі сталі знакамітымі не толькі ў сваёй мясцовасці, але і далёка за яе межамі. Феномен гэты можна вытлумачыць і простым збегам акалічнасцей, і Боскім наканаваннем — пастаянна быць у цэнтры народнай увагі. На будынку трохпавярховай Люсінскай сярэдняй школы ўжо шмат дзесяцігоддзяў пра нечаканыя дарункі лёсу сведчыць мемарыяльная дошка: «У нашай в.Люсіна ў 1902 — 1904 гг. працаваў настаўнікам вялікі пясняр беларускага народа Якуб Колас (К.М. Міцкевіч) і напісаў аповесць «У палескай глушы» аб гэтай вёсцы». Паводле архіўных звестак, Люсінскае народнае вучылішча тады наведвалі 35 хлопчыкаў і дзве дзяўчынкі, што для нейкіх пяцідзесяці сялянскіх двароў было зусім няблага. Пра той нялёгкі час Якуб Колас пісаў так: «...у сваёй рабоце чэрпаў малады настаўнік поўную чарку высокага знання, лёгка асільваючы тое, што яшчэ ўчора здавалася ім незразумелым і трудным. Больш разбітных і здольных любіў ён той любасцю, якая можа быць толькі ў настаўніка да сваіх выхаванцаў». Варта дадаць: любоў гэтая была ўзаемная.

Люсіна, Якуб Колас
Памятны знак у вёсцы Люсінана на месцы,
дзе стаяла школа ў якой працаваў Якуб Колас


Амаль сто дзесяць гадоў прайшло з таго часу, як парог Люсінскай школкі пераступіў малады настаўнік Канстанцін Міцкевіч і амаль трыццаць гадоў споўнілася з дня, калі ў Люсінскай сярэдняй школе ўпершыню расчыніў свае дзверы Літаратурна-этнаграфічны музей імя Якуба Коласа. За гэты час тут акрамя беларусаў былі госці з Расіі і Амерыкі, украінцы, палякі, немцы, азербайджанцы, малдаване, кіргізы... Едуць сюды і цяпер — з Мінска, Віцебска, Гомеля, Брэста, іншых гарадоў і вёсак, каб яшчэ раз прайсціся жыццёвымі сцежкамі беларускага песняра, каб аддаць даніну пашаны і павагі генію. У Люсіне, дарэчы, невялікі Коласаўскі пакой ёсць і ў сельскай бібліятэцы. Тут захавалася неўміручае слова паэта, тут злучаюцца інтарэсы прыхільнікаў творчасці Якуба Коласа і Яе Вялікасці Кнігі. «На ростанях», «Новая зямля», «Дрыгва», «На прасторах жыцця» і многія іншыя бессмяротныя творы займаюць пачэснае месца ў фондах бібліятэкі. Яе багацце і гонар — краязнаўчыя матэрыялы, сабраныя на працягу многіх гадоў бібліятэкарамі і ўдзельнікамі аматарскага аб'яднання «Юны краязнаўца». Сярод іх найцікавейшыя дакументы пра жыццё песняра на палескай зямлі, пра першых вучняў маладога настаўніка і іх нашчадкаў.

Якуб Колас, Люсіна
Літаратурна-этнаграфічны музей імя Якуба Коласа ў вёсцы Люсіна

Літаратурна-этнаграфічны музей імя Якуба Коласа адкрыты 24 красавіка 1982 года, якраз напярэдадні стогадовага юбілею паэта. Ці варта казаць, што гэта была вельмі важная падзея ў культурным жыцці раёна, вобласці і нават рэспублікі. Пра тое, як люсінцы дбайна і клапатліва берагуць памяць народнага паэта, у мяне ёсць мастацкі нарыс «Падарожжа ў Цельшына», надрукаваны ў кнізе «Паміж Бобрыкам і Ланню», таму, каб не паўтарацца, згадаю толькі істотныя моманты той даўняй падзеі. На адкрыццё музея ў Люсіна прыехала абласное літаб'яднанне «Заранка» ледзь што не ў поўным сваім складзе, у школе адбылася творчая сустрэча з вучнямі, настаўнікамі і жыхарамі вёскі, якія запоўнілі актавую залу. Столькі літаратараў, пераважна маладых і ўжо вядомых паэтаў, Люсіна яшчэ не бачыла. Гледачы вельмі цёпла віталі выступленні гасцей — Уладзіміра Калесніка, Васіля Праскурава, Ніны Мацяш, Алеся Каско, Міколы Пракаповіча, Алега Мінкіна, Зінаіды Дудзюк, украінскага паэта Пятра Маха. Вечарына ў школе заняла аж некалькі гадзін і працягвалася на беразе Дубаўскога возера, каля славутых Ядвісіных дубоў, дзе на пачатку веку блукаў закаханы аўтар трылогіі «На ростанях», а лёс гарэзлівай Ядвісі, літаратурнага персанажа, такой жывой, рэальнай дзяўчыны з Люсіна, да гэтага часу хвалюе чытачоў.

Школьны Коласаўскі музей, аформлены з вялікай любоўю і выдатным мастацкім густам, безумоўна, усім нам спадабаўся, і ўжо тады было вядома, што ў гэтым грунтоўным ушанаваннем памяці вялікага песняра — заслуга самаадданай, руплівай настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Ганны Мурсалім, пад кіраўніцтвам якой вучні сабралі шматлікія матэрыялы пра люсінскі перыяд жыцця Якуба Коласа, знайшлі шмат колішніх побытавых рэчаў, што сталі экспанатамі музея. Ёсць тут і рэдкі фотаздымак старой вёскі Люсіна, пра якую ў трылогіі «На ростанях» гаворыцца: «Невялікая вёска ў адну вуліцу выглядала непрыветна і непрытульна. Амаль што не каля кожнай хаты ляжалі кучы бярвенняў і гнілі, але нікому не прыходзіла ў галаву палажыць кладачку хоць супраць свае хаты, каб льга было прайсці праз балота, у якім тапілася гэта вуліца. Але палешукі звыкліся з гэтай граззю і не зварачалі на яе ўвагі. Хаты былі пераважна новыя, пабудаваныя з тоўстага і гладкага лесу. У размяшчэнні гаспадарскіх будынін на двары таксама не было пэўнага парадку і сістэмы, а ўсё было навалена як папала».

Прайшлі дзесяцігодцзі, але ў сваё Цельшына (назва вёскі Люсіна ў першай аповесці трылогіі) народны паэт, як ні мучылі ўспаміны юначай пары, прыехаць не змог па многіх прычынах: спачатку палескі край быў пад польскай акупацыяй, затым была кровапралітная вайна з фашыстамі, а калі калатнеча на свеце трохі ўляглася, здароўя ўжо не хапала на такія далёкія вандроўкі. Усё новыя і новыя пакаленні люсінцаў ганарацца тым, што ў іхняй вёсцы калісьці працаваў вялікі пісьменнік і што менавіта ў Люсіне нарадзілася сённяшняя сімпатыя і любіміца чытачоў — дзёрзкая, свавольная Ядвіся. Людзі па-свойму шкадуюць яе рамантычнае, па-маладому яшчэ кволае каханне, самі спрабуюць высветліць, чаму «вельмі прыгожая дзяўчына з вялікай чорнай касой», не прыняўшы ўзаемных хлапечых пачуццяў, нечакана выехала з Люсіна. Незадаволены бацька? Злая мачаха? Але ж з аповесці ясна ўгадваецца прычына разладу: Ядвіся зараўнавала Лабановіча да сваёй саперніцы — «цікавую» панну Людмілу, дачку каморніка з выселак Завітанкі, што на другім баку чыгункі. У гэтых дзвюх палескіх вёсак — рэальным Люсіне і літаратурным Цельшыне ўсё так пераплялося і знітавалася, што не ўзнікае нават і думкі адрозніваць люсінскага настаўніка Канстанціна Міцкевіча і кніжнага Андрэя Лабановіча, каравокую стройную Ядвісю, па якой і сёння журыцца палескі край, і рамантычную, дзёрзкую Ядвісю, якая напаследак перад ад'ездам вырывае дзікую грушку каля школы.

Нагадаю, аповесць «У палескай глушы», як і ўся Коласава трылогія «На ростанях», — твор глыбока аўтабіяграфічны, таму не дзіўна, што і яе персанажы ўспрымаюцца адпаведна — рэальнымі, жывымі людзьмі. Нам вельмі шкада чароўную, але няшчасную Ядвісю, якая, паводле аповесці, з'ехала кудысьці на Гродзеншчыну і больш не вернецца на старонкі твора. Надоўга згубіцца след люсінскай дзяўчыны і ў рэальным жыцці, хаця пошукі яе вялі многія даследчыкі, літаратуразнаўцы, вучоныя. Доктар філалагічных навук, вядомы паэт Алег Лойка, як прызнаецца сам, вельмі расхваляваўся, калі занадта позна даведаўся, што некалі ў маленстве жыў у Слоніме амаль па суседстве з Коласавай гераіняй, бачыў яе не раз на тагачасным Цвінтарным завулку і добра запомніў у твар. A штуршок да пошуку далі ўспаміны нашага старэйшага паэта Сяргея Новіка-Пеюна, які сцвярджаў, што яшчэ ў 1936 годзе яго знаёмая Ядвіся жыла з дочкамі ў Слоніме, пісала вершы і друкавала іх у газеце «Наша ніва» пад псеўданімам Юстына.

Надзея даведацца што-небудзь істотнае пра Коласаву Ядвісю за той перыяд, калі яна выехала з Ганцавіч, як з'явілася, так і патухла. Урэшце, і Алегу Лойку да канца не ўдалося высветліць, ці была Ядвіся паэтэсай, а калі і была, то чаму перастала пісаць і друкавацца? Няма дакладнага адказу і на пытанне, ці помніла яна сваё Люсіна, дзе ўспыхнула і пагасла яе такое рамантычнае, прыгожае каханне? А далейшы Ядвісін лёс і ўвогуле невядомы. Паводле прызнання Алега Лойкі, апытванне ў Слоніме нічога не дало. Яшчэ ў 1960-х гадах мінулага стагоддзя, калі па рэдакцыйных справах я часта прыязджаў у Люсіна, жыхары вёскі апавядалі мне, што Коласава Ядвіся выехала ў Польшчу, і там яе сляды канчаткова згубіліся. Можа, яно і так — чалавека на чужыне знайсці не лягчэй, чым іголку ў стозе. Між іншым, поўнае дзявочае прозвішча нашай гераіні — Ядвіга Ігнатаўна Баранцэвіч, а ў замужжы яна — Бухельская. Вось так і нараджаюцца легенды пра незвычайных літаратурных герояў, праўда, спачатку ў колах даследчыкаў і літаратуразнаўцаў, а потым міфы пасяляюцца там, адкуль і выйшлі. Цяпер свая легенда ёсць і ў Люсіне — легенда пра Ядвісіна горкае каханне, легенда-гіпотэза пра Ядвісю-паэтку, бо сапраўды — нельга такой знакамітай вёсцы без уласнай легенды!

Вядома, жывая памяць пра вялікіх людзей мае пад сабой той жа пачатак і аснову, што і стварэнне прыгожых міфаў. Надзвычай арыгінальна і творча мясцовыя ўлады, настаўнікі і жыхары вёскі Люсіна ўшанавалі 120-гадовы юбілей з дня нараджэння Якуба Коласа. На пляцы былой Цельшынскай школы, дакладна па яе перыметры, будаўнікі выштукавалі новы падмурак ды паклалі першы вянец з круглых смалістых бярвенняў, устанавілі валун з мемарыяльнай дошкай у выглядзе разгорнутай кнігі. Мастацкую цікавасць уяўляе і драўляная скульптура маці-паляшучкі з дзіцём на руках, а па дрэве выразаны словы: «Жыццё жаночае такое». Адкрыццё памятнага знака, прысвечанага народнаму песняру, ператварылася ў вялікае свята вёскі Люсіна. На месцы, дзе стаяла калісьці Коласаўская школка, улетку квітнеюць чырвоныя, аранжавыя, белыя краскі, і, трэба спадзявацца, з такой жа неаслабнай любоўю жыхары Ганцавіцкага раёна ўшануюць і чарговы юбілей Якуба Коласа, які няўхільна набліжаецца і будзе адзначаны ўжо сёлета.

7

Іншы раз прыходзіць зваблівая і прыемная думка, што міфалагічны Парнас з усімі яго небажыхарамі знаходзіцца дзесьці паблізу — вунь за тым дрымучым лесам, вунь за тою асмужанай раўнінай, дзе лінія гарызонту, колькі б да яе ні ішоў, заўсёды стаіць на адным месцы, быццам знарок засланяе дарогу на славутую гару. Без пахвальбы кажучы, цяпер у нас можна налічыць добры дзясятак творцаў, каму капрызная Муза не пашкадавала паэтычнага натхнення і сапраўднай удачы. Васіль Праскураў, Міхась Рудкоўскі, Іван Кірэйчык, з маладзейшых — Алесь Каско, Алесь Кажадуб, Уладзімір Марук, Іван Лагвіновіч. На палескай зямлі «засвяціліся» і такія яркія таленты, як Мікола Купрэеў, Міхась Дубянецкі, Мікола Антаноўскі, Анатоль Кудласевіч, з пазнейшага прызыву — Анатоль Трафімчык, Святлана Локтыш. Быў жа час, калі Ганцаўшчына, увогуле багатая на фальклор, вусную народную творчасць і песенныя традыцыі, не магла пахваліцца колькі-небудзь значнымі літаратурнымі імёнамі, вядома, не маючы на ўвазе першаадкрывальнікаў мастацкага слова ў нашым краі Аляксандра Сержпутоўскага і Якуба Коласа, якія ў сваіх выдатных творах пра Палессе годна і на вякі праславілі шматпакутную ганцавіцкую зямлю.

Пасля такога магутнага пачатку літпрацэс тут заціх на доўгія дзесяцігодцзі, што не ў апошнюю чаргу было звязана з гаротным жыццём народа — беднасцю, пагалоўнай непісьменнасцю, жорсткім уціскам з боку царскіх улад, розных пазнейшых рэжымаў і акупантаў. Толькі ў пасляваенны перыяд, калі і хлеб, і кніга займелі ў людзей аднолькава высокую сацыяльную і эстэтычную патрэбу, літаратурны занятак пачаў адраджацца, а на мяжы шасцідзясятых і сямідзясятых гадоў выбухнуў з такой сілай, што ганцавіцкіх паэтаў і празаікаў пачулі далёка — хто з недаверам, хто з радасцю. У тым першым пасляваенным прызыве таленавітых творцаў былі мудры нарысіст і настаўнік моладзі Васіль Праскураў, вялікі эстэт у паэзіі Міхась Рудкоўскі, тонкі знаўца мовы і прыроды Іван Кірэйчык, і гэта дзякуючы ім, а таксама іх маладзейшым на цэлае дзесяцігоддзе калегам Ганцаўшчына стала блаславёным паэтычным краем, які сёння ведаюць у кожным кутку Беларусі, бо нідзе яшчэ такога інтэнсіўнага выбуху талентаў проста не было. Усіх ганцавіцкіх творцаў я ведаў асабіста, з усімі сябраваў, і вельмі шкада, што пра многіх даводзіцца гаварыць ужо ў мінулым часе і са смуткам лішні раз нагадваць, што кожны з іх пакінуў багатую літаратурную спадчыну і самыя светлыя ўспаміны пра сябе. Толькі ж надта доўгі гэты журлівы спіс.

Фальклорная спадчына палескай глыбінкі надзвычай багатая і ў пераліку жанраў вуснай народнай творчасці. Акрамя абрадавых, жніўных, валачобных і іншых песень прадстаўлена чарадзейнымі казкамі, замовамі, легендамі і паданнямі, у якіх зіхацяць залацінкі невычэрпнай мудрасці народа і мілагучнай беларускай мовы. Яшчэ ў час працы маладым настаўнікам у Люсіне Якуб Колас пачуў нямала фальклорных твораў-скарбаў, а пазней ён шчыра раіў сябрам-пісьменнікам: «Прыслухоўвайцеся да народнай гутаркі, запісвайце трапныя выразы, параўнанні, прыказкі». Гэта дзякуючы народнаму паэту да нас дайшло паданне пра гуляку пана Яшука, які дужа здзекаваўся з маладзенькіх прыгожых дзяўчат. Аднойчы ён прыехаў у Люсіна на паляванне, і яго тут павесілі цімакі на дрэве, а тое месца, дзе злы пан знайшоў сваю пагібель, і сёння называецца Яшуковай гарой.

Асабліва шмат бытуе ў нашым краі твораў вуснай народнай творчасці, у якіх ярка выражаны міфалагічны, чарадзейны змест. Так, у сваёй роднай вёсцы Малыя Круговічы яшчэ ў дзяцінстве я пачуў легенду пра камень-следавік, а пазней Haпicaў верш «Андрэеў камень». Вось тая легенда:
Спрадвек сухадол называўся Дадаткі:
Хмызоўе бучнела, куп'ё ды пянькі.
На ўлонні хадзілі сялянскія статкі —
Ад вёскі вярсты, можа, дзве нацянькі.

З нязменнай жалейкай, ці дождж, ці спякота,
Там пасвіў жывёлу вясёлы Андрэй.
Дзяўчаты на хлопца паглядвалі ўпотай
I часта дражнілі: «Андрэй, не дурэй...»

Аднойчы ўсчалася страшэнная бура,
Пад ліўнем упокат палегла трава.
Авечкі дрыжалі, каровы панура
Абмежкам пад вечар брылі да хлява.

Але пастуха больш ніхто не пабачыў,
Шукалі, бо зналі: не так сабе знік, —
Ды толькі патрапіўся камень гарачы,
Найменне якому — валун-следавік.

Адбіўся на камені след чалавечы,
А трошкі ніжэй ад яго і наўскос
Яшчэ два адбіткі — каровін, авечы,
He мог жа іх выразаць каменячос?

Жалейка ляжала, дубец абгарэлы,
I ціха, і пуста было навакол.
Відаць, недарэмна маланкі, як стрэлы,
Шугалі за вёскаю на сухадол.

Музыка Мацей жыў пазней на пагорках,
Дзе вогненным смерчам прайшлася бяда,
Ды плакала скрыпка ягоная горка,
Народ весяліць не хацела дуда.

* * *

Прайшло «асушэнне» буйнога маштабу:
З Дадаткаў рабілі як стол сенажаць. 
Патрапіўся камень на вочы прарабу,
I ён загадаў следавік закапаць.

Пра камень Андрэеў у нашу эпоху
Дайшло хоць паданне з сівой даўніны,
А там, дзе ляжаў ён, зялёны ад моху,
На досвітку гукі жалейкі чутны.
Запаветам Якуба Коласа — збіраць і запісваць народную мудрасць — трэба сказаць, якраз і кіруюцца ў сваёй краязнаўчай працы нашы раённыя бібліятэкары, якія, праяўляючы вялікую цікавасць да фальклорнай спадчыны, ужо маюць багатую калекцыю казак, легенд і паданняў, што сведчаць пра самабытнасць і мудрасць народа, прыгажосць яго мовы.

У далёкія часы, калі яшчэ і чыгункі не было, ці то вандроўніцкі, ці то салдацкі лёс асобных польскіх і рускіх пісьменнікаў закідваў на Ганцаўшчыну, і пра гэты бядотны, загадкавы край яны пакінулі ўспаміны ў сваіх дзённіках і літаратурных творах.

Ева Фялінская. Вядомая рэвалюцыянерка і пісьменніца. Дзяцінства яе прайшло ў спадчынным маёнтку Вяндорфаў у вёсцы Галынка, што прытулілася на ўскрайку дрымучага Машукоўскага лесу. Разам з вясковымі дзецьмі паненка вучылася ў прыходскай школе і ўжо тады бачыла гаротнае жыццё прыгонных сялян. Вучобу працягвала ў знакамітай Слуцкай гімназіі, а пасля замужжа пасялілася ў ваколіцах Луцка. Тут, у маёнтку Ваюцін, стварыла філіял тайнага віленскага «Жаночага таварыства», але дзейнасць гэтага аб'яднання ўладам здавалася вельмі небяспечнай, і яе кіраўніка, якая хавалася пад псеўданімам Скала, разлучыўшы з дзецьмі, адправілі ў сібірскую ссылку — у Бярозаў Цюменскага краю.

Ева Фялінская
Ефа Флінская

У сваіх сібірскіх дзённіках Ева Фялінская апісала жыццё абарыгенаў — хантаў, мансійцаў і ненцаў. Вярнуўшыся з высылкі ў Саратаў, працягвала пісьменніцкую працу і акрамя дакументальных дыярыушаў стала аўтарам папулярных у чытачоў аповесцей «Герсілія», «Пан дэпутат», «Пляменніца і цётка», кнігі «Успаміны». У 1856 — 1860 гадах яе творы выйшлі ў пяці тамах. Для нас творчасць Евы Фялінскай цікавая тым, што ў яе аповесцях не раз згадваецца вёскаАгарэвічы, куды, відавочна, яшчэ ў юнацкія гады пісьменніца наведвалася ў маёнтак паноў Свяжынскіх і пакінула дакладныя замалёўкі шляхецкага і сялянскага жыцця ў тыя далёкія часы. Памерла яна ў 1859 годзе ў мужавым маёнтку Ваюцін. Вядомая капліца ў вёсцы Ясянец належыць даўняму нямецкаму роду Вяндорфаў, з якога і паходзіла Ева Фялінская.

Уладзімір Бранеўскі. Вядомы рускі ваенны пісьменнік. У 1810 годзе падарожнічаў па ўскраінах Расіі, пабываў у Ляхавічах, дзе застаў ужо амаль разбураную крэпасць, а на Палессі яму давялося колькі дзён пажыць у вёсцы Любашава.

Канстанцін Паустоўскі. Рускі пісьменнік. У час Першай сусветнай вайны служыў на Палессі ў складзе санітарнага атрада. Уражанні таго перыяду выкарыстаны ў яго кнізе «Аповесць пра жыццё», у якой не раз трапляюцца назвы прыфрантавых мясцін — Ляхавічы, Рэйтанава, Сіняўка, Любашава.

Канстанцін Паустоўскі
Канстанцін Паустоўскі

У жніўні 1915 года ён паведамляў з Ганцавіч: «...Пішу цяпер у хаце. Равуць дзеці, плачуць бабы, баяцца — набліжаецца «герман», за акном тысячныя абозы бежанцаў, — скрозь вогнішчы і вогнішчы, бруд, смурод, дажджы, сыры вецер з навакольных балотаў...» У савецкі час Канстанцін Паустоўскі стаў прызнаным пісьменнікам, аўтарам маштабнай «Аповесці пра жыццё», кніг прозы «Кара-Бугаз», «Калхіда», «Чорнае мора», «Залатая ружа» і іншых шматлікіх твораў пра ахову і любоў да прыроды.

Антон Брынскі. Рускі савецкі пісьменнік. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху на Палессі. Летам 1942 г. дыверсійная група А.Брынскага дыслацыравалася каля возера Выганашчанскага на тэрыторыі Ганцавіцкага раёна, у лістападзе частка партызан перайшла на Валынь і ў Ровенскую вобласць для правядзення дыверсійнай работы. З 1943 года будучы пісьменнік — камандзір партызанскай брыгады асобага прызначэння, з 1944 года — Герой Савецкага Саюза. Пра сваё баявое юнацтва і партызанскую барацьбу ў глыбокім тыле ворага напісаў кнігі «Па той бок фронту», «Баявыя спадарожнікі мае», «Дзяўчынка з Мар'інага гаю» і іншыя. Цэлы раздзел у кнізе «Па той бок фронту» Брынскі прысвяціў легендарнаму партызану, жыхару вёскі Боркі Мікалаю Вельку, і толькі дзякуючы відавочцу тых суровых падзей мы сёння ведаем пра жыццё і подзвіг гэтага мужнага патрыёта.

* * *

Якуб Колас, Ганцавічы
Помнік маладому Якубу Коласу ў горадзе Ганцавічы

Прыгожым і сонечным вераснем мінулага года Ганцавічы праславіліся як сталіца чарговага Дня беларускага пісьменства, і гэта невыпадкова, таму што роднае слова ніколі тут не было ў заняпадзе. Галоўная асаблівасць свята — помнік маладому Якубу Коласу, адкрыты ў цэнтры раённага гарадка. Створана таксама Алея пісьменства, дзе ў бронзавыя картушы занесены восем тутэйшых творцаў, каму капрызная муза не пашкадавала паэтычнага натхнення і сапраўднай удачы.
Катэгорыя: Віктар Гардзей | Дабавіў: admin (15.09.2012) | Аўтар: Віктар ГАРДЗЕЙ-часопіс Полымя
Праглядаў: 3380 | Тэгі: Віктар Гардзей | Рэйтынг: 5.0/6
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.