Пятніца, 26.04.2024, 19:06

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віктар Гардзей

«Крыштальнае дно самых высокіх нябёсаў…»
Спачатку, стралой вылецеўшы з дрымучага і не менш знакамітага Машукоўскага лесу, сучасная асфальтаваная шаша, да мільгацення ў вачах расквечаная ахоўнымі дарожнымі знакамі і белымі палосамі, тут, акурат на мяжы Клецкага і Ганцавіцкага раёнаў, заўважна, у адно імгненне, замаруджвае імклівы бег, нібыта палохаецца, што леваруч з таго ж самага лесу не вынырнула яе адвечная спадарожніца — ціхаплынная, казачнай прыгажосці рэчка Нача. Але гэта не містычны падман: проста адразу за верставымі слупамі раптоўна памяняліся звыклыя воку малюнкі палескай прыроды. Пасля мімалётнага ўтрапення шаша зноў набірае разгон і, не ўтаймаваная няспынным грукатам аўтатранспарту, кіруецца на Ганцавічы праз бярозавыя пералескі і задумлівыя разлогі, дзе не часта цяпер трапляюцца людныя сялібы і абжытыя хутары.

Насупраць, адразу за шэрай стужкай асфальту, позірку адкрываецца шырокі палявы абсяг з роўнай і прамой, як пад шнур, селавой дарогай. Па ёй можна дайсці і даехаць хоць на край свету, але іншых дарог паблізу няма, і зацятаму вандроўніку трэба рашацца на нейкі, для сябе найбольш зручны, варыянт: ці чакаць якой аказіі, ці тэпаць да патрэбнай вёскі пяшком не меней як пяць вёрст, нават з гакам. Інакш кажучы, глытаць дарожны пыл у кузаве выпадковага грузавіка або даць волю маладым, яшчэ не стомленым нагам нацянькі па лубінавым полі, любуючыся незвычайна ўражлівымі тутэйшымі краявідамі. Ужо праз некалькі хвілін няспешнай хадзьбы добра наезджаны і ўтаптаны прасёлак спусціцца ў балоцістую лагчыну, і наперадзе запярэсцяць яшчэ не блізкія дахі сялянскіх хат, а што да нашай бяглянкі-прыгажуні Начы, якая ад самай Сіняўкі, віхляючы змейкай, бегла амаль упобачкі з шашой, то рэчка-гарэза як знікла неўпрыкмет дзесьці ў ваколіцах вёскі Машукі, так неўпрыкмет і знойдзецца на водшыбе вёскі Крышылавічы, але ўжо з іншага боку ляснога перашыйку. Ну, якога рамантыка не забавіць такая перспектыва прагуляцца на свежым паветры без асаблівых турбот пра нейкія хмарныя дні і згрызоты жыцця!

Мінула ўжо амаль паўвека, калі мне, карэспандэнту тагачаснай ляхавіцкай раённай газеты, ці не ўпершыню собіла прайсціся наўсцяж квітучай абалоны прыгажуні Начы, якую так хораша і вобразна апявалі ў сваіх вершах усе без выключэння паэты-землякі: Міхась Рудкоўскі, Іван Кірэйчык, а пазней і маладзейшы Уладзімір Марук. Навакольныя пейзажы не адзін раз мянялі сваё аблічча, абнаўляліся бальшакі і прасёлкі, але з памяці чамусьці выплываюць не сённяшнія, самыя свежыя, і таму дужа ўражлівыя і пераканаўчыя, а тыя, даўнія, яшчэ незабытыя, малюнкі і з’явы прыроды, цёплыя сустрэчы і сумныя ростані. Не ведаю, як хто, а я ў маладыя гады любіў хадзіць пяшком: на самоце хоць галёкай, хоць складай уголас куплеты — ніхто не пачуе, не пасмяецца. Але, азірнуўшыся цераз плячо, здзіўлены раптоўным шоргатам ветру, адразу прыбавіў кроку. З-за Машукоўскага лесу, увачавідкі запаўняючы абсяг, выплывала шэра-попельная хмара, і нават чуваць было, як дзесьці блізка, над жоўтым лубінавым полем, глуха буркнуў гром. Давялося ўцякаць ад навальніцы ледзь не ўподбег, бо важкія кроплі ўжо запляскалі па мокрым пяску прасёлка. Заспетаму сярод насупленай раўніны бурай і дажджом, мне цяпер не да разгляду сустрэчных людскіх сяліб, хаця не да месца падумалася: якія прыгожыя назвы! Кукаў-Бор, Востраў, Гута — тут адно і нараджацца таленавітым паэтам!

Уладзмір Марук

Такому «алімпійскаму» спрынтару, як я, уцячы ад раззлаванай хмары, вядома, не ўдалося: праліўны дождж і вецер дагналі ўжо за Востравам — у суседняй Гуце, дзе галоўнай вуліцай служыць усё тая ж селавая дарога: справа — прыціхлыя сялянскія хаты, злева — заваложаная дажджавою смугой абалона рэчкі Нача. За нейкі год рэдакцыйнай працы я добра засвоіў навуку: у непагадзь вандроўніка або раённага газетчыка прытуліць любая вясковая ўстанова — ці то пошта, ці быткамбінат, ці яшчэ якая кантора. У Гуце порсткі дождж загнаў акурат пад дах сельскай крамы, якая стаяла пры самай дарозе, і трэба было толькі радавацца, што вымак не вельмі, і можна было ў зацішку трохі прасушыцца, адпачыць. Але ў той жа момант у закрачанае акно хтосьці выглянуў, дзверы шырока і гасцінна расчыніліся. «Не стой, хлопец, пад грымотамі»,— сказаў невысокі, з лагодным тварам мужчына. «Але, заходзьце ўсярэдзіну», — гэтак жа ветліва запрасіла жанчына, таксама па ўзросце яшчэ даволі маладога веку. Як я ўцяміў з размовы, гэта былі муж і жонка Антон Васільевіч і Надзея Уладзіміраўна, з распаўсюджаным у Гуце прозвішчам — Марук. Даведаўшыся, што я прыехаў сюды з газеты, сардэчныя людзі запрасілі мяне ў сваю хату — зусім побач з крамай, накармілі, сагрэлі чаем і пасля прыемнай гутаркі нават правялі на прыпынак, дзе можна «прагаласаваць» спадарожнай машыне, якіх яшчэ і ў сярэдзіне шасцідзясятых тут траплялася няшмат. Пра тое, што я выпадкова гасцяваў у бацькоўскай хаце будучага выдатнага паэта Уладзіміра Марука, я, канечне, не мог ведаць, ды і самога Валодзю ў той дзень не пабачыў — дзесьці, мабыць, гойсаў з сябрамі па вуліцы ці лавіў на рэчцы акунёў і плотак — любімы летні занятак падлеткаў. Толькі намнога пазней, калі я працаваў ужо ў Ганцавічах, мне стаў вядомы гэты дзівосны факт, а тады, пасля шчырай бяседы, мы выйшлі з Маруковай хаты, і нас здзівіла цішыня на дварэ і святлынь у наваколлі. Неба ўжо распагодзілася, хмары гуртаваліся далёка над Лактышамі, а ў прасветлінах паміж белымі аблокамі, вымыты ліўнем блакіт казачна свяціўся. Я разумеў, што гэтае свячэнне ад яркай вясёлкі, а яна вольна раскінулася за прырэчнымі лугамі, і цяпер, нават праз дзесяцігоддзі, калі бачу нешта падобнае ў высокіх нябёсах, мне кожны раз згадваецца пазнейшы цудоўны Валодзеў верш пра сваю родную Гуту:

Гута — крыштальнае дно
Самых высокіх нябёсаў.
Хаты бацькоўскай акно
3 дзедавым полем зжылося.

Не наглядзяцца яны,
Як выпраўляемся ў людзі...
Гута. Крышталю званы
Песняй напоўнілі грудзі.

I немагчыма ступіць
Нам на мяжу адчужэння:
Цяжка, як цяжка любіць
Гуту майго пакалення.

Дзе ад яго і відно
Тое, што нам засталося —
Гэта крыштальнае дно
Самых высокіх нябёсаў.

Эпіграфам цудоўнага верша Уладзімір Марук невыпадкова паставіў радок свайго любімага паэта з Магілёўшчыны Анатоля Сербантовіча: «Вёска Гута, скажы мне, Гута...» Як бачна, тая ж самая назва вёскі, і амаль такая ж здагадка, што бацькоўскія хаты не наглядзяцца, як дзеці выпраўляюцца ў людзі. Мабыць, таму тут дужа высокія нябёсы, асабліва, калі пасля дажджу воблакі падсвечаны яркай вясёлкай, і «крышталю званы песняй напоўнілі грудзі». Вёска Гута прытулілася на ўзбярэжжы рэчкі Нача, сама па сабе не дужа і вялікая, але старажытная, хаця ніякіх звестак пра саматужны выраб крышталю і шкла да нашых дзён не захавалася. Пройдзе яшчэ шмат гадоў, калі я сустрэнуся з Валодзем Маруком, яшчэ не ведаючы, што ён гадаваўся акурат у той хаце, дзе мяне аднойчы захапіла навальніца.

Шкада, што ў мяне няма ніякіх біяграфічных звестак паэта, напісаных рукою самога аўтара. Таму, узнаўляючы ягоны жыццяпіс, даводзіцца карыстацца галоўным чынам матэрыяламі, сабранымі супрацоўнікамі Ганцавіцкай раённай бібліятэкі ці апублікаванымі ў газетах і часопісах, а таксама ў зборніках, якіх у яго не так і многа. Але і тут здараюцца недакладнасці, бо нідзе ў друку не гаворыцца пра першыя літаратурныя крокі Уладзіміра Марука на ганцавіцкай зямлі, пра ягоны даволі актыўны ўдзел у рабоце літаб’яднання «Рунь», а таксама пра паэтычныя падборкі адоранага юнака з вёскі Гута. Да сённяшняга часу з тых даўніх лірычных вершаў, надрукаваных у раённай газеце, помніцца гэты, прысвечаны бацькоўскаму краю, палескай зямлі, і якім паэт засведчыў сябе як арыгінальны і таленавіты творца:

Край вытокаў. У лясах палескіх,
Ля крыніц, ля векавых імшар
Выраслі дзяўчаты, як пралескі,
Здзейснілася столькі нашых мар.

Тут для нас становіцца падзеяй
Кожная драбнічынка жыцця,
Ад якой і на душы чысцее,
Ад якой — і крок да адкрыцця.

Гэта, як бачна, шчырае юначае прызнанне ў любові да песеннага Палесся і да роднай Гуты, над якою такое высокае неба з чараўнічым крышталёвым ззяннем блакіту. Тут у дружнай сялянскай сям’і, відаць, наканавана было нарадзіцца 6 студзеня 1954 года Уладзіміру Антонавічу Маруку, хаця далейшы ягоны лёс складваўся не заўсёды ўдала, а то і зусім гаркотна. Вучыўся ў Гуцянскай і Нацкай сярэдніх школах, потым — у Моўчадскай санаторнай школе-інтэрнаце ў суседнім Баранавіцкім раёне. У 1970 годзе закончыў школу і паступіў на вучобу ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум, дзе і адбылося творчае станаўленне будучага паэта. Менавіта ў гэты перыяд у газеце «Магілёўская праўда» былі апублікаваны вершы У.Марука «Беларусі», «Пазаслалі хмары ўсе шляхі» і іншыя. Адарваны, здавалася б, ад родных каранёў, ад тае прасторы, што знітоўвае душу з паэтычным светабачаннем, Уладзімір усё ж умацаваўся ў сваіх паэтычных перакананнях. Поруч быў і настаўнік — вядомы паэт Аляксей Пысін, які ўмеў заўважыць і падтрымаць талент.

Пасля заканчэння вучобы ў тэхнікуме Уладзімір Марук прыехаў на Ганцаўшчыну. Працаваў у цэнтральнай раённай і раённай дзіцячай бібліятэках, Шашкоўскай сельскай бібліятэцы, у аўтаклубе. Забягаючы наперад, варта адзначыць, што за час сваёй творчай дзейнасці Уладзімір выдаў кнігі паэзіі «Зоркі ў кронах», «Ліст рабіне», «Інкрустацыя голасам», «Ехаў Чыж у Парыж», «Чыж вярнуўся з-за мяжы» і іншыя, займаўся перакладамі з рускай, армянскай, узбекскай, туркменскай моў на беларускую, аўтар шматлікіх нарысаў, публікацый. Зямны шлях таленавітага паэта пасля цяжкай хваробы абарваўся ў самым росквіце жыццёвых і творчых сіл 23 студзеня 2010 года. Пахаваны на могілках у Калодзішчах. Шмат задуманага ім так і засталося нерэалізаваным, многія вершы засталіся ў рукапісах. Ганцавіцкія аматары паэзіі, смуткуючы па незваротнай страце, у газеце «Савецкае Палессе» выказалі пажаданне: «Хочацца спадзявацца, што сябры паэта зберагуць літаратурную спадчыну Уладзіміра Марука і ўвасобяць яе яшчэ ў адну кнігу паэта».

Уладзімір Марук

I гэтае пажаданне землякоў, вымаўленае ад шчырай душы, збылося. Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Літаратура і Мастацтва» (цяпер — «Звязда») выпусціла ў свет паэтычны зборнік «Кудмень», падрыхтаваны ў рукапісе самім аўтарам, яшчэ пры жыцці, і не яго віна, што кніга трапіла да чытачоў занадта позна, аднак у тым выглядзе, якім і задумаў яе таленавіты паэт. У анатацыі зборніка, як бы ахвярна падараванага нам з той далечы, куды ўжо не дайсці, ні даехаць, справядліва гаворыцца, што, шукаючы суладдзя паміж ранімай душой і жорсткім рэальным светам, «паэт часта адыходзіць ад звычайных быційных праблем і скіроўвае сваю думку да тэм вызначальных, паняццяў абстрактных: жыццё і смерць, дабро і зло...» Цёплую прадмову «Слова чыстае, як першы снег» напісаў вядомы крытык і літаратуразнавец Алесь Марціновіч і нават патлумачыў сэнс слова «кудмень» — як амулет, засцярога ад розных бед і напасцяў. Сапраўды, у нашай мясцовасці кудмень у значэнні абярэга вядомы спрадвеку, аднак слова чамусьці не замацавана ў тлумачальных слоўніках, хаця не пагрэбавалі ім складальнікі кнігі «Беларуская міфалогія».

У апошнія гады жыцця Уладзімір Марук надрукаваў шэраг вершаваных падборак у часопісе «Полымя», газеце «Літаратура і мастацтва». У перакладзе на рускую мову — у «Литературной газете», часопісах «Нёман», «Вологодский лад». I гэта былі вершы, што пранізвалі душу, адкрывалі многія і многія таямніцы, вялі паэта да вечнасці... Ён вельмі любіў сваю Бацькаўшчыну — і малую, і вялікую. Прайшоў і аб’ездзіў родны край уздоўж і ўпоперак, аддаў яму цяпло свайго сэрца і ясны жаль сваёй чалавечай душы, пра што сказаў яшчэ ў юнацтве:

Я з тых, хто не вякуе,
Хто сее і хто жне.
Прашу, пакуль жыву я,
Не дбайце пра мяне.

Вятрыска ранкам будзіць,
Мне ластаўкі пяюць.
Я рад, што побач людзі
Шчаслівыя жывуць.

Што небакрай палае
Пад стрэшкай навальніц
I раніца чакае
Багатых касавіц.

Сенакоснай парою так і бывае. Прашуміць яшчэ не адна летняя навальніца з грымотамі і ветраломам, над маленькай Гутай зноў будзе свяціцца «крыштальнае дно самых высокіх нябёсаў», пакуль на берагах рэчкі Начы сталеў, набіраўся моцы паэтычны талент Уладзіміра Марука. Тады ж, у школьныя гады, ён пісаў цудоўныя вершы, і адзін з іх нават патрапіў у ягоную першую кнігу. Лірычная замалёўка называецца ледзь не па-школьнаму «У паходзе», хаця юнага творцу хвалююць сур’ёзныя, не вясковыя і не мясцовыя, а ледзь не глабальныя тэмы: «Брадамі выйдзем за Арэшніцу» // Паўз лес да межавых разор. // I гарадскую песню весніцы // Праводзяць з радасцю на двор». Бачна, у падарожжа за рэчку Нача выбраліся дзеці, а то і падлеткі, у вёсцы Арэшніца іх сустрэне чужая ветлівая таспадыня, у хаце яе «на шастку каўбас паменшае», і ніхто ў гэты вечар не засне. Юныя падарожнікі, вярнуўшыся дамоў, будуць доўга ўспамінаць цудоўнае зорнае неба, і салодкія і горкія слёзы, гора і беды людзей, пра што ім апавядала незнаёмая сялянка, аж пакуль «ноч не прамчыцца над узгоркамі». Мне асабіста ў гэтым вершы падабаецца яркая метафара, даволі нечаканая для падлетка, няхай і дужа таленавітага: «Чырванагрывы ранак гоніцца за чарнабровай ноччу ўслед». Ці не адсюль пачынаецца прыхільнасць Уладзіміра Марука да мастацкай вобразнасці, хаця і не дзіўна: гадаваўся ён у працавітай сялянскай сям’і, заўсёды быў на прыродзе, таму і вобразы, алітарацыі, трапныя назіранні не пакідалі яго. Свежасць і маляўнічасць — галоўныя крытэрыі творцы. Вось некаторыя метафары і алітарацыі, можа, янгчэ з дзён маленства: «Шумлівы, як падлетак, узлесак б’е ў далоні», «Яшчэ на грывах коні туман за рэчку носяць», «Выплыў туман за ваколіцы, туліць да вёскі шчаку» — такімі яркімі знаходкамі напоўнены літаральна ўсе лірычныя зборнікі паэта, што зрабіла б гонар любому, нават і вельмі масцітаму, «раскручанаму» творцу.

Сам Уладзімір Марук, як я добра ведаю, ніколі не забываў свае вытокі і карані, а першыя вершы друкаваў у ганцавіцкай раённай газеце «Савецкае Палессе».

Здаецца, гэта было нядаўна, як быццам учора: на парозе рэдакцыі стаіць невысокі і светлавалосы, з раннімі залысінамі, хлопец, да таго ж на дзіва засяроджаны ў сабе, сціплы і не дужа гаваркі: наш ужо вядомы аўтар, які пасля заканчэння Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума ці не ўпершыню сам прынёс свае творы ў газету, а яшчэ раней ягоныя таленавітыя вершы, перапісаныя ў вучнёўскі сшытак, з вёскі Гута да нас патрапілі ледзь не выпадкова, з аказіяй, і неўзабаве былі надрукаваны асобнай падборкай, дзякуючы кідкай свежасці і метафарычнасці, пачуццёвай вобразнасці. Тады, на пачатку сямідзясятых гадоў, у Ганцавічах, як я ўжо казаў, даволі плённа працавала літаб’яднанне «Рунь», не адпрэчваючы ніводнага здольнага паэта, а што да нашага сціплага госця, то ён з цягам часу стаў актыўным сябрам «Руні», і без ягонага ўдзелу не абыходзіліся ні літаратурныя старонкі, ні творчыя вечарыны. Надрукаваныя ў газеце вершы Марука, як згадваецца сёння, апантана любіў супрацоўнік рэдакцыі Віктар Каўко, захапляўся знаходкамі маладога паэта, і ці не ўсе яго вершы мог чытаць на памяць, асабліва, вылучаючьі інтанацыяй і добра пастаўленым артыстычным голасам, адзін з іх:

Вось і сонейка запала
У пажухлую траву.
Птушка юркая схавала
У гняздзечка галаву.

Цемры вусце. Сліў аскома.
I нічога акрамя...
Толькі нехта кліча: «Тома» —
А яе нідзе няма.

Далёка не кожнаму паэту-пачаткоўцу спрыяюць і павага сяброў, і першыя пробліскі сапраўднай літаратурнай славы. Нам, супрацоўнікам ганцавіцкай рэдакцыі, было ўсцешна, што творы выхаванцаў раённага аб’яднання ахвотна прымаюць да друку рэспубліканскія выданні і, асабліва, часопіс «Маладосць». У верасні 1974 года ў гэтым часопісе была змешчана даволі вялікая дэбютная падборка Уладзіміра Марука, складзеная амаль цалкам з вершаў, якія яшчэ раней друкаваліся на паэтычных старонках нашага літаб’яднання «Рунь». Бываюць, напэўна, супадзенні: акурат у тым месяцы мяне запрасілі ў Брэст на чарговы семінар творчай моладзі, і сюды ў якасці настаўніка-кансультанта, як цяпер сказалі б, правесці «майстар-клас», прыязджаў сам Мікола Аўрамчык, на той час загадчык аддзела паэзіі «Маладосці». Як толькі ён ступіў за трыбуну, дык адразу, з гонарам і захапленнем, звярнуў увагу маладых на паэзію Уладзіміра Марука, асабліва, на тую, з вераснёўскай кніжкі, яго дэбютную падборку. Слухаючы цудоўную характарыстыку сябра з вуснаў старэйшага нашага паэта, мне асабліва было прыемна, што таленавіты малады хлопец родам з маіх мясцін, дзе кагорта самых розных творцаў няспынна папаўняецца.

Роўна праз год пасля гэтай гучнай паэтычнай заяўкі, адпрацаваўшы належны час у бібліятэках раёна, дзе меў і павагу, і прызнанне, Уладзімір Марук паехаў вучыцца ў Мінск — паступіў на першы курс філфака Белдзяржуніверсітэта і, трэба зазначыць, сталіца вельмі прыхільна сустрэла хлопца з Палесся. Малады паэт пачаў «асвойваць» новыя літаратурныя выданні, актыўна працаваў у літаб’яднанні «Узлёт», стаў адным з ужо вядомых аўтараў паэтычнага зборніка «Вёсны». Тут на здольнага студэнта асаблівую ўвагу звярнуў доктар філалогіі і вялікі сябар маладых творцаў Алег Антонавіч Лойка. Пад яго непасрэдным уплывам паэты з філфака бралі ўсё новыя і новыя паэтычныя вяршыні. Калі ўжо нават пасля заканчэння вучобы Марук выдаў свой першы зборнік «Зоркі ў кронах», то зычлівую і грунтоўную рэцэнзію «Яшчэ не зведана Палессе...» напісаў усё той жа прынцыповы і патрабавальны Алег Лойка. «Вершы Уладзіміра Марука, сабраныя пад адной вокладкай у серыі «Першая кніга паэта», я чытаў, а некаторыя перачытваў, — пісаў знакаміты паэт і літаратуразнаўца ў газеце «Літаратура і мастацтва», — бо памятаў дагэтуль па першапублікацыях, з нейкім вельмі асаблівым пачуццём. Было на душы то неяк добра-добра, то сумна-сумна — да шчымлівасці ў грудзях...» Нельга абмінуць той факт, што дэбют па гадах маладога і ўжо даволі сталага паэта цёпла ўспрынялі чытачы як у горадзе, так і ў вёсцы, тым болей — у тьіх мясцінах, дзе ён жыў, вучыўся ці працаваў. На першы зборнік цёплыя водгукі надрукавалі I. Клімко ў «Маладосці», А. Кірылава ў «Чырвонай змене», дый многія іншыя, бо тыя «Зоркі ў кронах» нават і цяпер свецяцца ярка і непагасна.

У 1987 годзе пабачыла свет яшчэ адна паэтычная кніга Уладзіміра Марука — «Ліст рабіне», і гэты зборнік выявіў чытацкай публіцы сталага і майстравітага паэта. Але найбольш уражлівай сталася апошняя прыжыццёвая кніжка яго паэтычнай лірыкі «Інкрустацыя голасам» (1991 г.), вершамі з якой захапляліся самыя прыдзірлівыя чытачы. I ўсё ж яго паэзія, як, дарэчы, і сама «непублічная постаць аўтара», як нехта заўважыў, так і не была своечасова і ўдумна прачытаная, патлумачаная і вызначаная нашай крытыкай.

Уладзімір Марук

Шмат якія публікацыі Уладзіміра Марука апошніх гадоў даюць падставу для высокага завяршэння яго творчага плёну. У двух апошніх зборніках ярка выявіўся як паэт прыроды. Лірыка вельмі зямная, багатая на чалавечыя пачуцці. Паэт імкнецца, каб у аснове яго верша ляжаў душэўны рух радка, шчырасць слова, жывы розум. Пра апошнюю, на жаль, пажыццёвую кнігу паэта, як было абяцана вышэй, як і ў цэлым пра творчасць Уладзіміра Марука, трапна і ёмка сказаў Алесь Марціновіч: «Зборнік вершаў «Кудмень» выходзіць ужо без яго, але ў тым выглядзе, у якім ён мог пабачыць свет пры жыцці аўтара. Таму яе ні ў якім разе нельга ўспрымаць як лебядзіную песню паэта. Да гэтай кнігі трэба ставіцца як да чарговага зборніка, бо пасля «Кудменя» У. Маруком было напісана нямала новых вершаў, аб чым, у прыватнасці, засведчылі ягоныя прыжыццёвыя падборкі ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», часопісах «Полымя», «Маладосць», а ў перакладзе на рускую мову — у «Нёмане». Дый пасмяротныя публікацыі шмат у якіх выданнях таксама гавораць на карысць таго, наколькі гэта быў цікавы, самабытны паэт. Не проста таленавіты, а на дзіва патрабавальны да слова».

Уладзімір Марук

Паэтычная праца сумяшчалася з настаўніцкімі і журналісцкімі клопатамі. Пасля «пяцігодкі» ў «Звяздзе» было рэдактарства ў выдавецтвах «Юнацтва», «Белфакс». Акурат тады выйшла кніга вершаў для дзяцей «Ехаў Чыж у Парыж», а потым «Чыж вярнуўся з Парыжа». Ствараліся яны ў першую чаргу для малодшага школьнага ўзросту, хоць, безумоўна, з цікавасцю пазнаёмяцца з імі і дашкольнікі.

Уладзімір Марук

Сам творца не прымаў фальшу, асабліва ў дзіцячай паэзіі, таму і гэтыя дзве кнігі юныя чытачы ўспрынялі з вялікай радасцю. Апошнім часам Марук працаваў у часопісе «Полымя» — намеснікам галоўнага рэдактара, поруч з іншымі таленавітымі творцамі рупіўся над збіраннем і публікацыяй у часопісе ўсяго лепшага з сучаснай беларускай літаратуры. На ўсё меў свой прынцыповы погляд, які ўмеў выкласці ясна, прамалінейна і разам з тым тактоўна любому з аўтараў, калег па творчасці.

Родную Гуту ў міжрэччы Начы і Лані Уладзімір Марук вельмі любіў, не забываў сялянскую хату, дзе нарадзіўся і вырас, дзе пачуў ад дзеда Васіля суровыя быліны пра мінулую вайну. Цудоўныя вершы паэт прысвяціў маці Надзеі Уладзіміраўне і бацьку Антону Васільевічу, многім сваім аднавяскоўцам, увогуле людзям, якіх паважаў. Як сёння бачна нават з першых вершаў, любіў ён і летнія імклівыя навальніцы. Над вёскай яны свяціліся дзіўным ззяннем крышталю, а цёплаю ноччу блакітным водсветам мігцелі ў высокіх нябёсах таямнічыя зоркі. Не часта ў апошнія гады творца выбіраўся ў дарогу. Здаецца, толькі двойчы мы ездзілі з ім разам: у вёску Люсіна, на юбілей Якуба Коласа, і на сустрэчу ў раённую цэнтральную бібліятэку, дзе праходзіла прэзентацыя кнігі «Паміж Бобрыкам і Ланню», прысвечаная пісьменнікам ганцавіцкай зямлі. Ведаю, што Уладзімір Марук хацеў патрапіць на свята пісьменства, сталіцай якога ў 2011 годзе сталі Ганцавічы. Замест гэтага — патрапіў у бальніцу, адкуль не выйшаў. Жорсткі лёс, ці што? Цяпер імя ганцавіцкага цудоўнага творцы ўшанавана на Алеі пісьменнікаў, а каля бацькоўскай хаты ў Гуце спыняюцца час ад часу экскурсіі Літаратурнага маршруту, арганізаванага Ганцавіцкім раённым краязнаўчым музеем і раённым цэнтрам па турызме.
Катэгорыя: Віктар Гардзей | Дабавіў: admin (05.02.2014) | Аўтар: Віктар ГАРДЗЕЙ-часопіс Полымя
Праглядаў: 2457 | Тэгі: Гута, Уладзімір Марук, Літаратурная Ганцаўшчына, Віктар Гардзей, Ганцавіцкі раён | Рэйтынг: 5.0/3
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.