Чацвер, 25.04.2024, 16:27

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Галіна Снітко

Літаратурная карта Берасцейшчыны: Ганцавіцкі раён
Напрыканцы 2007 года ў серыі "Беларусь літаратурная" выйшла кніга "Паміж Бобрыкам і Ланню" (Мн.: Мастацкая літаратура, 2007), прысвечаная Ганцавіцкаму раёну. У ёй прадстаўлена "цэлае сузор'е" літаратараў, чый лёс непарыўна звязаны з гэтым краем. "Адкуль жа бяруць яны свае вытокі? – разважае галоўны рэдактар Ганцавіцкай раённай газеты "Савецкае Палессе" Кастусь Мохар. – He пабаюся сказаць: з глыбінь народных. Яны, несумненна, пачынаюцца з чудзінскіх казачнікаў Данілы Куляша і Дудара, чые казкі "Палешукі і палевікі" і "Пану навука" ўвайшлі ў залатую скарбонку беларускай фалькларыстыкі, сталі неад'емнай часткай нацыянальнай культуры. Яны, урэшце, ад знакамітага беларускага вучонага-этнографа і фалькларыста Аляксандра Сержпутоўскага, які жыў на хутары паблізу Пярэвалак, ад класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа, які на пачатку XX стагоддзя настаўнічаў у Люсіне. Гэта лішняе сведчанне, што ў літаратараў Ганцаўшчыны моцныя карані, што выраслі яны не на голым месцы, а ў блаславёным краі, асветленым божым дарам і спагадай".


Вокладка кнігі "Літаратурная карта Берасцейшчыны"

Сапраўды, фальклорнае багацце гэтай часткі Палесся, імёны, прозвішчы і зрэдку мянушкі самабытных мастакоў вуснапаэтычнага слова ўпершыню адкрыў у пачатку XX стагоддзя Аляксандр Казіміравіч Сержпутоўскі. Традыцыі славутых апавядальнікаў Рэдкага, Матруны Бохмачыхі, Данілы Куляша і іншых захаваліся да нашага часу, што пацвярджаюць шматлікія фальклорныя экспедыцыі і сучасныя запісы народнай спадчыны, у тым ліку зборнік казак "Чыстага ўсё нячыстае баіцца" (2001), падрыхтаваны пісьменнікам-земляком Алесем Каско.

Вялікую мудрасць і філасофію жыцця бачыў у беларускіх народных казках, апавяданнях, легендах і паданнях Якуб Колас, пачатак педагагічнай дзейнасці якога звязаны з вёскай Люсіна Ганцавіцкага раёна.

Склалася, аднак, так, што літаратурнае жыццё на Ганцаўшчыне, дзе жылі і працавалі А.Сержпутоўскі і Я.Колас, актывізавалася толькі ў пасляваенны перыяд. Асаблівую заклапочанасць у гэтай справе праяўляў Васіль Фёдаравіч Праскураў, які ў 1950 годзе прыехаў у Ганцавічы і застаўся тут назаўсёды. Звязаўшы свой лёс з раённай газетай "Сялянская праўда" (пасля "Савецкае Палессе"), В.Праскураў стаў не толькі прафесійным журналістам і прызнаным пісьменнікам-нарысістам. Для творчай моладзі ён быў педагогам, літаратурным настаўнікам, які па-бацькоўску – патрабавальна і зычліва – апекаваўся маладымі аўтарамі. Некалькі дзесяцігоддзяў вакол яго гуртаваліся здольныя журналісты і пісьменнікі-пачаткоўцы. Дзякуючы яго падтрымцы прыйшлі ў літаратуру Іван Кірэйчык, Міхась Рудкоўскі, Віктар Гардзей, Кастусь Мохар, Алесь Каско, Уладзімір Марук, Мікола Антаноўскі.

З блаславення Васіля Фёдаравіча філалогія стала справай жыцця Галіны Ішчанка (нарадзілася ў 1963 годзе ў в.Будча). Сёння яна – кандыдат філалагічных навук, дацэнт Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта імя А.С. Пушкіна, адзін з аўтараў школьных праграм і падручнікаў па беларускай літаратуры. Актыўна выступае ў друку як метадыст і літаратуразнавец. Навуковыя зацікаўленні Галіны Мікалаеўны звязаны найперш з даследаваннем жыцця і творчасці У.Караткевіча, іх метадычнай інтэрпрэтацыяй. Ёю напісаны манаграфіі "Каласы адродзяцца ў зерні" (2002) і "Уладзімір Караткевіч у школе" (2002).

Пералічаныя вышэй літаратары, за выключэннем М.Антаноўскага, – ураджэнцы ганцавіцкай зямлі, вядомыя ў Беларусі паэты, празаікі, навукоўцы. Мікола Антаноўскі родам з вёскі Сташаны Пінскага раёна, але некаторы час працаваў разам з Васілём Праскуравым у рэдакцыі расннай газеты, набіраўся тут вопыту ў журналісцкай і літаратурнай дзейнасці.

У канцы 50-х гадоў намеснікам рэдактара "Сялянскай праўды" быў беларускі кнігавыдавец, перакладчык і публіцыст Міхаіл Дубянецкі (1927 – 1990, нарадзіўся ў в.Востраў Пінскага раёна). У рэдакцыі газеты "ніхто не здзіўляўся, калі ў праёме пахілых весніц над навіссю жоўтых акацый" (В.Гардзей) з'яўляўся Мікола Купрэеў (1937 – 2004). Паэт-вандроўнік часта на тыдзень-другі спыняўся ў Ганцавічах. Гэты куток Палесся ён добра ведаў (у свой час настаўнічаў у Чудзінскай і Малькавіцкай сярэдніх школах) і любіў "апантана, з нейкай малавытлумачальнай пяшчотай і сыноўняй замілаванасцю, чаму ў ягонай лірычнай паэзіі, – як адзначае В.Гардзей, – ёсць безліч вартых прыкладаў".

Мілая бярозка не бядуй:
Мы яшчэ з табою ўстрапянёмся.
Толькі заўтра на зары
Ў сукенку найлепшую адзенься.

Белую кашулю я і сам
на сябе адзену, прычашуся.
І пойдзем мы з табою каля рэк
нашай добрай роднай Беларусі.

Мілая бярозка не бядуй:
мы з табой пачуем,
як прыходзіць вечар на палі,
і ў траве ля Начы заначуем.

А раніцой ты веццем узмахнеш
светла і зялёна, як ніколі.
І будзем мы абняўшыся стаяць,
Слухаць, як расце над намі поле.
(М.Купрэеў)

Да знакамітых літаратараў, якімі сёння ганарыцца Ганцаўшчына, варта дадаць імёны Івана Лагвіновіча і Алеся Кажадуба.

Апошнім часам у параўнанні з іншымі раёнамі Брэсцкай вобласці тут назіраецца цесная пераемнасць літаратурных пакаленняў. Моцна і ўпэўнена на старонках перыядычных выданняў гучаць галасы маладых аўтараў. Некаторыя з іх, як, напрыклад, члены ўзорнага літаратурнага аб'яднання "Верасок" пры раённым цэнтры дзіцячай і юнацкай творчасці, толькі робяць свае першыя крокі ў літаратуры. Больш вопытныя пісьменнікі-землякі паспелі падрыхтаваць і выдаць асобныя кнігі. Паэтычны зборнік "Летуценніца" выдала Ніна Кавальчук (нарадзілася у 1958 г. у в.Хатынічы). Зямлячка Алеся Каско Ірына Дарафейчук (нарадзілася ў 1968 г. у в.Чудзін) з'яўляецца аўтарам кнігі "Сцяблінка на лазе". У зборнік "Цянёты" сабраў свае вершы Віталь Псеўданім (Віталь Чабатарэнка, нарадзіўся ў 1976 г. у в.Шашкі). Яго равеснік Анатоль Трафімчык з вёскі Вялікія Круговічы – аўтар дзвюх кніг паэзіі: "Ноты цноты" і "Пасведчанне аб нараджэнні" (апошняя выйшла пад псеўданімам В.Толь). Дарэчы, В.Чабатарэнка і А.Трафімчык – выпускнікі філалагічнага факультэта Брэсцкага педінстытута імя А.С. Пушкіна. Па публікацыям у раённым і рэспубліканскім друку чытачы знаёмы з творчасцю Кастуся Мохара (нарадзіўся ў 1946 г. у г.Ганцавічы), Ніны Таўтын (нарадзілася у 1948 г. у в.Хатынічы). У пачатку новага дваццаць першага стагоддзя на поўны голас загучала паэтычнае слова Святланы Локтыш. Яна нарадзілася ў 1971 годзе ў в.Люсіна Ганцавіцкага раёна. Праўда, неўзабаве лёс адрывае будучую паэтку ад родных мясцін: падросшы ў Ганцавічах, яна з матуляй апынулася ажно ў далёкай Сібіры. А як надарылася магчымасць на канікулах пасля здачы выпускных экзаменаў у школе вярнуцца, дык ад роднага куточка так і не здолела адарвацца. Ехала пагасцяваць, а засталася на сваёй адвечнай зямлі назаўсёды. Спачатку паступіла на харавое аддзяленне Гродзенскага вучылішча мастацтваў, пасля – на факультэт рэжысуры Мінскага дзяржаўнага універсітэта культуры, які скончыла ў 2001 годзе. Вось толькі ні па адной з атрыманых спецыяльнасцей працаваць так і не выпала.

Зараз Святлана – адказны сакратар Ганцавіцкай раённай газеты "Савецкае Палессе". Вершы пачала пісаць у юным узросце. У 2008 годзе выдала першы паэтычны зборнік «Вышыванка». Пра што ён? Ды пра ўсё тое, што хвалюе маладую жанчыну, надзеленую даткліваю душою і талентам: пра каханне, сям'ю, дзяцей, продкаў; пра жыццё-быццё, пра сяброў-землякоў... Кожны верш напоўнены ўнутранымі перажываннямі аўтара і лірычнага герояў» у адной асобе. Адны з іх задыхаюцца ад роспачы, драпаюць па сэрцы трывогаю і разгубленасцю, іншыя зіхцяць шчасцем матулі і каханай... I ніводзін не пакідае чытача абыякавым.

Літаратурную Ганцаўшчыну прадстаўляюць і тыя, хто па волі лёсу жыве і працуе ў гэтым рэгіёне. Ганцавічы сталі роднымі для Святланы Асаўцовай і Аляксея Галаскока. С.Асаўцова піша на рускай мове як вершы, так і прозу, мае зборнік "Я живу для добра". А.Галаскок – аўтар паэтычнай кнігі "He шкадуюць мяне мае вершы".
Катэгорыя: Галіна Снітко | Дабавіў: admin (14.05.2010) | Аўтар: Галіна СНІТКО
Праглядаў: 3662 | Тэгі: Літаратурная Ганцаўшчына, Галіна Снітко | Рэйтынг: 0.0/0
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.