Чацвер, 25.04.2024, 07:22

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

Ганцавічы
Спрадвеку ціхія і спакойныя Ганцавічы сёння нагадваюць растрывожаны пчольнік. Куды ні кінь — людзі ў аранжавых шлемах, стрэлы аўтакранаў, экскаватары, самазвалы, бульдозеры, катлаваны, траншэі цеплатрас, штабялі цэглы, пліткі, трубаў… Адусюль чуецца стук адбойных малаткоў, піск электрапілаў, з рыштаванняў сыплюцца іскры газазваркі… Палескі гарадок ператварыўся ў вялікую будаўнічую пляцоўку, каб у пачатку верасня па праву і годна назвацца сталіцай традыцыйнага свята — Дня беларускага пісьменства.

Выбар невыпадковы
Ёсць гарадок над рэчкаю Цною
Сярод лясоў палескіх і балот…
Не знаю, што ў жыцці было б са мною,
Калі б яго на свеце не было.
Міхась Рудкоўскі
Месца правядзення Дня беларускага пісьменства выбрана невыпадкова, не па "разнарадцы". Папраўдзе кажучы, Ганцавічы заслугоўваюць самай пільнай увагі. Тут жывуць на дзіва прыгожыя, працавітыя, таленавітыя, ветлівыя людзі, з іх самабытнай культурай і векавымі традыцыямі. Гэтая зямля дала свету шмат выбітных асоб. Сярод іх — адмысловыя працаўнікі, вучоныя, педагогі, народныя майстры, вядомыя дзяржаўныя і палітычныя дзеячы, кваліфікаваныя спецыялісты ўсіх сфер народнай гаспадаркі. Іх веды, розум, самаадданая праца ўзбагацілі не толькі палескі край, але і ўсю Бацькаўшчыну, імя якой — Беларусь.

Ганцавічы, Ганцевичи
Так выглядае горад Ганцавічы з вышыні птушынага палёту

Паэтычна-песенная, маляўнічая Ганцаўшчына — яшчэ і край слынных літаратараў, якія нарадзіліся, выраслі і працавалі тут і якія сваёй творчасцю ўнеслі важкі ўклад у нацыянальную беларускую літаратуру і літаратуру наогул.

У вёсцы Люсіна калісьці пачынаў настаўніцкі і пісьменніцкі шлях Якуб Колас. Падзеям, што адбываліся тут на пачатку ХХ стагоддзя, прысвечана яго аповесць "У палескай глушы" — першая з трылогіі "На ростанях". Сёння на месцы школы, дзе ён працаваў, устаноўлены памятны знак. На былым фундаменце ляжыць вянок круглых бярвенняў, а побач — драўляныя фігуры коласаўскіх герояў і вялікі валун з адпаведным надпісам. Імя песняра носіць чыгуначная станцыя.

Не так далёка ад Люсіна — на хутары Шарпутоўшчына, што ў ваколіцах вёскі Пярэвалакі, на беразе Лані, адкрываў скарбы народнай мудрасці славуты асветнік, этнограф і вучоны Аляксандр Сержпутоўскі (1864—1940). У 1906 годзе ён, рэгістратар этнаграфічнага аддзела Рускага музея, здзейсніў дзве экспедыцыі на Палессе, дзе сабраў багатую калекцыю, зрабіў мноства фотаздымкаў, дзякуючы чаму ўся Расія пазнаёмілася з фальклорам палешукоў. Аляксандр Казіміравіч — аўтар зборнікаў "Казкі і апавяданні беларускага Палесся", "Прымхі і забабоны беларускіх палешукоў", "Граматычнага нарыса беларускай гаворкі вёскі Чудзіна Слуцкага павета Мінскай губерні", іншых твораў.

У пасляваенны час на Ганцаўшчыне вырасла, узмужнела, набралася сіл для высокага палёту новае пакаленне творцаў — Міхась Рудкоўскі, Іван Кірэйчык, Віктар Гардзей — лаўрэат Літаратурнай прэміі імя І.Мележа, Уладзімір Марук, Алесь Кажадуб, Алесь Каско — лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А.Куляшова, Іван Лагвіновіч, Міхась Дубянецкі

З гэтым унікальным палескім кутком цесна звязаны лёсы і творчасць выдатнага празаіка і публіцыста, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР і прэміі Саюза журналістаў СССР, заслужанага дзеяча культуры рэспублікі, былога рэдактара раённай газеты "Савецкае Палессе" Васіля Праскурава, паэтаў Міколы Купрэева, Міколы Антаноўскага, Святланы Асаўцовай, Анатоля Кудласевіча, Анатоля Трафімчыка і іншых літаратараў.

Пра іх жыццё і творчыя здабыткі падрабязна распавядаецца ў кнізе "Паміж Бобрыкам і Ланню" (Ганцаўшчына літаратурная), выдадзенай "Мастацкай літаратурай" некалькі гадоў таму.

Ганцавічы, Ганцевичи
Помнік маладому Якубу Коласу,
які будзе ўстаноўлены ў канцы Алеі пісьменства

І сёння літаратурнае жыццё на Ганцаўшчыне віруе. На змену літаратарам старэйшага пакалення прыходзяць маладыя. Упэўнена на старонках газет і часопісаў, у калектыўных зборніках заяўляюць аб сабе члены ўзорнага літаратурнага аб’яднання "Верасок" пры раённым цэнтры дзіцячай і юнацкай творчасці, заснавальнікам якога з’яўляецца Вера Паляшчук — заслужаная настаўніца Рэспублікі Беларусь. Цвёрды крок да Парнаса зрабілі паэты Святлана Локтыш, Аляксей Галаскок, Ніна Кавальчук, Ала Мірзаліева, Ніна Таўтын, Алена Люсько. Іх вершаваныя творы ўжо цяпер вартыя таго, каб увасобіцца ў аўтарскія паэтычныя зборнікі. Творчасць маладых — яскравае сведчанне таго, што паэтычная крыніца, якая аднойчы забіла магутным струменем на гэтай прыгожай зямлі, невычэрпная, яна падпітвае і дае сілу маладым літаратурным парасткам. Самім лёсам ім наканавана ўслаўляць тую зямлю, той край, якія далі ім крылы для вольнага творчага палёту.

На Ганцаўшчыне, мабыць, як нідзе, любяць і паважаюць сваіх творцаў. Супрацоўнікі раённай бібліятэкі імя В.Праскурава ладзяць сустрэчы з пісьменнікамі, прэзентацыі іх кніг, на якіх прысутнічае шмат моладзі і людзей сталага ўзросту. Цікава праходзіць акцыя "Час чытаць на беларускай мове". Раённы краязнаўчы музей распрацаваў турыстычныя маршруты "Літаратурная Ганцаўшчына". Адзін з іх пачынаецца ў вёсцы Малыя Круговічы, на вуліцы В.Гардзея. Затым экскурсанты едуць у Востраў, дзе нарадзіўся і пахаваны М.Рудкоўскі, а адтуль у Гуту — малую радзіму І.Кірэйчыка і У.Марука. Вядома ж, у час такіх вандровак ідзе размова пра жыццё і творчасць пісьменнікаў, праводзяцца конкурсы на лепшае веданне іх твораў.

Карацей кажучы, тут роднае беларускае слова ніколі не было ў заняпадзе, яно гучыць не толькі ў вёсках, але і на гарадскіх вуліцах, у дзяржаўных установах. Ім свабодна карыстаюцца ўсе супрацоўнікі райвыканкама. Мне "па сакрэце" расказалі, што старшыня Уладзімір Столяр па-руску размаўляе толькі з вышэйшым начальствам, звычайна ж "гаворыць па-нашаму". Ён у твар ведае не толькі ўсіх лепшых механізатараў, жывёлаводаў, будаўнікоў, але і спевакоў, музыкаў, майстроў традыцыйных народных рамёстваў. А іх нямала! Тут працуе 160 калектываў мастацкай самадзейнасці, 46 аматарскіх аб’яднанняў, у якіх займаецца больш як дзве тысячы чалавек. 13 калектываў носяць ганаровае званне "народны" і "ўзорны". Многія з’яўляюцца дыпламантамі і лаўрэатамі міжнародных, рэспубліканскіх і абласных конкурсаў і фестываляў. А калектыў раённага Дома рамёстваў удастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — за адраджэнне і захаванне народнай спадчыны, далучэнне моладзі да традыцыйнай культуры.

Ганцевичи, Ганцавічы
Геральдычны знак,
які будзе ўстаноўлены ў гарадскім скверы


У раёне яшчэ не перавяліся майстрыхі, якія ўмеюць шыць народныя касцюмы, ткаць каляровыя ручнікі, пакрывалы, паясы, умельцы, для якіх зрабіць дубовы кубелец ці ліпавую бочачку — звычайная справа. Свае цудоўныя вырабы яны прадстаўляюць на рэспубліканскіх "Дажынках", фэстах і кірмашах.

Як бачыце, не, нездарма Ганцавічы выбраны месцам правядзення Дня беларускага пісьменства.

Што было і што ёсць

Горад Ганцавічы, у якім цяпер пражывае 14 тысяч жыхароў, знаходзіцца на паўночным усходзе Брэсцкай вобласці. Размешчаны за 246 км ад Брэста і за 180 км ад Мінска. Гэта буйная чыгуначная станцыя на лініі Баранавічы — Лунінец, якая звязана аўтадарогамі з Клецкам, Пінскам, Салігорскам, Ляхавічамі і Баранавічамі.

Згодна Рыжскага мірнага дагавора 1921 г., мяжа паміж Савецкай дзяржавай і Польшчай праходзіла за 40 км на ўсход ад Ганцавіч. Турыстычны даведнік, выдадзены ў 1935 годзе, паведамляе, што, акрамя станцыі, тут былі царква і касцёл, дзве сінагогі, паштова-тэлеграфная кантора, паліцэйскі ўчастак, гасцініцы Сагалава, Слуцкага, Ганцэвіча, Ліса і Вікравіцкага, рэстаран Красіньскага і кафейня Гранбецкага.

У савецкі час царква і касцёл былі разбураны ваяўнічымі атэістамі. З Боскай ласкі і з дапамогай вернікаў храмы пабудаваны зноў. На галоўнай вуліцы райцэнтра ўзвышаецца неагатычны касцёл Прасвятой Дзевы Марыі з чатырохграннай званіцай, а непадалёку — Свята-Ціханаўскі праваслаўны храм з купаламі-цыбулінамі на высокіх светлавых барабанах.

Не лічачы "Хаткі паляўнічага", гасцініца ў горадзе адна. Цяпер у ёй шчыруюць цесляры, муляры, тынкоўшчыкі, маляры. Яны надаюць нумарам сучасны стыль і камфорт. У рыштаваннях дом Саветаў, рэстаран, Дом культуры, магазіны, будынкі вузла паштовай сувязі, райспажыўтаварыства, камбінат бытавога абслугоўвання, жылыя дамы… Вуліцы, сквер, тратуары, цэнтральная плошча — усё літаральна перабудоўваецца нанава. Гледзячы на гэта, міжволі ўзнікае пытанне: часу да свята ў абрэз, ці будуць здадзены аб’екты ў тэрмін?

Усё зробім як мае быць, — развеяла мае сумныя думкі начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Ала Стральчэня. — Сюды ж з’ехаліся лепшыя спецыялісты ледзь не з усёй Брэстчыны. Задзейнічана 25 будаўнічых арганізацый, у тым ліку тры мінскія — "Еўратэмп”, "Цепларамонт”, "МегаТрансГруп”. Штодзённа на абнаўленні будынкаў занята 335 чалавек. Яны працуюць і ў выхадныя дні. Палова сродкаў, выдаткаваных на падрыхтоўку да свята, ужо асвоена, а гэта 16 мільярдаў рублёў. Усяго ж на правядзенне Дня пісьменства выдзелена 34,5 мільярда рублёў. Паступілі сродкі з інавацыйнага фонда, ад прадпрыемстваў і арганізацый, іншых крыніц.

Як бачна, сродкі немалыя, аднак іх не хапіла для рэканструкцыі і мадэрнізацыі аб’ектаў культуры, адукацыі, аховы здароўя, жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Некаторыя з іх давялося выключыць з каштарыса расходаў. Кіраўніцтва раёна было вымушана карэктаваць планы з такім разлікам, каб выкарыстаць наяўныя дзяржаўныя грошы з максімальнай эфектыўнасцю.

Штуршком да паскарэння аднаўленчых работ сталі рашэнні Нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства. Яго апошняе пасяджэнне адбылося ў Ганцавічах пад старшынствам намесніка прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатоля Тозіка. Падчас абмеркавання праграмы старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар папрасіў кіраўнікоў міністэрстваў і ведамстваў аказаць актыўную і канкрэтную дапамогу мясцовай уладзе. Заклік не павіс у паветры. Неўзабаве знайшліся сродкі для рэканструкцыі краязнаўчага музея, іншых аб’ектаў сацыяльна-культурнага прызначэння. А Мінкульт падарыў гарадскому Дому культуры камплект гукаўзмацняльнай апаратуры. Хочацца спадзявацца, што гэты спіс дарункаў будзе доўжыцца.

Сказаць, што цяпер работнікам райвыканкама прыбавілася клопатаў — значыць, нічога не сказаць. Намесніка старшыні па будаўніцтве Уладзіміра Давыдчыка, дырэктара ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Ігара Качурку немагчыма застаць у кабінетах. Сёння іх рабочыя месцы на аб’ектах, там, дзе працуюць механізатары, будаўнікі, сантэхнікі. Асаблівая ўвага надаецца якасці работ. Штотыдзень раённы штаб аналізуе яе. Кіраўнікі падрадных арганізацый трымаюць справаздачу. Халтуру бракаробы перарабляюць за свой кошт.

У Ганцавічах імкнуцца не паўтарыць памылкі пры падрыхтоўцы мінулагодніх рэспубліканскіх свят, якія мелі месца ў некаторых раёнах. Падрадчыкі рапартавалі пра паспяховую здачу аб’ектаў у эксплуатацыю, атрымлівалі грошы і з’язджалі дадому. А праз тыдзень-другі ў райвыканкам ляцелі трывожныя сігналы: тут пацякло, трэснула, там абвалілася, парвалася… З такім "вопытам" паказухі трэба завязаць.

Гасцям тут заўсёды рады

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Лідзія Занька паказвае самаробную, але дакладную карту, пазначаную рознакаляровымі значкамі, кружочкамі, лініямі.

Тут будзе "Горад майстроў". Адсюль пачнецца "Дарога да святыняў". У гэтым месцы — выстаўка сродкаў масавай інфармацыі, а непадалёку — "Літаратурная плошча”. У канцы "Алеі пісьменства" будзе адкрыты помнік маладому Якубу Коласу. Побач мяркуецца пабудаваць фантан, устанавіць дзве адмысловыя скульптурныя кампазіцыі-звіткі, на адной з якіх будуць занесены прозвішчы васьмі знакамітых пісьменнікаў і паэтаў Ганцаўшчыны. Гасцей чакаюць яшчэ некалькі сюрпрызаў, — тлумачыць Лідзія Мікалаеўна. — Жыхары раёна ўдзячны дзяржаве, усім добрым людзям за дапамогу ў добраўпарадкаванні нашага горада. Ды і самі яны робяць усё магчымае, каб гасцям, а іх прыедзе больш за дзве тысячы, было ў нас радасна і ўтульна. На двух суботніках гараджане рупліва і ўдарна наводзілі парадак на вуліцах, у гарадскім скверы, на рабочых месцах. Да Дня пісьменства выдавецтва "ЛіМ” выпусціць кнігу "Ганцаўшчына — край легенд і талентаў народных”, багата аздобленую ілюстрацыямі.

Ужо цяпер вырашаецца пытанне, дзе ўдзельнікі Дня пісьменства будуць начаваць, харчавацца, адпачываць.

250 чалавек мы свабодна зможам размясціць у сваіх інтэрнатах, — запэўніў пры сустрэчы Вячаслаў Кіпцэвіч — дырэктар мясцовага прафесійнага ліцэя, у якім, дарэчы, арганізавана інтэгрыраванае навучанне. — Калі спатрэбіцца — прадаставім сталоўку. Нашы повары, кулінары падрыхтуюць смачныя і каларыйныя стравы па даступных цэнах.

Дастойна прыняць гасцей, акружыць іх увагай, клопатамі гатовы і іншыя арганізацыі і прадпрыемствы. У горадзе пабывалі ўжо прадстаўнікі гандлёвых таварыстваў суседніх раёнаў, вызначылі месцы для ўстаноўкі сваіх павільёнаў, палатак, буфетаў.

Ганцавічы, ГанцевичиГанцавічы, Ганцевичи

Вядучыя калектывы Дома культуры — хор народнай песні, аматарскае аб’яднанне "Талака", эстрадная студыя "Правінцыя", народны духавы аркестр, фальклорныя калектывы "Завіца", "Хатовічы" — рыхтуюць тэматычныя канцэртныя праграмы. Майстры раённага Дома рамёстваў абяцаюць парадаваць удзельнікаў свята адмысловымі сувенірамі.

Што ж, будзем спадзявацца: васямнаццатае па ліку свята беларускага пісьменства стане адметнай падзеяй у гісторыі краіны, яе культуры, літаратуры і мастацтва.

А закончыць гэтыя нататкі хочацца радкамі Міколы Купрэева:
шчасце тут не міне,
ні цябе, ні мяне.
Прыязджай.
Прыязджай!
З-за бярэзніку выйдзе
насустрач табе
курган-каравай,
а потым
адразу,
як мора, пойдзе к табе
гэты дзіўны ўвесь край —
з белым цветам
бульбяным,
з мядоваю грэчкаю,
з сонечнымі палянамі,
з чыстымі рэчкамі…
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (22.08.2011) | Аўтар: Уладзімір БАЦКАЛЕВІЧ, "ЛіМ"
Праглядаў: 2477 | Тэгі: Іван Кірэйчык, Васіль Праскураў, Літаратурная Ганцаўшчына, Ганцавічы, Якуб Колас, Аляксандр Сержпутоўскі, Міхась Рудкоўскі, Дзень беларускага пісьменства | Рэйтынг: 5.0/1
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.