Пятніца, 26.04.2024, 10:11

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віктар Гардзей

Кастальская крыніца вёскі Гута
Гуцянская сярэдняя школа працяглы час для мяне была як той міфічны карабель-прывід: то выплыве з далечыні, то зноў схаваецца ў тумане. Але ж зусім рэальная школа — ніякі гэта не лятучы галандзец з прыгодніцкіх кніжак пра марскіх піратаў і флібусцьераў.


Улетку 1965 года, працуючы ў рэдакцыі Ляхавіцкай раённай газеты, не адзін раз прыязджаў у Гуту, пісаў карэспандэнцыі і замалёўкі пра тутэйшых людзей, таму добра помню сярод вёскі прасторны школьны двор з прадаўгаватым вучэбным памяшканнем у адзін паверх і мноствам іншых гаспадарчых прыбудоў, схаваных за зелянінай даволі высокіх прысад. Апусцелы пляц, зразумела, меў сваё тлумачэнне: па-першае, ішлі летнія канікулы, калі дзяцей сюды і дубцом не загоніш, па-другое, школа ў Гуце рыхтавалася да пераезду, і ўжо ў кастрычніку таго ж года яна была пераведзена ў суседнюю вёску Нача, дзе размясцілася ў прасторных і светлых класах, пабудаваных па тыпавым праекце і аснашчаных усім неабходным абсталяваннем і дабротнай мэбляй. Пра гэты выключны факт тады я проста не ведаў і наўрад ці што-небудзь ведаў бы цяпер, калі б у рукі мне не патрапіла кніга «Сцяжынка школьная мая», прысвечаная выпускнікам Гуцянскай сярэдняй школы. Сімвалічна, што сустрэча з прыгожым адбылася акурат напярэдадні Года малой радзімы, і таму рэдкае нават па задуме выданне знайшло мноства сваіх шчырых прыхільнікаў.

Арыгінальная кніга-альбом уяўляе сабой своеасаблівы летапіс цяпер ужо легендарнай школы, дакладна, хоць і скупа, апавядае пра лёс і жыццёвы шлях кожнага яе выхаванца. Змешчаны фотаздымкі школьных будынкаў, настаўнікаў і саміх выпускнікоў. Аўтар праекта і складальнік даволі аб'ёмнай працы — Аляксандр Свірыд, чалавек вядомы не толькі ў Ганцавіцкім раёне. У зборы і падрыхтоўцы матэрыялаў для публікацыі брала ўдзел група энтузіястаў, а прозвішчы добраахвотных памочнікаў названы на другой старонцы кнігі. Думаю, пералік іх варта паўтарыць. Гэта Л. Вярбіцкая, I. Кендыш, B. Буднік, Л. Міхлюк, Л. Корсак, А. Жукоўскі, Г. Гардзей, В. Дрозд, Н. Зуйкевіч, C. Турко, Л. Цыбрук, В. Корань. Афармленне летапісу робіць прыемнае ўражанне, а выдадзена кніга ў Баранавічах паліграфкамбінатам «Чырвоная зорка». Руская мова выдання тлумачыцца тым, што хлопцы і дзяўчаты з Гуты і навакольных вёсак пасля вучобы раз'язджаліся працаваць па ўсёй неабсяжнай краіне, і адпаведна на рускай мове адусюль цяпер прыходзяць дакументы і розныя архіўныя даведкі.


3 першых старонак, дакладней, у азнаямленчым артыкуле «Будучыню не выпусцілі з рук», падпісаным «Аргкамітэтам», аўтары згадваюць самыя істотныя і цікавыя факты з непрацяглага летапісу Гуцянскай сярэдняй школы. Час быў суровы, пасляваенны, амаль паўсюдна школьныя будынкі знішчаны ў ліхалецце, а ў многіх месцах ніякіх школ наогул не існавала. Тады, на пачатку 1950-х гадоў, мясцовыя ўлады прынялі рашэнне пабудаваць сярэднюю школу ў невялікай палескай вёсачцы Гута, якая сваім выгадным геаграфічным становішчам як найлепш адпавядала інтарэсам навакольнага насельніцтва. Новая школа адкрылася першага верасня 1952 года, і вучыцца сюды, пераважна ў старэйшыя класы, прыйшлі дзеці з 15 населеных пунктаў, размешчаных наўсцяж славутага Машукоўскага лесу і ў міжрэччы палескіх рэк Начанка і Лань. Ніхто не глядзеў, што гэта па сутнасці памежжа двух раёнаў. Пад свой гасцінны дах дзесяцігодка прыняла вучняў з блізка прылеглых «сваіх» вёсак — Лактышы, Ясянец, Нача, Лахоўшчына, Востраў, Крышылавічы, Кукоў-Бор. Акрамя таго, прытулак і месца ў старэйшых класах ,тут знайшлі дзеці з нядаўніх «партызанскіх» вёсак Машукі, Галынка, Чаша, Дунайчыцы, Шэйкі, Карацк, Арэшніца, але гэта ўжо населеныя пункты суседняга Клецкага раёна.

Сярэдняя школа ў вёсцы Гута, як адзначаецца ў кнізе, была пабудавана хутка, грунтоўна і фактычна на голым месцы, хоць на той час, трэба сказаць, у суседніх калгасах нават піларамы толькі-толькі пачыналі ўсталёўваць. У вёсцы Ясянец адшукалі вялікі і пусты дом, які перавезлі ў Гуту, перасыпалі, паднавілі. Так і з'явіўся «галоўны корпус», дзе размясціліся чатыры класныя пакоі, затым прыбудавалі яшчэ адно памяшканне для двух класаў і кабінетаў фізікі і хіміі. Удалося таксама ўзвесці трохсценак для настаўніцкай канцылярыі.

Дырэктарам школы быў прызначаны Аляксандр Вярбіцкі, былы сувязны партызанскага атрада, франтавік, выдатны педагог. Дзякуючы яму была створана даволі моцная вучэбна-матэрыяльная база школы: пабудавалі майстэрні, гараж, іншыя гаспадарчыя памяшканні, неўзабаве з'явілася грузавая машына, трактар, прычапная тэхніка. Менавіта А. Вярбіцкі арганізаваў пабудову гаспадарчым спосабам школьнага інтэрната для вучняў з аддаленых вёсак свайго і Клецкага раёнаў. Усё ж за многа вёрст дзецям не проста было дабірацца на заняткі праз гурбы, завеі ці веснавое разводдзе, і толькі дзякуючы інтэрнату многія вучобу не кінулі. Ужо праз тры гады, а дакладна: 26 чэрвеня 1955 года тут адбыўся першы выпуск. Атэстаты сталасці былі ўручаны 25-ці хлопцам і дзяўчатам. Разглядаючы калектыўны фотаздымак таго, першага, выпуску, сярод засяроджана-задумлівых дзяцей вайны лёгка пазнаю Івана Кірэйчыка, майго старэйшага сябра, вядомага беларускага журналіста і паэта. Роднай вёсцы Гута, працавітым землякам ён прысвяціў шмат цудоўных вершаў, высокамастацкіх нарысаў, апавяданняў, і такіх прыемных знаёмстваў у мяне надаралася шмат.

Напрыклад, заўсёды з удзячнасцю згадваю свайго школьнага выкладчыка нямецкай мовы Леаніда Міхайлавіча Муху, родам з вёскі Востраў, які ў Кругавіцкую сярэднюю школу прыйшоў працаваць, сам яшчэ зусім малады. Усмешлівы, зычлівы, выдатны знаўца літаратуры. Старэйшы за нас, выпускнікоў, усяго на пяць гадоў, ён многае паспеў зрабіць у жыцці. 3 атэстатам сталасці, атрыманым у Гуце, паехаў у Сібір, дзе скончыў Новакузнецкі педагагічны інстытут, але неўзабаве вярнуўся на радзіму. Пасля Вялікіх Кругавіч настаўнічаў у вёсцы Нача, і скажу шчыра: з гэтым душэўным чалавекам заўсёды было прыемна і цікава размаўляць. У свой час я добра ведаў журналіста Дзіму Зуйкевіча з Лактышоў, культасветработніка і бібліятэкара Васілісу Таўрызаву з Начы, педагогаў Веру Халецкую з Вострава, Неанілу Свірыд з Ганцавіч, Ганну Гардзей з Раздзялавіч, Валянціну Муха з Малых Кругавіч, сябраваў з роднымі сёстрамі паэта Міхася Рудкоўскага — Лідзіяй Міхлюк і Ірынай Смаршчок, ды толькі адно для мяне заставалася нейкай таямніцай: усе гэтыя знаёмыя мне людзі — выпускнікі легендарнай дзесяцігодкі з невялікай палескай вёсачкі Гута.

За непрацяглы час свайго існавання (адбылося ўсяго 11 выпускаў) Гуцянская сярэдняя школа пуцёўкі ў самастойнае жыццё дала 257 выпускнікам. Немалаважны факт: у пасляваенную разруху, як кажуць, далёка не адыходзячыся, а дома, пад бацькоўскім дахам. атэстаты сталасці атрымалі амаль сорак хлопцаў і дзяўчат непасрэдна з вёскі Гута, дзе больш-менш адукаваных людзей яшчэ нядаўна можна было пералічыць па пальцах. Трэба толькі падзякаваць арганізатарам і складальнікам кнігі «Сцяжынка школьная мая» — яны дакладна акрэслілі тыя жыццёвыя шляхі-дарогі, па якіх імкнуліся ісці выпускнікі зусім не міфічнай Гуцянскай дзесяцігодкі, назвалі цэлыя галіны народнай гаспадаркі, дзе хлопцы і дзяўчаты знаходзілі прымяненне сваім здольнасцям і ведам. Сярод іх людзі розных прафесій і спецыяльнасцей, таму што амаль 80 працэнтаў выпускнікоў школы атрымалі вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю. Усе яны паспяхова працавалі на прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемствах, у адукацыі і ахове здароўя, у гандлі, бытавым абслугоўванні, культуры і іншых сацыяльных сферах, стаялі на абароне Радзімы, здабывалі нафту, вугаль, руду, лавілі рыбу, садзілі лес, будавалі гарады і цалінныя пасёлкі,— словам, сваю будучыню з рук не выпускалі. Імі, выхаванцамі незабытай школы-дзесяцігодкі, вёска Гута яшчэ доўга будзе ганарыцца.

Вось, да прыкладу, выпускнік 1960 года, ураджэнец вёскі Востраў Іван Рудкоўскі. Скончыў Брэсцкі тэхнікум і Беларускі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту. Пасля армейскай службы працаваў у Баранавіцкай дыстанцыі чыгункі: тэхнік, старшы інжынер, намеснік начальніка дыстанцыі па кадрах і быце, займаў іншыя адказныя пасады. За поспехі ў працы ўзнагароджаны ордэнам «Дружбы народаў», знакам «Ганаровы чыгуначнік». Іван Сцяпанавіч выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 11-га склікання, a ў 1990 годзе стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР. Цяпер гэты заслужаны чалавек жыве ў горадзе Баранавічы, кіруе ветэранскай арганізацыяй мясцовай Дыстанцыі чыгункі.

Наогул у тыя далёкія пасляваенныя гады тэхніка магнітам прываблівала падлеткаў з Гуты і іншых навакольных вёсак, пасля школы яны паступалі ў спецыяльныя вучылішчы, набывалі тэхнічныя прафесіі, не разлучаючыся з любімай справай на працягу ўсяго працоўнага жыцця. Ніяк не абмінуць прозвішча Іосіфа Жукоўскага, які нарадзіўся ў вёсцы Арэшніца, разам з другім выпускам у 1956 годзе атрымаў атэстат сталасці Гуцянскай сярэдняй школы, а ўвесь далейшы жыццёвы і творчы шлях прысвяціў распрацоўцы новых узораў трактарнай тэхнікі. Скончыў Мінскае рамеснае вучылішча № 1, паступіў у політэхнічны інстытут па спецыяльнасці «інжынер-механік», праз некаторы час абараніў кандыдацкую дысертацыю ў аспірантуры Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі. Працаваў інжынерам-канструктарам, начальнікам канструктарскага бюро тэарэтычнага аналізу і разлікаў, вядучым інжынерам-канструктарам Галоўнага канструктарскага бюро Мінскага трактарнага завода, быў навуковым супрацоўнікам Аб'яднанага інстытута машынабудавання Акадэміі навук Беларусі. Мае дванаццаць аўтарскіх пасведчанняў на вынаходніцтвы, у часопісах і кнігах надрукаваў 30 навуковых артыкулаў, якія леглі ў аснову серыі канструктарскіх распрацовак у сучаснай трактарнай тэхніцы.

Надзвычай плённым для Гуты быў 1965-ы навучальны год, калі выпускныя экзамены адначасова здавалі два класы — дзясяты і адзінаццаты. Атэстаты сталасці атрымалі два здольныя хлопцы Іосіф і Аляксандр па прозвішчы — Прышчэпа. У кнізе «Сцяжынка школьная мая», чытаючы іх біяграфічныя даведкі, з прыемнасцю адзначаеш, што абодва сталі знакамітымі вучонымі кожны ў сваёй галіне. І. Прышчэпа ў 1971 годзе скончыў біялагічны факультэт БДУ імя У. I. Леніна, працаваў у Рэспубліканскім інстытуце аховы раслін, абараніў кандыдацкую, a затым і доктарскую дысертацыю. У 2009 годзе яму было прысвоена вучонае званне дацэнта па спецыяльнасці «Агранамія». З кастрычніка 2016 года — загадчык аспірантуры Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А.Д. Сахарава. Аўтар соцень навуковых прац, 3 манаграфій, 4 патэнтаў, 3 брашур, у суаўтарстве напісаны дзве кнігі.

He меншыя заслугі, як вучонага, і ў другога Прышчэпы — Аляксандра Іосіфавіча, які, дарэчы, скончыў сярэднюю школу з сярэбраным медалём. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі імя Куйбышава, паступіў у аспірантуру, а ў 1978 годзе ў Кіеўскім дзяржаўным інстытуце народнай гаспадаркі імя Д.С. Каратчэнкі абараніў дысертацыю з прысваеннем навуковай ступені «Кандыдат эканамічных навук». Працаваў у БДІНГ выкладчыкам, загадчыкам кафедры, намеснікам дэкана, быў дэканам улікова-эканамічнага факультэта, а таксама прафесарам кафедры бухгалтарскага ўліку, аналізу і аўдыту ў прамысловасці. Пад яго кіраўніцтвам падрыхтавана і апублікавана больш за 55 падручнікаў, дапаможнікаў і іншых прац па бухгалтарскім уліку, аўдыце і аналізе. Да сказанага варта дадаць, што абодва здатныя да навук юнакі нарадзіліся ў зарэчнай вёсцы Арэшніца, разам хадзілі ў адзін клас, а іхняя вёска за колішнім маёнткам Лахоўшчына была добра бачна з правага берага рэчкі Начанкі.

Нямала сваіх лепшых выпускнікоў у тыя трывожныя шасцідзясятыя гады вёска Гута блаславіла на вайсковую службу, і яны, трэба сказаць, зрабілі вельмі многае для ўмацавання абароназдольнасці Радзімы. Адзін з гэтых людзей — Леанід Чыркун, родам з вёскі Кукоў-Бор, выпускнік 1959 года. Скончыў Кіеўскае танкавае вучылішча, політэхнічны інстытут у горадзе Чаркасы, Ваенную акадэмію бронетанкавых войск, разам з лепшымі курсантамі быў на прыёме ў Георгіеўскай зале Крамля. Служыў у гвардзейскіх танкавых дывізіях у краіне і за мяжой, працаваў у цэнтральным апараце Міністэрства абароны. Звольнены ў запас у званні палкоўніка, узнагароджаны ордэнамі і медалямі трох дзяржаў, у тым ліку ордэнамі Чырвонай Зоркі і Працоўнага Чырвонага Сцяга. Пасля вайсковай службы Леанід Міхайлавіч вярнуўся ў родныя мясціны, жыў у горадзе Ганцавічы.

Многія ўраджэнцы маляўнічага міжрэчча Начанкі і Лані пасля дзесяцігоддзяў службы ў вайсковых падраздзяленнях звольніліся ў чыне падпалкоўнікаў, маёраў, a то і папулярных ва ўсе часы лейтэнантаў. Вось што піша Аляксандру Свірыду выпускнік 1961 года Мікалай Шут: «У 1969 годзе паспяхова здаў экзамены ў Ленінградскую ваенную інжынерную Чырванасцяжную акадэмію А.Д. Мажайскага. Па выніках выпускных экзаменаў мяне прынялі на толькі што адкрыты факультэт вылічальнай тэхнікі, і я глыбока ўсвядоміў, якія цудоўныя педагогі вучылі нас у школе маленькай вёсачкі Гута. 3 асаблівай удзячнасцю згадваю, як аматар дакладных навук, выкладчыкаў матэматыкі Шахрая A. Р. і Мініча A. А.».

Праз далёкія дзесяцігоддзі цяжка ўзгадаць, які фактар паўплываў у першую чаргу: ці то высокакваліфікаваны настаўніцкі калектыў, ці то маляўнічая навакольная прырода, ці то проста з нябёс сышла боская літасць, але Гуцянская сярэдняя школа ўжо на самым пачатку адметна вызначылася сваім філалагічным ухілам. Маючы на ўвазе верш A.С. Пушкіна «В степи мирской, печальной и безбрежной...», тут забруілася кастальская крыніца натхнення, з якой удосталь напіліся журналісты, празаікі, паэты. Пальма першынства належыць, як ужо гаварылася, Iвану Кірэйчыку і старэйшаму па гадах, і непасрэднаму выхадцу з паэтычнай вёскі. Да Гуты ў падлеткавым узросце меў адносіны Міхась Рудкоўскі з суседняга Вострава, газетнай працай здабывалі свой хлеб надзённы «гуцянскія вучні» Дзмітрый Зуйкевіч з Лактышоў, Аляксандр Жукоўскі з Арэшніцы, Галіна Дамарацкая з Кукоў-Бору і, магчыма, некаторыя іншыя. Што да паэтаў, то іх збіраецца сапраўднае гняздо. Мяркуйце самі. Зборнікі вершаў выдалі былыя выпускнікі Вера Паляшчук, Аляксандр Жукоўскі, Ірына Кендыш. Акрамя шырока вядомых у рэспубліцы Міхася Рудкоўскага і Iвана Кірэйчыка, варта згадаць і маладзейшага за іх таленавітага паэта Уладзіміра Марука, зноў жа, ураджэнца вёскі Гута і таксама аўтара шматлікіх паэтычных кніг для дарослых і дзяцей. Несумненны літаратурны талент мела і родная сястра Міхася Рудкоўскага — Ірына Рудкоўская (Смаршчок). На жаль, у пазалеташнім годзе, якраз на Калядныя святы, яна пайшла з жыцця. Дзякуючы рэдакцыі газеты «Ганцавіцкі час» і асабіста яе галоўнаму рэдактару Пятру Гузаеўскаму былі знойдзены магчымасць і сродкі, каб выдаць пасмяротную кнігу публіцыстыкі Ірыны Рудкоўскай «Голас душы», ды якой публіцыстыкі — надзённай, вострай, прынцыповай! Дарэчы, у гэтай кнізе надрукаваны кранальны артыкул «Яго паэзія як абярог», прысвечаны светлай памяці Уладзіміра Марука. Вось так яны ўсе разам, і старэйшыя, і маладзейшыя мясцовыя творцы, акурат і стварылі той прывабны літаратурны асяродак, які ўзвышае вёску Гуту, робіць мілым сэрцу гэты найпрыгажэйшы куточак Палесся.

Такім вялікім багаццем талентаў, што адкрываюцца вачам у кнізе-альбоме «Сцяжынка школьная мая», пахваліцца можа далёка не кожная сельская мясцовасць. У вёсцы Гута, у яе школьных сценах выхаваліся нават здольныя артысты. Гэта Мікалай Герасіменя і Мікалай Ціхан — выпускнікі 1966 навучальнага года. Абодва скончылі Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут па спецыяльнасці «Акцёрскае майстэрства і рэжысура», адзін працаваў акцёрам у Магілёўскім абласным драматычным тэатры, дзе сыграў шмат галоўных роляў у спектаклях па класічных творах, другі быў акцёрам Тэатра юнага гледача ў Мінску, працаваў у лялечным тэатры «Мікола», і таксама меў поспех і прызнанне. Урэшце, у вёсцы Гута належную ўвагу надавалі і спорту. Выпускнік гэтай дзесяцігодкі, шахцёр па здабычы сланцаў Васіль Ціхан займаўся цяжкай атлетыкай і як штангіст удзельнічаў у розных спаборніцтвах, мае адпаведныя ўзнагароды Рэспублікі Эстонія. Цяпер вядомы спартсмен жыве па месцы працы ў горадзе Іыхві.

У тым, што кастальская крыніца натхнення ў вёсцы Гута забурліла свежа і молада, адкрываючы нам усё новыя і новыя таямніцы і цікавыя факты, вядома ж, заслуга Аляксандра Свірыда — родам з вёскі Нача, выпускніка ўсё той жа Гуцянскай сярэдняй школы. У 1964 годзе юнак атрымаў тут атэстат сталасці, a далейшы ягоны працоўны шлях пралёг выключна ў родным раёне, прычым на адказных кіраўнічых пасадах. Маючы вышэйшую эканамічную адукацыю працаваў старшынёй калгаса «Расія», быў старшынёй Ганцавіцкага райвыканкама і інш. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэпублікі Беларусь 13 склікання, тры разы запар быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Узнагароджаны ордэнамі, медалямі, Ганаровымі граматамі. Як прадстаўнік вышэйшай улады і проста добры чалавек вельмі многае зрабіў для людзей свайго раёна. Напрыклад, ён сам, па сваёй ініцыятыве вырабіў і ўстанавіў памятныя дошкі вядомым і, на жаль, рана памерлым пісьменнікам Васілю Праскураву, Міхасю Рудкоўскаму, Уладзіміру Маруку, Івану Лагвіновічу, а на пляцы, дзе стаяла хата Івана Кірэйчыка, усталяваны памятны знак. Адна толькі гэтая грамадская дзейнасць мецэната і фундатара не ўмяшчаецца ў некалькі радкоў, а патрабуе разгорнутага інтэрв'ю або вялікага мастацкага нарыса.

Звесткі ў летапісе Гуцянскай сярэдняй школы былі б няпоўныя, калі ні згадаць яшчэ некалькі цікавых прыкладаў і фактаў. Аргкамітэт, роля якога ў стварэнні кнігі-альбома надзвычай важная, 26 чэрвеня 2015 года наладзіў юбілейную сустрэчу выпускнікоў: акурат у гэты дзень 60 гадоў таму пасляваенным юнакам і дзяўчатам у Гуце былі ўручаны першыя атэстаты аб сярэдняй адукацыі. Як зазначае незабыўная Iрына Рудкоўская — удзельніца той сустрэчы, у Гуту, як у родную вёску, з'ехаліся 57 выхаванцаў школы. Прыехалі яны з розных куткоў Беларусі і іншых рэспублік былога СССР, каб засведчыць сваю пашану гэтай цудоўнай зямлі, людзям, настаўнікам, хто напаўняў іх розум ведамі, а сэрцы — любоўю, міласэрнасцю, высокімі грамадзянскімі пачуццямі. Усіх вельмі ўзрушыў і расчуліў мужны ўчынак Яніны Антановіч: 1941 года нараджэння, атэставаная з трэцім выпускам, яна прыехала на сустрэчу з Вялікага Ноўгарада (Расія), будучы інвалідам-калясачнікам. Сардэчныя абдымкі, слёзы радасці і смутку, чуліся мелодыі песень, вядомых з юнацтва: «Школьные годы чудесные...», «Тропинка школьная моя...». Колішнія выпускнікі, якія сабраліся ў былым памяшканні школы, дзе цяпер камбінат сацыяльна-бытавых паслуг, засталіся бязмерна ўдзячныя ініцыятару і арганізатару цудоўнага свята Аляксандру Свірыду, а таксама аргкамітэту за яго безкарыслівую дапамогу ў, бясспрэчна, высакароднай справе. На юбілейнай сустрэчы зачытаны зварот да маладога пакалення, прынята дамова лічыць 26 чэрвеня Днём вучня Гуцянскай сярэдняй школы. Гэтай легендарнай школы даўно няма, як няма і многіх іншых, што былі ў суседніх вёсках, але нам дарагая і памяць.

Падпісваючы мне кнігу «Сцяжынка школьная мая», Аляксандр Свірыд справядліва зазначыў: «Няхай кожны, хто прачытае гэтую кніжку, успомніць пра сваю школьную сцяжынку да школы, пра сваіх настаўнікаў, пра сваіх аднакласнікаў». Ды ці мала нам ёсць што ўспомніць з тых далёкіх школьных гадоў? Бацькоўская зямля, наш родны кут, асабліва, такі, як вёска Гута, будзе доўга помніцца, нідзе і ніколі не забудзецца.
Катэгорыя: Віктар Гардзей | Дабавіў: vitalis (14.02.2019) | Аўтар: Віктар ГАРДЗЕЙ – часопіс «Полымя»
Праглядаў: 1114 | Тэгі: Уладзімір Марук, Іван Кірэйчык, Ганцавіцкі раён, Віктар Гардзей, Міхась Рудкоўскі, Літаратурная Ганцаўшчына, Гута, Аляксандр Свірыд | Рэйтынг: 5.0/2
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.