Серада, 24.04.2024, 12:51

НАРОДНАЯ ПАЭТЫЧНАЯ ТВОРЧАСЦЬ, вусная народная творчасць, фальклор

Галоўная »
НАРОДНАЯ ПАЭТЫЧНАЯ ТВОРЧАСЦЬ, вусная народная творчасць, фальклор — адзін з відаў мастацкай творчасці народа, што адлюстроўвае рэчаіснасць у вобразах створаных паэтычным словам. Узнікла ў дакласавым грамадстве. Адлюстроўвае гісторыю і працоўны вопыт народа. Сцвярджае дабро і справядлівасць, стварыла высокія паэтычныя ўзоры.

Каляндарна-абрадавая паэзія і сямейна-абрадавая паэзія — найбольш старажытныя віды беларускага фальклору. Аграрна-магічны характар у старажытнасці мелі ўсе песні, прымеркаваныя да святаў народнага земля-робчага календара. Паводле міфапаэтычнага светаразумення яны магічным чынам садзейнічалі спору і плёну ў гаспадарцы, спрыялі дабрабыту і шчасцю сялянскай сям'і. Як і ў іншых славянскіх народаў, багаты раздзел беларускага фальклору складае паэзія земляробчага каляндарнага круга. Абрады, звычаі і вераванні, песенныя цыклы, якімі абрасталі гадавыя святы, суправаджалі працу хлебароба, усю яго жыццядзейнасць дома, у полі, у лесе, у дачыненнях з жывой і нежывой прыродай, таму шырока адлюстравалі яго светапогляд, побыт, духоўнае жыццё. На іх аснове ўтварыўся своеасаблівы сельскагаспадарчы каляндар, у якім адбіўся жыццёвы вопыт народа-сейбіта і ратая, яго стыхійна-матэрыялістычны светапогляд. Выяўлены ў абрадах, песнях, прыказках і прымаўках, звычаях і вераваннях, ён перадаваўся з пакалення ў пакаленне і стагоддзямі быў няпісаным маральна-этычным кодэксам народа.

Каляндарна-абрадавая паэзія падзяляецца на цыклы зімовы, веснавы, летні і восеньскі. Зімовы цыкл пачыналі піліпаўскія песні, якія спявалі ў піліпаўскі пост, што цягнуўся 6 тыдняў (ажно да Каляд). Гэта быў час попрадак. Жартоўныя матывы гэтых песень здымалі аднастайнасць руціннай работы. Свята Каляд было ў гонар Новага года. Яно звязана з зімовым сонцаваротам: дзень пачынаў расці, набліжаючы вясну. Каляды святкавалі з рознымі абрадамі, варажбою, галоўным чынам у апошні вечар старога года (багатая куцця, ці шчадруха). Калядныя песні і шчадроўскія песні спявалі калядоўшчыкі (некалі нават плацілі калядны падатак) — звычайна хлопцы і маладыя мужчыны, ходзячы ад хаты да хаты. Спевамі яны віншавалі гаспадароў і іх дзяцей; вадзілі «казу», якая лічылася апекуном ураджаю («дзе каза рогам, там жыта стогам»). Песні калядоўшчыкаў маюць пераважна заклінальны і велічальны, а таксама гумарыстычны характар. Беларускія калядкі і шчадроўкі дастасаваны найперш да земляробчай дзейнасці чалавека, тут чэрпаюць свае сюжэты, вобразы, паэтыку. Тыпалагічна яны блізкія да ўкраінскіх калядных песень. У калядныя вечары моладзь ладзіла гульні «Жаніцьба Цярэшкі», «Яшчар» і іншыя, якіх не маюць рускія і ўкраінцы. Ачышчэнне ў абрадах увасобілася ў шырокай весялосці — гульнях, карагодах, пераапрананні. Менавіта ў каляндарных абрадавых сцэнках і ігрышчах пачатак народнага тэатра.

На мяжы зімовых і веснавых песенных цыклаў узніклі масленічныя песні. Абрады адбівалі магічнае завяршэнне зімы, таму зместам іх было культавае ўшанаванне сонца і цяпла, абрадавай сытасці (рытуальнай ежай былі бліны як сімвал сонца). Асноўныя матывы песень — замужжа, шлюб, сямейнае жыццё. Сярод іх шмат гумарыстычных. Ад Каляд да «запустаў» (пачатку Вялікага посту) быў перыяд вяселляў. Беларускі веснавы каляндарна-фальклорны цыкл мае больш за 10 песенных разнавіднасцей. Вяснянкі (веснавыя песні), юраўскія і валачобныя песні склалі беларускую фальклорную класіку. Песні гукання вясны маюць тыпова магічную скіраванасць. Галоўны іх вобраз — «залатыя ключы», якімі «адмыкаюць» лета, «замыкаюць» зіму, а вобраз Вясны ў іх самы яскравы і каларытны. Сродкамі паэтыкі створана шырокая панарама абуджэння зямлі, яе абнаўлення. Самае віднае месца сярод веснавых займалі валачобныя песні. Валачобнікі, як і калядоўшчыкі, хадзілі па дварах і віншавалі спевам гаспадароў. Зместам і характарам валачобныя песні падобныя на велічальныя песні калядоўшчыкаў, толькі велічанне ў іх яшчэ больш яркае. Вобраз чалавека ў гэтых песнях паказаны з усім яго язычніцка-наіўным унутраным светам і пачуццямі. Адам Ягоравіч Багдановіч падкрэсліваў, што нідзе ў беларускіх песнях не адводзіцца такое пачэснае месца земляробчай працы, як у валачобных. З увядзеннем хрысціянства на некаторых валачобных песнях адбіўся ўплыў новай афіцыйнай рэлігіі, што, аднак, не змяніла іх паэтычнай сутнасці, глыбінна-зямнога сэнсу. Р.Р.Шырма адзначаў, што дзейнымі асобамі валачобных песень часта былі святыя, але яны былі найперш заняты працаю. Гэта рэальныя тыпы, створаныя фантазіяй народа. Песні такія сталі своеасаблівым падрабязным паэтычным календаром правядзення работ у полі. Валачобныя песні — адна з самых яркіх з'яў у беларускай вуснай народнай творчасці. Гэты жанр так шырока ўласцівы толькі беларускаму фальклору (крыху падобныя песні ёсць у сербаў).

3 першым выганам жывёлы ў поле звязаны юраўскія песні ў беларусаў і балгар. Іх ключавы матыў — «адмыканне» зямлі, «выпусканне» расы. Многія вяснянкі, юраўскія і песні «зялёных святкаў» прысвечаны каханню і шлюбу. Такія ж пераважна і песні веснавых карагодаў, бо сезон вяселляў пачынаўся з Вялікадня, захопліваў Сёмуху і цягнуўся да Пятровага посту. Талочныя песні выкліканы да жыцця старажытным звычаем працоўнай узаемадапамогі. У іх радасць, весялосць, гарэзлівасць. Талокі пашыраны толькі ў беларусаў і ў балтыйскім рэгіёне. «Зялёныя святкі» праводзіліся ўжо на пераходзе вясны ў лета. У канцы вясны святкаваўся русальны, або граны, зялёны тыдзень, абрады і песні якога звязаны з культам продкаў і культам расліннасці. Да найбольш даўніх абрадаў адносіліся Дзяды (памінанне продкаў), абрады «ваджэння русалкі» і «ваджэння куста» (гл. Куставыя песні) на Піншчыне і на Украіне.

Самае значнае і самае старажытнае свята летняй пары — Купалле, прымеркаванае да летняга сонцастаяння, калі сонца знаходзіцца ў самым зеніце, дзень дасягае свайго апагея, а прырода набірае найбольшыя сілы. Селянін клапаціўся пра ўраджай, каб ніякія злыя сілы не нашкодзілі яму. У беларусаў свята праводзілася з большай пышнасцю, чым у іншых. У купальскую ноч раскладалі агні, скакалі праз іх, купаліся ў рэчках і азёрах, качаліся па pace, шукалі кветку папараці. Аграрнамагічнае прызначэнне абрадаў з купальскімі песнямі мела заклінальны характар. Пра сувязь купальскіх абрадаў і песень з язычніцкім культам раслін і старажытным анімістычным светапоглядам сведчаць і павер'і пра размову дрэў, травы, каменняў, якую той ноччу можна падслухаць і зразумець, і вобраз міфічнага бажаства Купалы. Многія вобразы паэтыкі песень, узятыя з расліннага свету (Папараць-кветка). Такіх песень дайшло мала. Найбольш з матывамі шлюбнымі і любоўнымі.

Працяг купальскіх — Пятроўскія песні, якія спяваліся на Пятра (12 ліпеня). У купальскіх і пятроўскіх песнях адлюстравана еднасць чалавека з прыродаю. Жніво ведала некалі шэраг аграрнамагічных абрадаў — ушанаванне першага і апошняга снапоў, якія прыносілі дамоў і ставілі на покуці, «завіванне барады» на дажынках, кулянне па пожні са словамі «Ніўка, ніўка, аддай маю сілку!», завіванне вянка з каласоў, плата жнеям за вянок, які прыносілі гаспадару з поля і інш. Сляды старажытнага анімістычнага светапогляду прысутнічаюць і ў жніўных песнях, дзе аб'екты прыроды надзелены антрапамарфічнымі рысамі. Найперш у гэтых песнях услаўляецца гаспадар нівы і яго жонка-жняя. Сярод беларускіх традыцыйных песень найбольш захавалася не заклінальных і велічальных, а элегічна-журботных, тужлівых або гнеўных, іранічна-насмешлівых, а таксама тых, што адлюстроўваюць гаротнае становішча селяніна ва ўмовах прыгоннага ладу, вясковай жанчыны-працаўніцы і гаротніцы. Гэта творы пазнейшага паходжання і рэалістычнага характару.

У выніку параўнальнага вывучэння земляробчых абрадаў і фальклору, даследчыкі прыйшлі да вываду пра пэўную супольнасць (пры выразнай нацыянальнай спецыфіцы) вераванняў і поглядаў розных славянскіх народаў, блізкасць іх звычаяў, маральных установак, этычных і эстэтычных нормаў, густаў, ідэалаў. Украінскі вучоны Ю.З.Круць даказаў, што ўкраінскія, беларускія і польскія жніўныя песні найбольш збераглі элементы абраднасці з лірычнымі і сацыяльна-бытавымі матывамі. У рускіх пераважаюць матывы сямейныя. Польскія бурлескна-камічна велічаюць пана і высмейваюць яго прыслужнікаў. Славацкія, чэшскія і мараўскія бяднейшыя на сацыяльна-бунтоўныя настроі (пераважаюць кароценькія інтымныя і пейзажныя прыпеўкі). У балгарскіх і сербска-харвацкіх песнях разгорнуты сумна-элегічным баладныя сюжэты, тэма барацьбы супраць турэцкага паняволення. Гэта адметнасць паміж жніўнымі песнямі славян тлумачыцца пераважна гісторыка-эканамічнымі, палітычнымі і культурнымі ўмовамі іх жыцця.

Замыкалі гадавое кола каляндарна-абрадавай паэзіі восеньскія песні. Спявалі іх найчасцей жанчыны і дзяўчаты на супрадках, доўгімі асеннімі вечарамі, на вольным паветры, беручы лён, жнучы ярыну, збіраючы грыбы. У іх назіраецца глыбокая псіхалагізацыя вобраза чалавека, шырокае выкарыстанне вобразных рэалій прыроды.

Сямейна-абрадавая паэзія канцэнтравалася вакол нараджэння, вяселля і смерці чалавека. Радзінныя песні ў беларусаў захаваліся больш поўна, чым у рускіх і ўкраінцаў. Яны суправаджалі нараджэнне дзіцяці і мелі магічны характар. Іх асноўны змест — радасць сямейнага свята. Гэтыя песні позняга паходжання, не абрадавыя, а бытавыя, звычаёвыя. Яны спяваліся немаўляці, бацькам, бабцы-павітусе і куму з кумою; бабцы і кумам — дабрадушна-жартоўныя і гумарыстычныя. Нямала сярод радзінных на хрэсьбінах спявалася і фрывольных, эратычных (незамужняя моладзь, паводле звычаю, на хрэсьбіны не дапускалася). Самы багаты раздзел у традыцыйнай народнай лірыцы беларусаў — вясельныя песні (за адно вяселле спявалася больш за 300 песень). Іх спявалі на розных этапах вясельнага рытуалу, які Е.Раманаў назваў «своеасаблівай операй». Некаторыя даюць мажлівасць улавіць абрадава-магічны сэнс, большасць жа — бытавая лірыка. Яны адлюстроўваюць розныя этапы шлюбу: «умыканне», купля-продаж нявесты і г.д. Усе песні заклінальнага характару прасякнуты клопатам пра шчасце маладой сям'і. Пажаданні ў іх мелі магічнае значэнне: паспрыяць дабрабыту маладых, засцерагчы іх ад бяздзетнасці і г.д. Магічны характар добра відзён у каравайных песнях: каравай сімвалізаваў багацце і дастатак як аснову шчасця сям'і. Больш захавалася песень велічальнага характару маладому і маладой, іх быту. Вылучаюцца рэалістычныя элегічныя песні пра думкі маладой аб сваёй будучыні. Іх асноўныя матывы — развітанне з бацькоўскім домам і дзявочай воляй, прадчуванне гаротнага жыцця замужам і г.д. Вясельная паэзія беларусаў — самая багатая сярод вясельнага фальклору іншых народаў. Тысячы народных песень услаўляюць каханне. Шчырасць, душэўная чысціня і даверлівасць закаханых хлопца і дзяўчыны, вышыня маральных ідэалаў працоўнага чалавека, трываласць яго духоўных асноў выказана ў народнай лірыцы кахання з незвычайнаю сілаю мастацкага абагульнення. Вельмі пашыраны песні аб жаночай долі, у якіх паказана жыццё з нялюбым, цяжкая праца ў сям'і мужа; жаласныя песні пра жыццё ўдавы, горкай долі сіраты. Пратэст супраць прыгнёту гучыць у батрацкіх песнях, бурлацкіх песнях, чумацкіх песнях.

У творчасці беларусаў, як і ў фальклоры іншых народаў, багата песень гумарыстычных і сатырычных, у якіх селянін жартаваў, смяяўся, кпіў з сябе і іншых, выказваючы так сваю здаровую мараль, вялікую сілу жыццялюбства. Жартоўныя песні вылучаюцца разнастайнасцю тэматыкі, дасціпным гумарам. Лipa-эпічным складам і драматычнай напружанасцю вызначаецца беларуская балада. Яна амаль заўсёды паэтычная драма, у якой разгортваюцца сурова-драматычныя і трагічныя падзеі. Герой многіх балад у звышнапружаных, крытычных сітуацыях паказвае стойкасць, глыбокае ўсведамленне абавязку, патрыятызм і любоў да радзімы. Яго смерць успрымаецца слухачом ці чытачом як маральная перамога над злом і несправядлівасцю. Беларуская балада налічвае каля 140 сюжэтаў. Найбольш вядомы — пра дачку-птушку (спяваецца па ўсёй Беларусі, запісана каля 150 варыянтаў). Асобныя матывы беларускіх балад (на магілах закаханых вырастаюць дрэвы, што пераплятаюцца голлем), сустракаюцца ў баладах амаль усіх народаў Еўропы. А міфалагічны пласт беларускіх балад (матывы метамарфозы чалавека ў кветку, дрэва, птушку, праклён, прарочыя сны) багацейшы і больш разнастайны, чым у суседзяў. Рэкруцкія і салдацкія песні паказвалі наборы ў войска, цяжар салдатчыны.

Заўсёды адгукалася на падзеі грамадскага жыцця прыпеўка. Адным са старажытных жанраў беларускага фальклору, якім людзі імкнуліся ўплываць на навакольны свет, былі замовы.

Гонарам беларусаў былі і застаюцца казкі — вынік вялікай фантазіі, паэтычнай выдумкі, жыццёвага аптымізму народа. Гэта паэзія глыбокай думкі і мудрасці, дасведчанасці, філасофскага асэнсавання свету, трапнае назіранне над жывой і нежывой прырадай, чалавечым грамадствам, сродак выхавання мастацкага густу, умення выказацца ў дасціпным, яркім, мудрым слове. Украінскі фалькларыст С.У. Саўчанка адзначаў, што па жывасці і прыгажосці апавядання беларускія казкі не маюць сабе роўных.

Беларускія казкі пра жывёл ён называў перламі беларускага казачнага эпасу. Чэшскі даследчык І.Поліўка лічыў беларускі казачны эпас адным з найбагацейшых у вуснапаэтычнай спадчыне славян, а яго найбольш важнай рысай — вялікую колькасць казак пра жывёл. Казак пра жывёл у беларусаў больш за 150 тэкстаў. Беларусам, рускім і палякам вядома каля 70 сюжэтаў казак пра жывёл. Большасць з іх адлюстравана ў міжнародным паказальніку Аарнэ-Томпсана (AT). Больш за 40 сюжэтаў агульныя для рускага і беларускага фальклору; больш за 30 сюжэтаў вядомы польскаму і беларускаму фальклору. У беларускай і польскай вуснай народнай творчасці ёсць сюжэты «Сабака-шавец» (AT 102), «Леў, конь і воўк» (AT 118), «Антаганізм сабакі і ката» (AT 200), якіх няма ў рускім казачным эпасе. У AT не адлюстраваны сюжэты пра вяселле вераб'я (зап. Раманава), пташэчча піва (зап. У.Вярыгі), «Шэршань у сватах» (зап. М.Федароўскага). Паводле падлікаў Л.Барага, у беларускім фальклоры 230 сюжэтаў чарадзейных казак, ва ўкраінскім — 187, у рускім — 144. Легендарных казак у беларускім фальклоры 500 сюжэтаў, ва ўкраінскім —196, рускім — 56.

Спецыфічную для беларускага фальклору групу ці цыкл складаюць казкі пра асілкаў і на былінныя сюжэты. Героі іх падобныя да міфалагічных. Побач з ратнымі подзвігамі яны будуюць паселішчы і масты, умацоўваюць гарадзішчы, вырываюць з каранямі векавечныя дрэвы, перакідваюць аграмадныя камяні і сякеры. Даследчыкі, звязваючы такія казкі з беларускімі паданнямі і легендамі пра асілкаў, дзівосных волатаў, гераічных веліканаў, прыходзяць да высновы аб сваяцтве такіх казак з гераічным эпасам. У навуковай літаратуры адзначалася роднасць беларускіх паданняў пра гераічных асілкаў з фальклорам рускіх, украінцаў, прыбалтаў. Беларускія паданні пра асілкаў А.Весялоўскі звязваў з волатамі-велятнямі беларускіх і рускіх паданняў, а волатаў і вільцінаў — з карэла-фінскімі і зыранскімі паданнямі. Якуб Колас, які сам збіраў і апрацоўваў беларускія народныя казкі, быў знаёмы з карэла-фінскай «Калевалай», якую Э.Лёнрат стварыў з карэла-фінскіх рунаў, эстонскім «Калевіпоэгам», напісаным Ф.Крэйцвальдам паводле эстонскіх ліра-эпічных песень, казак і паданняў, латышскім «Лачппесісам», створаным А.Пумпурам з латышскіх казак і легенд, выказваў ідэю стварэння нацыянальнага паэтычнага эпасу і ў беларускай літаратуры. Сацыяльна-бытавыя казкі больш познія. Многія з іх адлюстравалі барацьбу сялян супраць сацыяльнага і рэлігійнага ўціску. Пазнавальную і эстэтычную каштоўнасць уяўляюць легенды. У іх народ спрабаваў растлумачыць паходжанне сусвету, раслін і жывёл, асэнсаваць з'явы прыроды і грамадскага жыцця. Легендарныя сюжэты пра хаджэнне бога і святых па зямлі набліжаюцца да сатырычных антырэлігійных казак і анекдотаў (амаль ва ўсёй Еўропе пашыраны сюжэт «Мадэй», або «Вялікі грэшнік»).

Да легенд набліжаюцца паданні, у якіх на першы план вылучаецца пазнавальная функцыя. Найбольш вядомыя на Беларусі тапанімічныя паданні пра паходжанне населеных пунктаў, урочышчаў, курганоў, азёр, рэк і г.д.

Малыя фальклорныя жанры — прыказкі, прымаўкі, загадкі — гэта жыццёвы вопыт народа, яго мудрасць, светапогляд, этыка і інш. Падобныя рысы адбіліся ў анекдотах, былічках, вусных народных апавяданнях, выслоўях, жартах і гумарэсках.

Дзіцячы фальклор аб'ядноўвае творы розных жанраў і відаў: калыханкі, забаўлянкі, заклічкі, дражнілкі, лічылкі, дзіцячыя гульні, прыгаворы. Яны вылучаюцца даступнасцю, прастатой, мастацкай дасканаласцю і з'яўляюцца важным сродкам народнай педагогікі. Лепшыя ўзоры беларускага фальклору апублікаваны ў шматтомным выданні «Беларуская народная творчасць».

Аўтары: І.У. Саламевіч
Крыніца: "Беларуская энцыклапедыя”
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1392]
Здарэнні [464]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 6
Гасцей: 6
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.