Пятніца, 26.04.2024, 04:10

НАРОДНЫЯ СТРОІ

Галоўная »
НАРОДНЫЯ СТРОІ — традыцыйныя комплексы беларускага народнага адзення, характэрныя для пэўнай мясцовасці. Адрозніваюцца асаблівасцямі крою, кампазіцыйна-пластычным вырашэннем. фактурай і каларытам тканіны, характарам аздаблення (тэхнікай выканання арнаменту, яго матывамі), а таксама спосабам нашэння асобных частак касцюма (здымных упрыгожанняў, галаўных убораў, абутку і г. д.).

Народныя строі развіваліся ў цеснай сувязі з характарам эстэтычных ідэалаў, утылітарных і мастацкіх запатрабаванняў насельніцтва пэўных рэгіёнаў. Іх фарміраванне залежала ад узроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця пэўнай мясцовасці, прыродна-кліматычных умоў, роду традыцыйных заняткаў, гаспадарчай дзейнасці, рэлігійнай прыналежнасці, узаемасувязей з культурай суседніх народаў і г.д. Найбольш выразна выяўляюцца ў жаночым абрадавым і святочным касцюме 19 — 1-й паловы 20 ст. і ўвасабляюць стылявыя прынцыпы народнай творчасці ўсіх гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі.

Заходняе Палессе — адзін з багацейшых на архаічныя мастацкія з'явы рэгіён. Да нашых дзён тут захаваліся старадаўнія віды народнага адзення, галаўных убораў, мастацкіх тканін, якія не сустракаюцца ў іншых месцах рэспублікі, напрыклад, жаночае паясное адзенне бурка (маларыцкі строй) і складаныя геаметрычныя кампазіцыі чырвона-чорнага арнаменту (кобрынскі строй). Яшчэ ў 1930-50-я г. старыя жанчыны Маларытчыны ўбіраліся ў хусты (варыянт наміткі), аздобленыя на адным канцы адной ці трыма пальметамі, а свацці ў час вяселля адзявалі спецыяльны галаўны ўбор у выглядзе кароны з двума пукамі страката расфарбаванага пер'я — «рожкі». Характэрныя рысы народнага адзення гэтага рэгіёна яскрава праяўляюцца таксама ў мотальскім, дамачаўскім, пінска-івацэвіцкім строях.

Народнае адзенне Усходняга Палесся вылучаецца багаццем сродкаў і прыёмаў мастацкага аздаблення святочнага касцюма. У арнаментыцы значнае месца займаў раслінны паліхромны арнамент, сярод прыёмаў аздаблення — аплікацыя (нашыўкі тасьмы-ўюнка, металічных гузікаў). У жаночым адзенні (кашуля з каўняром «брыжы» і гарсэт) захаваліся рысы заходне-еўрапейскага сярэдневяковага касцюма (калінкавіцкі строй). Арыгінальную самавітасць касцюму Тураўшчыны (давыд-гарадоцка-тураўскі строй) надавалі агромністыя галаўныя ўборы (галовачка, падушачка). Вылучаюцца таксама брагінскі строй і турава-мазырскі строй.

У Падняпроўі ў пэўнай ступені прадстаўлены ўсе вядомыя на Беларусі комплексы адзення. У жаночым убранні шырока бытавала панёва — старажытнае несшыўное паясное адзенне (неглюбскі строй), прышыўны да спадніцы гарсэт, накшталт сарафана. Сярод прыёмаў аздаблення вядома закладное ткацтва, карункапляценне, вышыўка гафтам, разнастайныя спосабы маршчэння — збірання тканіны ў гафрыраваныя, дробненькія складкі-зборкі (буда-кашалёўскі строй). У матывах арнаменту кашуль сустракаюцца малюнкі дрэва жыцця, пальметы, прамяністыя ромбы, заключаныя ў квадраты і закампанаваныя ў шахматным парадку (краснапольскі строй, а таксама дубровенскі строй, магілёўскі строй). У гэтым рэгіёне найбольш актыўна праходзіў працэс узаемаўзбагачэння і ўзаемапранікнення беларускай, рускай і ўкраінскай культур, што садзейнічала ўтварэнню мяшаных тыпаў касцюмаў.

На Цэнтральнай Беларусі найбольш яскрава праяўляюцца ўласцівыя беларускаму народнаму касцюму стрыманасць і паэтычнасць вобраза. Яркім насычаным каларытам спадніц, запрасаваных у дробныя складкі, віртуознай распрацоўкай строгага арнаменту, арганічнага крою і структуры перапляцення тканін, пластыкай жаночых галаўных убораў, аздобленых букетамі кветак, вызначаюцца капыльска-клецкі, ляхавіцкі, пухавіцкі строі, а таксама Слуцкі строй і Вілейскі строй.

Адзенне Панямоння рана зазнала ўплыў гарадскога касцюма. У ім пераважалі зялёныя і васількова-фіялетавыя фарбы. У кроі і аздабленні верхняга адзення з сукна народныя майстры дасягнулі віртуознасці і дасканаласці мастацкага афармлення. Прыгажосцю формы вылучаюцца галаўныя ўборы — мужчынскія капелюшы, выплеценыя з саломы і кораню, жаночыя каптуры, чапцы, аздобленыя вышыўкай бісерам, шклянымі пацеркамі, нашыўкамі тасёмак, карункаў (гл. Ваўкавыска-камянецкі строй, Навагрудскі строй, Мастоўскі строй).

На Паазер'і, параўнальна з іншымі рэгіёнамі Беларусі, найменш захаваліся традыцыйныя старадаўнія віды і формы адзення. Ужо ў 1-й палове 19 ст. з-за сацыяльна-эканамічных і геаграфічных фактараў вялікае пашырэнне атрымалі фабрычныя тканіны, ручная набойка, гарадскія касцюмы. Мастацтва набойкі паўплывала на каларыстычна-арнаментальны лад касцюмаў, у святочным адзенні пераважалі блакітныя фарбы і дробна-клятчастыя ўзоры (лепельскі строй). Пашыраным быў комплекс з прышыўным ліфам, які ў асобных раёнах пераходзіў у сарафан.

Паступова на змену традыцыйнаму народнаму адзенню прыйшоў больш прыдатны для сучаснага жыцця агульнаеўрапейскі касцюм. У наш час матывы народнага касцюма выкарыстоўваюцца пры распрацоўцы новых сучасных мадэлей адзення, на тэатральных сцэнах.

Аўтар: М.Ф. Раманюк
Крыніца: Этнаграфія Беларусі
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.