Субота, 27.07.2024, 03:12

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віталь Герасіменя » Іншае

Аб чым можа расказаць інвентар
Разбор і вывучэнне інвентароў маёнткаў і фальваркаў з’яўляецца неад’емнаю часткаю даследвання гісторыі свайго краю. Яны – грунтоўная крыніца для даследвання матэрыяльнай спадчыны шляхецкіх двароў і ўзаемаадносінаў феадалаў з мясцовым насельніцтвам.

На тэрыторыі Беларусі інвентары пачалі фіксавацца ў XVI стагоддзі. Іх рабілі з рознымі мэтамі. Адна з іх – афармленне юрыдычных дакументаў пры куплі-продажы маёнтка. Другою мэтаю магло стаць правядзенне ўлікова-гаспадарчых мерапрыемстваў, якія рабіліся непасрэдна для патрэб самога ўладальніка. Часцей за ўсё інвентары складалі пры перадачы маёнтка ў арэнду, ці вяртанні з яе.

З цягам часу складання інвентара мянялася і мова на якой пісаўся дакумент. У XVI стагоддзі гэта была старабеларуская, у XVII – польская, а з ХІХ стагоддзя пераважная большасць інвентароў было на рускай мове.

Вядомы поўныя і кароткія інвентары. Поўныя складаліся з трох частак. У першай магла змяшчацца інфармацыя пра жылыя і гаспадарчыя пабудовы феадальнага двара, іх архітэктуру і планіроўку, пра маёмасць, гаспадарку, крыніцы і памеры прыбытку. У другой апіcваліся воласці па вёсках, мястэчкі і гарады па вуліцах, якія ўваходзілі ў склад феадальнага ўладання. Пералічваліся ўсе двары, паказвалася колькасць ворнай зямлі, сенажацяў, прысядзібных участкаў. У XVI – першай палове XVII ст. перапіс воласцяў праводзіўся па валоках, а дзе не было валочнай памеры – па службах. Пры апісанні кожнай валокі называліся ўсе сяляне, якія карысталіся яе доляй. У трэцяй частцы пералічваліся розныя віды феадальных павіннасцяў, памеры падаткаў і тэрміны іх выплаты; умовы карыстання пашаю, вадаёмамі, ляснымі ўгоддзямі. Кароткія, ці няпоўныя, інвентары змяшчалі звесткі толькі пра панскую гаспадарку ці пра воласць. Разнавіднасцю іх былі т.зв. берчакі – пералік сялянскіх гаспадарак з паказам надзелу, натуральнага і грашовага чыншу.

У фондах гісторыка-краязнаўчага музея Дзяніскавіцкага яслі-садка сярэдняй школы знаходзіцца копія інвентарнага вопіса маёнтка Дзяніскавічы, які адносіўся да Клецкай ардынацыі князя Льва Радзівіла і датаваны красавіком 1857 года. Па тыпалогіі ён з’яўляецца няпоўным і пісаны на рускай мове. Асаблівую цікавасць гэтаму дакументу дадае і тое, што складаўся ён усяго за чатыры гады да адмены прыгоннага права. Арыгінал самога інвентара знаходзіцца ў Літоўскім дзяржаўным гістарычным архіве.

Тапомнімы «Дзяніскавічы», «Еськавічы», «Марыянава» на ваенна-тапаграфічнай мапе («трохвярстоўцы») Расійскай Імперыі на 1866 год

Сам маёнтак складаўся з двух фальваркаў – Дзяніскавічы і Марыянава (цяпер гэта проста ўрочышча побач з вёскаю), а таксама сяла Дзяніскавічы і вёскі Еськавічы (ў 1962 годзе далучана да больш буйнага населенага пункта Дзяніскавічы). Зямлі пры фальварку налічвалася 2237 моргаў (1588 га), яна складалася з дваравой, раллёвай, сенакоснай (больш за 50 % ад усёй колькасці), а таксама належачай прыгонным і вольным сялянам. Сама глеба ў большасці была пяшчанаю і камяністаю, а сенакосы на палову складаліся з муравы і балотаў. Пры тым інвентарызацыя зямельных угоддзяў праводзілася раней ў 1841 годзе.

Усяго сялянскіх двароў налічвалася 69, у якіх пражывала 356 душ мужчынскага полу і 409 – жаночага (што ў сярэднім складае крыху больш за 11 душ на двор). Было таксама 6 двароў вольных сялян, дзе пражывала 35 душ. Галоўнымі заняткамі мясцовага насельніцтва былі земляробства, жывёлагадоўля і часткова пчалярства. Фальварак акрамя вышэй прыведзеных пунктаў атрымліваў даходы ад вінакурства і піваварства, продажу алкагольных напояў у карчме, а таксама ад павіннасцей асабістых і грашовых, якія атрымліваліся ад сялян.

У сяле Дзяніскавічы размяшчалася драўляная праваслаўная Петра-Паўлаўская царква, накрытая гонтам, а купал ліставою бляхаю. Асобна ад царквы на чатырох калонах была збудавана званіца. Пры царкве разам з прыслугаю жыў святар.

Фальварак Дзяніскавічы складаўся з жылых і гаспадарчых пабудоў. У сядзібным доме было дзесяць пакояў, сені, калідор і камора. Уваход быў аформлены ганкам на шасці калонах. Сам дом быў старым і патрабаваў звонку новай абшыўкі дошкамі, унутры папраўкі тынкоўкі, перабудовы печак і замены некаторых рам у вокнах. У пакоях размяшчаліся цагляныя каміны і печкі, якія былі пакрыты кафляю. Падлога і столя ў памяшканнях была з дошак, пры тым столя ў частцы памяшканняў была шпатлёвана. Сцены ў залежнасці ад пакою былі альбо абклеены шпалерамі, палатном, ці проста атынкаваны і пабелены. Дах быў пакрыты гонтаю.

Асобна ад сядзібнага дома знаходзілася кухня, яна была прапанавана да разбору, але матэрыял з якога была пабудавана мог быць выкарыстаны для іншых мэтаў. Сам будынак складаўся з некалькіх памяшканняў, у адным з якіх размяшчаліся цагляныя кухонная печка і камін. У адрозненні ад дома кухня была накрытая драніцамі. Таксама была і так званая хата дворная. Добрай пабудовы, складалася яна з сяней, кладоўкі і пакоя, які быў перагароджаны дошкамі на две часткі. Для абагрэву і прыгатавання ежы ў ім размяшчалася кухонная печка.

Таксама быў будынак пад назваю "салька", які выконваў функцыю склада для харчовых прадуктаў. Сама пабудова была двухпавярховая квадратнай формы, на каменным падмурку, у падвале якой размяшчалася лядоўня. На другі паверх з надворку вяла драўляная лесвіца.

У двары былі вінакурня і саладоўня. Абодва будынкі былі новымі і не патрабавалі рамонту. Што тычыцца вінакурні, то ў ім варта выдзяліць такое памяшканне як "чопарня", дзе размяшчаліся чатыры клёпаныя скрыні з сасновых дошак, якія прызначаліся для раскваскі соладу. А ў саладоўні была адмысловая печка для сушкі соладу.

Размяшчаліся таксама два "скотскія двары" – хлявы, у якіх трымалася хатняя жывёла. І адзін і другі будынак патрабавалі рамонту дахаў. Непадалёку знаходзіліся гумно і адрына. Асноўным адрозненнем аднаго ад другога па прызначэнні было тое, што ў гумне выдзелена месца пад малацільню. Пры гэтым адзін хлеў быў накрыты драніцамі, то астатнія саломаю. Для захоўвання абмалочанага зерня меўся амбар, ён быў накрыты драніцамі, паверх якіх быў прымацаваны віш (старая пажоўкалая трава). Мелася і мельніца ў якой знаходзіліся два валы з жарнавамі для малоння зерня.

Мелася два сады, у якіх расло 28 старых дрэваў, а таксама 122 маладых, што былі пасаджаны ў 1851-52 гадах. У адным з садоў размяшчаліся "сарай" для утрымання сабак і амбар. І калі "сарай" з’яўляўся дастаткова моцным па пабудове, то амбар быў амаль разбураны і патрабаваў разбору.

Пры двары меўся таксама магазін, не ў сучасным разуменні гэтага слова. Гэта быў ссыпны магазін, куды сяляне звозілі частку ўраджаю збожжа з мэтаю магчымасці скарыстацца ім на выпадак крайняй патрэбы. Унутры для захавання зерня было адмыслова зроблена восем засекаў. Сам будынак быў у добрым стане, складзены з сасновых бярвёнаў з дзвумя варотамі і крыты саломаю.

Існавала таксама і карчма, якая была акружана асобнаю агароджаю з варотамі. Уваход у карчму быў аформлены ганкам з навіссю на васьмі калонах. Пасля ўваходу адразу былі сені з якіх вялі дзверы ў розныя пакоі, якіх агулам было шэсць штук, у іх з цэглы былі пароблены печы і каміны, таксама мелася варыўня і камора. Сама карчма патрабавала пэўнага рамонту: будынак быў зроблены першапачаткова без падмурку і мелася неабходнасць яго закласці, рамонту патрабавалі падлога і столя, частка печаў тынкоўкі, а дах і ўвогуле мелася неабходнасць замяніць на новы. Пры карчме для патрэб гасцей існавала канюшня.

На тэрыторыі двара меўся калодзеж, а сам двор быў абнесены агароджаю з калоў.

Што тычыцца фальварка Марыянава, то па колькасці пабудоў і іх стану ён быў значна бяднейшы, чым Дзяніскавіцкі. Цэнтральным будынкам быў дом, пазначаны як гарбарня. Ён складаўся з сяней, трох пакояў, а таксама як названа ў дакуменце "сарая, альбо гарбарні". Згодна з назвы, відаць менавіта тут мог жыць майстар, што займаўся апрацоўкаю шкур для абутку. Калі столя ва ўсіх памяшканнях была з дошак, то ў дзвух пакоях з трох не было падлогі, яна была земляная. Для абагрэву выкарыстоўваліся цагляныя печы і каміны. Сам дом патрабаваў рамонту даху. Неабходнасць ў пітной вадзе забяспечваў выкапаны калодзеж.

Побач з ім знаходзіліся "сарай", а таксама адрына і млын. Калі стан першых дзвух будынкаў з’яўляўся здавальняючым, то млын быў разбураны і мелася патрэба яго разабраць, таму што драўніна, з якой ён быў складзены, магла быць выкарыстана для іншых патрэбаў. Сам млын знаходзіўся побач з сажалкаю, якая была зроблена на меліярацыйным канале Стрыжова. З гэтага можна зрабіць выснову, што механізм млына ў дзеянне прыводзіўся вадою, а тагачасныя мапы толькі падцвярджаюць гэта. Непадалёку ад фальварка знаходзілася сялянская хата.

Акрамя апісання непасрэдна пабудоў, зроблены дакладны пералік не толькі сельскагаспадарчага рыштунку, сабранага ўраджаю, што знаходзіўся на захаванні, а таксама спіленага лесу і піламатэрыялаў. Да гэтага ўсяго была зроблена і падрабязная інвентарызацыя ўсёй мэблі, сярод доўгага пераліку якой варта выдзяліць тое, што ў маёнтку меліся два сталы з чырвонага дрэва, а адзін з арэхавага.

Тытульны аркуш інвентара

У больш ранніх дакументах, а гэта першая палова ХІХ стагоддзя, адзначалася і Дзяніскавіцкая суконная фабрыка, але ў дадзеным інвентары аб ёй увогуле не згадана.

Такім чынам, мы маем перад вачыма падрабязнае апісанне пабудоў двух фальваркаў, што уваходзілі ў адзін маёнтак Дзяніскавічы, які належаў вядомаму магнацкаму роду Радзівілаў.
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (01.07.2017) | Аўтар: Віталь ГЕРАСІМЕНЯ
Праглядаў: 1801 | Тэгі: інвентар, Дзяніскавічы, Ганцавіцкі раён | Рэйтынг: 5.0/3
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны [9]
Падарожжа-параўнанне па гораду Ганцавічы [7]
Гісторыя пажарнай службы Ганцавіцкага раёна [3]
З гісторыі чыгункі [2]
Музейны архіў [9]
Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна [6]
Іншае [14]
Хто тут?
Анлайн усяго: 58
Гасцей: 58
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.