Пятніца, 26.04.2024, 15:12

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віталь Герасіменя » Іншае

Слоўнік геаграфічны Каралеўства Польскага і іншых краёў славянскіх
У 1880-1902 гадах у Варшаве была выдадзена грунтоўная шматтомная энцыклапедыя «Геаграфічны слоўнік Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў». «Геаграфічны слоўнік…» — выдатная крыніца для вывучэння гісторыі і геаграфіі колішніх абшараў Рэчы Паспалітай, у ім можна знайсці каштоўныя звесткі па мностве беларускіх геаграфічных аб’ектаў.

Слоўнік геаграфічны Каралеўства Польскага і іншых краёў славянскіх
Вокладка першага тому
"Слоўніка геаграфічнага Каралеўства Польскага і іншых краёў славянскіх"


У дадзеным артыкуле будзе прыведзена апісанне 18 населеных пунктаў, якія як знаходзіліся, так і знаходзяцца па цяперашні час на тэрыторыі Ганцавіцкага раёна.

Агарэвічы (у арыгінале – Огарэвічы, на мапе Хржаноўскага – «Огиревичи», на мясцовым дыялекце – «Агарэвічы») – вёска і вялікія ўгоддзі ў Слуцкім павеце, 2-ай паліцэйскай Клецкай акрузе, Круговіцкай воласці. Вёска мае паўнавартасных 30 двароў. Гэтыя вялікія ўгоддзі даўняя спадчына старой сям’і Свяжынскіх, 898 валок (19200 га) зямлі знаходзяцца ў моцна занядбайным стане. Мясцовасць бязлюдная, нізінная, шмат брадоў, грэблевых дарожак, цяжкіх для праезду. Зямля пясчаная, шмат балотных лугоў. Аб Агарэвічах і іх наваколлі згадвае ў сваіх мемуарах Ева Фялінская.

Будча – вёска ў Слуцкім павеце над ракою Лань.

Вялікія Круговічы – вёска і ўгоддзі ў Слуцкім павеце, Круговіцкай воласці, у 70 вярстах (77 км) ад Слуцка, у 2-й Клецкай паліцэйскай акрузе. 28 дымоў, 331 жыхар. Ёсць царква, упраўленне воласці, школа. Воласць уключае 28 населеных пунктаў, 423 дымы, 4 959 сялян (1721 душ рэвізійных), якія маюць 9667 дзесяцін (10630 га) зямлі. Звыш таго ў воласці ёсць 27671 дзесяціна (30440 га) большых маёнткаў і 173 дзесяціны (190 га) царкоўнай зямлі. Угоддзі Яна Рудаміны, кашталяна Навагрудскага, зараз Абуховічаў 1718 дзесяцін (1890 га).

Ганцавічы – невялікі фальварак у Слуцкім павеце, спадчына селяніна Трыбухоўскага, мае зямлі каля 100 моргаў (71 га).

Ганцавічы – вёска і значныя ўгоддзі ў Слуцкім павеце над ракою Цна, спадчына Чапскіх, якія маюць зямлі каля 10660 моргаў (6000 га).

Дзяніскавічы – вёска і вялікія ўгоддзі ў ардынацыі Нясвіжскай, у паўднёвым палескім баку Слуцкага павета Круговіцкай воласці, у 2-й паліцэйскай акрузе, у 3-й акрузе судовай, у 4-й акрузе вайсковай Ляхавіцкай; маюць зямлі каля 28000 моргаў (19890 га).

Лактышы – палеская вёска ў Слуцкім павеце ў Круговіцкай воласці, пры вусці ракі Нача ў раку Лань, пры дарозе, якая вядзе з Астроўчыц у Круговічы і Дзяніскавічы, ёсць царква, 53 сялянскія двары, зямля пясчаная, багата лугоў. Мясцовасць досыць бязлюдная. Млын на рацэ Нача. Лясы вакол Лактышоў належаць да лясніцтва Варонін ардынацыі Нясвіжскай князёў Радзівілаў.

Ліпск – малая вёска ў паўночна-ўсходнім баку Пінскага павету, каля межаў са Слуцкім і Мазырскім паветамі, над балотам з тою ж назваю, у Лунінецкай воласці, пры кепскай дарожцы, якая вядзе з фальварка Навасёлкі да Малькавіч у вельмі дзікай і вельмі бязлюднай мясцовасці Піншчыны, мае 7 двароў і 22 жыхары. Уласнасць князя Любецкага.

Любашава – вёска, паштовая станцыя і фальварак у паўднёвым баку Слуцкага павету, на мяжы з Піншчынай, пры гасцінцы паштовым Нясвіж – Клецк – Пінск, на тэрыторыі Круговіцкай воласці, каля вытокаў ракі Цна. Вёска мае 22 двароў, фальварак, які з 1870 году ў якасці ўзнагароды аддадзены ўрадніку Туманаву, мае зямлі 513 моргаў (287 га) глебы пяшчанай. Мясцовасць цалкам бязлюдная палеская. У паўднёвым баку ад Любашава размяшчаюцца неабсяжныя Качайскія балоты.

Люсіна – вёска на бязлюдным Палессі ў Пінскім павеце, Хатыніцкай воласці, недалёка ад ракі Цна. Мае 50 двароў, дзіка заняпаўшая мясцовасць.

Малькавічы – вёска і вялікія ўгоддзі ў паўночным баку Пінскага павета, Хатыніцкай воласці, 1-ай Лагішынскай паліцэйскай акругі, над ракою Цна. Вёска мае 40 двароў, царкву. Раней належала езуітам, цяпер адыйшла да Патоцкіх. Мясцовасць цалкам бязлюдная, палеская, поўная дзікага звера, рыбы, грыбоў і іншага, пазбаўлена камунікацыйных дарог. Землі лёгкія, багаццё лугоў.

Мельнікі – вёска ў Слуцкім павеце Круговіцкай воласці, над ракою, якая разліваецца ў багнах ракі Лань, знаходзіцца на адлегласці ў 6-ці вярстах на поўнач ад вёскі Круговічы. Мае 11 двароў, млын на прудзе, мясцовасць палеская.

Мельнікізасценак над ракою Цна ў паўднёвым баку Слуцкага павету на бязлюдным Палессі. Размяшчаецца ў 2-й Клецкай паліцэйскай акрузе, у 3-х вярстах (3,3 км) на ўсход ад паштовай станцыі Любашава Нясвіжска-Пінскім на гасцінцы, пры дарозе з Агарэвіч да Любашава, ёсць млын.

Нач – вёска ў Слуцкім павеце Круговіцкай воласці. Размяшчаецца ў 2-ой Клецкай паліцэйскай акрузе, паблізу ад ракі Нача ў некалькіх вярстах ад яе ўпадзення ў раку Лань. Мае 11 двароў. Мясцовасць цалкам палеская, нізінная.

Раздзялавічы – вялікая вёска ў паўночна-заходняй частцы Пінскага павету, у 1-й паліцэйскай акрузе, да 1865 года ў каталіцкай парафіі Лагішына, зараз Пінску. Некалі радзівілаўская ўласнасць. Каля 1589 году князь Мікалай Кшыштаф Радзівіл аддаў Раздзялавічы ў валоданне навагародскаму калегіўму езуітаў у Нясвіжы. Пасля роспуску ордэна ў 1775 годзе Раздзялавічы былі перададзены свецкім асобам – Патоцкім, якія разам з землямі вёскі Малькавічы маюць тут 3363 валок (71833 га). Вёска мае паўнавартасных 26 двароў, царква знаходзіцца на могілках. Мясцовасць цалкам бязлюдная, без дарог, навакольныя пушчы знакамітыя вялікай колькасцю рознай жыўнасці.

Сукач (у арыгінале пасля асноўнай назвы – …альбо Сукачы) – засценак у Слуцкім павеце Круговіцкай воласці, у 2-й паліцэйскай акрузе і каталіцкай парафіі Клецку. У 4-х вярстах ад паштовай станцыі Любашава на паштовым Пінскім гасцінцы, мае 4 двары, грунт (зямля) пяшчаная.

Шашкі – вёска ў Слуцкім павеце Круговіцкай воласці, 2-й паліцэйскай акрузе, пры дарозе з Агарэвіч у Круговічы, мае 12 двароў.

Хатынічы – вёска Пінскага павету, 1-ай паліцэйскай акругі, пры Мінска-Пінскім паліцэйскім тракце у 10 мілях (75 км) ад Пінску, у 14 вярстах (14,4 км) ад Качайкі. Вёска размяшчаецца пры дарозе з Мінска да Пінска пасярод велізарных балот і лясоў, у якіх жывуць лосі, казулі і нават мядзведзі. Мае 340 жыхароў, царкву і паштовую станцыю. Маёнтак ў 28170 дзесяцін (31000 га) зямлі раней належаў езуітам, цяпер належыць графу Патоцкаму. У Хатынічах ёсць упраўленне воласці, у якую ўключаны наступныя вёскі: Хатынічы, Малькавічы, Макава, Люсіна, Раздзялавічы, Навасёлкі, Свяціца, Боркі усяго 16 вёсак з насельніцтвам у 1 384 жыхароў.

Чудзін (Цудзін, Чудчын) – вясковая асада ў паўднёвым баку Слуцкага павета, у глухім Палессі над ракою Лань, у 2-й акрузе паліцэйскай, у 3-й акрузе судовай.
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (24.02.2013) | Аўтар: Віталь ГЕРАСІМЕНЯ
Праглядаў: 2612 | Рэйтынг: 5.0/3
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Хрысціянскія святыні Ганцаўшчыны [9]
Падарожжа-параўнанне па гораду Ганцавічы [7]
Гісторыя пажарнай службы Ганцавіцкага раёна [3]
З гісторыі чыгункі [2]
Музейны архіў [9]
Літаратурная карта Ганцавіцкага раёна [6]
Іншае [14]
Хто тут?
Анлайн усяго: 7
Гасцей: 7
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.