Субота, 04.05.2024, 13:59

НЯСВІЖСКІ ПАЛАЦА-ПАРКАВЫ КОМПЛЕКС

Галоўная »
НЯСВІЖСКІ ПАЛАЦА-ПАРКАВЫ КОМПЛЕКС — помнік архітэктуры 16 — 18 ст. у г. Нясвіж Мінскай вобласці. Закладзены ў 1583 г. князем М.К.Радзівілам Сіроткам на паўднёвы захад ад горада на месцы драўлянага замка 1533 г. У пачатку будаўніцтва (да 1599 г.) удзельнічаў італьянскі архітэктар Дж.Бернардоні.

У першапачковым выглядзе адлюстраваны на гравюры Т.Макоўскага пачатку 17 ст. замак меў у плане форму чатырохвугольніка памерамі 170 х 120 м, быў абкружаны высокім земляным валам з бастыёнамі па вуглах, вадзяным ровам (унутраняе кальцо), шырокай дарогай з невысокім земляным насыпам (гласісам) з вонкавага боку і штучнымі вадаёмамі на р. Уша (вонкавае кальцо). Вал (вышынёю да 20 м) абмураваны каменем, уверсе пераходзіў у мураваны бруствер з дадатковымі ўмацаваннямі, унутры вала былі мураваныя стайні і 4 патаемныя ўваходы. У 17 ст. па вуглах бастыёнаў пабудаваны 4 абарончыя вежы (вядомыя па інвентарах). Падыход да замка з захаду быў умацаваны трохвугольным шанцам, да якога вялі 2 пад'язныя дарогі. Уздоўж галоўнай восі знаходзіліся мураваная брама з рассоўным мостам і 3-павярховы палац з 8-граннымі вуглавымі вежачкамі. Злева ад брамы стаяў 2-павярховы гаспадарчы корпус, справа — 3-павярховая казарма з вялікаю дазорнай вежай.

У 1706 г. замак разбураны шведамі. Адноўлены і перабудаваны ў стылі барока пасля 1726 г. архітэктарам К.Ждановічам (у 1740 г. пабудаваў таксама палацавую капліцу). У 18 ст. ў будове палаца ўдзельнічалі архітэктар М.Педэці (у 1748 — 1752 гг.), М.Фларыяновіч (1775 — 1778 гг.), К.Спампані (1778 — 1779 гг.), А.Лоцы (1783 г., праект галерэі). Мураваныя бастыёны заменены землянымі ўмацаваннямі.

Паводле інвентара 1767 г., замак складаўся з палаца і дапаможных карпусоў абапал уязной брамы. Палац — 3-павярховы прамавугольны ў плане будынак, накрыты дахоўкай і завершаны круглай у плане купальнай ратондай, у якой знаходзіўся гадзіннікавы звон. На галоўным фасадзе меў галерэю, аздобленую балюстрадай з меднымі пазалочанымі парэнчамі. У ніжнім паверсе палаца размяшчаліся службовыя памяшканні, 2 лазні і інш. Верхнія паверхі займалі княжацкія апартаменты з вялікаю колькасцю парадных і жылых памяшканняў. У інтэр'ерах былі кафляныя і фаянсавыя печы, упрыгожаныя лепкай са стука, каміны з металічнымі геральдычнымі выявамі. Сцены аздаблялі дубовыя разныя панэлі, палатняныя і скураныя шпалеры ў ляпных пазалочаных рамах. Ляпная столь была пакрыта пазалотай і размалёўкай. Мэбля інкруставаная і размаляваная, упрыгожаная мастацкімі тканінамі. Падлога з дубовага наборнага паркету. Вялікае значэнне ў ансамблі інтэр'ера мелі творы жывапісу (партрэты, абразы, карціны на гістарычныя сюжэты), дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (калекцыя саксонскага фарфору, размаляваны золатам шкляны посуд, крышталь, вырабы радзівілаўскіх мануфактур і інш.). Асабліва багатай аздобай вызначаліся парадныя залы і галерэі (збройная, партрэтная, мармуровая, залатая, гетманская, бібліятэчная). У браме (наверсе быў гадзіннік) размяшчаліся кардэгарда (у ніжнім ярусе), памяшканні архіва (у верхнім ярусе). Дапаможныя карпусы абапал брамы ўкпючалі шэраг жылых і гаспадарчых памяшканняў, майстэрні, кухні, скляпы, скарбніцы і інш., а таксама замкавую капліцу з асноўным памяшканнем, сакрысціяй, званіцай і кругавой галерэяй для літургічных працэсій. У капліцы былі фаянсавыя і разныя драўляныя алтары, амбон са штучнага мармуру. Скляпенні былі аздоблены размалёўкай на біблейскія сюжэты. Злева і справа ад замкавай брамы па-за межамі ўмацаванняў каля ставоў існавалі 2 комплексы жылых, гаспадарчых і вытворчых пабудоў (жыллё прыслугі, свірны, стайні, вазоўні, парахавая і карэтная майстэрні, кузня і інш.). Каля аднаго з іх стаяў Нясвіжскі тэатр Радзівілаў. У замкавых бастыёнах былі арсеналы, алькежы і каморы.

Пры перабудове галоўнага палацавага корпуса надбудаваны 4-ы паверх, завершаны трохвугальным франтонам з рэльефным стукавым дэкорам. Перабудаваныя бакавыя карпусы злучаны з галоўным корпусам 3-павярховымі жылымі будынкамі, а з уязной брамай (у 2-й палове 18 ст. завершана вежай) — галерэямі. У выніку палац набыў замкнёную па перыметры поліганальную форму, блізкую да пяцівугольніка. Фасады, арыентаваныя на ўнутраны двор, аздоблены пілястрамі вялікага ордэра і вырашаны ў два колеры. Васьмігранныя вежы (дазорная і над брамай) накрыты шлемападобнымі купалкамі з галоўкамі.

У 1809 г. комплекс рэстаўрыраваны архітэктарам М.Цэйзікам. Часткова захаваліся багатыя калекцыі твораў мастацтва, зброі, сямейныя паргрэты, бібліятэка, архіў, a таксама аздоба інтэр'ераў. 3 1945 г. па канец 1990-х гг. у замку размяшчаўся санаторый «Нясвіж». У 2001 г. палацавы ансамбль перададзены на баланс Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж», у 2012 г. завершаны рэстаўрацыйныя працы і для наведвальнікаў адкрыліся экспазіцыйныя залы.

Пaркі пейзажнага тыпу закладзены ў 1879 у пойме р. Уша. Плошча з вадаёмамі каля 100 га. Складаюцца з 5 аўтаномных ландшафтных зон, кожная з якіх мае завершаную кампазіцыю. Ставамі Замкавым і Дзікім паркі падзяляюцца на права- і левабярэжную часткі. На правабярэжнай знаходзяцца палац і замак з фрагментам парку (Замкавы парк) і Стары («англійскі») парк з «японскім» садам. У замкава-палацавы фрагмент уключаны рэшткі бастыёнаў, напоўненыя вадой равы, валы, азялененыя дворыкі, на бастыёнах — альтанкі. 3 дэкаратыўных упрыгожанняў — стары калодзеж у стылі барока з дэталямі мастацкай коўкі і скульптура «Амур з чашай». Да Замкавага парку прылягае Стары парк з маляўнічымі палянамі, дэкаратыўнымі групамі дрэў, памятнымі камянямі і архітэктурай малых форм. У пачатку 20 ст. за Старым паркам створаны «японскі» сад з паплавамі. У левабярэжнай частцы — Новы (Марысін) парк з т.зв. іпадромам. Афармляў паркі садавод-дэкаратар А.Пастарэмчак. У 1913 — 1914 гг. праведзены работы па паляпшэнні паркавых ландшафтаў. У парках растуць елкі звычайная і Энгельмана, лістоўніцы даурская і сібірская, хвоі веймутава і чорная і інш. У 1985-91 гг. паводле праекта, распрацаванага інстытутам «Мінскпраект» (галоўны архітэктар І.Жлоба), праведзены чысткі вадаёмаў, адваднога канала, асушэнне вільгатных тэрыторый, адноўлены асобныя планіровачныя вузлы і ўчасткі, малыя архоўныя формы, асноўныя ландшафтныя кампазіцыі. У 1990-я г. ў парку ўстаноўлены бюсты князя Ю.Нясвіжскага, У.Сыракомлі, Дж.М.Бернардоні (усе скульптуры С.Гумілеўскі), князя М.К.Радзівіла Сіроткі, Т.Макоўскага, Якуба Коласа (усе скульптуры М.Канцавы), скульптуры «Дама ў чорным» (скульптар Л.Давідзенка) і інш., 3 вазы з сімваламі: «1794. За нашу і вашу волю. 1863», «1410. Грунвальд», «Gloria victoria».

Аўтары: В.Р.Янціпаў, М.А.Ткачоў, Ю.А.Якімовіч
Крыніца: Беларуская энцыклапедыя
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [466]
Грамадства [471]
Эканоміка [37]
Транспарт [147]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Май 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.