Пятніца, 29.03.2024, 13:22

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Дзяніс Лісейчыкаў

Надмагільныя камяні з «рускімі» надпісамі XVI–XVII стст. каля вёскі Малькавічы
Старыя могілкі каля в. Малькавічы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці мала вядомыя шырокаму колу навуковай грамадскасці.

Агульны выгляд старажытных могілак ў вёсцы Малькавічы

Звесткі аб іх адсутнічаюць у энцыклапедычных выданнях савецкага часу, прысвечаных помнікам гісторыі і культуры Брэсцкай вобласці. Не ўнесены яны і ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Нашу ўвагу на гэты помнік звярнуў галоўны захавальнік фондаў Ганцавіцкага раённага краязнаўчага музея і адміністратар інтэрнэт-рэсурса «Ганцавіцкі краязнаўча-інфармацыйны партал» Віталь Герасіменя, які абследаваў могілкі і зрабіў іх падрабязную фотафіксацыю.

Могілкі знаходзяцца на адлегласці 1 км на ўсход ад вёскі ва ўрочышчы На агародах. Яны размешчаны на невысокай градзе ў пойме р. Цна. Вышыня ўзвышша каля 3 м, дыяметр каля 20–30 м. На паверхні могілак захавалася каля сотні камянёў і надмагільных помнікаў.

У чэрвені 2015 г. аўтар разам з В.Герасіменем правёў абследаванне названага помніка, у выніку якога на некаторых камянях былі знойдзены інскрыпцыі і малюнкі, якія дазваляюць зрабіць высновы аб часе вырабу асобных надмагілляў і аб часе функцыянавання саміх могілак.

На трох камянях маюцца выявы розных варыянтаў крыжоў і фрагменты надпісаў. Два надмагіллі ўтрымліваюць надпісы па-старабеларуску: «[Клейнавы знак] | Лѣт(а) Бо(жого) нар(оженя) | ҂афпе (1585) ро(кү) | Наста|сьѧ» (далей будзем зваць гэты камень «Настассяй») і «І(су)с [Выява крыжа] Х(ристо)с. | Рокү | Бож(ого) нарож(еня) | а(…) 2 (1…) рокү | тутъ положо|(н)и методъ (К)о|марови|чъ» (далей будзем зваць гэты камень «Камаровіч»).

Надмагільны камень «Настасся»

Надмагільны камень «Камаровіч»

Верагодна, надпісы і выявы маюць і некаторыя іншыя надмагіллі. Паколькі за сотні гадоў многія з іх былі перакуленыя, разбітыя, закапаныя альбо папросту «ўраслі» ў зямлю, то без правядзення раскопак адшукаць іншыя помнікі эпіграфікі на малькавіцкіх могілках немагчыма.

Агляд найбольш вядомых надмагілляў XVI–XVII стст. з «рускімі» надпісамі

На жаль, да нашага часу захавалася зусім мала надмагілляў канца XVI – пачатку XVII ст., якія ўтрымліваюць надпісы на старабеларускай («рускай») мове, каб прааналізаваць іх змест, вылучыць шаблоны напісання. Таму для далейшага аналізу малькавіцкіх камянёў мы паспрабавалі сабраць звесткі пра найбольш вядомыя знаходкі «рускіх» надмагілляў з тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага канца XVI – пачатку XVII ст.

Разам з апісанымі ў краязнаўчай літаратуры ХІХ – пачатку ХХ ст. прыкладамі нам удалося налічыць не больш за паўтара дзясяткі «рускіх» надмагілляў азначанага перыяду.

Найбольш вядомыя з іх знаходзіліся над пахаваннямі прадстаўнікоў вышэйшых пластоў грамадства Вялікага Княства Літоўскага. Далёка не ўсе яны захаваліся да нашага часу, і аб большасці мы можам меркаваць толькі па публікацыях ХІХ – пачатку ХХ ст. У кнізе Яўстаха Тышкевіча «Надмагіллі сям’і Тышкевічаў» ёсць звесткі аб трох «рускіх» надмагіллях прадстаўнікоў роду: Васіля († 1571) у крыпце царквы Супрасльскага манастыра, Астафея Васільевіча († 1558) у «Замкавай» царкве ў м. Лагойск Мінскага (пасля Барысаўскага) пав. і Марыны Марцінаўны († 1598) у царкве ў в. Дзікушкі Лідскага пав. Змест іх наступны. На надмагіллі Васіля, якое было зроблена са звычайнага каменю, мелася выява родавага герба і надпіс «Въ лето от нароженія Господа Бога и Спаса нашего Іисуса Христа 1571 мѣсеца августа 13 дня въ неделю, преставися рабъ Божій панъ Васили Тышковичъ воевода смоленскій, староста менскій и пинскій, положенъ въ храмѣ Благовѣщенія Богородицы въ монастыру Супраськомъ» [1, s. 2]. Паводле стану на 1871 г. надмагілля ў царкве ўжо не было. Надмагільны камень Астафея Васільевіча знаходзіўся ў будынку Лагойскай царквы перад дзвярамі, адкуль у 1858 г. быў вывезены Яўстахам Тышкевічам у Віленскі музей старажытнасцей пры бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта. Ён утрымліваў кароткі надпіс «В лѣто Бож•(аго) нӕр.(оженя) | •а•ф•ни• (1558) м(еся)ца• а|вгүста s҃. (6) днӕ | в пѧтницу/• пре|ставшӕ Ѡст|афеи Василевич | Тишкович.» 3.

Найбольш цікавым з’яўляецца надмагілле Марыны Марцінаўны. Яно, па сутнасці, прадстаўляе разгорнутую біяграфію нябожчыцы з апісаннем рыс яе характару: «Түт лежит в том гробѣ положона Мари|на Мартиновна Ме(леш)ковича Скүмїноваѧ Тишкеви(чо)ваѧ. | Невѣста побожностю і үчтивостю вшелѧкою часү житѧ сво|его навѣтъ всѣм людем в том панствѣ В(еликом) К(нястве) Лѣт(овском) знаемаѧ, цнот вшелӕ|ких хрестиӕнских взор ї ѡбраз видомыи днеи добрых благословенства Божѣго | полна. Пошедши замүж з домү родичов своих ү году ді (14) ѡт нароженѧ своего, жи|ла ү малженском ст(ане …) мв (42) годы, по смеръти мүжа своего үдовою | годов л҃в҃ (32) үчтіво (…) с(в)оего проваденѧ до сконанѧ своего ѡ дрү|гом малженствѣ не мы(с)лечи, ѡставивши п(особ)ѣ всего потомства своего дүш | болшѣ ѡсмі деті, в старости (…) не толко матка матком, але | бабкам ї прабабкам маткою бү(ла, до)ждавши пращүрат, то ест чет|вертого поколенѧ своего ѡгледавъши, в рокү п҃и҃ (88) ѡт нароженѧ своего | дүшү свою в рүкі Творцы своемү ѡтдала ї до ѳалы его светое з сего св|ѣта преставіласѧ ү выменю ѡтчином малжонка (своего?), на кото|ром ѡт него ѡставлена была, в Дикүшкахъ ро(кү …) | Бож(ого) нарож(енѧ) ҂а҃ф҃ч҃и҃ (1598) м(еся)ца їюлѧ к҃и҃ (28) днѧ ү воторок годины д҃ (4) і в том | же рокү ч҃и҃ (98) м(еся)ца сентѧбрѧ г҃ (3) днѧ похована прі ц(е)р(к)вѣ Преѡбраженѧ | Х(ристо)ва ѡт с(ы)нов своих, старшого Дмитра Скүміна, старосты Мѣ(н)ского, мар|шалка Его К(оролевскои) М(и)л(ос)ти, ү Вели(ким) К(ня)ст(ве) Лѣ(товском) пїсара замков влостеи Үкраіны, | а молодшого Теѡдора Скүмїна, воево-ды Новгородского, старо|сты Городенского, Ѡлитского, Юрборского ї Н|ововолского». Уверсе ў цэнтры пліты, вырабленай з чорнага мармуру, мелася выява чэрапа і перакрыжаваных касцей, па рагах пліты выявы гербаў «Корчак» і «Корсак». Надмагілле багата аздобленае раслінным арнаментам і ў цэлым выканана на вельмі высокім мастацкім узроўні. На сённяшні дзень фрагмент названага надмагілля захоўваецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры.


У будынку царквы Св. Пятра і Паўла ў г. Мінску ў ХІХ ст. доўгі час захоўвалася надмагілле жонкі мінскага бурмістра Марыі Маслянкі. Да нашага часу помнік не захаваўся, маецца толькі даволі прыблізная перадача тэксту надпісу, складзеная ў 1878 г. сябрам Маскоўскага археалагічнага таварыства Руфам Ігнацьевым: «+Паметь+ | Понеже. Гласить. Труба. Духовная. Покайся. | Днесь. Мнѣ. Утро. Тобѣ | Неомыляйся. | Размышля(й). Собѣ. Описм(енахъ) | Законнь(і)хъ. Главизны. | Достоитъ. Бо искать оное. | Небесное. Очизъны. | Для которое. Представіся | Раба Божія учьстивая | Марья. Филиповъна | Пані Андрѣевая Масленъ|чіная. Бурмистровая. | Мѣнская. Лѣта. Бож. Нарож. а… (1…) | Зекгаръ. Мнѣ. Годины. Выбілъ. | Пейчокъ. Глас(ъ). Сво(й). Вывылъ | Смерть приму (…)». Настаяцель кафедральнай саборнай царквы Павел Афонскі ў 1887 г. даў больш падрабязнае апісанне помніка, падаў свой варыянт расчытання некаторых слоў, а таксама прачытаў некаторыя не разабраныя Ігнацьевым кавалкі тэксту. Вось найбольш цікавыя характарыстыкі надпісу: «Увесь надпіс складаецца з 19 радкоў, пры гэтым увесь ён зроблены стараславянскімі літарамі, абрыс якіх дастаткова правільны, літары, што змяшчаюцца ў 15 радках, крыху буйнейшыя, чым у апошніх чатырох радках. (…) Кожнае асобнае слова ў надпісу аддзяляецца ад іншага кропкай (у выглядзе невялікага ромбу), якая ставіцца, зрэшты, не ў ніжняй частцы радка, а ў сярэдзіне радка, каля апошняй літары кожнага асобнага слова. Кожны асобны верш, апрача гэтага, аддзяляецца ад іншага яшчэ дзвюма невялікімі рыскамі, пастаўленымі над кропкай, што аддзяляе кожнае слова». У варыянце Афонскага змест надпісу гучыць так: «+Паметь+ | Понеже. гласить. труба. ду|ховная. покаися. // | Днесь. мнѣ. утро. тебѣ. | Не омыляися. // | Размышляи. себѣ. о ним’. | Законныхъ. главизны. // | Достоитъ. бо. искать. оное. | Небесное. очыизъны. // | Да яко. того е. преставися. | Раба. Божія. Учьстивая. | Марья. Филиповъна. | Пани Андрѣевая. Масленъ|чиная. Бурмистровая. | Мѣнская. лѣта. ьож. нарож. а. (1…) | Зекгар. мнѣ. годныи. выбилъ(?)…….. | Псичокъ (sic!) гласъ. сбои. выбилъ(?)…… | Смерть. приму я. отъ т…………. | Обратилося. тѣло…………» 8. Афонскі таксама вызначыў, якім чынам надмагілле трапіла ў царкву Св. Пятра і Паўла. Першапачаткова пліта была ўмуравана ў сцяну манастырскай царквы Увазнясення Божага. Пасля заняпаду царквы пліта была перанесена ў манастырскую базыльянскую царкву Св. Духа, якая ў 1799 г. пераўтворана ў праваслаўную кафедральную саборную царкву Св. Пятра і Паўла. Афонскі піша, што другая пліта ўласна з магілы самога бурмістра Андрэя Маслянкі найверагодней загінула ў час зруйнавання Увазнясенскага манастыра.

Абодва даследчыкі, і Ігнацьеў, і Афонскі, звярнулі ўвагу на тое, што на надмагіллі ў пазначэнні года смерці фігуруе толькі кірылічная літара а, што азначае 1000. Абодва не наважыліся абвергнуць ранейшае фантастычнае сцвярджэнне архімандрыта Мікалая (Трускоўскага), што надмагілле датуецца 1000 г. і з’яўляецца помнікам хрысціянства часоў кіеўскага князя Уладзіміра. Больш верагодным часам стварэння помніка зыходзячы з выкарыстанай лексікі яны лічылі XV альбо XVI ст., але версія аб старажытным паходжанні пліты імі таксама дапускалася. Між тым муж Марыі Маслянкі Андрэй Маслянка займаў пасаду мінскага бурмістра ў 1590-х гг. Дакумент 1590 г. згадвае яго ў якасці бурмістра і адзначае, што Андрэй Маслянка прызначаны гадавым бурмістрам на 1592 г. Пад 1612 г. у дакументах Мінскага магістрата ў якасці бурмістра фігуруе ўжо Васіль Маслянка, відавочна, сын пана Андрэя, які да гэтага часу напэўна памёр. Далей мы вернемся да «недапісаных» дат на надмагіллях. Яны, як паказала наша даследаванне, прысутнічаюць на многіх падобных помніках.

У музеі старажытнабеларускай культуры захоўваецца надмагілле луцкага і астрожскага ўніяцкага епіскапа Кірыла Цярлецкага, якое перавезена сюды з будынка царквы ў в. Пярковічы Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці. У канцы XIX ст. ужо рабілася падрабязнае апісанне надмагілля: «Магіла епіскапа Цярлецкага — з левага боку ад святога алтара, пад рызніцай, у склепе, наглуха закладзеным. Над ёю, у рызніцы змяшчаецца гарызантальна каменная пліта з зубчатай аздобай і з выразанымі на ёй словамі». Тэкст надпісу ў кнізе прыводзіцца са спрашчэннямі і апіскамі, таму падаём яго тут паводле расчыткі з арыгіналу, які захоўваецца ў музеі: «Түт лежит тѣло ве|лебного еп(и)ск(о)па | Лүцкого и Ѡстроз|ского Кирила Терлец|кого. А положено | рокү ҂а҃х҃(…) (16…) м(е)с(я)ца (…). | Которыи был прежде | еп(и)ск(о) пом Пінским лѣт і҃ (10), | (…) еп(и)ск(о)п(о)м | лѣтъ двадесѧт. | К(ирилъ) Т(ерлецкии), | е(пископъ) Л(уцкии) і Ѡ(строзскии)». Кірыла Цярлецкі памёр у 1607 г. і быў пахаваны ў в. Пярковічы Пінскага пав. Падрабязней аб усіх перыпетыях, звязаных з гісторыяй гэтага надмагілля, напісана ў працы ўкраінскага гісторыка Леаніда Цімашэнкі.

Яшчэ адно надмагілле прыблізна таго ж перыяду, пастаўленае па віленскім бурмістры Апанасе Брагу і яго сыне Антоне, знаходзіцца ў будынку царквы Св. Тройцы манастыра базыльянаў у г. Вільні: «Түт лежит раб Божии Ѡѳана|сеі Ѳедорович Брага, бүрми|стр места Виленского. А пре|стависѩ в лето ѡт вопло|щеніѩ Сп(а)са нашего ҂а҃ф҃оs (1576) | мѣсеца ѡктебра к҃s҃ (26) днѩ. | А жил на свете лѣт н҃з҃ (57). Түт | же лежит і сын его Анто|ніи. Ѡн же престависѧ | в лето ҂а҃ф҃п҃ (1580), м(еся)ца ѡк|тебра г (3) днѧ». Мастацкім асаблівасцям гэтага надмагілля прысвяціла свае працы літоўская даследчыца Марыя Матушакайтэ.

У будынку царквы Св. Пятра і Паўла ў г. Мінску яшчэ ў канцы 1940‑х гг. знаходзілася надмагілле першай паловы XVII ст. (царква тады насіла назву кафедральнай Кацярынінскай). Тэкст расчытаны намі паводле фотаздымка ад 14 студзеня 1948 г., які захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь: «Рокү ѡт нароженіѧ С(ы)на Б(о)ж(о)го а҃х҃л҃е҃ (1635) м(еся)ца марца | і҃и҃ (18) днѧ преставісѧ раба Б(о)жіѧ Маріѧ Ивановна | Ѩроцко(…) 10 Миколаеваѧ Геленачевичоваѧ, | мещанъка мѣнскаѧ послүшеньства | всходнего, (веры пр)авославное греческое | в дүхү дщерь. Ѡт нароженіѧ своего мѣ|ла лѣтъ трыдьцать дѣ(вя)ть. Котораѩ | на семъ мѣсци естъ погребена при ц(е)ркви | С(вя)тыхъ Ап(осто)лъ Петра и Павла».

Звернем увагу, што вышэй гаворка ішла аб надмагіллях, якія знаходзіліся ў будынках храмаў. Гэта азначае, што асобы, пахаваныя пад імі, займалі высокае становішча ў сацыяльнай структуры грамадства. Значна менш захавалася звестак аб надмагільных помніках, якія знаходзіліся на царкоўных цвінтарах і належалі прадстаўнікам менш прывілеяваных пластоў грамадства. Малькавіцкія камяні адносяцца менаві-та да такога тыпу надмагілляў. Вельмі нагадвае сваёй лаканічнасцю малькавіцкую «Настассю» апісаны Еўдакімам Раманавым каменны крыж каля в. Вендараж Магілёўскага пав. з надпісамі «҂а҃ф҃ч҃и҃ (1598) | Иванъ». Даследчык дапускае версію, што гэты крыж мог з’яўляцца надмагіллем, аднак згодна з духам часу больш схіляецца да версіі аб тым, што яго паставілі рупліўцы хрысціянства на месцы былога язычніцкага капішча. Тут Раманаў, як падаецца, трапляе ў палон сваіх гіпотэз аб паходжанні т. зв. «Барысавых камянёў», вывучэнню і апісанню якіх ён прысвяціў не адзін год. У «Археалагічнай карце Гродзенскай губерні» Фёдара Пакроўскага, дзе маецца шмат узгадак пра старыя могілкі і камяні з малачытабельнымі надпісамі, апісаны два падобныя помнікі: каля в. Хвіневічы Слонімскага пав. з надпісам «Ѧцько Илиничъ» і каля в. Паўлава Кобрынскага пав. з надпісам «Ничипоръ». Яшчэ на двух, каля в. Гавенавічы (сёння в. Падгорная) Слонімскага пав. і м. Моталь Кобрынскага пав., Пакроўскі расчытаў верагодныя даты «1611» і «1651» адпаведна. Паводле нашых звестак на сённяшні дзень у м. Моталь знаходзіцца камень з надпісам «рокү | ҂а҃х҃м҃з҃ (1647)». Цяжка сказаць, ці гэта той камень, які апісваў Пакроўскі (з памылковай расчыткай даты), ці ўсё ж нейкі іншы.


Такім чынам, у фармуляры складання надпісаў на «рускіх» надмагіллях другой паловы XVI – пачатку XVII ст. можна вылучыць некалькі элементаў, наяўнасць якіх залежала ад фінансавых магчымасцей заказчыка і ад яго месца ў сацыяльнай структуры грамадства. Большая колькасць прысутных на надмагіллі элементаў сведчыць пра большую значнасць (заможнасць) асобы (гл. прыведзены пералік):
1. Дата (год) пахавання.
2. Імя.
3. Прозвішча.
4. Пасада.
5. Выява крыжа.
6. Выява родавага герба.
7. Мастацкае аздабленне.
8. Біяграфічныя звесткі.
9. Літаратурныя прыёмы складання тэксту.

Асобна трэба ўлічваць, да якога тыпу надмагілля адносіцца камень паводле месца захавання — унутрыхрамавага альбо прыхрамавага. Надмагілле «Настасся» мае тры з пералічаных элементаў (год, імя, выяву клейнавага герба), надмагілле «Камаровіч» — чатыры (год, імя, прозвішча, выяву крыжа). Абодва адносяцца да прыхрамавага тыпу надмагілляў.

Гісторыя малькавіцкіх могілак

Адна з першых узгадак вёскі і маёнтка Малькавічы (Малкавічы) датуецца 1526 г. У той час разглядалася спрэчка паміж уладальнікам Малькавічаў Юрыем Іллінічам і ўладальнікам суседняга маёнтка Лунін (Лулін) Янам Пенькам за права валодання паляўнічымі ўгоддзямі на сумежных землях.

На жаль, ніякіх дакладных звестак аб самім маёнтку і яго жыхарах у тэксце дакумента не ўтрымліваецца. Існаванне ж могілак цесна звязана з дзейнасцю царквы, якая існавала ў Малькавічах як мінімум з першай паловы XVI ст. Дакладных звестак аб гэтым мы не маем.

Аднак, аналізуючы этапы фарміравання парафіяльнай сеткі цэркваў на беларускіх землях у гэты перыяд, можна сцвярджаць, што разглядаемыя намі могілкі ўяўляюць сабой тое, што ў крыніцах называецца пагостам — месцам, на якім размяшчаліся найбольш старажытныя храмы. Працэс пераносу будынкаў цэркваў з пагоста непасрэдна ў вёскі ў цэлым завяршыўся да канца XVI ст., аднак месцамі, асабліва па ўсходзе беларускіх зямель — Полацкай епархіі — храмы на пагостах фіксуюцца яшчэ ў сярэдзіне XIX ст. Найбольш ранняя дакладная звестка аб гэтай мясцовасці датуецца 28 лютага 1612 г.

У гэты час адбылося размежаванне зямель Станіслава Кішкі і Яна Крачатоўскага ў раёне вёсак Малькавічы і Вялута Навагрудскага пав. Пры падрабязным апісанні межаў прыгадваюцца некалькі «астравоў» сярод балот на правым беразе р. Цна ў накірунку ад Малькавічаў да Вялуты: «Востраў Лаза, востраў Ютычаў, востраў Казляноўскі, востраў Пагосцкі, востраў Салом’я, востраў Дубаў да вострава Селішча» (паколькі дакумент быў актыкаваны ў кнігах Пінскага земскага павятовага суда 23.09.1798, то пісар запісаў старабеларускі тэкст польскім «транслітам». У актавых кнігах ён запісаны ў такім выглядзе: «Ostrow Łoza, Ostrow Jutyczow, Ostrow Kozlanowski, Ostrow Pohoski, Ostrow Solomja, Ostrow Dubow do Ostrowa Seliszcza»). Пад назвай «востраў Пагосцкі» якраз і фігуруюць старыя малькавіцкія могілкі. Гэта гаворыць аб тым, што ў пачатку XVII ст. будынак царквы хутчэй за ўсё ўжо знаходзіўся ў вёсцы.

Малькавіцкая царква належала да юрысдыкцыі Кіеўска-Віленскай мітрапаліцкай епархіі і знаходзілася на паўднёвым яе ўскрайку. Суседнія з Малькавічамі парафіі ў Хатынічах, Луніне і Малой Плотніцы належалі ўжо да юрысдыкцыі пінска-тураўскіх епіскапаў. Пратакол генеральнай візітацыі Малькавіцкай царквы 1696 г. нічога не гаворыць аб дакладнай лакалізацыі храма і могілак. Стан парафіі на той час быў нездавальняючы. Не з лепшага боку характарызавалася візітатарам асоба тагачаснага святара Яна Навіцкага: «Сам святар нічога не ўмее. На саборах ніколі не быў, наконт чаго атрымліваў позвы (у кансісторскі суд. — Д. Л.), паводле якіх не з’яўляўся». Верагодна, малькавіцкая парафія і царква не лічыліся надта прэстыжнымі ўжо ў той час.

На плане 1855 г. будынак царквы адзначаны на новым месцы, непасрэдна ў вёсцы. Зусім лаканічна гаворыць аб будынку і месцазнаходжанні храма візіта Малькавіцкай царквы за 1820 г.: «Месца знаходжання гэтай царквы ў лясах і балотах, дзе матэрыялаў каменных не маецца». Пры гэтым не ўдакладняецца канкрэтнае месца. Не фіксуе візіта і наяўнасць асобнай капліцы на старым царковішчы, адзначаецца толькі наяўнасць капліцы ў суседняй в. Люсіна. Тытул малькавіцкай царквы паводле візіты 1820 г. — Св. Юрыя (Георгія), калятарам царквы запісаны Рудольф Тызенгаўз, апісанне разлегласці прыхода — у даўжыню 17 вёрст, ад бліжэйшай царквы ў в. Бостынь знаходзіцца за 7 вёрст, усяго ў прыходзе 160 дамоў, 837 душ (408 мужчын, 429 жанчын). Кліравыя ведамасці царквы за 40-я гг. ХІХ ст. і больш позні перыяд фіксуюць наяўнасць на тэрыторыі парафіі яшчэ адной капліцы — у в. Макава.

Дынаміку змен колькасці парафіян можна праілюстраваць наступнымі лічбамі: 1844 г. — 129 дамоў, 1128 душ (518 мужчын, 610 жанчын), 1851 г. — 134 дамы, 1149 душ (536 мужчын, 613 жанчын), 1864 г. — 112 дамоў, 995 душ (446 мужчын, 549 жанчын), (усе яны ў той час з’яўляліся ўжо падданымі памешчыкаў Патоцкіх).

Самыя раннія з захаваных метрычных кніг аб памерлых Малькавіцкай царквы за 1791–1813 гг. фіксуюць тры месцы пахавання: «на Малкавіцкіх могілках», «пры Люсінскай капліцы» і «пры Макаўскай капліцы». Дзе канкрэтна размяшчаліся «Малкавіцкія могілкі», дакументы не паведамляюць.

Пахаванні на старых малькавіцкіх могілках працягваліся і ў больш позні час. Самае позняе з захаваных на сённяшні дзень надмагілляў датавана 1907 г. Увогуле, тры самыя познія надмагіллі сведчаць, што на могілках у той час хавалі немаўлят (19 снежня 1905 г. — Віталь Багно, 1 снежня 1905 г. — Галіна Цвяткова, 13 лютага 1907 г. — Мікалай Цвяткоў). Магчыма, на той час існавала нейкая мясцовая традыцыя памерлых дзяцей хаваць менавіта на гэтых старых могілках. Позніх надмагілляў усяго некалькі, і яны рэзка адрозніваюцца ад астатніх паводле знешняга выгляду і часу вырабу. Ставіліся яны, відавочна, прадстаўнікамі мясцовых «вышэйшых колаў». 9-месячны Віталь Багно (Багон), які памёр ад запалення лёгкіх 19 снежня 1905 г., быў сынам памочніка начальніка раз’езда Люсіна Вільня-Ровенскай чыгункі Івана Сільевіча Багона.


Святар адмыслова не пазначаў у метрычных кнігах дакладнае месца пахавання. Насупраць запісаў аб месцы пахаванняў адпетых у Малькавіцкай царкве ў пачатку ХХ ст. паўсюль маецца стандартны запіс: «На мясцовых могілках» (рус. — «На местных кладбищах»). Такая ж нататка пастаўлена і насупраць запісу аб смерці вышэйзгаданага Віталя Багно.

Адзначаныя ў самым пачатку артыкула дзве асобы, надмагіллі якіх захаваліся найлепш — Настасся (без прозвішча) і Мяфодзі Камаровіч — верагодна, належалі да прывілеяваных саслоўяў навакольных зямель. Па-першае, знайсці дастаткова вялікі камень для вырабу надмагілля ў гэтым рэгіёне практычна немагчыма. Найбліжэйшая мясцовасць, дзе фіксуецца наяўнасць т.зв. эрратычных валуноў 11, гэта ваколіцы вёсак Дзяніскавічы, Шашкі, Малыя Круговічы і Вялікія Круговічы — прыблізна 20 км ад месцазнаходжання малькавіцкіх могілак. Па-другое, неабходна было заплаціць за працу майстру, каб той адшліфаваў паверхню каменю і выбіў патрэбны тэкст. Усё гэта маглі сабе дазволіць найперш самыя знатныя ў парафіі асобы — калятары, шляхта і ўласна прадстаўнікі духавенства. Астатнія парафіяне малькавіцкай царквы ў лепшым выпадку ставілі па сваіх памерлых сваяках звычайны валун без надпісу альбо толькі з выявай крыжа. Менавіта такія помнікі складаюць абсалютную большасць на могілках.

Як бачна, у выпадку з Настассяй майстар не зафіксаваў на камяні яе прозвішча. Між тым гэтая жанчына з’яўлялася важнай асобай на тэрыторыі парафіі малькавіцкай царквы. На нашу думку, надмагілле належыць жонцы альбо дачцэ малькавіцкага святара другой паловы XVI ст. У святарства ritus graeci беларуска-літоўскіх зямель у гэты перыяд у цэлым яшчэ не склалася традыцыя пазначаць устойлівыя прозвішчы на пісьме.

На камяні Мяфодзія Камаровіча, як можна бачыць, страчаны некаторыя фрагменты тэксту, у тым ліку першая літара прозвішча. Можна дапусціць, што першай літарай тут можа з’яўляцца не К, а Т альбо С. Аднак для Т, якую рэзчык піша ў варыянце перагорнутай Ш (Т), пры такой шчыльнасці літар на камяні проста не было месца. Прозвішча ж Самаровіч у гэтай мясцовасці альбо прылеглых тэрыторыях дакументы XVI – пачатку XVII ст. не фіксуюць. Камаровічы ж, наадварот, зафіксаваны ў дакументах Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага. У перапісе войска ВКЛ 1528 г. адзначаны два носьбіты прозвішча Камаровіч: Мітка (Міцька) Камаровіч, баярын Навагрудскага павета, і Ігнат Камаровіч, баярын Пінскага павета, якія не маюць сваіх людзей і мусяць ехаць на вайсковую службу самі. На жаль, дакладнае месца пражывання гэтых асоб не адзначана. Мяфодзі Камаровіч з аднолькавай доляй верагоднасці мог з’яўляцца нашчадкам аднаго з іх. Аднак у дакументах аб дваранскім паходжанні роду Камароў-Стахоўскіх з фонду Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу падрабязна распісаны ўсе нашчадкі таго самага пінскага баярына Ігната Камаровіча (Камара). Асобы з іменем Мяфодзі ў іх не зафіксавана. Найбольш верагодна, што Мяфодзі Камаровіч з’яўляецца нашчадкам баярына Навагрудскага павета Міткі (Міцькі) Камаровіча.


Аналіз надпісу на помніку Мяфодзія наводзіць нас на цікавую гіпотэзу аб часе вырабу надмагілля. Як бачым, у тэксце адсутнічае дакладны год пахавання, літарай «а» (1) адзначаны толькі нумар тысячагоддзя. Далей да слова рокү адсутнічаюць тры літары, якія б мусілі азначаць нумар стагоддзя, дзесяцігоддзя і года. Скрупулёзны агляд структуры каменя дазваляе сцвярджаць, што мы маем справу не са знішчэннем фрагмента надпісу — рэзчык спецыяльна пакінуў лакуну ў гэтым месцы. Так было зроблена, магчыма, паводле жадання заказчыка. На выказаную думку наштурхоўвае прыклад іншых помнікаў таго ж перыяду — надмагілля луцкага і астрожскага ўніяцкага епіскапа Кірылы Цярлецкага, а таксама надмагілля жонкі мінскага бурмістра Марыі Маслянкі, аб якіх ішла гаворка вышэй. Кірыла Цярлецкі, як вядома, памёр у 1607 г. Між тым на надмагільным помніку выбітыя толькі дзве кірылічныя літары а і х (1 і 6), якія азначаюць нумар тысячагоддзя і стагоддзя. Помнік багата і па-майстэрску аздоблены. Відавочна, уладыка Кірыл замовіў яго незадоўга да смерці — у самым пачатку XVII ст. Пасля ж яго смерці паводле нейкай прычыны душапрыказчыкі ўладыкі не парупіліся, каб майстар выбіў на надмагіллі дакладны год трагічнай падзеі. У выпадку з каменем Мяфодзія Камаровіча, на нашу думку, адбылася такая ж гісторыя. Час замовы помніка самім Мяфодзіем прыпадае, напэўна, на 1590-я гады — менавіта таму майстар не пазначыў на камяні нават нумара стагоддзя. Смерць жа адбылася верагодней за ўсё ў тыя ж 1590-я гады — калі б Камаровіч перажыў 1599 год, ён, мабыць, папрасіў бы майстра дадаць на помнік нумар стагоддзя — літару х (6). Такім жа чынам тлумачыцца і наяўнасць адной толькі літары а (1000) у даце смерці Марыі Маслянкі, надмагілле па якой замаўлялася ў майстра ў самым канцы XVI ст.

У ходзе абследавання намі старых малькавіцкіх могілак высветлілася яшчэ адна праблема. Паводле сведчанняў галоўнага захавальніка фондаў Ганцавіцкага раённага краязнаўчага музея Віталя Герасімені, фотаздымкі гэтых надмагілляў ужо высылаліся на экспертызу ў Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, адкуль быў дадзены адказ, што прачытаць змест надпісаў немагчыма. Магчыма, падобныя звароты трапляюць на разгляд у «профільныя» аддзелы археалогіі. Між тым для прачытання зместу надпісаў неабходна валодаць навыкамі ў палеаграфіі XVI–XVII стст. і вопытам архіўнай, а не палявой археалагічнай работы.

Сюжэты аб наяўнасці камянёў з надпісамі даволі часта з’яўляюцца на форумах розных краязнаўчых сайтаў і з-за адсутнасці палеаграфічных навыкаў у іх апісальнікаў ствараюцца легенды, якія пасля тыражуюць сродкі масавай інфармацыі. Так, нядаўна на канале «Сталічнае тэлебачанне» прайшоў сюжэт аб наяўнасці ў парку в. Манькавічы Столінскага раёна камянёў, якія былі перавезены са Столінскага касцёла і якія ўтрымліваюць надпісы на грэцкай мове. Журналісты разам з мясцовымі краязнаўцамі агучылі стандартную ў такіх выпадках легенду: гэта камяні-абярэгі, якія лічацца «бліжэйшымі сваякамі падобных камянёў у Барысаве (відаць, маюцца на ўвазе «Барысавы камяні». — Д. Л.)» На самай справе гэта надмагільныя камяні другой паловы XVIII ст.: «NИ [Выява крыжа] КА | ҂аѱп|е (1785) | Гри|гори». Большасць камянёў з «незразумелымі» надпісамі якраз і з’яўляюцца надмагіллямі XVI–XVIII стст., а, магчыма, і больш ранняга перыяду.

Зварот па экспертызу ў кампетэнтныя ўстановы дазволіць у будучым пазбягаць падобнай міфатворчасці.

Высновы

Такім чынам, старыя могілкі каля в. Малькавічы Ганцавіцкага раёна ўяўляюць сабой пагост — месца знаходжання найбольш старажытнай малькавіцкай царквы, якая была перанесена непасрэдна ў вёску ў канцы XVI ст. Як вынікае з аналізу тэкстаў надмагілляў, пахаванні тут адбываліся як мінімум з 1585 г. і да самага пачатку ХХ ст.

Надмагіллі пачатку XX ст. сведчаць, што на той час паводле мясцовай традыцыі тут хавалі немаўлят.

Два надмагіллі ўтрымліваюць добра чытабельныя тэксты надпісаў на старабеларускай («рускай») мове канца XVI – пачатку XVII ст., якія былі пастаўлены па асобах, што належалі да прывілеяваных пластоў грамадства. Аналіз зместу надпісаў і параўнанне малькавіцкіх камянёў з іншымі прыкладамі вядомых «рускіх» надмагілляў канца XVI – пачатку XVII ст. зямель былога Вялікага Княства Літоўскага дазваляе сцвярджаць наступнае. Фармуляр складання надпісаў (наяўнасць 3–4 элементаў з 9 магчымых) сведчыць аб тым, што заказчыкі помнікаў належалі да катэгорыі асоб з даволі вялікімі фінансавымі магчымасцямі. Практыка замаўлення надмагілляў у майстра пры жыцці заказчыка, уласцівая беларуска-літоўскім землям разглядаемага перыяду, была характэрнай і для ваколіц Малькавічаў. Камяні дастаўляліся ў Малькавічы з адносна вялікай адлегласці — каля 20 км.

Аўтар артыкула Дзяніс Лісейчыкаў

На падставе ўсяго пералічанага вышэй мясцовым уладам Ганцавіцкага раёна мэтазгодна ініцыяваць працэс уключэння старых могілак каля в. Малькавічы ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Два найбольш каштоўныя надмагіллі 1585 і 1590-х гг. заслугоўваюць таго, каб папоўніць фонды Ганцавіцкага раённага краязнаўчага музея і несумненна будуць з’яўляцца аднымі з найбольш каштоўных прадметаў у экспазіцыі па гісторыі хрысціянства на тэрыторыі Ганцавіцкага раёна.
Катэгорыя: Дзяніс Лісейчыкаў | Дабавіў: admin (13.02.2016) | Аўтар: Дзяніс ЛІСЕЙЧЫКАЎ
Праглядаў: 2991 | Тэгі: Ганцавічы, Малькавічы, старыя могілкі, Ганцавіцкі раён, Дзяніс Лісейчыкаў | Рэйтынг: 5.0/7
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.