Пятніца, 19.04.2024, 10:35

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Іншае

Завітайма ў Ганцавічы!
Яркімі культурна-асветніцкімі падзеямі папаўняецца штогод летапіс гісторыі свята нашага роднага слова. Непаўторную старонку дадасць у гэты летапіс і Дзень беларускага пісьменства-2011, сталіцай якога будзе горад Ганцавічы, адметны сваімі літаратурнымі традыцыямі.

Якія звесткі дайшлі да нас са старажытнай гісторыі Ганцавіч — сучаснага раённага цэнтра, што месціцца на Пінскім Палессі і знаходзіцца пры чыгуначнай лініі Баранавічы — Лунінец? На жаль, самыя розныя інфармацыйныя крыніцы, у тым ліку энцыклапедыі, сведчаць, што даўніх фактаў біяграфіі горада мала, пераважаюць "белыя плямы". Дакладна вядома, што ў другой палове XIX ст. гэта была вёска Слуцкага павета Мінскай губерні, уладанне графа Станіслава Гутэн-Чапскага. Назва маёнтка і вёскі пайшла ад фальварка Ганцавічы, пра які згадваецца ў архіўных дакументах за 1773 год. Паходжанне самой назвы фальварка, які, паводле гіпотэзы краязнаўцаў, існаваў ужо ў канцы XVI — пачатку XVII ст., пакуль не ўстаноўленае.


Герб горада Ганцавічы

Калі на гэтых землях разгарнулася будаўніцгва чыгунак, вёска атрымала статус мясгэчка. А з адкрыццём руху па Палескіх чыгунках (1884) і пабудовай станцыі Ганцавічы ў наваколлі пачалася прамысловая распрацоўка і перапрацоўка лесу ды сыравіны для вытворчасці шкла. У 1888-м ва ўрочышчы Ельня маёнтка Ганцавічы пры чыгуначнай станцыі пінскі купец Веніямін Вол, якому было дазволена арандаваць у графа Чапскага 1/2 дзесяціны зямлі, запачаткаваў прыбытковую справу — паравы лесапільны завод. З дакументаў пра зацвярджэнне плана забудовы мястэчка пры станцыі Ганцавічы (24 — 30.10.1902) вынікае, што першапачатковы пасёлак быў закладзены ва ўрочышчы Ельня пры станцыі Ганцавічы Палескай чыгункі Круговіцкай воласці і што ўтварыўся ён у 1898 годзе — у выніку пабудовы завода Краеўскага і Столя, продажу лесу ў маёнтку Ганцавічы і Круговічы, a таксама ў маёнтку князя Радзівіла, размешчанага паблізу станцыі Ганцавічы і ўрочышча Ельня. Дарэчы, на шклозаводзе прамыславікоў Краеўскага і Столя выраблялася аконнае, люстэркавае і высакаякаснае "бемскае" (багемскае) шкло. Сыравінай забяспечвалі чатыры гуты, адкрытыя ў Ганцавічах. Толькі ў 1909 годзе завод адправіў спажыўцам 45 273 пуды (больш за 700 тон!) вырабаў са шкла. Працаваў у мястэчку і шэраг іншых прадпрыемстваў, пераважна — дрэваапрацоўчыя заводы, бо край быў багаты на высакаякасную драўніну. Неўзабаве пачалі "расці" жылыя памяшканні для рабочых і чыгуначнікаў. Так стваралася паселішча.


Будынак чыгуначнага вакзала станцыі Ганцавічы

Будаўнічым аддзяленнем Мінскага Губернскага Праўлення ў 1902 г. быў зацверджаны план праектуемага мястэчка Ганцавічы пры чыгуначнай станцыі — на зямлі, што належала графу Гутэн-Чапскаму. Неабходнасць гэтага будаўніцтва тлумачылася гандлёва-эканамічнымі інтарэсамі мясцовага насельніцтва. Цікава, што граф Гутэн-Чапскі ў маёнтку Ганцавічы меў ва ўласнасці 5,3 тысячы дзесяцін зямлі (для параўнання: уладальнік маёнтка Агарэвічы Карл Свяжынскі валодаў 17,9 тыс. дзесяцін, а Яніна Патоцкая, гаспадыня Хатыніч, Малькавіч і Раздзялавіч, — 50,3 тыс. дзесяцін зямлі) і пад мястэчка (разам з зямлёй пад шклозаводам) ён адводзіў 79 дзесяцін: пад забудову, рынкавую плошчу, вуліцы, агульны выган, могілкі.

З 1921 па 1939 г. мястэчка Ганцавічы знаходзілася ў складзе Польшчы. Тут з'явіўся драўляны касцёл (1921), які згарэў з большай часткай мястэчка ў 1934-м. Для праваслаўнага насельніцтва дзейнічала вялікая царква, у распараджэнні іудзеяў былі дзве сінагогі. У Ганцавічах існавалі пошта, тэлеграф, некалькі прыватных гасцініц, рэстаран і кафэ, працавалі доктар і фельчар.


Сядзіба Падарэўскіх у ўрочышы Горкі

Пры савецкай уладзе быў утвораны Ганцавіцкі раён з цэнтрам у Ганцавічах (1940), а мястэчку нададзены статус гарадскога пасёлка, які з 6 снежня 1973 года стаў горадам. За паўкіламетра ад яго знаходзіцца колішняя сядзіба роду Падарэўскіх. У пазамінулым стагоддзі гэта быў сядзібна-паркавы ансамбль, які складаўся з сядзібнага дома, гаспадарчых пабудоў, парку. Ацалела ўязная ліпавая алея, ды захаваўся драўляны аднапавярховы сядзібны дом Падарэўскіх, у якім цяпер размяшчаецца адна з мясцовых кантор.


Касцёл Звествавання Найсвяцейшай Дзеве Марыі

З просьбай дапоўніць гістарычны партрэт чарговай сталіцы нашага свята свежымі штрыхамі, я звярнулася да выдатнага літаратара, шаноўнага майстра паэтычнага слова, супрацоўніка рэдакцыі "ЛіМа" Віктара Гардзея. Напэўна, для паэта, чыім імем назвалі адну з вуліц яго роднай вёскі, само слова — Ганцавічы — гучыць як музыка натхнення і ўспамінаў пра далёкія гады, блізкіх людзей, дарагія мясціны? Магчыма, паэт, народжаны ў гэтым краі, як ніхто іншы ўяўляе, чым здатны вылучыцца родны яму горад у шэрагу сталіц Дня беларускага пісьменства?.. Віктар Канстанцінавіч адказаў так:

— З часін свайго далёкага дзяцінства памятаю Ганцавічы ў трох абліччах: ціхае, малалюднае мястэчка ў пасляваенны час; гарадскі пасёлак з безліччу вежавых кранаў на гарызонце; сучасны шматпавярховы горад з добра спланаванымі шырокімі вуліцамі і ўтульнымі зялёнымі скверамі. Роднае беларускае слова тут ніколі не было ў заняпадзе, на Ганцаўшчыне, можа, як нідзе, любяць і паважаюць сваіх творцаў. У вёсцы Люсіна калісьці пачынаў настаўніцкі і пісьменніцкі шлях Якуб Колас, у вёсцы Чудзін адкрываў скарбы народнай мудрасці славуты этнограф і вучоны Аляксандр Сержпутоўскі. Зноў жа, у пасляваенны час на Ганцаўшчыне вырасла, узмужнела, набралася сіл для высокага палёту новае пакаленне творцаў: Васіль Праскураў, Міхась Рудкоўскі, Iван Кірэйчык, Міхаіл Дубянецкі, Мікола Купрэеў, Алесь Кажадуб, Алесь Каско, Уладзімір Марук, Мікола Антаноўскі, Кастусь Мохар, Iван Лагвіновіч, Аанатоль Трафімчык, Святлана Локтыш, Ірына Дарафейчук, Анатоль Кудласевіч, Аляксей Галаскок, Ніна Кавальчук.

У нас, на ганцавіцкім Палессі, надзвычай высокая духоўнасць. У самім горадзе за апошні час пабудаваныя два храмы — касцёл і царква Святога Ціхана, некалькі цудоўных цэркваў узведзена таксама ў навакольных вёсках: Хатынічах, Агарэвічах і іншых. На сваю малую радзіму заўсёды прыязджаю з вялікім хваляваннем. У маёй роднай вёсцы Малыя Круговічы адзначаліся абодва мае круглыя юбілеі, цяпер землякі запрашаюць на прэзентацыю маёй кнігі паэзіі "Трыадзінства". Часта бываю ў раённай і дзіцячай бібліятэках, праходзілі сустрэчы і ў школах. Увогуле, усе ганцавіцкія паэты годны ўшанаванню. Так, сёлетняй вясной быў устаноўлены памятны знак Івану Кірэйчыку, ураджэнцу вёскі Гута, з якой выйшаў і выдатны паэт Уладзімір Марук, чыя заўчасная смерць моцна ўзрушыла ганцаўчан.

Людзі тут сціплыя, працавітыя і ветлівыя. Гасцей свята яны абавязкова пачастуюць журавінамі, грыбамі ды іншымі палескімі прысмакамі. А яшчэ, калі пашанцуе, у ваколіцах Ганцавіч можна будзе пабачыць вялікія чароды белых буслоў, якія перад адлётам у вырай садзяцца на поле — можа, таму ў сучасны герб горада так прыгожа і міла "ўпісаліся" буслы.
Катэгорыя: Іншае | Дабавіў: admin (11.09.2010) | Аўтар: Святлана БЕРАСЦЕНЬ W
Праглядаў: 2184 | Тэгі: Літаратурная Ганцаўшчына, Ганцавічы, Віктар Гардзей, Святлана Берасцень, Ганцавіцкі раён | Рэйтынг: 3.7/3
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 6
Гасцей: 6
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.