Чацвер, 25.04.2024, 03:21

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Віктар Гардзей

Ганцаўшчына: як многа ў гэтым слове… (частка першая)
1

Неаспрэчны і, бадай, ці не самы старажытны сімвал нашай бацькоўскай зямлі, што б там ні казалі, усё-такі ўвасабляюць шэрыя жураўлі і белыя буслы — птушкі гордыя, прыгожыя і дужа крыўдлівыя. Малая радзіма па волі нябёс ці проста выпадкова мне выпала акурат у міжрэччы знакамітых Лані і Бобрыка, дзе і сягоння яшчэ стае нечапаных куточкаў прыроды і запаведных тэрыторый. Тут, на маёй роднай Ганцаўшчыне, мусіць, няма вёскі, дзе б не ведалі гэтых добразычлівых птахаў, і я іх заўсёды шкадаваў і любіў, асабліва буслоў, бо некалі ў сваім пасляваенным дзяцінстве пачуў ад суседзяў легенду, што ў белую птушку з чырвонымі нагамі і чорным фракам Бог ператварыў нейкага чалавека за неасцярожнасць і непаслухмянасць. Бусел з ранняй вясны цяпер ходзіць па балацявінах і сенажацях, ловіць жаб, вужоў і іншае плюгаўства, якое сам і павыпускаў з даверанай яму торбы, і людзі ніколі не крыўдзілі і не крыўдзяць цыбатага пакутніка, наадварот, дапамагаюць — робяць буслянкі, зацягваюць на дрэвы старыя колы і бароны. Той бачыць клопаты пра сябе і плаціць такой жа любоўю і зычлівасцю, нездарма кажуць: дзе бусел на хаце, там адступяцца гора і бяда, a хату абмінуць гром і маланкі.

Трэба думаць, Ганцаўшчыну, гэты адвечны і да канца нясходжаны край, шэрыя жураўлі і белыя буслы аблюбавалі невыпадкова: паўсюль, куды ні паглядзі, жывуць іх шчырыя сябры — добрыя, чулыя, спагадлівыя людзі. Жураўлі выбіраюць месцы для гнёздаў дзесьці ў глухамані, а буслы звычайна селяцца ў ціхіх і непрыкметных вёсачках, далей ад гарадскога тлуму і мітусні, але напрыканцы лета, калі птушаняты трывала стануць на крыло, грацыёзныя птахі збіраюцца ў чароды, каб разам падвучыць маладняк і самім набрацца моцы, падсілкаваўшыся на свежых пожнях перад хуткім адлётам у вырай. Хто хоць адзін раз бачыў незлічоную колькасць чорна-белых буслоў на толькі што зжатым полі, той ужо ніколі не забудзе гэты дзівосны, незвычайнай прыгажосці і таямнічасці малюнак. Велізарны бусліны палетак, поўны асенніх чараў і дабрадаці, аднойчы, падчас працы ў часопісе «Родная прырода», мне давялося сузіраць у Столінскім раёне, аднак тады я і падумаць не мог, што падобныя цуды калі-нікалі здараюцца і на маёй Ганцаўшчыне. Дома не шанцавала мне — пашанцавала ўдзельнікам Рэспубліканскай культурна-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святыняў», якая, кіруючыся ў старадаўні Тураў на традыцыйны Дзень беларускага пісьменства, 2 верасня 2004 года, заязджала ў Ганцавічы на адкрыццё Свята-Ціханаўскага храма. У лічаныя хвіліны, калі ўскрай гарызонту ўжо відзён быў горад, на Агарэвіцкае поле пры самай шашы апусцілася вялікая бусліная чарада, сваёй нечаканасцю прымусіўшы спыніцца святочны аўтамабільны картэж. Людзі стаялі, цешыліся дружнай буслінай талакой, і з'яўленне Боскіх птушак у патрэбны момант кожны палічыў добрым знакам нябёс, найлепшым падарункам лёсу. Пра гэты ўнікальны і для ганцаўчан прыемны выладак мне з хваляваннем расказаў відавочца, удзельнік той экспедыцыі, паэт Браніслаў Спрынчан.

Гэтак жа, як і шэрыя жураўлі, стаўшы сімвалам палескага краю, белыя буслы ўпрыгожваюць нашу прыроду, надаючы ёй нейкую чароўную лагоднасць і гасціннасць. I адны, і другія птушкі ў вырай кіруюцца ў канцы жніўня ці на пачатку, a то і ў сярэдзіне верасня, што ж да жураўлёў, то яны пралятаюць кожны раз над Ганцавічамі, і тады ціхімі вечарамі дзесьці высока ў небе чуецца іх журлівае, трывожнае курлыканне. Мабыць, акурат над нашым горадам пралягае іх адвечны міграцыйны шлях. Дзеля цікаўнасці выйдзіце на двор, і ў вечаровым змроку першавосені вы, напэўна, пачуеце развітальнае жураўлінае «курлы». Калі не ў гэтым, дык у наступным годзе. Вельмі пахвальна і прыемна, што палескі глыбінь-гарадок любіць, не забывае сваіх казачных птушак. Яшчэ 25 жніўня 1998 года райвыканкам зацвердзіў герб сучасных Ганцавіч. Вось як ён выглядае: на сінім фоне шчыта з пазалочанымі зорачкай і паўмесяцам два серабрыстыя жураўлі горда імкнуцца ў вышыню. Што яны бачаць з той падвоблачнай далечы, нам цяжка меркаваць, адно тут можна сказаць пэўна: унізе пад іх размашыстымі крыламі раскінулася на дзіва прыгожая, гераічная і працавітая старажытная зямля. Зноў жа, два жураўлі на гербе сімвалізуюць прыроду палескага краю, імкненне ў будучыню, міралюбнасць, шчасце. Між іншым, у мясцовай сімволіцы знайшлося месца і белым буслам. Вясёлыя, тэмпераментныя птахі адлюстраваны на дарожным указальніку з надпісам «Ганцавічы», вітаючы кожнага, хто прыходзіць сюды з дружбай і светлай душой.

Ганцавічы, Ганцевичи
Дарожны ўказальнік перад уездам у горад Ганцавічы

2

Дзве ціхаплынныя, прыгожыя рачулкі з такімі паэтычнымі назвамі — Лань і Бобрык, адна на ўсходзе, другая — на захадзе, несучы лішкі вады ў не вельмі далёкую Прыпяць, як быццам знарок для нас, абарыгенаў, узялі ў цесныя абдымкі велізарны лясны, балоцісты і палявы абсяг плошчай 1,71 тыс. км². Гэта і ёсць Ганцавіцкі раён, які на геаграфічнай карце сваімі абрысамі нагадвае сілуэт нейкай фантастычнай рыбіны, — зямля нашых продкаў і бацькоў, святая старажытная зямля з яе маўклівымі сведкамі гісторыі — сівымі курганамі, гарадзішчамі, курганнымі могільнікамі, выявамі народнага дойлідства і культуры ды журботнымі пазнакамі ўжо нашага часу — брацкімі магіламі, помнікамі, абеліскамі.

Нямала стагоддзяў прашумела над маляўнічым палескім краем, многае страчана, многае забыта, і сёння ўжо нават цяжка ўявіць, што калісьці на тэрыторыі Ганцаўшчыны, пакрытай лясамі і балотамі, акрамя паштовага тракту з Пінска, ніякіх іншых шляхоў не існавала, і зносіны паміж людскімі паселішчамі магчымы былі толькі марознай зімой і спякотным летам, калі крыху спадала всснавое разводдзе. Ці ж дзіва: шмат тысячагоддзяў таму велізарны скандынаўскі ляднік спыніўся дзесьці ў ваколіцах сучасных вёсак Вялікія і Малыя Круговічы, Мельнікі, Шашкі і, растаўшы пад гарачым сонцам, пакінуў пасля сябе безліч гранітных глыб, валуноў, процьму буйных і дробных камянёў, заліў вадой самім жа і прадзёртыя ямы, западзіны, лагчыны, яры. Так на Ганцаўшчыне ўтварыліся шматлікія азёры і рэкі, але зусім ужо векапомны «дарунак» паўночнага прышэльца — бяскрайняе Качай-балота, якое, працягнуўшыся на сотню вёрст на ўсход ад Выганашчанскага возера, злілося з такім жа балотным масівам пад назвай Грычын. Сучасныя даследчыкі, напэўна, справядліва лічаць, што гэтыя дрыгвяністыя, цяжкадаступныя мясціны засяляліся людзьмі марудна, прынамсі, значна пазней, чым іншыя рэгіёны Беларусі, а прычына адна: дзе жыць, калі навокал вада? Але цывілізацыя няўхільна наступала, вядома, не тая, што яшчэ хадзіла ў звярыных шкурах, — цывілізацыя, якая пачала асвойваць наш край, найперш берагі рэк і ўзвышшы, ужо ведала земляробства і рудную справу, хоць галоўнай прыладай працы ў прышлых пасяленцаў, як і раней, была славутая каменная сякера.

Разумею, у нечым падобныя прыклады і факты могуць назваць і некаторыя нашы суседзі, аднак засяленне ганцавіцкага краю, што ўжо дакладна і пэўна, мела свае, уласцівыя толькі яму адрозненні і асаблівасці. Дастаткова пагартаць даступныя нам летапісы і старажытныя хронікі, каб пераканацца ў гэтым. Па выніках археалагічных даследаванняў устаноўлена, што першымі Ганцаўшчыну пачалі абжываць дрыгавічы — найбольш развітае ўсходнеславянскае племя, праўда, вядомы толькі прыблізны час іх паяўлення ў міжрэччы Лані і Бобрыка. Сюды нашы продкі, хутчэй за ўсё, прабіраліся з боку Прыпяці, асвойваючы на шляху сушэйшыя лясныя ўгоддзі і ўзгорыстыя мясцовасці. Тыя ж летапісы і старажытныя хронікі захавалі для нашчадкаў вызначальныя даты і падзеі ў гісторыі Ганцавіцкага раёна, якія мэтазгодна прывесці тут, расставіўшы ў такім парадку:

V—IV тысячагоддзі да н. э.
Паяўленне людзей на тэрыторыі краю, аб чым сведчаць археалагічныя знаходкі эпохі неаліту ва ўрочышчы Качайка непадалёк ад Ганцавіч.

III—II тысячагоддзі да н. э.
Рассяленне на Палессі раннеславянскіх плямёнаў.

XI—XII стст. н. э.
Асваенне дрыгавічамі тэрыторыі краю.

XI ст.
Утварэнне Тураўскага княства, у склад якога ўваходзіла тэрыторыя сучаснай Ганцаўшчыны.

1167—1174 гг.
Утварэнне самастойнага Пінскага княства, куды часткова перайшлі землі Ганцаўшчыны.

XIV ст.
Пры княжанні Гедыміна землі краю ўвайшлі ў склад Вялікага Княства Літоўскага.

1515 г.
Першае ўпамінанне ў летапісах вёскі Буча (Будча).

1537 г.
Першае пісьмовае ўпамінанне вёскі Чудзін з фальваркам Морач.

1569 г.
Люблінская унія. Утварэнне федэратыўнай дзяржавы Рэч Паспалітая, у склад якой разам з Вялікім Княствам Літоўскім увайшоў Ганцавіцкі край.

1593 г.
Першае ўпамінанне вёсак Люсіна (Сяльцо) і Малькавічы ў хроніцы навагрудскага падсудка Фёдара Булахоўскага.

1615 г.
Першае пісьмовае ўпамінанне вёсак Круговічы, Ляхавічы (Малыя Круговічы), Востраў.

На гэтай апошняй даце, думаю, варта перапыніць хроніку колішніх падзей, бо ў пазнейшым жыцці раёна хапала ўсяго: былі і казакі Багдана Хмяльніцкага, і шведскае нашэсце, і паўстанцы Кастуся Каліноўскага, і сялянскія бунты. Нас жа цікавяць помнікі сівой даўніны, хоць якія звесткі пра побыт і культуру продкаў. З вякамі, што мінулі з таго часу, племя дрыгавічоў, асімілявалася, растварылася сярод іншых славянскіх народнасцей, і як памяць аб ім паўсюль на Ганцаўшчыне захаваліся векавечныя курганы, курганныя могільнікі, дзе-нідзе засталіся сляды гарадзішчаў. Іх справядліва называюць маўклівымі сведкамі гісторыі — яны ж не выдаюць, упарта берагуць свае даўнія тайны, і адзін Бог хіба ведае, што яшчэ цікавае захавана глыбока пад зямлёй. У народзе курганы памылкова называюць «шведскімі капцамі», бо ніякіх салдат Карла XII у іх не знаходзілі. Пры раскопках у час навуковых даследаванняў археолагамі ў курганных могільніках выяўлены самыя простыя рэчы, якія па ўсіх вядомых адзнаках маглі належаць толькі дрыгавічам: сякеры, крэсівы, наканечнікі коп'яў, гліняныя гаршкі, вочапкі вёдраў, зрэдку — упрыгажэнні тагачасных модніц: металічныя пацеркі, скроневыя кольцы, пярсцёнкі.

Найбольш даследаваная і самая вялікая група курганоў (больш за сто) знаходзіцца абапал дарогі Ясянец, групавыя і паасобныя могільнікі ад той старажытнай эпохі захаваліся каля вёсак Агарэвічы, Вялікія Круговічы, Дзяніскавічы, Ліпск, Шашкі, каля Люсіна выяўлены сляды ранняга паселішча, а паблізу Мельнікоў, на радасць даследчыкам, ацалела гарадзішча. Прыкметы колішняга знаходжання дрыгавічоў вучоныя ў свой час выявілі ў вёсцы Малыя Круговічы — у апусцелым цяпер урочышчы Машукоўшчына і ва ўрочышчы Града — за вярсту ад вёскі Малькавічы. Незвычайнае ўражанне тут пакідае ўнікальны могільнік з вялікімі, пасівелымі ад часу плітамі-валунамі, на якіх ледзь-ледзь праступаюць нейкія літары. Хто тут пахаваны і калі — гэтую тайну наўрад ці ўдасца разгадаць. Аднак уражанне чагосьці страчанага і навекі забытага доўга цябе не пакідае, наводзячы самыя розныя думкі пра сэнс і філасофію жыцця.

Ясянец, Ясенец
Адзін з курганоў Ясянецкай курганнай групы

Так, час няўмольны, не спыняецца хоць на імгненне, сярод людзей разгараліся і сціхалі спрэчкі, прыходзілі і знікалі ўсё новыя пакаленні, пакідаючы пасля сябе ці добры след, ці хоць якую пазнаку сваёй прысутнасці на гэтай шматпакутнай святой зямлі. Быў заведама блаславёны час, калі ў маладосці свой бацькоўскі кут я прайшоў, як кажуць, упапярок і ўздоўж, дык не мог жа абмінуць Ясянец — невялічкую вёсачку, знакамітую сваёй «панскай» радавітасцю і незвычайнымі для простых сялян традыцыямі. З Малых Круговіч да Ясянца цераз лес вёрст пяць ці набярэцца, і мы яшчэ хлапчукамі ў гарачае лета не адзін раз імчаліся на веласіпедах пакупацца ў Начу, абавязкова праязджаючы паўз маленькі Ясянец. Ужо ў дзяцінстве я ведаў, што на мясцовых могілках паны з усёй акругі хавалі сваіх нябожчыкаў, якія тут доўга не падцаваліся тлену, становячыся ледзь не муміямі дзякуючы вельмі спрыяльнаму, удаламу спалучэнню мясцовага паветра і глебы. Так яно ці інакш, але «шляхецкія» могілкі ацалелі да нашых дзён, праўда, цяпер даволі занядбаныя, разрабаваныя ў вайну, бо марадзёраў, розных «золаташукальнікаў» хапала ва ўсе часы.

З надпісаў на помніках і надмагільных плітах вядома, што тут спачываюць знатныя, радавітыя паны — Абуховічы, Вяндорфы, Яленскія і іншыя. Кожнае імя — гэта чыйсьці асобны лёс, чыясьці асобная бяда ці трагедыя. На старажытных могілках асабліва вылучаецца капліца роду Вяндорфаў і склеп роду Яленскіх. Прыведзеныя ў парадак, удалыя па архітэктурным вырашэнні капліца і склеп, як у цэлым і ясянецкія «шляхецкія» клады, — красамоўны помнік нашага нядаўняга мінулага.

Ясянец, Ясенец
Пахавальная капліца роду Вендорфаў

Дарэчы, маленькі Ясянец стаў знакаміты яшчэ і таму, што ў першай палове XIX стагоддзя тут працавала суконная фабрыка, маючы значную па тым часе механізацыю — паравую машыну, ткацкія станкі, фарбавальныя катлы, не лічачы больш за 30 наёмных рабочых. Фабрыка, збудаваная на зямлі памешчыка Абуховіча, вырабляла сукно розных гатункаў выключна на продаж, што сведчыць аб зараджэнні на тэрыторыі раёна капіталістычных адносін і таварнай вытворчасці. А назва Ясянец, відавочна, пайшла ад ясеня — прыгожага дрэва, якога і сягоння ў ваколіцах вёсачкі расце багата.

Як бачна, наша Ганцаўшчына любога можа здзівіць нечаканымі адкрыццямі і знаходкамі, тым больш што ў апошні час мясцовыя ўлады многае робяць для таго, каб захаваць і зберагчы спадчыну продкаў, што асабліва тычыцца помнікаў народнага дойлідства і культуры. Я гэта ведаю пэўна, бо калісьці на свае вочы бачыў, з якою любоўю тагачасны старшыня калгаса імя Кірава Міхаіл Кунцэвіч праводзіў рамонт і рэканструкцыю старога панскага дома ў вёсцы Агарэвічы. Дакладней, не дома, а цэлага сядзібнага ансамбля з садам, паркам, сістэмай сажалак і гаспадарчым дваром. Сам жылы дом Г-падобны ў плане, з двухсхільным дахам — такія цяпер рэдка сустракаюцца на Палессі. Ёсць тут парадны фасад з ганкам на чатырох калонах, а з усходняга боку прыбудавана паўратонда зімовага саду. Цяжка сказаць, як сядзібны дом выглядаў, калі быў новы, але цяпер, пасля рэканструкцыі, ён проста на заглядзенне. Апошняй гаспадыняй Агарэвіцкай сядзібы была пані Апацкая, і, мусіць, у яе гонар, сённяшні агратурыстычны комплекс, што размясціўся ў гэтым доме, так і назвалі «У пані». Прыязджайце, турысты, заходзьце, вандроўнікі! «У пані», як спрадвек было на нашай зямлі, вас сустрэнуць цёпла і гасцінна — накормяць, напояць і спаць пакладуць.

Агарэвічы, Огаревичи
Былая сядзіба Свяжынскіх у в.Агарэвічы

Вельмі шкада, але час уладна і няўмольна забірае сваю даніну. Шмат якія помнікі архітэктуры страчаны ў гады ваеннага ліхалецця, а нешта прапала і ад банальнай старасці. На дзіва, «жывым» застаўся яшчэ адзін сядзібны дом, праўда, не такі прыгожы і дыхтоўны, як у Агарэвічах. I знаходзіцца ён — дзе б вы думалі? — за вярсту ад Ганцавіч, на ўскрайку ўрочышча Горкі. Гэта былая сядзіба роду Падарэўскіх, шырокавядомага ў пазамінулым стагоддзі. Ад сядзібна-паркавага ансамбля з гаспадарчымі прыбудовамі ацалела ўязная ліпавая алея ды захаваўся драўляны аднапавярховы панскі дом, дзе цяпер размяшчаецца кантора дарожна-эксплуатацыйнага ўпраўлення.

Ганцавічы, Ганцевичи
Былая сядзіба Падарэўскіх ва ўрочышчы Горкі

Помнікі сівой даўніны па-добраму хвалююць, наводзяць на роздум, і надта прыкра робіцца на душы, калі бачыш перад сабой рэшткі былой прыгажосці, тады зусім няважна, каму яна належала — пану ці простаму селяніну. Помніцца, падчас працы ў раённай газеце мяне чамусьці цікавіла ўрочышча Юліна, што знаходзіцца прыкладна на паўдарозе паміж вёскамі Шашкі і Агарэвічы. Тут на плошчы больш як два гектары захаваліся некаторыя дрэвы пейзажнага парку, закладзенага яшчэ ў XIX стагоддзі, з каналамі і сажалкамі. За паўразбуранай уязной брамай пачынаецца алея — старыя клёны і грабы, каштаны і бярозы, ды асабліва прывабная алея вясной, калі цвітуць зараснікі шыпшыны і бэзу. Калісьці тут стаяў драўляны сядзібны дом — даўно зарасло і яго котлішча, а пра заможнасць гаспадароў сведчыць адзіная пабудова — мураваны з каляровага буту склеп. Рэшткі сядзібна-паркавага ансамбля «Юліна» на дзіва прыгожыя і сягоння, так што ў гэты дзівосны куточак прыроды можна смела вазіць турыстаў. Тым болей па дарозе сюды вас павітае векавечны курган, а побач з ім думае сваю думу высокі разложысты дуб.

Юліна, Юлино
Курган і дуб ва ўрочышчы Юліна

Гэты дуб-асілак, што ўпрыгожвае ўрочышча Юліна, робіць незабыўнае ўражанне, але скажу шчыра: сапраўдны дуб-волат расце на Маліцкай гары ў вёсцы Вялікія Круговічы. Яму даюць і 500, і больш гадоў. Патрыярх у некалькі абхватаў, кара нібы закамянела, галіны-ралы таўшчынёй з добрую сасну. У падножжы гіганта сціпла прытуліўся такама вялізны скандынаўскі валун, і гэты ансамбль двух волатаў лішні раз нагадвае пра вечнасць і непарушнасць нашай Зямлі. Дубам-веліканам, мабыць, не адно стагоддзе любаваліся паны Абуховічы, чый маёнтак знаходзіўся зусім побач — у лагчыне перад Маліцкай гарой. Сядзібна-паркавы комплекс калісьці ўключаў у сябе двухпавярховы драўляны палац, які згарэў ужо на маёй памяці, усе патрэбныя гаспадарчыя пабудовы, добра спланаваны парк і сад, што падступаўся да царквы, а непадалёк плёскаліся хвалямі чатыры сажалкі. Многія старыя дрэвы: грабы, клёны, берасты і каштаны, тыя ж векавыя дубы — растуць і да сённяшняга дня. Захавалася капліца з крутым дахам і склепам, дарэчы, круговіцкая капліца з'яўляецца помнікам архітэктуры эпохі неакласіцызму.

Вялікія Круговічы, Большие Круговичи
Капліца ў в.Вялікія Круговічы

3

Ад знаёмых і сяброў, якія часта наведваюцца ў наш Богам дадзены край, пастаянна даводзіцца чуць суцэльныя пахвалы: ім дужа смачны ганцавіцкі хлеб, ім, бачыце, вельмі хораша ўсміхаюцца ганцавіцкія дзяўчаты, а да ўсяго прыезджым надта падабаюцца дыхтоўныя палескія вёскі. Што праўда, то праўда. Умеюць і, галоўнае, любяць будавацца на Палессі, каб не жыць у паточаных шашалем, парахнявых і цесных хатках, як гэта было спрадвек, ды, зноў жа, людзі даўно ўжо ведаюць сапраўдную цану свайму жыллю. У якую вёску ні заедзеш, дамы стаяць як на падбор: высокія, прасторныя, з вокнамі на ўсю сцяну — хоць у Агарэвічах, хоць у Кукаве, хоць у Хатынічах ці аддаленых Радзялавічах. I рэдка каля якіх весніц не ўбачыш лакіраваны легкавік або падарожнікавую антэну на даху. Але гэта, як кажуць, атрыбуты ўжо сённяшняга, няхай і вельмі няпростага часу. А тады, у пасляваенную разруху, вяскоўцы, каму пашчасціла выжыць, не ведалі, за што ўцяць рукі: усюды папялішчы, зарослыя быльнягом акраўкі поля, асірацелая без быдла і коней паша. Паводле акта абласной камісіі аб стратах, нанесеных нямецка-фашысцкімі акупантамі, на Ганцаўшчыне былі спалены 1454 жылыя дамы, 178 свірнаў, 1502 хлявы, у самім мястэчку згарэла 185 дамоў— акурат трэцяя частка жылога фонду, што быў тут да вайны.

Гора лечыць, бяда вучыць. На смалістых зрубах паўсюль зашоргалі пілы, зацюкалі сякеры. Практычна нанава давялося адбудоўваць знішчаныя, спаленыя, разбомбленыя захопнікамі Чудзін, Макава, Задуб'е, Лактышы, Хатынічы. Пагарэльцы і зусім бедныя людзі выйшлі з зямлянак і прыземістых хацінак з падслепаватымі акенцамі і саламянымі стрэхамі, а слава пра ганцавіцкіх цесляроў і сталяроў, сапраўдных народных дойлідаў разнеслася далёка за межамі раёна, бо іх і цяпер ахвотна запрашаюць з няблізкіх мясцін, калі спатрэбіцца камусьці выштукаваць адмысловы дом, паставіць франтоны з цацкамі і разныя аканіцы.

Зразумела, каб залячыць страшныя раны вайны, адбудаваць спустошаныя вёскі і само мястэчка, зрабіць іх яшчэ прыгажэйшымі, чым было раней, затрачана багата сіл і сродкаў, але першым і галоўным клопатам ганцаўчан усё ж заставаўся клопат аб хлебе. Адразу пасля вызвалення раёна ажывілася работа аднаасобніцкіх гаспадарак з іх прымітыўным тэхнічным аснашчэннем. Цікава чытаць газетную заметку таго часу: «Каваль Жывуцкі Фёдар і малатабоец Ярушэвіч Костусь лічацца лепшымі работнікамі МТС. Яны датэрмінова закончылі рамонт інвентару, конна-пракатнага пункта і аказалі вялікую дапамогу сялянам-аднаасобнікам. Толькі за апошнія дні перад сяўбой адрамантавана 20 барон, 50 плугоў і 15 вазоў для жыхароў Круговіцкага, Агарэвіцкага, Лактышоўскага і Дзяніскавіцкага сельсаветаў». У адноўленай МТС, якую перавезлі ў вёску Круговічы, былі лічаныя трактары і малатарні, ды адкуль іх узяць, бо, згодна з тым жа актам аб нанесеных стратах, з Ганцаўшчыны акупанты вывезлі ці знішчылі на месцы 917 машын і сельскагаспадарчых прылад, апрача таго, вагонамі адпраўлялі ў свой нямецкі рэйх збожжа, бульбу, гародніну, фураж. Што ўжо казаць пра іншую маёмасць, калі за фашысцкімі «ласунамі» лічыцца і 377 знішчаных пчаліных сем'яў.

Працэс удасканалення сельскагаспадарчай вытворчасці ішоў вельмі няпроста з-за ўсеагульнай беднасці, а імклівая і суцэльная калектывізацыя, якая пачалася яшчэ ў канцы 1940-х гадоў, не абышлася без сур'ёзных перагібаў і памылак. Так ці інакш, калгасы былі створаны, яны шмат разоў узбуйняліся, рэфармаваліся і ўсё ж, калі бядней, калі сытней, кармілі народ, таму не заўсёды справядлівыя крытычныя выпады сённяшніх дэмагогаў і зласліўцаў усіх масцей. Выключна за кошт тэхнічнага пераўзбраення, падрыхтоўкі кадраў, укаранення перадавых тэхналогій у 1970-я гады лідарамі па вытворчасці мяса, малака, зерневых культур з'яўляліся калгасы імя Кірава, «Светлы шлях», «Расія», «Першага мая» і іншыя. Цяжкая эканамічная сітуацыя ў сельскай гаспадарцы раёна, якая працягвалася не адзін год, пачала выпраўляцца толькі тады, калі быў узяты рашучы курс на стварэнне ў буйнейшых населеных пунктах аграрных гарадкоў, дзе ёсць галоўныя ўмовы поспеху: дабротнае жыллё, праца для сялян і спецыялістаў, неабходны комплекс сацыяльна-бытавых паслуг.

Вядома, аднак: гэты працавіты, самаахвярны чалавек жыве не толькі хлебам адзіным. Пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў мястэчка Ганцавічы таксама ляжала ў руінах і папялішчах, але, у адрозненне ад сельскай мясцовасці, палескі глыбінь-гарадок адбудоўваўся даволі хуткімі тэмпамі. Як заўсёды ў цяжкія часіны выручаў бацюхна-лес, пад якім і цяпер занята больш за 50 працэнтаў тэрыторыі краю. На базе леспрамгаса дзейнічала разгалінаваная сетка вузкакалейнай чыгункі, і яна дасягала нават у самыя цяжкадаступныя лясныя масівы. Дзякуючы таму, што для рабочых рук найбольш прыдатнай была высакаякасная драўніна, першымі ўзнавілі работу лесазаводы, піларамы, смалакурня, адкрылася мэблявая фабрыка і бондарскі цэх, дзе выштукоўвалі бочкі самых розных ёмістасцей — ад 50 да 250 літраў, галоўным чынам для патрэб свайго раёна. Ганцавічы былі разрабаваны фашыстамі настолькі, што літаральна кожную гаспадарчую дробязь давялося вырабляць на месцы, не спадзеючыся на цэнтралізаваную дастаўку. Так, невялікая абутковая арцель шыла адмысловыя хромавыя боты, a цагельня ў вёсцы Сукач акрамя чырвонай цэглы выпускала звычайныя гліняныя гладышы, збанкі, міскі, гаршкі і іншую ганчарную прадукцыю, якая карысталася вялікім попытам у збяднелага за вайну насельніцтва.

Ды і гэта яшчэ не ўсё. Сучасная моладзь нават і не здагадваецца, што ў Ганцавічах калісьці працаваў і свой ліцейны цэх. Вось што паведамляла газетная заметка восенню 1948 года: «З 7-га кастрычніка ўступіў у строй ліцейны цэх пры райпрамкамбінаце. Кіруе цэхам майстар Канавалаў Міхаіл. Цэх ужо выпускае алюмініевы посуд. У хуткім часе будзе асвоены выраб місак, кубкаў, чайнікаў, каструль, тазоў, бачкоў, іншага кухоннага посуду. Асвоена таксама ліццё ножак для швейных машын». Упэўненасць, што ў Ганцавічах спрадвек жылі сапраўдныя народныя таленты і майстры, пацвярджае і наступны прыклад. На размежжы 1940-50-х гадоў рабочая арцель «4-я пяцігодка», прынёсшы радасць тагачасным модніцам, пачала выпускаць вугальныя прасы з чыгуну, надзейныя і зручныя ў карыстанні. Добрыя рэчы і вырабы ледзь не саматужнай пасляваеннай прамысловасці горада існуюць цяпер у адзінкавых экзэмплярах і з пашанай захоўваюцца ў некаторых жыхароў і ў школьных музеях раёна. Нельга абмінуць і такі цікавы факт: мясцовы «Харчасмак» тады ж выпускаў сітро і цукеркі-«падушачкі» — найлепшы ласунак дзятвы.

З цягам часу, калі паўсюль у краіне з руін падымаліся новыя фабрыкі і заводы, паступова мянялася і аблічча мястэчка Ганцавічы, якому ўжо ў 1973 годзе быў нададзены статус горада раённага падпарадкавання. Неад'емнай часткай мясцовага пейзажу сталі будаўнічыя краны, і там, дзе яны ўзнеслі свае доўгія дзюбы, як на дражджах пачалі расці адміністрацыйныя і жылыя будынкі. Гістарычна склалася так, што не толькі генеральным планам, але і палатном чыгункі Ганцавічы падзелены на два планіровачныя раёны — заходні і ўсходні. Калі ўсходні раён уяўляе сабой добра спланаваны масіў аднапавярховых дамоў і катэджаў, то ў заходнім вядзецца асноўнае капітальнае будаўніцтва. Ад цэнтральнай плошчы, што ўзнікла на месцы невялікага скрыжавання, сфарміраваліся шырокія і прасторныя вуліцы, жылыя кварталы, зялёныя зоны. Узвядзеннем жылля тут заняты камбінат панэльнага домабудавання і іншыя будаўнічыя арганізацыі. He дзіўна, што за лічаныя дзесяцігоддзі былое мястэчка пёратварылася ў сучасны шматпавярховы горад з развітай інфраструктурай, шырокай сеткай гандлёвых, бытавых, агульнаадукацыйных і дашкольных устаноў, арганізацый аховы здароўя, культуры, сувязі, фізкультуры і спорту. Што ж датычыць прамысловых прадпрыемстваў, то яны выпускаюць прадукцыю, запатрабаваную на спажывецкім рынку рэспублікі, а некаторыя яе віды ідуць і на экспарт. У сваю чаргу, гэта сведчыць: не перавяліся на Ганцаўшчыне старанныя працаўнікі, рупліўцы і майстры сваёй справы.

Яны, умелыя арганізатары і наватары вытворчасці, ёсць на кожным прадпрыемстве, на кожным участку і ў цэху, варта толькі прыгледзецца і паслухаць, што пра майстроў кажуць людзі. А кажуць, безумоўна, толькі цёплыя, удзячныя словы. Кожная зямля, кожная асобная мясцовасць у першую чаргу славутыя сваімі людзьмі, і гэта ўжо аксіёма: чым больш такіх людзей, працавітых і самаадданых, тым багацейшая наша зямля. Ганцаўшчыне, лічы, пашанцавала. У свой час ордэнамі і медалямі былі ўзнагароджаны амаль 150 чалавек — працаўнікоў прамысловасці, будаўніцтва, сельскай гаспадаркі, іншых сфер жыцця, і, што б там ні казалі сённяшнія дэмагогі, гэта надзвычай паказальны факт. З многімі героямі працоўных будняў я часта сустракаўся, пісаў нарысы пра Г.Валасюк, М.Карпеня, М.Лосіка, Е.Швайка і іншых. Заўсёды адметнымі і жаданымі былі сустрэчы з машыністам экскаватара Героем Сацыялістычнай Працы В.Шапавалам і трактарыстам-машыністам, кавалерам трох ордэнаў Славы, дарэчы, маім аднавякоўцам I.Равінскім. Сваёй ударнай шматгадовай працай яны ўславілі маці-Радзіму, пакінуўшы пасля сябе добрую памяць у народзе.
Катэгорыя: Віктар Гардзей | Дабавіў: admin (01.09.2012) | Аўтар: Віктар ГАРДЗЕЙ-часопіс Полымя
Праглядаў: 3417 | Рэйтынг: 5.0/3
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.