Чацвер, 25.04.2024, 17:23

ПАНЯМОННЕ

Галоўная »
ПАНЯМОННЕ – гісторыка-этнаграфічны гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі, які займае тэрыторыю Гродзенскай вобласці. На поўдні мяжуе з Заходнім Палессем (па р. Нараў і вярхоўі Ясельды, на поўдзень ад Івацэвічаў), на ўсходзе з Цэнтральнай Беларуссю і на паўночным усходзе з Паазер'ем (па Налібоцкай пушчы, на поўдзень ад Маладзечна на Паставы).

У ландшафтах Панямоння ўзгоркавыя ўзвышшы і перасечаныя раўніны чаргуюцца з шырокімі нізінамі, дрэніраванымі русламі Нёмана і яго прытокаў. Дзярнова-падзолістыя глебы, што развіліся на лёсападобных суглінках і водна-ледніковых супесках, пры захаванні адпаведных агратэхнічных правілаў давалі высокія ўраджаі. Раней у структуры пасеваў першае месца займала жыта (у сярэдзіне XIX ст. – 48,8 % усёй плошчы), затым ішлі авёс (28,8 %), пшаніца (5,2 %), грэчка (4,6 %), ячмень (3,6 %), гарох (3 %), бульба (2,5 %); лён, проса, рэпа і каноплі займалі разам прыкладна 3 % пасеваў. У другой палове XIX ст. пашырыліся пасевы кармавых траваў, што паляпшалі структуру глебы і стымулявалі развіццё жывёлагадоўлі. Палі апрацоўвалі з дапамогай т.зв. літоўскай (палескай) сахі, што была прыстасаваная да мясцовых умоваў і мела часта больш лёгкую канструкцыю для аднаконнай (ці аднаваловай) запрэжкі. Шырокае развіццё мануфактурнай вытворчасці садзейнічала развіццю гандлёвых адносінаў. Прамысловасць Гродзенскай губерні давала ў 1859 годзе прадукцыі больш, чым усе астатнія беларускія губерні, разам узятыя. Шырокі размах у Панямонні атрымаў кірмашовы гандаль (толькі Зэльвенскі кірмаш у першай палове XIX ст. паводле таваразвароту пераўзыходзіў усе кірмашы Мінскай і Віленскай губерній).

Да аграрнай рэформы другой паловы XVI ст. характэрным тыпам сельскіх пасяленняў была невялікая вёска з свабоднай (бессістэмнай) забудовай. Перабудова пасяленняў паводле «Уставы на валокі» 1557 года ахапіла 90 % вёсак Гродзенскай эканоміі (больш, чым у якім іншым рэгіёне Беларусі). У выніку правядзення валочнай памеры ўзнікла шмат новых вёсак вулічнага тыпу, што размяшчаліся на адкрытай мясцовасці ўздоўж дарог і гандлёвых трактаў, паблізу рэк і азёраў. Устаўныя вёскі (з жылымі памяшканнямі на адным баку вуліцы і з гаспадарчымі на другім) захоўваліся тут да пачатку XX ст. Больш упарадкаванымі былі вёскі дзяржаўных сялянаў (напярэдадні сялянскай рэформы 1861 года складалі трэцюю частку ўсяго насельніцтва), у іх значна раней (1860-я гады) курныя хаты былі замененыя «чыстымі». Дробная шляхта і аднадворцы жылі ў ваколіцах, засценках, фальварках, назвы якіх часцей паходзілі ад прозвішчаў жыхароў (сваякоў з аднолькавым прозвішчам). Кожны двор уяўляў аўтаномную ячэйку, слаба ўвязаную з агульнай структурай пасялення. Значнае развіццё саматужнай прамысловасці і гандлю павышалі ў рэгіёне ролю мястэчак, што найчасцей вырасталі з сёлаў, якія належалі буйным магнатам.

Найбольш тыповая для сялянскіх сядзібаў – пагонная (аднарадная) сістэма забудовы з гумнамі, пунямі, свірнамі, сярод якіх вылучаліся характэрныя для рэгіёна двухпавярховыя лямусы. Тыповая планіроўка традыцыйнага жылля хата+сенцы+камора. У пачатку XX ст. яна ўскладнілася вылучэннем асобнай кухні, спальні, святліцы. Дамы дробнай шляхты мелі падсені ці ганкі, што ў другой палове XIX ст. пачалі будаваць і ў сялянскіх хатах. Народная архітэктура ў Панямонні прагрэсавала крыху хутчэй, чым у іншых рэгіёнах, актыўна пераймала некаторыя заходнія канструкцыйныя формы, удала спалучала іх з традыцыйнымі.

Побач з будаўніцтвам з круглых бярвёнаў, што звязваліся ў просты вугал, у XIX ст. жыллё нярэдка будавалі з брусоў, рубленых у «чысты вугал» («нямецкі»). Высокія двухсхільныя і паўвальмавыя дахі мелі кроквенную канструкцыю, шырока выкарыстоўвалася і апорная канструкцыя на стаяках і сохах. Дахі крылі саломай («пад шчотку»), гонтамі і чарапіцай.

Мясцовыя гаворкі Панямоння ўваходзяць у паўднёва-заходні дыялект.

Стракаты этнасацыяльны склад, параўнальна развітая сістэма шляхоў зносінаў павялічвалі кантраст у народным адзенні Панямоння і разам з тым садзейнічалі культурнаму абмену і ўзаемаўзбагачэнню. Камплект жаночага адзення звычайна складаўся з ільняной кашулі, андарака (або спадніцы, саяна), фартуха, безрукаўкі. Кашулі з прамымі полікамі мелі адкладны каўнер і рукавы з абшлагамі. Старажытная тунікападобная кашуля раней, чым у іншых рэгіёнах, стала споднім адзеннем. Святочныя кашулі і льняныя фартухі ўпрыгожвалі вышыўкай, у якой дамінаваў геаметрычны арнамент (васьмівугольная зорка), вельмі блізкі да расліннага (ваўкавыска-камянецкі строй). Безрукаўкі з цёмнага сукна шылі прыталенымі, з разрэзам у ніжняй частцы. Традыцыйны галаўны ўборнамітка – выйшаў з ужытку ў сярэдзіне XIX ст. Чапец (каптур) захаваўся да пачатку XX ст., звычайна яго насілі замужнія жанчыны.

Панёманскія ўзорыстыя посцілкі, ручнікі, дываны, абрусы вызначаліся багаццем мастацкіх сродкаў, высокім майстэрствам выканання. У вытворчасці керамічнага посуду задымліванне часта спалучалі з глянцаваннем. Мастацкай выразнасцю вызначалася чорназадымленая кераміка са старажытным арнаментам у выглядзе сеткаватага ўзору, палосак, елачак і іншыя (поразаўская кераміка, мірская кераміка). Узор наносілі на падсохлую паверхню вырабаў кавалкам крэменю, потым посуд абпальвалі ў закрытых печах без доступу кіслароду (посуд набываў цёмны колер, на фоне якога выступаў узорны арнамент).

Мясцовае насельніцтва этнагенетычна склалася на славянскай аснове з удзелам асіміляваных аўкштайтаў, яцвягаў, татараў і інш. У сярэднія вякі рэгіён вядомы пад назвай Літва, побач з ёй ужывалася і другая назва – Чорная Русь (у пісьмовых крыніцах сустракаецца з XV ст.) што ўзнікла, відаць, як антытэза Белай Русі. Як этнаграфічная адзінка Чорная Русь, на думку некаторых аўтараў (М.Любаўскі. У.Пічэта), уяўляла сабой першапачаткова «славянскі масіў» на землях балцкіх плямёнаў. У канцы X – сярэдзіне XI ст. далучаная да Кіеўскай Русі. У XIII ст. рэгіён апынуўся ў цэнтры важных палітычных падзеяў, што аказалі непасрэдны ўплыў на ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага (яго першай сталіцай быў горад Навагародак (Навагрудак), дзе ў 1253 годзе каранаваўся вялікі князь Міндоўг). У гэты час этнічны склад насельніцтва рэгіёна папоўніўся перасяленцамі з Мазовіі, Прусіі, Жамойці, якія ўцякалі сюды пад націскам тэўтонскай агрэсіі, а таксама мігрантаў з паўднёва-рускіх зямель, якія падвергліся спусташальнаму мангола-татарскаму нашэсцю. Край становіцца адным з самых населеных і багатых. У выніку этнічнага сімбіёзу на славянскай аснове складваецца рэгіянальны тып культуры, у якой спалучаліся за-ходнерускія (беларускія), польскія і балцкія рысы. Агульны лёс беларускага і літоўскага народаў у складзе адзінай дзяржавы абумоўліваў працяглы час узаемны ўплыў і блізкія рысы ў развіцці этнасацыяльных, грамадска-прававых і эканамічных стасункаў. У аснову Статутаў BKЛ (1529, 1566, 1588 гады) як асноўных кодэксаў грамадзянска-прававога жыцця было закладзенае заходнерускае звычаёвае права, а дзяржаўнай мовай BKЛ стала старабеларуская мова. Пасля Крэўскай (1385 год) і Люблінскай (1569 год) уніяў узмацнілася экспансія каталіцтва і паланізацыя краю. Мясцовыя беларускія феадалы, прымаючы каталіцтва, захоўвалі свае палітычныя прывілеі і ўтваралі адзіны феадальны клас. 3 часам паняцце «католік» стала сінонімам паляка. Аднак пераважная большасць мясцовага каталіцкага насельніцтва, якая адносіла сябе да палякаў, размаўляла на жывой беларускай мове, якую лічыла роднай. Беларусы праваслаўнага веравызнання яшчэ ў XIX ст. найчасцей называлі сябе літвінамі. Зменлівая палітычная і канфесійная сітуацыя ўскладняла і без таго стракаты этнасацыяльны склад мясцовага насельніцтва, размывала міжэтнічныя межы, узмацняла працэсы інфільтрацыі і асіміляцыі. У 1795 годзе (паводле трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай) Панямонне адышло да Расійскай імперыі. На яго тэрыторыі створаныя Літоўская (1797 – 1801 гады), пасля Гродзенская і Віленская губерні. У 1921 – 1939 гады ў складзе Польшчы. У 1939 годзе уз'яднанае з БССР.

Крыніца: «Краязнаўчая газета» №38 (679) кастрычнік 2017 год;
«Краязнаўчая газета» №39 (680) кастрычнік 2017 год
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 7
Гасцей: 7
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.