Серада, 24.04.2024, 06:33

НАРОДНАЕ ДОЙЛІДСТВА

Галоўная »
НАРОДНАЕ ДОЙЛІДСТВА — галіна архітэктуры, якая развіваецца пад пераважным уплывам народных будаўнічых традыцый. У ім увасоблены светапогляд народа, яго ўменне сродкамі архітэктуры арганізаваць жыццёвую прастору ў канкрэтных прыродна-кліматычных і сацыяльна-эканамічных умовах на ўзроўні размяшчэння населеных пунктаў і іх планіроўкі, фарміравання сядзібных комплексаў і інтэр'ера асобных памяшканняў. Уяўленні чалавека пра арганізацыю асяроддзя для існавання замацоўваліся таксама спосабамі будаўнічай вытворчасці, рытуальнымі абрадамі, што іх суправаджалі, сімвалізмам архітэктурна-канструктыўных элементаў будынкаў і прыёмамі дэкаратыўнага ўпрыгожвання. Гэта абумовіла з'яўленне адметных рыс архітэктуры кожнага народа. Прагрэсіўныя прынцыпы і эстэтэтычныя ідэалы народнага дойлідства рабілі ўплыў на прафесійную архітэктуру. Творчасць многіх вядучых архітэктараў свету (К.Мельнікаў, Лe Карбюзье, К.Тангэ і інш.) характарызуе асэнсаванне працэсаў узаемадзеяння канструкцыйных і фарматворчых асноў народнага дойлідства. Аб'екты народнай архітэктуры, размяшчэнне і формы якіх дакладна адпавядаюць прыродна-кліматычным умовам і асаблівасцям мясцовасці, звычайна з'яўляюцца важнымі кампанентамі ландшафту. Для сучаснай навукі і тэхнікі народнае дойлідства — адна з крыніц вывучэння гісторыі народа і яго культуры, творчага пошуку сродкаў стварэння асяроддзя, спрыяльнага для жыцця, працы і адпачынку.

народнае дойлідства
Народнае дойлідства: 1 - жылы дом у горадзе Ветка Гомельскай вобласці;
2 - жылы дом у вёсцы Стараселле Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці;
3 - фрагмент дэкору ўвахода жылога дома ў горадзе Віцебск;
4 - жылы дом у горадзе Чачэрск Гомельскай вобласці


Беларускае народнае дойлідства мае шмат агульнага з рускім, літоўскім, украінскім, польскім. Яно адметнае высокім майстэрствам, дасканаласцю тэхнічных і дэкаратыўных прыёмаў, арыгінальнасцю канструкцый. 3 сярэднявечча гістарычна склаліся тыпы сельскіх паселішчаў: вёска, засценак, мястэчка, сяло, хутар. Са старажытнасці вядомы вёскі з бессістэмнай (хаатычнай) забудовай, лінейнай або радковай планіроўкай. 3 16 ст. пашырылася сістэмная вулічная забудова. Кожнае паселішча мела пэўную колькасць сядзіб, якія ўключалі двор, агарод і гумнішча. У двары стаялі хата, павець, варыўня, хлявы, адрына, пуня. Непадалёку ад двара ставілі лазню. Важнымі элементамі народнага дойлідства былі малыя архітэктурныя формы (агароджы, брамы, азяроды, студні і інш.) і вытворчыя пабудовы (кузні, ветракі, вадзяныя млыны). Старажытныя тыпы планіроўкі двароў — вянковы (усе пабудовы збудаваны ў прамавугольныя ў плане «вянок») і пагонны [хата ставілася тарцом або пад вуглом да вуліцы, а гаспадарчыя пабудовы — у адну лінію (пагон) за хатай]. 3 2-й паловы 19 ст. пашырыліся новыя тыпы сядзібнай планіроўкі: П-падобнай, 2-раднай, Г-падобнай і з нязвязанымі пабудовамі.

Асноўны будаўнічы матэрыял у народным дойлідстве — дрэва. Да 3 ст. асноўная канструкцыя была слупавая, яна дазваляла будаваць пры дапамозе простых прылад працы. Паступова яе замянілі зрубныя канструкцыі. Зруб рабілі з акоранага, з 12 ст. — з ачасанага бярвення, часцей на 4 грані; вуглы засякаліся з «астаткам» — «у просты замок» з адной або 2 чашкамі. Тэхніка рубкі вуглоў без «астатку» (без выступаў бярвён) — «у чысты вугал» здаўна вядома ў гapадскім жыллі, з пачатку 20 ст. пашырана і ў сялянскім жыллі. Зруб-клець квадратнага ці прамавугольнага плана (суадносіны 1:1 — 1:1,3) была асноўнаю аб’емна-прасторавай і канструктыўнай адзінкай, з якой складалася структура разнастайных будынкаў. Даўжыня бервяна (6 — 9 м) вызначала памеры зруба пры вышыні ў 9 — 13 вянкоў (2,2 — 2,4 м). Суадносіны вышынь зруба і страхі (2:1 — 1:1) залежалі ад канструкцыі страхі. Найбольшая старадаўняя яе канструкцыя — на стаяках і закотам — паступова замянялася лёгкімі дахамі каркаснага тыпу (на дзядках, козлах, ключах, кроквах). Найбольш пашыраны дахі 2-схільныя; выкарыстоўвалі таксама 3- і 4-схільныя (вальмавыя), шатровыя, а таксама пераходнага тыпу — з «залобкам» (верхняй часткай вальмы) або з «прычолкам» (ніжняй часткі вальмы). Матэрыял і тэхніка пакрыцця залежалі ад мясцовага будаўнічага матэрыялу і традыцый, найбольш пашыраны салома, дрэва (дошкі, дранка), з сярэдзіны 19 ст. — гонта, бляха, дахоўка. Падлога часта была земляная або гліняная, з 19 ст. — дашчаная.

На пабудову хат ішла якасная хваёвая драўніна. Сцены імшыліся і пакідаліся адкрытымі ўнутры і звонку. Зруб ставілі на вуглавыя камяні ці драўляныя калоды (штандары), часам проста на зямлю. Для ўцяплення хаты ніжні вянок (падваліна) абносіўся прызбай. 3 сярэдзіны 19 ст. бытуюць каменныя фундаменты. Аконныя і дзвярныя праёмы прарэзвалі ў гатовым зрубе ці рабілі пры яго складанні. Валаковыя вокны рабілі ў выглядзе невялікіх адтулін у 2 сумежных вянках, якія зачыняліся драўлянай засаўкай. 3 часам памеры акон павялічваліся, у іх канструкцыі паявіліся рамы. Большымі сталі і дзвярныя праёмы, замест завес і клямак драўляных пачалі рабіць металічныя. Пашырыліся знадворныя ўпрыгожанні хаты з выкарыстаннем раслінных геаметрычных і зааморфных матываў. Асноўныя сродкі аздобы народнага жылля — скразная і краявая разьба, мастацкая раскладка шалёўкі і паліхромія. Найбольш старажытная форма ўпрыгожання — разныя вільчыкі. У пачатку 20 ст. з'явіліся ліштвы і вуглавыя накладкі. У інтэр'еры адзін з кутоў займала печ, найчасцей пры ўваходзе. Самая старажытная столь скляпеністая, потым плоская на «траме» — тоўстай бэльцы ўздоўж хаты, пазней — на папярочных бэльках і камбінаваная; насцілалася з дошак у адзін рад — «упрытык», часцей у 2 рады — «у разбежку», зверху ўцяплялася кастрыцай, сухім мохам, лісцем і пяском ці зямлёй. 3 1950-х г. столь часта падшываюць фанерай або сухой тынкоўкай, абклейваюць шпалерамі. Старажытная 1-камерная хата была асновай развіцця больш дасканалых тыпаў жылля. Да 15 — 16 ст. склаліся 2- і 3-камерныя жылыя пабудовы (хата + сенцы + хата), а таксама хаты-пяцісценкі з капітальнай папярочнай сцяной унутры. У мястэчках і гарадах сфарміраваўся своеасаблівы тып жылля з уваходам з вулічнага тарцовага фасада, дзе знаходзілася майстэрня рамесніка ці крама. Жылыя памяшканні са двара мелі дадатковы ўваход.

Для гapадской забудовы характэрны хаты на падклетах (да 16 ст.), 2-павярховыя драўляныя дамы ці на высокіх мураваных сутарэннях, дамы з мезанінам ці мансардай. На сядзібах гараджан гаспадарчых будынкаў было менш. Забудова фальваркаў мела больш складаную кампазіцыю, акрамя палаца і сядзібнага двара, сярод будынкаў былі лямусы, сырніцы, бровары, лядоўні і інш. Наводдаль ставілі хлявы, стайні і іншыя будынкі для свойскай жывёлы, гумны з асецямі ці еўнямі, сянніцы.

Будаўніцтва ў гарадах і мястэчках вялося ў цесным супрацоўніцтве вясковых майстроў з прафесійнымі будаўнікамі. Своеасаблівасці эканомікі і культуры гарадскога жыцця спрыялі развіццю тыпалогіі будынкаў (крамы, гандлёвыя рады, корчмы, ратушы і інш.), ускладненню і ўзбагачэнню архітэктурных форм і дэкаратыўных прыёмаў. Найбольш выразна ўзаемадзеянне народных традыцый з прафесійнымі прыёмамі праяўлялася ў архітэктуры культавых будынкаў (цэрквы, касцёлы, капліцы, званіцы і інш.). У гарадскім жыллі 16 — 18 ст. склаўся арыгінальны тып дома рамесніка, дзе спалучаліся жылыя і вытворчая часткі, галоўны фасад афармлялі падчэні. Гістарычныя, сацыяльна-эканамічныя, прыродныя ўмовы садзейнічалі і адначасова вызначалі для кожнага гісторыка-этнаграфічнага рэгіёна Беларусі (Паазер'е, Падняпроўе, Панямонне, усходняе і заходняе Палессе, цэнтральная Беларусь) фарміраванне тыпалагічных рыс, архітэктурных, канструкцыйна-тэхнічных і мастацкіх асаблівасцей. Народнае дойлідства кожнага рэгіёна ўзбагачаецца разнастайнасцю лакальных варыянтаў. Народная архітэктура захавала свае рысы ў самадзейным будаўніцтве жылых і гаспадарчых пабудоў на вёсцы і ў перыферыйных раёнах гарадоў сучаснай Беларусі. Будуюць часцей на аснове праектнай дакументацыі, распрацаванай спецыялістамі з улікам пажаданняў заказчыка. Пашыраны новыя будаўнічыя матэрыялы (сілікатная цэгла, газа-сілікатныя блокі, шыфер, пластыкі і інш.), інжынернае абсталяванне (катлы, газавыя пліты, сантэхнічныя прылады). Рэгіянальныя аспекты народнага дойлідства захоўваюцца ў прынцыпах арганізацыі двароў сядзіб. Мастацкія традыцыі архітэктурнага дэкору характарызуюць усходнія раёны Бсларусі (Гомель, Ветка, Рагачоў, Шклоў і інш.).

Аўтар: С.Л. Сергачоў
Крыніца: "Беларуская энцыклапедыя"
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1392]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.