Чацвер, 28.03.2024, 18:19

Каталог артыкулаў

Галоўная » Публікацыі » Анатоль Сідарэвіч

Ганцавіцкі раён: непазбежнасць знікнення
Скажу адразу: я заўсёды смяюся, калі чую ўсе гэтыя "Ганцаўшчына", "Лунінеччына", "Ляхаўшчына" ці "Баранавіччына", бо ўсё-ткі я нешта петру ў гісторыі і нават у моўнай геаграфіі і ведаю, што гістарычна "Ляхаўшчына" – гістарычна гэта Наваградчына, "Лунінеччына" – гэта часткі Піншчыны і Мазыршчыны, а "Баранавіччына" – Наваградчыны і Слонімшчыны.

Анатоль Сідарэвіч
Анатоль Сідарэвіч

Народжаны (паводле пашпарту) у Ганцавіцкім раёне, я з іроніяй паставіўся да весткі, што Дзень беларускай пісьменнасці сёлета прайшоў у Ганцавічах. Бо што такое Ганцавічы? Да 1939 года – паселішча ў Круговіцкай гміне Лунінецкага павета, а за царом – вёска ў Круговіцкай воласці Слуцкага павета, нават царквы сваёй не мела. І што такое Ганцаўшчына? З якога часу новае паселішча, якому недзе 125 год, дае імя субрэгіёну? Хіба можа яно дараўнаць старажытным Пінску, Наваградку, Слуцку? Ці нават Куцейну і Любчы, дзе ў ХVII ст. меліся друкарні?

Вось чаму я з цікавасцю прачытаў артыкул Анатоля Трафімчыка "Як узнікла Ганцаўшчына".

Моўны падзел

Анатоль Трафімчык, чалавек круговіцкі, падзяліў Ганцавіцкі раён на тры зоны: слуцкую, наваградскую і, як я здагадваюся, пінскую.

Што датычыць трэцяй зоны, то ў лінгвістычных адносінах я не згаджуся з Анатолем, бо ўласна Піншчына – гэта Заходняе Палессе, а акадэмік Яўхім Карскі, апісваючы гаворкі нашай стараны, аднёс Бобрык, Малкавічы і іншыя паселішчы да ўласна беларускага, а не заходнепалескага араэлу.

Не буду казаць пра Плотніцу, Бобрык ці Чамлю (я там бываў толькі праездам), скажу пра Забярэззе, Яловую, Малкавічы, Люсіна, Макава, Задуб’е і Задуб’е.

Забярэззе (самы паўночны пункт Пінскага раёна) – гэта востраў блізу чыстай беларускай гаворкі. Магчыма, прычына ў тым, што тут палавіна жыхароў былі каталікамі, якіх мясцовыя жыхары называлі літвінамі (яны, хоць некаторыя і мелі літоўскае прозвішча Матуліс, прыехалі сюды з гістарычнай Літвы – Цэнтральнай і Паўночна-Заходняй Беларусі). У самы лепшы час у вёсцы меўся 21 двор, аднак на пачатку 1960-х яна была абвешчана неперспектыўнай, і ставіць новыя хаты ў ёй забаранілі. Адны забярэзцы сяліліся ў Яловай, а іншыя (рыма-каталіцкага вызнання) – аж пад Ганцавічамі, у Сукачы. У хуткім часе Забярэззя не будзе.

Гаворка ў Яловай (самы паўднёвы пункт Ганцавіцкага раёна, побач з Забярэззем) таксама не заходнепалеская. (Дарэчы, ялоўскую, хатыніцкую і раздзялавіцкую гаворку апісаў лінгвіст і пінчук Юры Чарнякевіч у сваёй кнізе "Атлас гаворак паўночна-ўсходняй Брэстчыны", якая выйшла ў 2009 годзе.)

Малкавічы, Люсіна і Макава маюць сваю моўную спецыфіку. Тут можна было правяраць правапіс дзі ці яшчэ ў 1960-х мясцовыя жыхары казалі дзадзко, цотка, дзэ, цапэр. Сустракаючы ў Малкавічах сваіх равесніц, я заўсёды кажу: "Дзэнь добры, дзаўкі!".

Малкавіцка-люсінская гаворка не заходнепалеская, яна нагадвае давыд-гарадоцкую. Да якой групы аднесці гэтую гаворку, няхай вырашаюць лінгвісты.

Іншая гаворка ў Задуб’і. Я зараз пішу нарыс пра Задуб’е і задубенцаў і паспрабую ў ім апісаць гэтую гаворку, але яна таксама не заходнепалеская. Нельга аднесці да заходніх палешукоў і ліпчукоў (жыхароў Ліпска).

У цэлым Ганцавіцкі раён – гэта раён, дзе перасякаюцца мазырская, слуцкая і гарадзенска-баранавіцкая і пінская гаворкі. Гэта я вычытаў у адной разумнай кніжцы.

Вось што такое так званая Ганцаўшчына ў моўным аспекце. Перайдзем цяпер да адміністрацыйнага падзелу.

Што было ў канцы XVII ст.

У час Вялікага Княства Літоўскага ўвесь цяперашні Ганцавіцкі раён уваходзіў у склад Наваградскага павета Наваградскага ваяводства.

Пра з 13 год пасля маскоўскай навалы 1654–1667 гг. мітрапаліт Кіпрыян ІІ Жахоўскі даручыў правесці візітацыю ўніяцкіх цэркваў Менскага і Наваградскага сабораў. Матэрыялы візітацыі апублікаваны кандыдатам гістарычных навук Дзянісам Лісейчыкавым (сам ён з Дзяніскавіч) у кнізе "Візіты уніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680–1682 гг." (Мінск, 2009).

У склад Лактышоўскай парафіі ўваходзілі: Лактышы (Лагтышова), Будча, Нача, Чудзін; акрамя таго, капліца мелася ў Круговічах (яшчэ не было падзелу на Вялікія і Малыя). Дзе знаходзілася Драбоўшчына, Астроўшчыцы, Старыя Бурдзейкі, Навоз, Міткевічы і Даўгапалы, я, праўду сказаўшы, не ведаю.

У склад Дзяніскаўскай парафіі ўваходзілі Дзяніскавічы, Шашкі і Еськавічы (тады Яськавічы).

У склад Галынкаўскай парафіі (цяпер с.Галынка ў Клецкім раёне) уваходзілі вёскі Востраў і Крышылавічы цяперашняга Ганцавіцкага раёна.

Агарэвіцкая парафія на той час была праваслаўная. У яе склад уваходзіла в.Ганцавічы (не блытаць з сучасным горадам), дзе мелася капліца.

Што тычыцца поўдня цяперашняга Ганцавіцкага раёна (Хаценічы (Хатынічы) і Малкавічы), дык ён, мусіць, уваходзіў у склад Пінска-Тураўскай епархіі, і апісання гэтых парафіяў на той час я пакуль што не бачыў.

Адміністрацыйна-царкоўны падзел за царамі і Польшчаю

За царамі тэрыторыя раёна трапіла ў склад Менскай губерні. На пачатку ХХ ст. Хатыніцкая воласць з Малкавічамі, Люсінам, Макавам уваходзіла ў склад Пінскага павета. У склад Пінскага павета ўваходзіла і Задуб’е, але гэта была ўжо Дабраслаўская воласць. На поўначы раёна была Круговіцкая воласць Слуцкага павета.

Перад скасаваннем Уніі (1837) на тэрыторыі цяперашняга Ганцавіцкага раёна меліся як мінімум чатыры рэлігійныя цэнтры: Дзяніскавічы, Круговічы, Лактышы і Малкавічы. Вёска Ганцавічы ўваходзіла ў Круговіцкую парафію; у ёй і ў Любашаве меліся толькі капліцы (у былым цэнтры парафіі – Агарэвічах – філіяльная царква). Толькі капліцы меліся ў Люсіне і Макаве, якія ўваходзілі ў склад Малкавіцкай парафіі. Задуб’е належала да Малаплотніцкай парафіі (гэта Пінскі павет). На жаль, не апублікаваны пакуль што звесткі пра Хатыніцкую парафію. А што яна мелася, сумненняў няма. Не магу пакуль што сказаць, да якой парафіі быў аднесены Ліпск.

Прыблізна такі прыходскі падзел захаваўся і пасля скасавання Уніі (1839). Толькі трэба адзначыць, што ў другой палавіне ХІХ ст. пабудавалі цэрквы ў Чудзіне (1867) і Будчы (1896).

У 1921 г. Дабраслаўская, Круговіцкая і Хатыніцкая воласці (цяпер яны называліся гмінамі) трапілі ў Лунінецкі павет Палескага ваяводства, але ў 1922 г. Дабраслаўскую гміну вярнулі ў Пінскі павет.

Адміністрацыйна-царкоўны падзел за саветамі

За саветамі Круговіцкая і Хатыніцкая гміны цалкам увайшлі ў Ганцавіцкі раён Пінскай вобласці. Да раёна далучылі таксама в.Задуб’е Дабраслаўскай гміны.

Хатыніцкую гміну падзялілі на тры сельсаветы: Хатыніцкі, Люсінскі і Малкавіцкі. Да Малкавіцкага сельсавета дадалі Задуб’е і Ліпск,які раней быў у Лінінецкай гміне.

Круговіцкую гміну падзялілі на Агарэвіцкі, Дзяніскавіцкі, Круговіцкі, Кукаўскі, Лактышоўскі, Навасёлкаўскі (з 1954 г. – Свяціцкі) і Чудзінскі сельсаветы. Асобна існавалі Ганцавіцкі пасялковы і Ганцавіцкі сельскі савет (вёскі Ганцавічы, Боркі, Любашава, Ельня і Сукач).

У 1957 г. Свяціцкі сельсавет перадалі Ляхавіцкаму раёну, а ў 1962–м у Ляхавіцкі раён трапілі і астатнія сельсаветы, апроч Малкавіцкага. Самой сабой, і Ганцавічы сталі простым гарпасёлкам гэтага раёна. Малкавіцкі сельсавет адышоў у Лунінецкі раён.

Я быў сведкам аднаўлення Ганцавіцкага раёна ў 1966 годзе (з 15 снежня працаваў у раённай газеце "Савецкае Палессе” і, мажліва, некалі апішу той час).

У рэлігійных адносінах увесь Ганцавіцкі раён пад канец савецкай улады належаў да Круговіцкага прыходу, дзе служыў айцец Аляксій Хмарук. У Малкавічах была свая царква, у якой служыў айцец Леанід Каменцаў. За саветамі да Малкавіцкай парафіі было далучана Задуб’е.

У 1970-х сакратар партыйнай арганізацыі мясцовага калгаса (ці то ўжо саўгаса?) "Бальшавік" падгаварыў тутэйшых злыдняў спаліць царкву.

Што тычыцца хатыніцкай царквы, дык яна, як помню, не працавала ўжо ў сярдзіне 1960-х (трэба ўдакладніць, з якога году канкрэтна).

У сярэдзіне 1960-х не працавалі таксама будчанская і чудзінская цэрквы.

За Польшчаю былі пабудаваны касцёлы ў Ганцавічах (мураваны) і ў Малкавічах (драўляны). На месцы ганцавіцкага касцёла цяпер раённы дом культуры (у драўлянай плябаніі месціцца рэдакцыя "Савецкага Палесся"), а малкавіцкі касцёл разабралі на адзін з карпусоў дзіцячага дома. Цяпер на месцы малкавіцкага касцёла стаіць крыж. Дзетдом перастаў існаваць у 1960 годзе, потым у яго будынках была бальніца, а цяпер жывуць медработнікі.

Рыма-католікі Ганцавіцкага раёна сталі парафіянамі Мядзведзіцкага касцёла (Ляхавіцкі раён), а некаторыя ездзілі аж у Нясвіж.

Наколькі ведаю, за Польшчаю і ў Ганцавічах, і ў Малкавічах сваіх сінагогаў не было – адно малітоўныя дамы. Па вайне яны не аднавіліся. (У 1950-х гг. у Малкавічах жыла адна габрэйская і адна змешчаная – габрэйска-расійская – сям’я).

Чаму вылучыліся Ганцавічы?

Ганцавічы (не гістарычная вёска Ганцавічы, а прыстанцыйнае паселішча, якое з’явілася на мапе год 125 таму), "выбіліся ў людзі" ў 1939 г. Яны сталі цэнтрам раёна, а цяпер прэтэндуюць і на нейкую этна-культурную і гістарычную адметнасць.

Тут трэба высветліць адну дэталь. За Польшчаю – да закрыцця Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі – у Ганцавічах меўся, здаецца, раённы камітэт КПЗБ. Кіраўніка мясцовых капэзэбоўцаў Шмуклера я збольшага ведаў, але не распытваў яго пра дэталі. Гэта, мажліва, адзін з штрыхоў да гісторыі намінавання Ганцавіч на статус раённага цэнтру. Пра іншыя аспекты піша ў сваім эсэ "Ганцаўшчына" Анатоль Трафімчык.

Хачу запярэчыць Анатолю Трафімчыку. Ганцавічы выраслі не толькі дзякуючы чыгунцы і актыўнасці габрэяў. Дзякуючы чыгунцы маглі вылучыцца і Малкавічы, дзе таксама жылі габрэі (усе яны знішчаныя ва ўрочышчы Дубок, што па дарозе на Ліпск). У час Першай сусветнай (мясцовыя людзі называлі яе Мікалаеўскай) вайны тут знаходзіўся вялікі лазарэт, меліся склады боепрыпасаў і зброі. Старыя людзі яшчэ памяталі, што ўчастак чыгункі паміж Малкавічамі і Люсінам злучаўся са Слуцкам. Я праўда, не ўдакладніў, якая каляя была на той ветцы – вузкая ці шырокая.

Калі зірнуць на мапу Пінскай вобласці, дык можна ўбачыць, што ад Малкавіч калейка вяла да Святое Волі, там злучалася з калейкай, што ішла ад Янава Палескага і ішла далей да Івацэвічаў. Калейку ж ад Малкавіч да Выганаўскага возера пачалі пракладваць яшчэ ў час Мікалаеўскай вайны.

Чаму Малкавічы спынілі свой рост, а Ганцавічы іх абагналі? Бо паблізу Ганцавіч – праз Любашава і Сіняўку – ляжаў стары тракт з Пінска на Клецк, а з Клецка дарога разыходзілася на Слуцк і – праз Ляхавічы – на Слонім. Таму невыпадкова прыстанцыйныя Ганцавічы разрасталіся ў бок Любашава, а не ў бок вёскі Ганцавічы. Паступова участак тракту Пінск–Любашава стаў участкам Пінск–Ганцавічы. Хоць тракт Пінск–Ганцавічы яшчэ і ў 1960-х у значнай частцы быў грунтовы, з Малкавіч ні да Пінска, ні да Лунінца, які таксама рос дзякуючы чыгунцы, ні да Ганцавіч не было нават такой дарогі. (Я памятаю, што старая дарога ад Малкавіч да Люсіна тройчы перасякала чыгунку: такая была яна звілістая і цяжкапраезная. Не лепшаю яна была і на ўчастку Люсіна–Ганцавічы).

Каб скончыць гэты сюжэт, я лічу, што гісторыкам варт устанавіць і запісаць, калі была пракладзена сучасная дарога Ганцавічы–Сіняўка, а таксама дарога Бабруйск–Слуцк Сіняўка – Баранавічы.

Немалое значэнне мела і тое, што Ганцавічы атрымалі статус раённага цэнтра.

Што такое статус заштатнага горада, відаць на прыкладзе Давыд-Гарадка, у якім перад Мікалаеўскай вайной жыло каля 17 тысяч чалавек і які толькі кароткі час пабыў раённым цэнтрам. У 1993 годзе у ім налічвалася ўжо 7,6 тысячы жыхароў. Затое Столін, у якім за царом было 3,3 тысячы жыхароў, вырас да 2000 года у 3,7 раза (12 200 жыхароў). Ведама, горад можа вырасці і застаючыся заштатным, але для гэтага патрэбныя асаблівыя ўмовы. Прыкладам, рабочы пасёлак Мікашэвічы, каля якога маюцца паклады граніту, па колькасці насельніцтва даганяе раённы цэнтр Лунінец.

Ці ёсць у Ганцавіцкага раёна перспектывы?

Я не цалкам згодны з Анатолем Трафімчыкам, калі ён сцвярджае, што пры падзеле Ганцавіцкага раёна паміж Лунінецкім і Ляхавіцкім раёнам была захавана этна-культурная тоеснасць. Да Лунінецкага раёна варт было далучыць Люсінскі і Хатыніцкі сельсаветы.

Вельмі цікава гучыць у тэксце Анатоля Трафімчыка наступны перыяд: "...адкрытым пытанне, наколькі працяглым па часе акажацца існаванне такога рэгіёна, як Ганцаўшчына. Гістарычная практыка схіляе да меркавання, што ў кантэксце дэмакратызацыі краіны Ганцавіцкі раён будзе скасаваны. А значыць і паняццю Ганцаўшчына прыйдзе канец. Гэты час зусім блізкі".

Не пашанцавала Беларусі. Пры планавай "сацыялістычнай" гаспадарцы, асабліва ў паваенны час, па-дурному адбывалася размяшчэнне прадукцыйных сіл. У выніку Беларусь стала карлікам з вялікай галавой. (Памятаю гэты тэрмін – "карлік з вялікай галавой” – са школы. Ён абазначае невялікую еўрапейскую краіну – Аўстрыю, Венгрыю, Грэцыю ды інш., – у якой вялікая сталіца.) Калі б не бальшавіцкая гігантаманія, магчыма, сталіца была б меншаю, затое пабольшалі б такія гарады, як Кобрын, Лунінец, Слонім, Наваградак...

Трэба канстатаваць відачоны факт: Ганцавіцкі раён дэградуе.

Тут брак мясцовай сыравіны для прамысловасці. Самае вялікае багацце – лясы – Ганцавіцкі леспрамгас вычарпаў, бадай, дарэшты.

Менск высмоктвае працоўныя рэсурсы субрэгіёнаў. У тым ліку і Ганцавіцкага. Колькі ганцавіцкіх хлопцаў працуе ў Менску і пад Менскам, магу меркаваць па сваіх ўнучатых пляменніках. Але ж не толькі ў Менску і пад Менскам знаходзяць працу ганцаўцы, малкаўцы, люсінцы... Нешта забіраюць Баранавічы і Пінск, і нават Лунінец.

Уцякаюць у буйныя цэнтры і прадпрымальныя людзі. Магу паказаць пальцам тых, хто асеў у Менску і нават у Кіеве.

(Ніколі не забуду апавяданне аднае задубенкі, пра тое, як яе сын хацеў адкрыць сваю вытворчасць у Ганцавіцкім раёне і як плойма чыноўнікаў выстраілася ў чарзе да яго па грошы. Мой зямляк з’ехаў ва Ўкраіну.)

Ганцавіцкі раён не дае нічога і ў творчым плане. Іван Лагвіновіч і Віктар Гардзей, здаецца, апошнія прыкметныя паэты з гэтай стараны.

У Ганцавіцкага раёна прыблізна такая перспектыва, як у Малкавічаў і Задуб’я.

У канцы 1950-х у Малкавічах працу людзям давалі: чыгуначная станцыя і ўчастак пуці, лесапункт, лесасклад, вузкакалейка, дэпо і сталоўка Ганцавіцкага леспрамгаса, лясніцтва, смалакурня, тартак, малочня, пякарня, сельпо (пяць крам у дадатак да леспрамгасаўскай і чыгуначнай), бальніца, сярэдняя і пачатковая школы, дзіцячы дом, клуб, бібліятэка... Нямала людзям давалі лясы, балоты і тады яшчэ рыбная Цна. Двухпавярховая школа, пабудаваная ў 1954 годзе, працавала ў дзве змены.

Не ведаю, як сёлета, а два гады назад мяне ўражвала малкавіцкая карцінка. Выходзіш з цягніка, падыходзіш да станцыйнага будынка і бачыш забітыя вокны былой леспрагасаўскай сталоўкі (ах, як смачна там гатавалі!). На былую леспрамгасаўскую краму, якая стаіць побач, таксама страшна падзівіцца. Гэта карціна заняпаду.

У Задуб’і бярэзнікам і лазняком зарастаюць былыя выганы і пляцы. Два гады назад на былой забярэзскай дарозе я не мог знайсці, дзе стаялі хаты маіх сваякоў. Затое пашыраюцца нашы могліцы.

Былы калгасны двор у Задуб’і выглядае як пасля налёту авіяцыі. Стаяць толькі панэльныя сцены былых хлявоў. Калі ж хлеў быў з блокаў, іх пакралі жыхары Малой Плотніцы. (Задубенцам і за грошы гэтыя блокі не прадавалі.)

Думаю: хто тут будзе гаспадараць праз дзесяць год?

Весці сваю гаспадарку на шырокую нагу немагчыма. Дзеля эксперыменту адзін задубенец у 2005 годзе ўзяў сабе 5 гектараў зямлі. Да 2009 г. ён ад тае зямлі адцураўся. Затое каля магазіна цэлы дзень ашываюцца мясцовыя алканаўты. Некаторыя і начуюць там.

Ага, у Малкавічах, Хатынічах і дзе там яшчэ пабудавалі аграгарадкі. Убухторылі грошыкі. Няма сумневаў, што аграгарадкам наканаваны такі ж лёс, як і вёскам, якія на пачатку 1960-х былі названыя перспектыўнымі.

Раней ці пазней – ужо толькі дзеля адных дэмаграфічных прычынаў – Ганцавіцкі раён давядзецца скасаваць і дзяліць.

Нашы эканомгеографы ўжо даўно маюць план новага адміністрацыйнага падзелу Беларусі. Не ведаю канкрэтыкі, але магу сказаць, што Ганцавіцкі раён (тая частка, што ўваходзіла ў Слуцкі павет) несумненна трапіць у Баранавіцкі павет (акругу), бо і з Ляхавіцкага раёна высмоктваюцца працоўныя рэсурсы. Былая тэрыторыя Пінскага павета (Малкавіцкі, і Люсінскі сельсаветы) хутчэй за ўсё стане часткаю Лунінецкага павета.

Калі сыходзіць э этна-культурных меркванняў, дык да Лунінецкага павета трэба было б далучыць і Хатыніцкі сельсавет. Але тут праблема камунікацый. Паспрабуйце напрамкі і хораша, без праблем праехаць з Задуб’я ў Хатынічы і Люсіна ці з Люсіна ў Хатынічы. Не ўдасца. Дарога з Задуб’я ў Забярэззе (5 вёрст) гэтак зарасла і запушчана, што задубенцы, замест таго каб ехаць у Хатынічы ці ў той жа Пінск па тракту Пінск–Ганцавічы, вымушаныя даваць кругаля і дабірацца на аўтамабілях у Хатынічы праз Малкавічы–Ганцавічы, а ў Пінск – праз Малкавічы–Лунінец.

Не выключана, што значная Ганцавіцкага раёна, асабліва яго малазаселены, лясіста-балоцісты поўдзень пры ўмове вяртання балотаў (а яны вяртаюцца) можа з часам ператварыцца ў запаведнік ці то заказнік (Ялоўскі журавінавы заказнік ўжо маецца).

Ганцавічы чакае непазбежнае развітанне са статусам раённага цэнтра, а самому паняццю "Ганцаўшчына" – і тут я цалкам згодны з Анатолем Трафімчыкам – прыйдзе канец.
Катэгорыя: Анатоль Сідарэвіч | Дабавіў: admin (15.09.2011) | Аўтар: Анатоль СІДАРЭВІЧ
Праглядаў: 3238 | Тэгі: Анатоль Сідарэвіч, Ганцавіцкі раён, Анатоль Трафімчык | Рэйтынг: 4.3/20
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Віталь Герасіменя [50]
Наталія Кулеш [21]
Анатоль Трафімчык [89]
Павел Дайлід [7]
Віктар Гардзей [12]
Ганна Дулеба [4]
Святлана Локтыш [4]
Галіна Снітко [8]
Аляксандр Кандраценя [1]
Дзяніс Лісейчыкаў [1]
Таццяна Дзенісеня [1]
Марыя Шчаўкун [3]
Аляксей Галаскок [1]
Марыя Пашкевіч [1]
Канстанцін Мохар [5]
Алег Гаруновіч [2]
Андрэй Блінец [4]
Міхась Яніцкі [4]
Вольга Фёдарава [2]
Анатоль Сідарэвіч [3]
Ірына Рудкоўская [2]
Іншае [80]
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.